Стамбульскі экспрэс
Грэм Грын
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 335с.
Мінск 1993
Доктару Цынеру таксама дазволілі сесці ў крэсла. Па выразе твару мажнага афіцэра ён зразумеў, што з ілжывым абвінавачаннем было амаль пакончана,— таўстун перастаў звяртаць увагу на допыт, ён толькі ківаў галавой, ікаў і зноў ікаў. Палкоўнік Хартэп па-ранейшаму захоўваў уяўную зычлівасць і трымаўся правасуддзя. Ён не пакутаваў ад згрызот сумлення, але ён і не хацеў прыносіць падсуднаму празмерных пакутаў. Калі б гэта было магчыма, ён да канца пакінуў бы доктару Цынеру нейкае каліва надзеі. Маёр Петкавіч бесперапынна выступаў з пратэстамі, ён ведаў, гэтаксама як і кожны з іх, загадзя прысуд, але вырашыў надаць яму хоць бы выгляд законнасці, каб усё праходзіла згодна правілам, змешчаным у настаўленні 1929 года.
Седзячы спакойна, сціснуўшы кулакі, паклаўшы паношаны мяккі брыль на падлогу каля сваіх ног, доктар Цынер вёў з афіцэрамі безнадзейную барацьбу. Адзінае рашэнне, на якое ён мог спадзявацца, было прызнанне неаб’ектыўнасці гэтага суду — яго ж збіраліся паціху закапаць у зямлю на
пагранічнай станцыі, калі сцямнее, і ніхто ні пра што не даведаецца.
— За ілжэсведчанне мяне не судзілі. Гэта не ўваходзіць у кампетэнцыю ваеннага трыбунала,— сказаў ён.
— Вас судзілі ў вашу адсутнасць,— запярэчыў палкоўнік Хартэп.— I прыгаварылі да пяці год зняволення.
— Лічу, што вы знойдзеце патрэбным перадаць маю справу ў грамадзянскі суд для вынясення канчатковага прыгавору.
— Ен мае рацыю,— умяшаўся маёр Петкавіч.— Такія злачынствы не ў нашай кампетэнцыі. Калі вы паглядзіце раздзел пятнаццаты...
— Я вам давяраю, маёр. Тады мы часова адкладзём абвінавачанне ў ілжэсведчанні. Застаецца фальшывы пашпарт.
— Вы павінны даказаць, што я не прыняў брытанскага падданства,— хутка запярэчыў доктар Цынер.— Дзе вашы сведкі? Вы маеце намер тэлеграфаваць брытанскаму паслу?
Палкоўнік Хартэп усміхнуўся:
— Гэта патрабуе шмат часу. Мы пакуль адкладзём пытанне пра фальшывы пашпарт. Вы згодны, маёр?
— He. Я лічу, што будзе больш правільна, калі мы адкладзём суд па больш дробным абвінавачанні, пакуль ён не будзе асуджаны,— я хацеў сказаць: пакуль не будзе вынесены прыгавор па болып сур’ёзным абвінавачанні.
— Для мяне гэта тое самае,— сказаў палкоўнік Хартэп.— А як вы, капітан?
Капітан кіўнуў, усміхнуўся і заплюшчыў вочы.
— А цяпер абвінавачанне ва ўдзеле ў змове,— сказаў палкоўнік Хартэп.
Маёр Петкавіч перабіў яго:
— Я ўсё гэта абдумаў. Лічу, што ў абвінаваўчым акце трэба выкарыстаць слова «здрада».
— Ну, добра, хай будзе «здрада».
— He, не, палкоўнік, цяпер ужо нельга ўносіць папраўкі ў абвінаваўчы акт. Давядзецца пакінуць «удзел у змове».
— Вышэйшая мера?
— I ў тым і ў другім выпадку.
— Ну добра. Доктар Цынер, вы прызнаяце сябе вінаватым ці не прызнаяце?
Доктар Цынер з хвілінку падумаў. Потым сказаў:
— А якая розніца?
Палкоўнік Хартэп паглядзеў на гадзіннік, потым узяў са стала пісьмо.
— На погляд суду, гэтага дастаткова для вынясення прысуду.
У яго быў выгляд чалавека, які хоча далікатна, але няўмольна пакласці канец дзелавой размове.
— Я думаю, што маю права на тое, каб пісьмо прачыталі і падверглі перакрыжаванаму допыту салдата, які адабраў гэтае пісьмо.
— Безумоўна,— ахвотна пагадзіўся маёр Петкавіч.
— Я не буду ўскладняць вам справу,— усміхнуўся доктар Цынер.— Я прызнаю сваю віну.
