Стамбульскі экспрэс  Грэм Грын

Стамбульскі экспрэс

Грэм Грын
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 335с.
Мінск 1993
82.37 МБ
— А чаму б і не? — Словы яго прагучалі крыху з пахвальбой.— Я запрашу ўсіх. Гэта будзе нешта накшталт вясельнай вячэры.
— Толькі без вяселля,— пакпіла яна з яго.
Але яму ўсё болей падабалася гэтая задума.
— Я запрашу ўсіх: доктара, гэтага тыпа з другога класа, таго цікавага суб’екта, памятаеш яго? — Ен секунду памаўчаў.— I тую дзяўчыну.
— Якую дзяўчыну?
— Пляменніцу тваёй знаёмай.
Аднак яго красамоўства крыху згасла, калі ён падумаў, што такая дама ніколі не прыме яго запрашэнне: яна не з вар’етэ. Яму зрабілася сорамна за сваю няўдзячнасць. «Пра яе нельга сказаць, што яна міленькая, падатная ці праставатая, яна прыгажуня, з такой жанчынай я хацеў бы ажаніцца.— I на нейкае імгненне ён з горыччу падумаў: — Але такая жанчына не для мяне». Потым да яго вярнуўся добры настрой.
— Я найму скрыпача,— пахваліўся ён,— хай іграе нам за вячэрай.
— Ты не адважышся запрасіць іх,— сказала яна з бліскучымі вачыма.
— Адважуся. Яны ўжо ніколі не адмовяцца ад такой вячэры. Я закажу самае лепшае віно, якое толькі тут ёсць,— сказаў ён, хутка падлічыўшы кошт віна і гонячы ад сябе думкі, што ў цягніку самыя лепшыя віны робяцца дрэннымі. Вячэра будзе каштаваць па два фунты на кожную асобу.
Яна задаволена запляскала ў далоні.
— Ты ніколі не адважышся сказаць ім, з якой нагоды гэтая вячэра.
— Я паведамлю ім, што запрасіў іх выпіць за маю каханую.
Потым Корал доўга ляжала спакойна, думаючы пра гэтае слова «каханая» і звязаны з ім камфорт, пра трывалае становішча, пра амаль прыстойнае жыццё. Потым яна пахітала галавой:
— Я проста не магу ў гэта паверыць!
Аднак свіст пары і грукат колаў, якія пачалі рухацца, заглушыў гэтыя словы, напоўненыя сумненнем.
Тым часам, як буферы паміж вагонамі з грукатам сутыкаліся і зялёнае святло семафора павольна паплыло назад, Езеф Грунліх гаварыў сабе: «Я прэзідэнт рэспублікі». Ен прачнуўся ў той самы момант, калі джэнтэльмен у фраку збіраўся паднесці яму залаты ключ, якім адмыкаўся сейф з капіталамі новага горада. Ен канчаткова прачнуўся, зразумеў, дзе знаходзіцца, і згадаў увесь свой сон. Паклаўшы рукі на круглыя калені, ён усміхнуўся. «Прэзідэнт рэспублікі — зусім няблага, а чаму б і не? Я б нагаварыў там цэлы мех. За адзін дзень ашукаў і Кольбера, і гэтага доктара. Ен даў мне пяць англійскіх фунтаў, бо ў мяне галава добра варыць, і я адразу здагадаўся, што ён за птушка, як толькі ён сказаў: «Тайны агент паліцыі». Спрытнюга — вось хто я, Езеф Грунліх. «Зірніце туды, гер Кольбер». Выхопліваю рэвальвер, цэлюся,
страляю — і ўсё ў адну секунду. Дый паспеў яшчэ і змыцца. Езефа злавіць немагчыма. Што там спытаў гэты святар? — Езеф засмяяўся вантробным смехам.— «Вы ў Германіі ў крыкет гуляеце?» А я адказаў: «Не, нас там вучаць бегаць. У свой час я быў выдатны бягун». Я за словам у кішэню не палезу, а ён так і не зразумеў жарту — згадаў нейкіх Собса і Худліха. Але ўсё-такі прыемнага было мала, калі доктар убачыў, што чамадан не на месцы,— падумаў Езеф.— Я схапіўся за шнурок. Калі б ён паспрабаваў паклікаць кандуктара, я стрэліў бы яму ў жывот, ён не паспеў бы і слова вымавіць».
Езеф ізноў радасна ўсміхнуўся, адчуваючы, як рэвальвер злёгку трэцца аб сіняк на ўнутраным баку нагі. «Я выпусціў бы яму кішкі».
