Спартак
Рафаэла Джаваньёлі
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 303с.
Мінск 1997
жаль, яшчэ часта звяртаюцца слабыя духам ці розумам, а таксама хітрыя людзі, карыстаючыся страхам народу і яго патрэбай прасіць дапамогі ў звышнатуральных сіл.
Па ўсім рымскім лагеры было абвешчана пра вялікія прынашэнні ахвяр у гонар Юпітэра, Марса і Квірына, для таго каб гэтыя багі натхнілі аўгураў у іх вяшчаннях і далі падыходзячую параду, як выратаваць рымскае войска ад пагібелі, што яму пагражае.
Направа ад прэторыя ў рымскім лагеры было месца, прызначанае для ахвяраванняў. Сюды да ўпрыгожанага гірляндамі ружаў ахвярніка круглай формы, складзенага з каменных глыб, з адтулінай наверсе, у якой раскладалі агонь, і дзіркай, куды сцякала віно для набажэнства, сышліся жрацы трох багоў. Усе тры жрацы былі апрануты ў доўгія, з белай ваўнянай матэрыі плашчы, прыколатыя ля шыі вялікай шпількай, а на галовах у іх былі востраверхія белыя шапкі, таксама з ваўнянай матэрыі.
Ззаду ад іх стаялі аўгуры ў звычайным жрэцкім адзенні, з выгнутымі жэзламі, падобнымі да пастуховых кіеў. Далей былі паслугач, які падводзіў жывёлу да ахвярніка і забіваў яе, і другі, які павінен быў выпускаць кроў у дробнай жывёлы.
Першы зваўся попа, ён трымаў сякеру, другі — культарый — сціскаў у руках шырокі навостраны кінжал з рукаяццю з слановай касці. У абодвух, як і ва ўсіх жрацоў, былі на галовах вянкі з кветак, а на шыі — банты з белага і чырвонага сукна. Такія ж вянкі, істужкі і банты былі на галаве і шыі прызначанай для ахвяравання жывёлы — быка, авечкі і вепрука. Ніжэйшыя служыцелі культа неслі драўляны малаток, якім попа павінен быў аглушыць быка, ударыўшы па патыліцы, свяшчэнны пірог, сярэбраную каробачку з фіміямам, амфару
з віном і чашу для свяшчэнных набажэнстваў. Апошнім ішоў хавальнік свяшчэнных пеўняў, які нёс вялікую клетку з гэтымі птушкамі. У канцы ішлі флейтысты. За жрацамі рушыла ўсё рымскае войска, за выключэннем вартавых, пастаўленых для аховы варот лагера, равоў і частаколаў.
Калі войска з аркестрам наперадзе размясцілася вакол ахвярніка, жрацы, прарабіўшы вызначаныя абмыванні, кінулі фіміям у чашы, пасыпалі ахвярнік для жывёлы мукою і, як было вызначана абрадам, паклалі пірог і аблілі віном; потым попа з дапамогай сваіх паслугачоў падняў галаву быка, аглушыў жывёлу малатком у лоб, пасля сякерай забіў яе; у гэты час культарыі калолі дробную жывёлу, крывёю якой неўзабаве быў абліты ўвесь ахвярнік. Частка мяса зараз жа была пакладзена на агонь, які палаў у яміне ахвярніка. Унутранасці былі старанна сабраны на бронзавую дошку, крыху ўвагнутую пасярэдзіне і прымацаваную на чатырох, таксама бронзавых, падстаўках. Пасля іх перадалі жрацам-аўгурам, якія ўзяліся з сур’ёзным выглядам вызначаць па іх будучыню.
Хоць азнаямленне з грэчаскай філасофіяй і шпаркае пашырэнне вучэння Эпікура адцягнула вялікую частку адукаванай рымскай моладзі ад вераванняў у багоў і лжывых фокусаў жрацоў, у масе народу так моцна ўкаранілася пакланенне перад багамі, што сярод трыццаці тысяч чалавек, што сабраліся каля ахвярніка, ні адзін гук, ні адзін рух не парушылі свяшчэннага абраду, які цягнуўся досыць доўга. Толькі праз паўтары гадзіны аўгуры паведамілі, што знак спрыяе для рымлян, бо ні адной злавеснай плямы нельга заўважыць на ўнутранасцях ахвяр.
