Стамбульскі экспрэс
Грэм Грын
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 335с.
Мінск 1993
— Болей часу, чым я маю,— дадаў ён.
Корал не звярнула ўвагі на яго словы. У той момант яна ставіла сябе непараўнана вышэй за яго. Яна была каханкай багацея, а ён — працоўны. Калі яна нарэшце ўспомніла пра яго, дык сказала са шчырым абурэннем і з пагардай:
— Думаю, вас пасадзяць у турму.
— Лічу, што мяне расстраляюць.
Яна са здзіўленнем утаропілася ў яго, забыўшыся на тое, што ў іх розныя перакананні:
— Чаму?
Ен усміхнуўся крыху самазадаволена:
— Яны баяцца такіх, як я.
— У Англіі чырвоным дазваляюць гаварыць, што хочаш і колькі хочаш. I паліцыя стаіць і слухае іх.
— Ну, тут істотная розніца. Мы не абмяжоўваем сябе толькі размовамі.
— Але ж будзе суд?
— Нешта накшталт суду. Мяне павязуць у Белград.
Недзе прагучаў ражок, і пранізлівы свісток працяў марознае паветра.
— Відаць, манеўруюць,— сказаў доктар Цынер, спрабуючы супакоіць яе.
Паласа дыму працягнулася звонку міма вокнаў, і ў зале зрабілася цёмна, загучалі галасы, людзі пабеглі ўздоўж чыгункі. Буферы паміж вагонамі забразгалі, сутыкнуліся, напружыліся, і тонкія сцены затрэсліся ад руху поршняў, ад грукату цяжкіх колаў. Калі дым разышоўся, Корал Маскер ціха прысела на драўляную лаву. Гаварыць нічога не хацелася, і ногі ў яе былі халодныя як лёд. Але крыху пазней яна адчула ў маўчанні доктара Цынера асуджэнне.
— Ен вернецца за мной. Вось пабачыце,— вымавіла яна з цеплынёй у голасе.
Нініч сунуў вінтоўку пад паху і пачаў пляскаць рукамі ў пальчатках.
— Ад гэтых новых паравозаў шмат шуму,— сказаў ён, гледзячы, як цягнік выцягнуўся, нібы гума, апісаў дугу і знік.
Стрэлкі застагналі і вярнуліся на ранейшае месца. На сустрэчным пуці падняўся семафор. 3 будкі выйшаў чалавек, сышоў па прыступках, перасек лінію і знік з вачэй у напрамку да невялікага дамка.
— Пайшоў абедаць,— з зайздрасцю сказаў напарнік Нініча.
— За ўвесь час, пакуль я тут, ніколі не было, каб паравоз нарабіў столькі шуму,— сказаў Нініч.
Тут ён пачуў словы напарніка:
— Маёру панеслі гарачы абед з казармы.
Але Нініч не паведаміў яму пра прыезд з Белграда начальніка паліцыі — ён зберагаў гэтую навіну для жонкі.
— Ты шчаслівец. Я часта думаю, як добра з’есці сапраўды абед. Думаю, няблага было б і мне ажаніцца, калі бачу, як твая жонка прыходзіць да цябе кожны ранак.
— Няблага,— стрымана пагадзіўся Нініч.
— Скажы, што яна табе прыносіць?
— Бохан хлеба і кавалак кілбасы. Часам трошкі масла. Яна неблагая дзяўчына.
Аднак на душы ў яго было неспакойна. «Я яе не варты, я хацеў бы быць багатым, каб купіць ёй сукенку і пацеркі, пайсці з ёй у тэатр у Белградзе. Спачатку ён з зайздрасцю падумаў пра дзяўчыну-іншаземку, замкнёную ў зале чакання, пра яе адзенне, якое здалося яму шыкоўным, пра яе зялёныя пацеркі, але, параўнаўшы дзяўчыну з сваёй жонкай, ён хутка кінуў зайздросціць ёй, а ў душы яго зацеплілася добрае пачуццё да іншаземкі. Паляпваючы сваімі вялікімі няўклюднымі рукамі, ён з захапленнем думаў пра прыгажосць і кволасць жанчын.
— Прачніся,— прашаптаў напарнік, і абодва салдаты выпрасталіся і сталі нерухома па стойцы «смірна» ў той час, калі з дарогі да станцыі павярнула машына, крышачы ледзяную корку на зямлі і раскідваючы пырскі.