Ч астка ч ац в ё рт а я
СУБОЦІЦА
1
Лямпачка тэлеграфнага апарата ў канторы начальніка станцыі Субоціца замігцела: кропкі і працяжнікі парассыпаліся па пустым пакоі. Лукіч, чыноўнік, які сядзеў у куточку багажнага аддзялення, чуў іх праз адчыненыя дзверы і праклінаў гэтыя надакучлівыя гукі. Вядома, трэба было пайсці туды, але ён ленаваўся скрануцца з месца.
— У такі час нічога важнага быць не можа,— растлумачыў ён прыёмшчыку багажу і Нінічу, маладому салдату ў шэрай форме.
Леніч тасаваў калоду карт якраз у той момант, калі гадзіннік прабіў сем. За акном сонца ледзь асвятляла брудны, паўрасталы снег, паблісквалі мокрыя рэйкі. Нініч пацягваў з келіха ракію, ад моцнай слівавай гарэлкі на вочы нагарнуліся слёзы. Ен быў яшчэ зусім малады.
Лукіч усё тасаваў карты.
— Цікава, што гэта там перадаюць, як ты думаеш? — спытаў прыёмшчык багажу.
Лукіч пахітаў цёмнавалосай ускудлачанай галавой:
— Дакладна сказаць, вядома, нельга. Нічога цікавага, як звычайна. Хай сабе працуе — гэта ёй карысна.
Прыёмшчык захіхікаў. Нініч узняў цёмныя вочы, у якіх нічога не было, апроч прастадушнасці, і спытаў:
— А хто гэта яна?
Яму здалося, што тэлеграфны апарат раптам загаварыў уладным жаночым голасам.
— Эх вы, салдаты,— сказаў прыёмшчык багажу.— He ведаеце і паловы таго, што адбываецца наўкол.
— Гэта праўда,— сказаў Нініч.— Мы гадзінамі стаім на пасту з прымкнутымі штыхамі. А можа, вайна зноў пачынаецца, га? Мы ўвесь час ходзім ад казармы да станцыі. Нам няма калі заўважыць, што робіцца наўкол.
«Кропка, кропка, кропка, працяжнік...» — адстукваў тэлеграф. Лукіч падзяліў калоду на тры роўныя кучкі. Часам карты склейваліся, і тады ён слініў пальцы. Потым паклаў перад сабой усе тры кучкі.
— Гэта, пэўна, жонка начальніка станцыі,— растлумачыў ён.— Калі яна едзе на тыдзень, дык пасылае яму тэлеграмы кожны дзень у самы нязручны час. Позна ўвечары ці на світанку. Поўныя цялячых пяшчот. Часам нават у вершах: «Шчаслівы будзь у разлуцы, галубок, твая галубка шле табе любоў». Ці: «Твая палова заўсягды з табой. He забывай мяне, каханы мой».
— Навошта гэта ёй? — спытаў Нініч.
— Баіцца, што ён ляжыць у ложку з якой-небудзь служанкай. Думае, што ён пачне каяцца, калі атрымае ад яе тэлеграму ў самы нязручны момант.
Прыёмшчык захіхікаў.
— Вядома, самае смешнае, што ён нават і не глядзіць на служанак. У яго зусім іншыя схільнасці — трэба было б ёй ведаць гэта.
— Вашы стаўкі, панове,— сказаў Лукіч. Ен пільна сачыў
за імі, калі яны клалі медныя манеты на дзве з трох кучак. Потым пачаў здаваць карты, беручы іх з кожнай кучкі па чарзе. У трэцяй, на якую не паклалі грошай, аказаўся званковы валет. Лукіч перастаў здаваць карты і паклаў манеты сабе ў кішэню.
— Выйграе банк,— аб’явіў ён і перадаў карты Нінічу. Гэта была зусім простая гульня.
Прыёмшчык патушыў акурак і, пакуль Нініч тасаваў карты, запаліў другую цыгарэту.
— 3 экспрэса ёсць якія навіны?
— У Белградзе ўсё ціха,— сказаў Лукіч.
— А тэлефон працуе?
— А вось з ім справы дрэнь.— Тэлеграф перастаў гудзець. I Лукіч уздыхнуў з палёгкай,— Ну, вось і гэты нарэшце супакоіўся.
Салдат раптам перастаў тасаваць карты і няўпэўнена вымавіў:
— Добра, што мяне не было ў Белградзе.
— Змаганне, хлопча мой, — весела сказаў прыёмшчык.