Пасля гэтага аўгуры пачалі карміць свяшчэнных пеўняў, якіх, напэўна, доўга марылі голадам: як толькі ім кідалі зёрны, яны прагна клявалі пад шумныя воплескі і вясёлыя крыкі салдат, якія ўгледзелі ў празмерным апетыце пеўняў відавочны знак боскага заступніцтва Юпітэра, Марса і Квірына, гатовых усёй сваёй тройцай дапамагаць рымскаму войску.
Анфідый Арэст, выкарыстаўшы добры настрой сваіх легіёнаў, вырашыў выканаць задуманы ім план — вырвацца з магчыма меншымі стратамі з жалезнага кальца, у якое яго захапіў Спартак.
На другі дзень пасля ахвяраванняў пяць дэзертыраў з рымскага лагера з’явіліся ў Спартака. Прыведзеныя да правадыра гладыятараў, яны ўсе па-рознаму расказвалі адну і тую ж гісторыю: прэтар задумаў выйсці таемна ў гэтую ж ноч з свайго лагера, рынуцца на гладыятараў, якія стаялі лагерам каля
Формій, разбіць іх і самым хуткім маршам прарвацца ў напрамку Капуі. Дэзертыры вытлумачылі свае ўцёкі з рымскага лагера жаданнем унікнуць пагібелі ў бітве, у якой Арэст, на іх думку, не мае ніякіх шансаў на поспех.
Спартак з найвялікшай увагай выслухаў расказы дэзертыраў і шмат распытваў, не зводзячы з іх позірку. Гэты пільны позірк відавочна бянтэжыў дэзертыраў, якія пачалі блытацца ў сваіх адказах.
Скончыўшы допыт, Спартак сказаў ардынарцу:
— Флавій, завядзі іх у палатку і загадай, каб іх добра пільнавалі.
Ардынарац выйшаў разам з дэзертырамі.
Спартак некалькі часу стаяў моўчкі, а пасля, прызваўшы начальніка легіёна Артаца, адвёў яго ў бок і сказаў:
— Гэта — мнімыя дэзертыры...
— Ну! — усклікнуў здзіўлена малады фракіец.
— Яны падасланы сюды Анфідыем Арэстам, каб ашукаць мяне; яго намеры супрацьлеглыя таму, што расказвалі гэтыя людзі.
— А як, ты думаеш, ён зробіць?
— Вось як. Найбольш разумнае і правільнае рашэнне, якое ў гэты момант можа прадпрыняць Арэст, — пастарацца прарваць наш фронт з боку Рыма, а не Капуі. Калі б ён з войскам, аслабленым пасля бою, схаваўся ў Капуі, дык пакінуў бы для нас адкрытым увесь Лацыум, і мы лёгка маглі б прайсці да варот Рыма. Рым з’яўляецца яго аперацыйнай базай; у той жа час яму неабходна прыкрыць Рым ад нашых атак. 3 прычыны гэтага зусім натуральна, што ён зробіць адважную спробу прарвацца якраз з гэтага боку, а не з боку Капуі, як ён пры дапамозе сваіх дэзертыраў хацеў мяне пераканаць.
— Клянуся Меркурыем, тваё тлумачэнне мне падабаецца!
— Таму мы сёння ўвечары пакінем гэты лагер і прасунемся бліжэй да Крыса, супраць якога, калі я не памыляюся, заўтра будуць накіраваны ўсе намаганні рымскіх легіёнаў. Энамай таксама рушыць сёння вечарам з свайго лагера і размясціцца значна бліжэй да непрыяцеля.
— Такім чынам ты яшчэ больш звузіш кальцо, якое сціскае ворагаў, — сказаў у захапленні малады фракіец, зразумеўшы план Спартака.
— I, — дадаў Спартак, — якім бы ні быў шлях, які прэтар захоча выбраць, я здолею напэўна яго перамагчы. Нават калі ён сапраўды рушыць супраць Энамая, дык ад таго што Энамай
падыдзе бліжэй, нам лёгка будзе хутка прыйсці на дапамогу германскім легіёнам.
Паклікаўшы да сябе трох ардынарцаў, Спартак сказаў ім імчацца на ўвесь дух да Граніка і Энамая з загадам падысці на шэсць міль бліжэй да лагера Крыса.
Як Спартак прадбачыў, так і здарылася: досвіткам вартавыя Крыса папярэдзілі яго пра наступленне непрыяцеля.
Арэст, жадаючы разбіць Крыса да прыходу гладыятараў з іншых лагераў, рушыў супраць двух гальскіх легіёнаў усю масу свайго войска.
