Спартак  Рафаэла Джаваньёлі

Спартак

Рафаэла Джаваньёлі
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 303с.
Мінск 1997
71.43 МБ
ль мы не разаб’ём Касія; потым мы наладзім
нараду і вырашым, што трэба будзе зрабіць для нашай агульнай карысці. А цяпер ідзіце.
I загадным жэстам ён адпусціў начальнікаў.
У той момант, калі яны збіраліся ад’ехаць да сваіх легіёнаў, ён дадаў унушальным тонам:
— Каб не было ніякага непаслушэнства ў часе паходу і ў бітве! Клянуся ўсявышнім Юпітэрам, што першы, хто дазволіць сабе мяцежнае слова або рух, загіне ад майго мяча, які ніколі не наносіў няўдалага ўдару!
Начальнікі моўчкі накіраваліся да сваіх месцаў.
Армія гладыятараў рушыла да Мутыны, куды, прамаршыраваўшы ўсю ноч, прыйшлі за гадзіну да світання. Касій быў ужо там. Ён заняў сваім лагерам два высокія ўзгоркі і ўмацаваў яго частаколам і шырокім ровам.
Каля паўдня Спартак з шасцю легіёнамі рушыў у атаку. Менш як за дзве гадзіны войска прэтара было разбіта. Пад націскам з усіх бакоў яно кінулася на ўцёкі і хутка было поўнасцю разгромлена гладыятарамі.
Амаль дзесяць тысяч рымлян загінула ў гэтай бітве, a астатнія рассеяліся па ваколіцы. Увесь лагер і ваенная амуніцыя рымлян трапілі ў рукі пераможцаў, страты якіх у гэтай бітве былі вельмі невялікія.
На другі дзень пасля гэтай перамогі, па ліку трэцяй, якую Спартак атрымаў над рымлянамі менш як за адзін месяц, гладыятарскія легіёны былі сабраны ў страявы парадак і размешчаны чатырма радамі ў выглядзе квадрата на раўніне каля ракі Панарусы. Патрэбна было вырашыць, ці варта рушыць далей, перабрацца цераз Падус і разысціся па сваіх краінах або павярнуць на Рым.
Спартак пачаў гаварыць. Ён расказаў гладыятарам пра мэтазгоднасць першага плана і шкодныя вынікі, якія немінуча будуць ад другога; напомніў пра паслугі, якія ён зрабіў святой справе вызвалення прыгнечаных. Ён напамінаў пра гэта не з-за ганарлівасці: гэтым ён хацеў пераканаць сваіх таварышаў па вайне, па перажытай бядзе і перамогах у тым, што яго парада пакінуць Італію вынікае з упэўненасці, што гэтая краіна немінуча зробіцца магілай для гладыятараў, як яна зрабілася магілай для галаў Брэна, для грэкаў Піра, для карфагенян, кімвраў, тэўтонцаў, нарэшце, для ўсіх чужаземцаў, якія ўрываліся ў Італію і спрабавалі весці вайну ў яе межах.
Ён даў урачыстую клятву, што толькі на карысць гладыятараў ён вымушан абараняць гэты план; няхай яны выра-
шаюць, ён падпарадкуецца волі большасці. Як правадыр або салдат ён будзе заўсёды змагацца побач з імі, і, калі так напісана ў кнізе лёсу, ён з радасцю загіне з імі.
Моцныя воплескі загрымелі пасля прамовы Спартака, і, напэўна, калі б зараз жа пасля яе было галасаванне, яго прапанова была б прынята болыпасцю. Але перамогі, атрыманыя за два мінулыя гады, узнімалі дух гладыятараў і рабілі іх саманадзейнымі, а шмат якія з камандзіраў нездаволена цярпелі жалезную дысцыпліну, уведзеную Спартаком, якая забараняла грабяжы і марадзёрства. Так з’явілася нездаволенне раней сярод некаторых асоб, паступова яно пранікла ў шмат якія легіёны.
Прыклад загінуўшых германцаў, замест таго каб выклікаць выратоўчае раскаянне, запаліў у многіх сэрцах мацней, чым калі-небудзь, жаданне ісці на Рым. Адны імкнуліся адпомсціць за знішчаныя легіёны, другія — награбіць багатай здабычы.