«Але калі б ваенны трыбунал засядаў у Белградзе,— сказаў ён сабе,— і журналісты ў сваёй ложы занатоўвалі б усё, я б змагаўся за кожны пункт». Цяпер, калі яму не было да каго звяртацца, ён адчуў прыліў красамоўства, яму ў галаву прыходзілі рэзкія словы і словы, якія маглі выклікаць слёзы.
Ен ужо быў не тым узлаваным чававекам са звязаным языком, якому не ўдалося закляйміць місіс Пітэрс.
— Суд аб’яўляе перапынак,— сказаў палкоўнік Хартэп.
У нядоўгім маўчанні было чуваць, як вецер, быццам злы вартавы сабака, гойсае вакол станцыйных будынкаў. Перапынак быў вельмі кароткі, ён доўжыўся роўна столькі, колькі спатрэбілася палкоўніку Хартэпу, каб накідаць некалькі слоў на аркушы паперы і пасунуць яго па стале на подпіс абодвум афіцэрам. Двое салдат стаялі крыху вальней.
— «Суд прызнае арыштаваных вінаватымі,— прачытаў палкоўнік Хартэп.— Арыштаваны Езеф Грунліх прыгаворваецца да аднаго месяца зняволення, пасля чаго будзе высланы на радзіму. Арыштаваная Корал Маскер прыгаворваецца
да турэмнага зняволення на дваццаць чатыры гадзіны, пасля чаго будзе выслана на радзіму. Арыштаваны...»
Доктар Цынер перабіў яго:
— Mary я звярнуцца да суду, перш чым будзе абвешчаны прысуд?
Палкоўнік Хартэп кінуў погляд у акно — яно было зачынена, зірнуў на вартаўнікоў — іх бясстрасныя, абыякавыя твары выказвалі неразуменне і адчужанасць.
— Можаце,— дазволіў ён.
Твар маёра Петкавіча пабарвавеў.
— Немагчыма,— сказаў ён,— абсалютна немагчыма. Загад 27 а. Арыштаванаму трэба гаварыць да перапынку.
Начальнік паліцыі паглядзеў міма вострага профілю маёра, туды, дзе на крэсле, сагнуўшыся, склаўшы рукі ў шэрых баваўняных пальчатках, сядзеў доктар Цынер. Звонку прагудзеў паравоз, які павольна рухаўся па чыгуначным пуці. За акном шамацеў снег. Ен глянуў на доўгі шэраг ордэнскіх калодак на сваім шынялі і на дзірку ў пальчатцы доктара Цынера.
— Гэта будзе поўнае парушэнне правілаў,— прабурчаў маёр Петкавіч, адной рукой ён намацаў пад сталом свайго сабаку і пачаў тузаць, кудлаціць яго за вушамі.
— Прымаю да ведама ваш пратэст,— сказаў палкоўнік Хартэп і потым звярнуўся да доктара Цынера: — Вы ведаеце гэтаксама добра, як і я,— зычліва пачаў ён,— што б вы ні гаварылі, гэта ўжо не зменіць прысуду. Але калі вам так хочацца нешта сказаць, калі гэта прынясе вам задавальненне, можаце гаварыць.
Доктар Цынер чакаў пярэчанняў ці зневажальных рэплік і ў сваім апошнім слове меўся даць ім рашучы адпор. Аднак ласкавасць, ветлівасць палкоўніка на імгненне пазбавілі яго дару слова. Ен ізноў пазайздросціў тым вартасцям, якімі валодаюць толькі людзі моцныя, упэўненыя ў сабе. Зычлівасць палкоўніка, які моўчкі глядзеў на яго, скавала яму язык. Капітан Алексіч расплюшчыў вочы і зноў заплюшчыў іх. Доктар пачаў павольна гаварыць:
— Гэтыя ўзнагароды вы атрымалі за заслугі перад радзімай пад час вайны. У мяне няма ўзнагарод, таму што я вельмі моцна люблю сваю радзіму. Я не хачу забіваць людзей толькі за тое, што яны гэтаксама любяць сваю радзіму. Я змагаюся не за новыя тэрыторыі, а за новы свет.
Яго прамова перарвалася: тут не было публікі, якая магла б падбадзёрыць яго, і ён усведамляў, наколькі напышлівыя яго словы: яны не маглі служыць доказам вялікай любові і вялікай нянавісці, якія заўсёды кіравалі ім у яго жыцці. У яго мазгу прамільгнулі журботныя і цудоўныя твары людзей, змарнелыя ад голаду, заўчасна састарэлыя, поўныя адчаю. Ен ведаў гэтых людзей, дапамагаў ім, але не здатны быў іх выратаваць. Свет ператварыўся ў хаос, таму што такая плойма высакародных людзей — беспрацоўныя, у той час як буйныя фінансісты і вайскоўцы квітнеюць.
