Спартак
Рафаэла Джаваньёлі
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 303с.
Мінск 1997
за сведкаў маёй клятвы ўсіх багоў: каб уміласцівіць тваю душу, я прынясу як ахвяру ля твайго кастра трыста рымлян, самых вядомых і слаўных.
Пасля, узяўшы на рукі цела Крыса, ён у суправаджэнні салдат занёс яго на бераг мора, дзе, зняўшы з цела пасечаныя даспехі і акрываўленае адзенне, апусціў яго ў ваду і старанна абмыў; потым, скінуўшы з сябе цёмную тогу, закруціў у яе труп і загадаў занесці туды, дзе стаялі, чакаючы, кавалерысты і коні.
А Каста, якога ў цяжкім становішчы нельга было везці на кані па стромых і абрывістых дарогах, ён даручыў на догляд аканома суседняй патрыцыянскай вілы, які ўсім сэрцам спачуваў паўстаўшым. Пасля, паклаўшы труп Крыса на каня, якога сам павёў за сабою, ён накіраваўся са сваім атрадам назад.
Але ледзь праехалі яны мілю, як убачылі жахлівае відовішча: на дрэвах, уздоўж дарогі, віселі трупы гладыятараў, узятых у палон Красам.
Сярод павешаных Спартак заўважыў акрываўленае і ўсё пакрытае ранамі цела мужнага свайго земляка, фракійца Месембрыя. Убачыўшы яго, Спартак заплюшчыў вочы і заскрыгаў зубамі.
— А, Марк Крас, ты вешаеш палонных! Ты не хочаш абцяжарваць сябе абузай у паходах! Клянуся багамі, у вас, рымлян, слаўных у ваеннай справе, усяму трэба вучыцца. I ўсяму я навучыўся... Цяпер мне засталося навучыцца і гэтаму... Добра! Да крыжоў я прыб’ю ўзятых у палон тваіх салдат, Марк Крас... Нас, гладыятараў, рымляне ставяць па-за законам. Мы для іх дзікія звяры, брыдкія паўзуны, забойнае мяса. Нашай годнасці паважаць не трэба, мы не людзі. Няхай будзе так! Клянуся пажыраючым полымем Тартара, і мы, гладыятары, паставім рымлян па-за законам, і мы будзем абыходзіцца з імі, як з бруднай жывёлай! Слёзы за слёзы, кроў за кроў, разня за разню!
Спартак, не шкадуючы коней, усю ноч гнаў рыссю па суровых сцежках і прыбыў да сваіх легіёнаў у паўдня на другі дзень на зусім змучаных конях.
Войска гладыятараў размясцілася лагерам каля Аскулума Апулійскага. У тую ж ноч Спартак павёў іх шпаркімі пераходамі да вяршыняў гор. Там, казаў ён, давядзецца разбіць лагер у невыгадных месцах і цярпець холад і нястачы, каб не быць засцігнутым Красам.
Палкаводзец рымлян у гэты час набіраў салдат, каб скласці ў крайнім выпадку яшчэ легіён для пакрыцця тых дзесяці тысяч, якія загінулі ў бітве пры Гарганскай гары.
Ён паслаў у сенат паведамленне пра атрыманую перамогу. Пераўвялічваючы яе значэнне, ён паведамляў сенат, што цяпер гладыятары, аслабеўшыя духам, адступаюць на зямлю луканаў, дзе ён мяркуе раздушыць іх паміж двух карпусоў свайго войска.
Спартак пасля двух дзён адпачынку паслаў сваю конніцу сабраць весткі пра непрыяцеля і, атрымаўшы іх, яшчэ праз два дні выйшаў ноччу з лагера. Пасоўваючыся ўвесь дзень і ўсю ноч, даўшы салдатам толькі шэсць гадзін адпачынку, ён раптоўна рынуўся на Краса, які думаў, што гладыятары далёка. За тры гадзіны бою Спартак разбіў яго легіёны, знішчыўшы шэсць тысяч рымлян і ўзяўшы тры тысячы ў палон.
Праз восем гадзін пасля бітвы Спартак выступіў у напрамКУ Фурыяў, загадаўшы павесіць уздоўж дарогі дзве тысячы шэсцьсот рымскіх палонных і пакінуўшы жывымі пад вартай
толькі чатырыста палонных, якія належалі да патрыцыянскіх сем’яў Рыма.
Аднаго з іх ён адаслаў да Краса, каб той расказаў, што Спартак, пераймаючы жорсткі прыклад рымскага палкаводца, зрабіў з палоннымі і будзе рабіць надалей. Апрача таго, Спартак даручыў маладому патрыцыю прапанаваць Красу ў абмен на сто з чатырохсот, якія засталіся жывымі, палонных выдаць яму грачанку Эўтыбіду, што, як Спартак быў упэўнены, хавалася ў рымскім лагеры.