Аднак, натхнёныя прыкладам мужнага Арторыкса і надзвычайнай храбрасцю Крыса, які біўся ў першым радзе, галы супрацьпаставілі націску рымлян усе сілы неўгамаванай мужнасці, так што бітва зрабілася вельмі ўпартай. Але Крыс разумеў, што не мужнасць і бясстрашнасць, а толькі колькасць магла вырашыць канец гэтай бітвы і што праз паўгадзіны ён будзе зусім абкружаны і яго дзесяць тысяч чалавек будуць немінуча знішчаны.
Ці прыйдзе за гэтую паўгадзіну Спартак яму на дапамогу? Крыс гэтага не ведаў, а таму загадаў абодвум сваім легіёнам, захоўваючы строй, адступіць у лагер.
Каб правесці адступленне без панікі, каб усе не кінуліся наўцёкі, дзве кагорты, гэта значыць тысяча галаў, павярнуўшыся тварам да непрыяцеля, непахісна вытрымлівалі яго націск. Яны ахвяроўвалі сабою, каб сваёю смерцю выратаваць астатніх. За кароткі час больш чатырохсот з іх загінулі.
Калі легіёны Крыса схаваліся за вал лагера, Арэст загадаў даць адбой і, спешна сабраўшы свае растрапаныя легіёны, шпаркім маршам накіраваўся па дарозе ў бок Рыма.
Але не прайшоў ён і дзвюх міль, як з левага фланга з’явілася войска Спартака, якое з найвялікшай лютасцю рынулася на рымскія легіёны, а праз паўгадзіны справа падышоў Энамай са сваімі сіламі.
I Крыс, які зноў пастроіў свае парадзелыя легіёны, ударыў па рымскаму тылу.
Арэст зусім паў духам. Абкружаныя з трох бакоў, яго салдаты кінуліся ў паніцы наўцёкі, але наткнуліся на легіёны Граніка, які, прадбачачы ўцёкі рымлян, выйшаў ім па дыяганалі наперарэз і дакончыў разгром легіёнаў Арэста.
У гэтай бітве, якая цягнулася звыш пяці гадзін, было забіта болып сямі тысяч рымлян і каля чатырох тысяч трапілі ў
палон; але і гладыятарам перамога абышлася нятанна: у іх было забіта дзве тысячы і столькі ж паранена.
Праз некалькі дзён пасля гэтага Спартак сабраў ваенную нараду, на якой усе начальнікі аднадушна палічылі, што зусім неразумна распачаць паход супраць Рыма і было вырашана накіравацца ў Самніум, а пасля ў Апулію і ўзяць у гэтых правінцыях шматлікіх рабоў.
Між тым у Рыме вестка пра паражэнне прэтара Арэста напоўніла жахам сэрцы грамадзян, і сенат, сабраўшыся на сакрэтную нараду, паставіў пытанне: якім чынам пакласці канец гэтаму паўстанню, якое, пачаўшыся як смехатворны бунт, цяпер набыло памеры сур’ёзнай вайны?
Што вырашылі сенатары ніхто не ведаў, і толькі пра адно даведаліся: што ў тую ж ноч консул Марк Цярэнцій Варон Лукул у суправаджэнні нямногіх адданых слуг, без знакаў адрознення, без ліктараў, нібы прыватная асоба выехаў конна праз Эсквілінскія вароты, накіроўваючыся па дарозе ў Самніум.
У гэты час Спартак знаходзіўся ў лагеры каля Венузіі ў Самніуме і займаўся навучаннем двух новых легіёнаў, арганізаваных з перайшоўшых да яго за гэтыя трыццаць дзён рабоў. Аднойчы яму далажылі, што ў лагер прыбыў пасол ад рымскага сената.
— Клянуся маланкамі Юпітэра! — усклікнуў Спартак. — Значыць, так нізка паў гонар лацінян, што рымскі сенат не сароміцца пачынаць перагаворы з пагарджаным гладыятарам! — I, накінуўшы свой плашч цёмнага колеру, сеў на лаўку перад палаткай і сказаў дэкану: — Вядзі сюды сенацкага пасла.
Пасол з’явіўся на прэторый у суправаджэнні чатырох слуг; усіх пяцёх вялі гладыятары, бо па заведзенаму звычаю вочы ў прыбыўшых былі завязаны.
— Вось ты, рымлянін, знаходзішся на прэторыі нашага лагера, перад нашым правадыром, — сказаў дэкан таму, які назваў сябе паслом.
— Прывет табе, Спартак, — сказаў унушальным і цвёрдым голасам рымлянін.
— I табе прывет, — адказаў фракіец.
— Мне патрэбна з табою пагаварыць са