— Вас нанялі, каб падтрымліваць нікчэмны і агідны стары свет, поўны несправядлівасці і неразбярыхі,— казаў ён,— бо такія людзі, як Вускавіч, крадуць працоўныя жабрацкія грашы ў беднякоў, дзесяць гадоў спяшаюцца жыць раскошным, сытым, бязглуздым жыццём, а потым пускаюць сабе кулю ў лоб. I вам плацяць за тое, каб вы абаранялі вось такую сістэму, якая падтрымлівае людзей накшталт яго. Вы саджаеце ў турму дробнага зладзюжку, а вялікія злодзеі жывуць у палацах.
— Тое, што гаворыць арыштаваны, не мае ніякага дачынення да справы. Гэта палітычная прамова,— умяшаўся маёр Петкавіч.
— Хай гаворыць.
Палкоўнік Хартэп засланіў рукою твар і заплюшчыў вочы. Доктар Цынер падумаў: «Ен робіць выгляд, што спіць — хоча замаскіраваць сваю раўнадушнасць», але той ізноў расплюшчыў вочы, калі доктар гнеўна звярнуўся да яго:
— Як жа вы ўстарэлі з сваімі граніцамі і з сваім патрыятызмам! Самалёты не ведаюць граніц, нават вашы фінансісты іх не прызнаюць.
Потым доктар Цынер заўважыў, што палкоўнік Хартэп не-
чым засмучаны, і пры думцы, што, магчыма, Хартэп не жадае яго смерці, яму зноў зрабілася цяжка падбіраць патрэбныя словы. Ен бездапаможна пераводзіў вочы з аднаго месца на другое, ад карты на сцяне да паліцы з гадзіннікам, застаўленай кнігамі ў падраных вокладках па стратэгіі і па ваеннай гісторыі. Нарэшце яго погляд спыніўся на двух вартавых. Адзін глядзеў міма, не звяртаючы на яго ўвагі, ён спрабаваў глядзець у адну кропку і трымаць вінтоўку пад правільным вуглом. Другі ж не зводзіў з яго вялікіх, наіўных, маркотных вачэй. Гэты твар ён далучыў да той уяўнай журботнай працэсіі, і тут ён зразумеў — ён мае аўдыторыю больш каштоўную, чым журналісты: перад ім быў бядняк, якога трэба адлучыць ад няправеднай справы і пераканаць, каб ён служыў справядлівай справе. I тады ў доктара адразу знайшліся словы, абстрактныя, але мілагучныя,— яны некалі пераканалі яго самога, а цяпер павінны былі пераканаць іншага. Аднак зараз ён паводзіў сябе хітрэй, з асцярогай, уласцівай яго класу, не глядзеў на салдата, які стаяў на варце, а толькі зрэдку, крадком, кідаў на яго хуткі, нібыта хвост яшчаркі, позірк, звяртаючыся да яго ў множным ліку: «Браты!» Ен пераконваў яго, што беднасць — не ганьба, але і старацца разбагацець таксама не сорамна, што беднасць — не злачынства і няма ніякай патрэбы адчуваць сябе прыгнечаным. Калі ўсе зробяцца беднякамі — беднякоў не будзе наогул. Багацці свету належаць усім. Калі падзяліць іх паміж усімі людзьмі, тады знікнуць беднякі, і ў кожнага чалавека будзе дастаткова, і не трэба будзе саромецца сваіх суседзяў.
Палкоўнік Хартэп страціў да яго цікавасць: у доктара Цынера зніклі характэрныя рысы, накшалт шэрых шарсцяных пальчатак з дзіркай на вялікім пальцы, і ён ператварыўся ў звычайнага вулічнага прамоўцу. Глянуўшы на гадзіннік, палкоўнік Хартэп сказаў:
— Я думаю, што даў вам дастаткова часу.
Маёр Петкавіч прамармытаў нешта сабе пад нос, ён раптам са злосцю пхнуў нагой сабаку і буркнуў:
— Адчапіся! Вечна ты лезеш да мяне.
Капітан Алексіч прачнуўся і сказаў з вялікай палёгкай: — Ну вось, нарэшце, і закончылі.
Доктар Цынер, які ўтаропіўся ў адну кропку на падлозе, злева ад вартаўніка, павольна вымавіў:
— Гэта быў не суд. Яны прыгаварылі мяне да емерці перш чым пачалі судзіць. Памятайце, я паміраю, каб адкрыць перад вамі шлях у будучыню. Смерці я не баюся. Жыццё маё не вартае таго, каб баяцца смерці. Мне здаецца, што ад мяне мёртвага болей карысці.— Але пакуль ён гаварыў, яго ясны розум падказаў яму, што наўрад ці яго смерць каму-небудзь прынясе карысць.