— Каго там чэрці прынеслі? — прашаптаў напарнік Нініча, ледзь варушачы вуснамі, але Нініч з гонарам падумаў: « А я ведаю, і раней ведаў, што гэты высокі з ордэнскімі калодкамі афіцэр — начальнік паліцыі», ён нават ведае прозвішча другога афіцэра, які, быццам гумавы мячык, выскачыў з машыны і трымаў дзверцы адчыненыя, пакуль палкоўнік Хартэп не вылез.
— Ну і месцейка,— весела сказаў палкоўнік Хартэп, але тут жа незадаволена паглядзеў спачатку на гразь, а потым на свае начышчаныя да бляску боты.
Капітан Алексіч надзьмуў круглыя чырвоныя шчокі.
— He маглі б ужо хаця дошкі пакласці.
— Ну што вы, мы ж паліцыя. Нас не любяць. Бог ведае які яшчэ нас сняданак чакае. Ну ты, салдат,— ён паказаў пальцам на Нініча,— дапамажы шафёру выгрузіць гэтыя скрынкі. Пастарайцеся, каб віно не боўталася і бутэлькі стаялі.
— Маёр Петкавіч, пан палкоўнік...
— He звяртайце ўвагі на маёра Петкавіча.
— Даруйце,— вымавіў рэзкі, незадаволены голас маёра за Нінічам.
— Зразумела, маёр,— палкоўнік Хартэп усміхнуўся і пакланіўся,— але я перакананы, дараваць вам няма чаго.
— Гэты салдат вартуе арыштаваных.
— Значыцца, вы затрымалі некалькі чалавек. Mae віншаванні.
— Двух мужчын і адну дзяўчыну.
— У такім разе, я лічу, што надзейны замок, вартавы, штых, вінтоўка і дваццаць абоймаў патронаў вырашаць усе праблемы.
Маёр Петкавіч аблізаў губы.
— Паліцыя, вядома, лепей ведае, як ахоўваць турму. Я пасую перад прафесіяналам. Выгружайце ўсё з машыны,— загадаў ён Нінічу,— і перанясіце да мяне ў кабінет.
Ен павёў афіцэраў за рог залы чакання і знік з вачэй. Нініч глядзеў ім услед, пакуль шафёр не крыкнуў яму:
— He магу ж я сядзець у машыне і чакаць цэлы дзень. Варушыцеся! Вы, салдаты, зусім адвыклі ад працы.
Ен пачаў выгружаць скрынкі з машыны, адзначаючы ўсё, што там было.
— Паўскрынкі шампанскага. Халодная качка. Фрукты. Дзве бутэлькі каньяку. Кілбаса, пячэнне да віна. Зялёная салата. Алівы.
— Вось здорава! — усклікнуў напарнік Нініча.— Неблагая ежа!
Нейкае імгненне знямелы Нініч стаяў, утаропіўшыся ва ўсё гэтае багацце. Потым ціха сказаў:
— Сапраўдны банкет.
Ен ужо перанёс каньяк, шампанскае, качку ў кабінет маёра, калі ўбачыў сваю жонку. Яна ішла па дарозе і несла яму абед, загорнуты ў белую палаценку. Яна была маленькая, цёмнавалосая, з вясёлай хітрынкай у вачах, плечы ахутаныя ў хустку, на нагах вялікія боты. Нініч паставіў скрынку з фруктамі і пайшоў ёй насустрач.
— Я затрымаюся ненадоўга,— сказаў ён ціха, так, каб
яго не пачуў шафёр.— Пачакай мяне. Я павінен табе нешта расказаць.
Ен з сур’ёзным выглядам вярнуўся да працы.
Жонка села ўскрай дарогі, назіраючы за ім, але калі ён выйшаў з кабінета маёра, дзе стол быў рассунуты і афіцэры пілі перад снеданнем віно, яна ўжо знікла, пакінуўшы абед на абочыне дарогі.
— Дзе мая жонка? — спытаў ён у свайго напарніка.
— Пагаварыла з шафёрам і потым пайшла назад у баракі. Нібыта была нечым усхваляваная.
Нініча ахапіла расчараванне. Ен смакаваў наперад, як будзе расказваць жонцы, навошта прыехаў палкоўнік Хартэп, а цяпер вось шафёр апярэдзіў яго. I так заўсёды. Жыццё салдата — сабачае жыццё. Гэтыя цывільныя атрымоўваюць вялікае жалаванне, абгульваюць салдат у карты, дрэнна да іх ставяцца і нават ублытваюцца ў справы салдата і яго жонкі. Але яго абурэнне было нядоўгае. Ен зможа расказаць ёй яшчэ і пра іншыя сакрэты, толькі варта навастрыць вушы і не зяваць. Ен крыху счакаў, а потым перанёс апошнюю скрынку ў кабінет маёра. Шампанскае там лілося ракой. Усе трое гаварылі разам, пенснэ маёра Петкавіча звалілася яму на калені.