Горад Фурыі Спартак узяў прыступам і ўмацаваўся там, вырашыўшы набраць і скласці новыя легіёны з рабоў.
За восем дзён да яго з’явілася болып шаснаццаці тысяч рабоў, якіх ён паспешна пачаў навучаць строю. Такім чынам, агульны лік байцоў пад яго сцягам павялічыўся зноў да пяцідзесяці тысяч чалавек пяхоты і васьмі тысяч кавалерыі.
Закончыўшы перабудову войска, ён вывеў яго з Фурыяў і размясціў легіёны кругам на вялікай раўніне. У цэнтры ён загадаў зрабіць высокі касцёр, на які паклалі цела Крыса, змазанае мазямі і пахучымі эсенцыямі.
Пасля, загадаўшы прывесці трыста палонных рымлян, палова якіх была адзета ў даспехі фракійскіх гладыятараў, а другая — у даспехі самнітаў, ён сказаў, каб іх выстраілі перад ім. Сам ён, бледны, з пабліскваючымі вачыма, з дрыжачымі ад гневу губамі, у імператарскім убранні, займаў узвышанае месца каля кастра.
Твары маладых рымлян былі бледныя ад абурэння, адны апусцілі галовы ад сораму, а шмат якія пралівалі слёзы гора і шаленства.
— Ну, высакародныя юнакі, — сказаў Спартак з горкім сарказмам, — вы паходзіце з самых знатных сем’яў Рыма; продкі вашы праславілі сваё імя выдатнымі разбоямі, высакародным здрадніцтвам, вялікадушнымі грабяжамі, вялікімі падманамі, надзвычайнымі подласцямі, высокімі гнюснасцямі, заваёўваючы народы, спальваючы гарады, разараючы насельніцтва. На слязах і крыві, збіванні ўсіх народаў яны ўзвялічылі неўміручы Рым. Слаўныя юнакі, вы пакінулі азіяцкія пяшчоты вашага сладастраснага горада, узяліся сваімі далікатнымі рукамі за вельмі цяжкую зброю, каб змагацца супраць гнюсных і пагарджаных гладыятараў, якіх вы лічыце за жывёлу. Знатныя юнакі, вы, якія забаўляліся ў амфітэатрах і цырках вашай цудоўнай радзімы крывавымі баямі гладыятараў — няшчасных дзікіх звяроў у вобразе чалавечым; вы, якія смяяліся з такою
асалодай са смешнай бойкі сляпых андабатаў і, апусціўшы вялікі палец, патрабавалі шалёнымі крыкамі смерці рудыярыя, які ўпаў ад мяча мірмільёна; вы, якія п’янелі ад смяротных сутаргаў, пакутлівага хрыпення фракійцаў і самнітаў, што рэзалі адзін аднаго, — цяпер наперад! Дайце нам доказы вашай хвалёнай мужнасці, пазабаўце хоць раз тых, якія вас забаўлялі ўжо гэтулькі год! Смялей! Пачніце бойку адзін з адным, забівайце і памрыце з годнасцю каля кастра гэтага пагарджанага гладыятара, гнюсная і агідная душа якога хоча быць зміласціўлена высакароднай і чысцейшай рымскай крывёю.
Нястрымны, магутны крык вырваўся з горлаў гладыятараў, вочы якіх забліскалі ад радасці, калі і жорсткай, дык усё ж справядлівай, бо ў гэты дзень у гэтым відовішчы яны атрымалі адпомшчанне за прыніжэнні, за пагарду, за бойні, якія для пацехі рымскага народу наладжваліся ў цырках над іх братамі.
Думка Спартака была грандыёзнай; падняцца з гразі, у якую яны былі незаслужана кінуты; адпомсціць за патаптаную чалавечую годнасць, прынізіўшы сваіх катаў да становішча дзікіх звяроў; любавацца на працягу гадзіны відовішчам узаемнай разні тых, якія да гэтага часу ўпіваліся разнёю паміж імі; перамяніць на момант ролі і з рабоў зрабіцца панамі і паглядзець на гордых і фанабэрыстых паноў у ролі рабоў; слухаць іх прадсмяротнае хрыпенне, стогны і крыкі. Гэта была помста... Гэта была помста, вартая ўсясільных багоў.
Трыста рымлян, з якіх болып трыццаці належалі да саслоўя сенатараў, а болып ста — да саслоўяў коннікаў, стаялі моўчкі і нерухома.