Гэтыя настроі выкарыстаў Кай Канікчый, які да таго, як прадаўся ў гладыятары, цёрся на форуме і ўмеў красамоўна гаварыць. Узяўшы слова пасля Спартака, ён вельмі многа гаварыў пра яго доблесці і празорлівасць, каб ніхто не падумаў, што ён мае злосць на Спартака. Ён маляўніча абрысаваў сумнае становішча рымлян і няздольнасць іх у гэты момант супраціўляцца нападу страшнага гладыятарскага войска сілаю ў семдзесят тысяч доблесных мячоў. Ён пераконваў легіёны не выпускаць такога зручнага выпадку заўладаць Рымам і закончыў прапановай заўтра ж рушыць у напрамку Тыбра.
— На Рым! На Рым! — грымнуў, нібы пярун, крык пяцідзесяці тысяч галасоў пасля прамовы Канікчыя. — На Рым! На Рым!
Калі перайшлі да галасавання, дык атрымаўся такі вынік: сем легіёнаў аднагалосна прынялі прапанову Канікчыя, астатнія шэсць адхілілі яе слабаю большасцю, і толькі кавалерыя амаль аднагалосна падтрымала прапанову Спартака; такім чынам, больш пяцідзесяці тысяч гладыятараў хацелі ісці на Рым, у той час калі лік жадаючых слухацца парады фракійца не дасягаў дваццаці тысяч.
Спартак доўгі час стаяў хмуры, прыгнечаны і маўклівы; нарэшце, узняўшы твар, бледны і сумны, сказаў Крысу, Граніку і Арторыксу, якія стаялі моўчкі, узрушаныя, вакол яго:
— Клянуся багамі Алімпа! Няшмат прыхільнікаў набраў я сярод гладыятараў пасля такой працы, ахвяр і небяспек, перажытых дзеля іх! — Пасля, звяртаючыся да легіёнаў, якія
чакалі моўчкі, сказаў гучна: — Добра, я падпарадкуюся вашаму рашэнню: вы пойдзеце на Рым, але пад камандай другога. Я з гэтага часу адмаўляюся ад годнасці вярхоўнага правадыра, якую вы двойчы мне надавалі і якую цяпер трэба перадаць другому, больш вартаму, чым я.
— He! Дзеля багоў! — закрычаў Лівій Грандэній, самніт, начальнік дванаццатага легіёна. — Ты заўсёды будзеш нашым вярхоўным правадыром, бо сярод нас няма нікога, хто б табе быў роўны.
— Няхай Спартак будзе зноў зацверджан у годнасці вярхоўнага правадыра! — закрычаў на ўсю сілу голаса Барторыкс.
— Спартак — вярхоўны правадыр! Спартак — вярхоўны правадыр! — адказалі, як адзін чалавек, семдзесят тысяч гладыятараў, падымаючы высока шчыты.
— He! Я супраць паходу на Рым і не хачу весці вас! Выберыце аднаго з тых, якія ўпэўнены ў перамозе!
— Ты — правадыр! Ты — правадыр! Спартак! Ты — правадыр! — зноў грымнулі тысячы галасоў.
Калі шум пачаў сціхаць, Крыс падаў знак, што хоча гаварыць:
— Няхай вас будзе сто тысяч гладыятараў са зброяй! Няхай вас будзе дзвесце тысяч, але толькі адзін можа і павінен быць вашым палкаводцам... Няхай жыве Спартак — імператар!
I аглушальна грымнула па ўсёй раўніне:
— Няхай жыве Спартак — імператар!
Абураны фракіец адмовіўся прыняць гэтую годнасць, але пасля ўгаворвання, упрошвання і прымушэння з боку ўсіх начальнікаў легіёнаў і перш за ўсё Арвінія, Орзіля і Кая Канікчыя, усіх трыбунаў, усіх дэканаў і ўсяго войска ён, урэшце, відавочна расчулены гэтым бліскучым доказам любві і пашаны ад сваіх таварышаў, якія толькі што выказалі непакорлівасць, сказаў:
— Вы хочаце? Няхай будзе так. Я згодзен, бо разумею, што абранне іншага немінуча прывядзе вас да сутычак і неладоў; я згодзен змагацца побач з вамі і памерці на чале нашых радоў.
I ў той час, калі ўсе дзякавалі яму і некаторыя цалавалі яго адзенне і рукі, выхваляючы яго доблесць і заслугі, ён дадаў з сумнай усмешкай:
— Я не сказаў, што абяцаю павесці вас да перамогі; у гэтай неабдуманай вайне я не спадзяюся на поспех. Ва ўсякім разе пойдзем на Рым. Заўтра мы выступаем у Балонню.
Такім чынам, Спартак быў гвалтоўна вымушаны ўзяцца за справу, якую ён лічыў неажыццявімай.
Аднак паслабленне дысцыпліны і непаслушэнства праніклі ў рады гладыятараў, і гэтае войска, якое атрымала гэтулькі бліскучых перамог, пачало разлагацца.
