Спартак
Рафаэла Джаваньёлі
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 303с.
Мінск 1997
ш як за гадзіну дзесяць тысяч салдат Энамая знялі палаткі і выстраіліся ў баявы парадак для выступлення з лагера.
Энамай сказаў пароль дэкану, які камандаваў вартай галоўных варот, і такім чынам вывеў без шуму свае легіёны. Аднак трубны сігнал абудзіў галаў, з якіх адны, думаючы, што ўсё войска павінна было выступіць, а другія — што непрыяцель
падышоў да лагера, усхапіліся, паспешна ўзброіліся, выйшлі з палатак, і без чыйго-небудзь загаду іх трубачы пратрубілі збор. Такім чынам, за кароткі час з аднаго канца ў другі ўвесь лагер гладыятараў быў на нагах, і ўсе легіёны схапіліся за зброю сярод мітусні і непарадку, якія заўсёды ўзнікаюць нават у самым дысцыплінаваным войску ад нечаканага з’яўлення непрыяцеля.
Спартак, усхапіўшыся з пасцелі, кінуўся да выхаду з палаткі і запытаўся ў салдат, якія вартавалі на прэторыі, што здарылася.
— Відаць, надыходзіць непрыяцель, — адказалі яму.
— Але як? Адкуль? Які непрыяцель?.. — запытаўся ён, яшчэ болып здзіўлены.
Ён зараз жа пабег у палатку, мяркуючы, што адзін з консулаў падышоў спешным маршам па невядомых для яго дарогах, хутка ўзброіўся і, выйшаўшы, накіраваўся да цэнтра лагера.
Там ён даведаўся, што Энамай са сваімі легіёнамі адыходзіць з лагера і што астатнія легіёны, таксама ўзброеныя, рыхтуюцца рушыць за ім, упэўненыя, што загад выступаць даў сам Спартак.
— Што ж гэта? Няўжо ён... — усклікнуў фракіец. — Але не!.. Гэта немагчыма.
I пры святле ад запаленых там-сям факелаў ён накіраваўся шпаркім крокам да паказаных варот.
Калі ён туды падышоў, другі германскі легіён амаль увесь быў ужо за лагерам, але Спартак паспеў абагнаць апошнія рады і бягом дабраўся да таго месца, дзе Энамай вярхом на кані чакаў, пакуль пройдзе ўвесь яго другі легіён.
Нейкі чалавек таксама ў поўным узбраенні абагнаў Спартака ў яго бегу; гэта быў Крыс. Падбегшы да Энамая, ён закрычаў:
— Энамай, што ж ты робіш? Што здарылася? Чаму ты ўзняў увесь лагер на ногі? Куды ты ідзеш?
— Далей ад лагера здрадніка, — адказаў сваім грымотным голасам германец. — I ты, калі не хочаш быць ахвярай падману, калі не хочаш, каб разам з тваімі легіёнамі цябе подла аддалі ў рукі ворагаў, ідзі таксама са мною, і мы разам рушым на Рым.
Крыса гэтыя словы ашаламілі. Спартак, падышоўшы да Энамая, сказаў яму:
— Пра якога здрадніка гаворыш ты, Энамай? На каго ты намякаеш?
— Пра цябе я кажу і цябе маю на ўвазе. Я ваюю супраць Рыма і хачу ісці на Рым. Я не хачу ісці да Альпаў, каб трапіць, — па няшчаснай выпадковасці, вядома, — сярод горных цяснін у кіпцюры непрыяцеля!
— Клянуся найлепшым, наймацнейным Юпітэрам! — усклікнуў, не памятаючы сябе ад гневу, Спартак. — Калі ты жартуеш, дык я павінен табе сказаць, што гэта самы дрэнны жарт, які толькі можа ўявіць чалавечы розум!..
— Я не жартую, клянуся Фрэяй!.. Я не жартую, я кажу як нельга больш сур’ёзна і ў здаровым розуме!
— Ты мяне лічыш здраднікам? — Спартак задыхаўся ад гневу.
— He толькі лічу цябе такім, але ўпэўнены ў гэтым і кажу гэта, каб усе чулі.
— Ты хлусіш, дзікі п’яніца!.. — зароў Спартак і, выхапіўшы з ножан свой меч, рынуўся на Энамая, які, таксама выняўшы свой меч, пагнаў каня на Спартака.
Але Крыс, які стаяў перад ім, схапіў за аброць каня і асадзіў яго назад з крыкам:
— Энамай! Калі ты не звар’яцеў, як гэта даводзяць твае ўчынкі, дык я сцвярджаю, што ты здраднік, падкуплены золатам і нагаворамі рымлян, і...