— Дык смялей, слаўныя патомкі, выдатныя парасткі Флавіяў, Фузыяў, Дэіліяў, Генуцыяў, Фаўкіяў, Лівіяў, Муцыяў, Працыліяў! Наперад! Мячьі ў рукі і змагайцеся... Я запальваю касцёр! Біцеся! Клянуся багамі, мы хочам развесяліцца!
3 гэтымі словамі Спартак, узяўшы факел з рук ардынарца, падпаліў кучу дроў, і ўсе начальнікі, трыбуны і цэнтурыёны ўзялі з яго прыклад.
Сухія смольныя дровы, з якіх быў складзены касцёр, хутка запалалі. Рымляне стаялі на месцы, не думаючы змагацца і не жадаючы добраахвотна падпарадкавацца гэтай ганьбе.
— А! — усклікнуў Спартак. — Вам падабаецца толькі глядзець на баі гладыятараў, а быць на месцы гладыятараў вам не да смаку! Добра, — дадаў ён, звяртаючыся да легіёнаў, — няхай выйдуць ларарыі і сілай прымусяць гэтых людзей біцца.
Па загаду Спартака дзевяцьсот ларарыяў, узброеных жа-
лезнымі распаленымі коп’ямі, выйшлі з радоў легіёнаў і, стаўшы ззаду трохсот рымлян, узяліся калоць іх і падпякаць, падштурхваючы адзін на аднаго.
Рымляне, падагнатыя распаленым жалезам, павінны былі рынуцца адзін на аднаго і пачаць жорсткую і кровапралітную бойку.
Дзікі роў, жорсткі смех, шалёныя воплескі сведчылі пра радасць ад задаволенай помсты. Праз паўтары гадзіны касцёр ператварыўся ў попел, а трыста рымскіх юнакоў ляжалі пасечаныя і паміраючыя ў лужыне крыві каля попелу ад кастра.
— Ах, якая справядлівая і як невымоўна прыемная помста! — усклікнуў Спартак, які не прапускаў ніводнага руху ў гэтай кровапралітнай бойцы.
Раздзел XXI
СПАРТАК У ЛУКАНІІ. ПАСТКА, У ЯКУЮ ТРАПІЎ CAM ЛАВЕЦ
Гладыятары размясціліся лагерам на зямлі луканаў. Разам з новымі прышэльцамі іх пяхота ўзрасла да сямідзесяці двух тысяч байцоў.
Неўзабаве разведчыкі данеслі Спартаку, што Крас з усім войскам ідзе на яго.
Спартак рыхтаваўся да генеральнай бітвы. Праз два дні апоўдні паказаліся легіёны Краса.
3 абодвух бакоў прагучэлі сігналы. Войскі сышліся, і неўзабаве пачалася страшная бойка. Больш чатырох гадзін цягнуўся бой. Да захаду сонца левае крыло, якім кіраваў Арторыкс, пачало паддавацца, бо яно складалася ў значнай меры з навічкоў.
Раз’юшаны, прымчаўся сюды Спартак і грымотным голасам закрычаў:
— Няўжо паражэнні, якія вы да гэтага часу наносілі рымлянам, ператварылі іх у адважных ільвоў, а вас у палахліўцаў?.. Спыніцеся, клянуся Марсам Гіпербарэйскім!.. Ідзіце за мною і змагайцеся побач са мной... Пакажыце сябе героямі, і яны зноў кінуцца наўцёкі, як рабілі так ўжо столькі разоў.
3 гэтымі словамі, кінуўшы шчыт у наступаючых ворагаў і ўзяўшы ў левую руку меч забітага гладыятара, ён рынуўся на рымлян з двума мячамі, як гэта практыкавалася ў гладыятарскіх школах.
Бачачы гэта, гладыятары падбадзёрыліся і з новым запалам рынуліся ў бой, у той час калі Спартак абыходзіў рады суседняга легіёна, узбуджаючы мужнасць і выпраўляючы становішча.
Тым часам усе намаганні Краса былі накіраваны супраць цэнтра гладыятарскага войска. Крас асабіста павёў туды свой любімы шосты легіён, які быў складзены выключна з ветэранаў Марыя і Сулы.
I тут рады гладыятараў расстроіліся, захісталіся і пачалі адступаць.
Спартак з левага крыла бачыў нядобрае становішча цэнт-
ра. Ён рынуўся да кавалерыі, якая стаяла ў рэзерве за цэнтрам, ускочыў на каня і загадаў коннікам выстраіцца і рушыць дванаццаццю атрадамі; такім чынам ён утварыў другую баявую лінію, у прамежках якой маглі адысці ў лагер расстроеныя легіёны, аркестрам якіх ён загадаў трубіць адбой.
Але ўсе гэтыя мудрыя распараджэнні не маглі перашкодзіць адступленню ле