To адзін, то другі легіён, то адразу некалькі дашчэнту грабілі гарады сенонаў, праз краіну якіх яны праходзілі. Гэтая распушчанасць пазбаўляла гладыятарскія легіёны якасцяў добра арганізаванага войска і ператварала іх у дзікія орды разбойнікаў, узнімаючы супраць іх гнеў і пракляцці сярод насельніцтва; у той жа час частыя прыпынкі пацішалі шпаркасць руху, у якім да гэтага часу галоўным чынам быў сакрэт перамог Спартака.
Урэшце Спартак быў пастаўлены ў немагчымыя ўмовы, каб прадаўжаць навязаны яму паход на Рым з прычыны нахабных паводзін і непаслушэнства тых самых легіёнаў, якія так шумна патрабавалі весці іх туды. Таму ён затрымаўся амаль на месяц у Арымікуме, дзе зноў адмовіўся ад камандавання, на шмат дзён запёрся ў сваёй палатцы і заставаўся непахісным, пакуль усё войска, сабраўшыся перад прэторыем на каленях, аплакваючы свае брыдкія паводзіны і просячы прабачэння, не прымусіла яго выйсці з палаткі.
Калі фракіец з’явіўся перад гладыятарскай масай, ён быў вельмі бледны і на яго адкрытым твары былі відаць сляды пакут. Выгляд яго быў змардаваны і знясілены, павекі пачырванелі ад доўгіх слёз.
Тады пачуліся яшчэ больш гучныя крыкі, пачуліся запэўненні ў любві і словы раскаяння.
Ён падаў знак, што хоча гаварыць; запанавала вялікая цішыня. Спартак суровым голасам, горкімі словамі ганьбіў паводзіны легіёнаў, якія паказалі сябе як самыя подлыя разбойнікі. Ён заставаўся непахісным у сваім рашэнні не ісці далей з імі, калі яны не дадуць яму поўнай і неабмежаванай улады прыкладна пакараць падбухторшчыкаў да грабяжу.
Легіёны аднадушна згадзіліся з яго патрабаваннем. Спартак зноў прыняў камандаванне над арміяй гладыятараў і пачаў суровымі мерамі аднаўляць у іх радах заняпалае пачуццё абавязку і строгую дысцыпліну.
Ён прысудзіў да кары смерцю нумідыйца Орзіля, самага дзікага сярод начальнікаў, які запляміў сябе гнюсным грабяжом, і ў прысутнасці ўсіх легіёнаў загадаў самім нумідыйцам распяць яго на крыжы.
Ён загадаў адлупцаваць палкамі і выгнаць з лагера двух начальнікаў легіёнаў — гала Арвінія і самніта Кая Канікчыя — і раскрыжаваць звыш двухсот гладыятараў, якія больш за ўсіх вызначаліся зверскімі ўчынкамі ў час грабяжоў.
Пасля гэтага ён распусціў усе легіёны і перастроіў іх не па нацыянальнасці, а, наадварот, уліваючы ў кожную маніпулу і ў кожную кагорту суразмерны лік салдат рознай нацыянальнасці, так што кожная маніпула была складзена з сарака галаў, трыццаці фракійцаў, дваццаці самнітаў і дзесяці ілірыйцаў, грэкаў і афрыканцаў.
Такім чынам, арганізаванае войска было падзелена на чатырнаццаць легіёнаў, якія Спартак размеркаваў на тры корпусы: першы, які складаўся з шасці легіёнаў, ён паставіў пад каманду Крыса; другі, які складаўся з чатырох легіёнаў, атрымаў у камандзіры Граніка; трэці, створаны з чатырох апошніх легіёнаў, быў аддадзены пад кіраўніцтва Арторыкса.
Начальнікам кавалерыі, якая складалася з васьмі тысяч чалавек, застаўся Мамілій.
Тым часам у Рым прыйшлі весткі пра паражэнне абодвух консулаў і прэтара Галіі Цызальпійскай і ў давяршэнне перапалоху, якім былі апанаваны рымскі народ і сенат, навіна аб прынятым гладыятарамі рашэнні ісці на Рым. Да гэтага дабавіліся перавялічаныя чуткі аб зробленых гладыятарамі грабяжах сярод сенонаў. Хваляванне і жах узмацніліся. Народныя трыбуны пачалі на ўвесь голас крычаць на форуме, што надышоў час паклапаціцца пра выратаванне быцькаўшчыны.
Сабраўся сенат; пакуль адны шкадавалі, што бацькісенатары праз няздольн