— Што ты кажаш, Крыс? — сказаў, дрыжучы ад злосці, германец.
— Клянуся ўсёмагутнасцю праменняў Белена, — усклікнуў гал, надзвычай раздражнёны, — толькі які-небудзь з рымскіх консулаў, калі б ён быў на тваім месцы, мог бы зрабіць, як ты робіш!
Спартак, стрымліваемы Гранікам, перамогшы ўжо свой парыў гневу, падышоў да Энамая і спакойна, уклаўшы меч ў ножны, сказаў:
— Што тваімі вуснамі гаворыць адна з эрыній, я не сумняваюся... Ты, Энамай, мой таварыш у небяспечным пераходзе з Рыма ў Капую і ва ўсіх страшных трывогах і радасных падзеях ад самага пачатку нашага паўстання, не мог бы гаварыць так, як ты казаў толькі што. Я не ведаю і не разумею... Але, напэўна, ты і я з’яўляемся ахвярамі гнюснай інтрыгі, якая вядзе з Рыма і якая пранікла, я толькі не магу зразумець, якім чынам, у наш лагер. Справа цяпер не ў гэтым: калі б хто іншы прамовіў словы, якія ты сказаў толькі што, ён быў бы цяпер мёртвы... Ідзі, аднак... Кідай справу тваіх братоў і пакінь нашы сцягі... Я клянуся тут, перад тваімі легіёнамі і тваімі братамі,
прахам майго бацькі, успамінам пра маю маці, жыццём маёй сястры, усімі багамі неба і пекла, што я не запляміў сябе ніякімі подласцямі, пра якія ты кажаш. I калі я хоць на адзін момант парушыў самы малы з маіх абавязкаў як брата і правадыра, няхай мяне заб’е маланка і спапяліць Юпітэр і няхай маё імя пяройдзе да самых аддаленых патомкаў з кляймом здрадніка!
Гэтая клятва, праказаная Спартаком цвёрдым, урачыстым голасам, здавалася, зрабіла мацнейшае ўражанне, пахіснула, відаць, нават дзікую ўпартасць Энамая.
Але раптам гукі букцын трэцяга легіёна (першага гальскага) пачуліся блізка ад галоўных варот і прыцягнулі ў гэты бок увагу ўсіх прысутных.
— Клянуся багамі пекла! — усклікнуў Спартак, бледны твар якога зрабіўся шэрым. — Значыць, адыходзяць і галы?
Усе пабеглі да варот вала.
Тады Эўтыбіда, якая да гэтага часу заставалася з апушчаным на вочы забралам, пад’ехала да Энамая, схапіла за повад яго каня і пацягнула яго за сабою на дарогу, па якой ужо адышлі абодва германскія легіёны.
— Праклятыя дэзерціры! — усклікнуў Крыс.
— I няхай консул Гелій пасячэ вас нашчэнт! — дадаў Спартак у прыпадку гневу.
Спартак і Крыс хутка дайшлі да варот гальскага лагера, дзе Арторыкс і Барторыкс, упрошваючы і лаючыся, стрымлівалі салдат трэцяга легіёна, якія хацелі пайсці следам за германцамі.
Галаў стрымаў Крыс, які на іх роднай мове сказаў прамову, поўную пагрозных слоў, называючы іх подлым збродам, зборышчам разбойнікаў і натоўпам здраднікаў. Ён закончыў сваю прамову клятвай Гезусу, што як толькі развіднее, ён адшукае і загадае прыбіць да крыжа падкупленых падбухторшчыкаў гэтага ганебнага бунту.
Галы ціха і паслухмяна, як ягняты, вярнуліся ў свой лагер.
На досвітку другога дня, згодна з намечаным планам, Спартак загадаў сваім легіёнам зняцца з лагера і накіраваўся насустрач консулу Лентулу. He вельмі спрактыкаванаму ў вайсковай справе, наскрозь прасякнутаму лацінскім гонарам патрыцыю здавалася немагчымым, каб чатыры рымскія легіёны, якія мелі дваццаць чатыры тысячы чалавек і былі падмацаваны дванаццаццю тысячамі дапаможных войск, не разбілі менш чым за дваццаць чатыры гадзіны зборышча з сямідзесяці тысяч гладыятараў, дрэнна ўзброеных, без гонару, без веры і без
дысцыпліны, якія калі і разграмілі войскі прэтараў, дык не па сваёй доблесці, а толькі дзякуючы невуцтву апошніх.