— Такія грудзі, такія сцёгны,— гаварыў капітан Алексіч.— Я сказаў пану палкоўніку, калі б я быў на вашым месцы...
Маёр Петкавіч, абмакнуўшы палец у віно, крэмзаў на абрусе нейкія лініі.
— Першае правіла: ніколі не рабі ўдараў па флангах, бі ў цэнтр.
Палкоўнік Хартэп быў зусім цвярозы. Ен смаліў, адкінуўшыся на спінку крэсла.
— Вазьміце крышачку французскай гарчыцы, пятрушкі... Але малодшыя афіцэры не звярталі на яго ніякай увагі. Ен злёгку ўсміхнуўся і напоўніў келіхі.
Ізноў пайшоў снег, і паверх нанесеных ветрам сумётаў доктар Цынер бачыў, як ахопленыя цікаўнасцю сяляне з Субоціцы з цяжкасцю прабіраліся цераз чыгуначныя пуці і цягнуліся да залы чакання. Адзін селянін так блізка падышоў да акна, што мог зазірнуць у залу і разгледзець твар доктара. Іх аддзяляла некалькі футаў, заінелая аконная шыба, размаляваная марознымі ўзорамі. Доктар Цынер мог бы палічыць маршчынкі на твары селяніна, убачыць колер яго вачэй і вывучыць з прафесійнай цікавасцю нейкую балячку на шчацэ. Абодва салдаты адганялі сялян прыкладамі вінтовак. Сяляне адыходзілі да чыгункі, але потым ізноў прарываліся назад, безнадзейна ўпартыя і бязглуздыя.
У зале вельмі доўга панавала маўчанне. Доктар Цынер вярнуўся да печы. Дзяўчына сядзела сціснуўшы рукі і малілася, каб яе каханы як найхутчэй вярнуўся да яе, і па тым, як Корал спрабавала схаваць гэта, доктар здагадаўся, што яна не прызвычаілася маліцца і рабіла гэта амаль што ўпершыню. Яна была вельмі спалоханая, і ён з халоднай спагадай усвядоміў, як моцна яна баіцца.
Жыццёвы вопыт падказваў яму дзве рэчы: малітвы, як правіла, застаюцца без адказу, а такі выпадковы каханы і не думае вяртацца да яе.
Доктар Цынер шкадаваў, што ўблытаў яе ў гэтую справу, але толькі ў такой ступені, як мог бы шкадаваць пра необходнасць ілгаць. Ен заўсёды пагаджаўся з неабходнасцю ахвяраваць сваёй асабістай маральнай чысцінёй. Толькі партыя, якая прыйшла да ўлады, мае права на згрызоты сумлення. Калі б яны былі ў яго, ён тым самым прызнаў бы, што сумняваецца ў надзвычайнай важнасці сваёй справы. Але такія разважанні яго засмучалі, і вось чаму: ён разумеў, што зайздросціць дабрачынным людзям, якім ён мог бы быць гэтаксама, калі б быў заможны і ўладарны. Ен з радасцю быў бы шчодры, міласэрны, дакладна прытрымліваўся б законаў гонару, калі б яго дзейнасць увянчалася поспехам, калі б свет можна было перарабіць па тым узоры, пра які ён марыў і да якога так палымяна імкнуўся.
—■ Вы шчаслівая, калі верыце, што ён вам дапаможа,— злосна сказаў ён.
Але, са здзіўленнем, ён зразумеў, што Корал, сама таго не ведаючы, дапамагла яму развеяць адчай, заснаваны на старанна распрацаваных, але памылковых высновах.
— Я не веру,— адказала яна,— але ж трэба мець хоць якую-небудзь надзею.
Яго ўразіла, як хутка яна зраклася сваёй веры і зрабіла гэта не таму, што з цяжкасцю авалодала творамі пісьменнікаў-рацыяналістаў і вучоных дзевятнаццатага стагоддзя: яна была народжаная дзеля бязвер’я гэтаксама непазбежна, як ён дзеля веры. Некалі ён ахвяраваў усім, каб зрабіцца такім жа няверуючым, і на імгненне яму захацелася пасеяць у яе душы парасткі сумнення, той паўверы, якая прымусіла б яе спадзявацца на свой розум. Але гэтае жаданне хутка прайшло, і ён паспрабаваў падбадзёрыць яе.
— Ваш сябар прыедзе па вас з Белграда.
— А можа, у яго не будзе часу.
— Тады ён тэлеграфуе брытанскаму консулу.
— Магчыма,— вымавіла яна з сумненнем.