Таму, заняўшы выгадную пазіцыю ў нізе ўзгоркаў, ён на другі ж дзень уступіў у бітву са Спартаком, заахвочваючы сваіх салдат гордымі і выхвальнымі словамі.
Спартак са звычайнай для яго прадбачлівасцю выкарыстаў колькасную перавагу свайго войска і менш як за тры гадзіны абкружыў консула з усіх бакоў. Рымскія легіёны змагаліся мужна, але яны вымушаны былі адступіць, асцерагаючыся нападу з тылу.
Спартак умела выкарыстаў хістанні непрыяцеля. З’яўляючыся ў розных месцах бітвы, ён так узняў дух гладыятараў сваёю храбрасцю, што яны імкліва атакавалі рымлян, прарвалі іх рады і разграмілі іх, захапіўшы лагер і абоз.
Але, нягледзячы на гэтую новую бліскучую перамогу, атрыманую над самім консулам, Спартака вельмі непакоіла думка пра Гелія, другога консула, які мог за гэты час напасці на Энамая і знішчыць яго войска.
На другі дзень пасля бітвы ён загадаў сабраць палаткі і павярнуў назад, выслаўшы, як звычайна, наперад шматлікую конніцу. Пасоўваючыся далёка наперадзе, яна дастаўляла яму ўвесь час весткі пра непрыяцсля.
I сапраўды, увечары да Спартака з’явіўся Мамілій, начальнік кавалерыі, з весткай, што Гелій, даведаўшыся пра адыход германцаў, паспешна выступіў супраць Энамая.
Даўшы адпачыць сваім легіёнам толькі шэсць гадзін, Спартак павярнуў назад, да лагера германцаў.
За гэты час консул Гелій Публікола з дваццаццю васьмю тысячамі салдат прыйшоў туды ноччу і досвіткам імкліва атакаваў Энамая, які неабдумана прыняў гэты няроўны бой.
Жорсткай і кровапралітнай была бітва, і на працягу больш як дзвюх гадзін рымляне не маглі дамагчыся поспеху. Але неўзабаве Гелій, расцягнуўшы фронт свайго войска, абкружыў абодва германскія легіёны. Германцы аказаліся сціснутымі ў кальцы смерці. Убачыўшы бескарыснасць усякай спробы выратавацца, яны вырашылі памерці смерцю храбрых і, люта б’ючыся больш дзвюх гадзін. усе загінулі, нарабіўшы вялікіх страт рымлянам.
Апошнім сярод загінуўшых быў Энамай.
Так закончылася гэтая бітва, у якой Гелій знішчыў дзесяць тысяч германцаў дашчэнту.
Але толькі што спынілася бітва, як хрыплыя гукі букцын,
сігнал да атакі, папярэдзілі пераможцаў пра набліжэнне новага непрыяцеля.
Гэта быў Спартак, які толькі што прыбыў да месца бітвы. Нягледзячы на тое што яго легіёны былі стомлены цяжкім пераходам, ён пастроіў іх у баявы парадак і, натхняючы гарачымі словамі да бітвы, каб адпомсціць за знішчэнне братоў, рыхтаваўся атакаваць расстроеныя войскі консула Гелія.
Апошні стараўся на ўсю сілу, каб як мага хутчэй перастроіць фронт.
I пачалася бітва яшчэ больш лютая, чым першая.
3 той прычыны, што новая бітва адцягнула рымлян у другі бок, месца пабоішча германцаў было пакінута, і сярод гэтага вялізнага поля, усеянага трупамі чуліся толькі слабыя стогны раненых і паміраючых.
Кроў лілася са шматлікіх ран Энамая, але сэрца яго яшчэ не перастала біцца. Ён у сваім перадсмяротным хрыпенні клікаў Эўтыбіду. Эўтыбіда з прычыны нечаканага нападу Гелія не паспела ні дэзерціраваць да рымлян, ні адцаліцца ад месца бітвы і была вымушана застацца ў бойцы; ад першай атрыманай раны яна палічыла самым бяспечным упасці паміж трупаў і прыкінуцца мёртвай.
Скрозь туман, які засцілаў яму вочы, Энамай раптам убачыў Эўтыбіду і палічыў яе за паміраючую. Але злавесны бляск яе вачэй і шпаркасць, з якою яна ўсхапілася і пайшла, топчучы і перакульваючы нагамі мерцвякоў, пераканалі яго ў тым, што яна была толькі лёгка паранена. Страшнае падазрэнне прамільгнула ў яго галаве.
— О, Эўтыбіда!..
— Я спяшаюся, — адказала грачанка, праходзячы паўз памір