— Яно дык, можа, і так, але ўсё-такі гэта нашы людзі, праўда? — нясмела запярэчыў Нініч.— Іншая справа, калі б гэта былі балгары.
— Ці ты заб’еш, ці цябе заб’юць,— сказаў прыёмшчык.— Ну, што марудзіш — здавай, хлопча мой.
Нініч пачаў здаваць. Некалькі разоў ён збіваўся з ліку: пэўна, задумаўся.
— Да таго ж, мы зусім не ведаем, чаго яны хацелі? Чаго дамагаліся?
— Яны ж чырвоныя,— умяшаўся Лукіч.— Беднякі. Вашы стаўкі, панове,— машынальна дадаў ён.
Лукіч паклаў усе выйграныя ім медзякі на тую самую кучку, што і прыёмшчык. Ен пераглянуўся з ім і падміргнуў яму — той павялічыў стаўку. Нініч быў надта засяроджаны на сваіх няўклюдных думках і не заўважыў, як у час здачы
было відаць, у якую кучку трапіў валет. Прыёмшчык не змог утрымацца ад смеху.
— Зрэшты, я і сам бядняк,— сказаў Нініч.
— Мы зрабілі стаўку,— нецярпліва перабіў яго Лукіч, і Нініч пачаў здаваць.
Вочы ў яго шырока расплюшчыліся, калі ён убачыў, што абодва выйгралі: на імгненне на яго твары адбілася цьмянае падазрэнне, ён адлічыў манеты і падняўся.
— Ты болей гуляць не хочаш? — спытаў Лукіч.
— Час вяртацца ў каравулку.
Прыёмшчык усміхнуўся:
— Ен прагуляў усе грошы. Налі яму на дарогу яшчэ, Лукіч.
Лукіч наліў Нінічу другую шклянку і спыніўся з заткнутай бутэлькай у руцэ. Зазваніў тэлефон.
— Д’ябал,— вылаяўся ён.— Ізноў гэтая баба.
Паставіўшы бутэльку на стол, ён пайшоў у другі пакой. Бледныя промні сонца пранікалі праз акно, яны дакраналіся да кошыкаў і чамаданаў, нагрувашчаных за прылаўкам. Нініч узняў шклянку, а прыёмшчык сядзеў, паклаўшы палец на калоду карт, і прыслухоўваўся.
— Алё, алё! — закрычаў Лукіч.— Каго вам трэба? Тэлеграф? Я нічога не чуў. He магу ж я тырчаць каля яго ўвесь час. У мяне хапае справы на станцыі. Скажыце гэтай бабе, каб яна пасылала тэлеграму ў зручны час. Што такое? — Яго голас раптам змяніўся.— Прашу прабачэння, пан маёр. Мне ў голаў не прыходзіла... (Прыёмшчык захіхікаў.) Вядома. Неадкладна, пан маёр, зараз жа. Зараз жа пашлю, пан маёр. Калі вы пачакаеце каля тэлефона дзве мінуткі, пан маёр...
Нініч уздыхнуў і выйшаў на марознае паветра маленькай станцыі: тут не было нават платформ. Ен забыўся надзець пальчаткі, і перш чым паспеў іх нацягнуць, яго пальцы адубелі ад холаду. Ногі яго павольна валачыліся на свежым паўрасталым, а потым паўзамёрзлым снезе. «Не, я рады, што мяне не было ў Белградзе,— падумаў ён.— Усё гэта незразу-
мела: яны беднякі, і я таксама бядняк; у іх жонкі і дзеці, і ў мяне ёсць жонка і маленькая дачка. Яны, пэўна, чакалі нейкай карысці сабе, тыя, чырвоныя». Сонца, якое паднялося над дахам мытні, кранула яго твар, аднак ад яго промняў цяплей не зрабілася. Запасны паравоз стаяў, нібыта бадзяжны сабака, выдыхаючы пару над рэйкамі. Да прыбыцця Усходняга экспрэса ніводнага цягніка на Белград не будзе. Праз паўгадзіны ўзнімаецца шум і сумятня, прыбудуць мытнікі, пагранічнікі выйдуць з каравулкі і пастрояцца перад ёй, потым цягнік запыхкае і знікне, і за цэлы дзень будзе толькі яшчэ адзін цягнік, невялічкі тутэйшы цягнік, на Вінкавічы. Нініч засунуў рукі ў пустыя кішэні. Пасля можна было б выпіць яшчэ ракіі і згуляць у карты, але ў яго ўжо не было грошай. Ізноў лёгкае падазрэнне, што яго абдурылі, мільганула ў галаве.
— Нініч! Нініч!
Ен азірнуўся і ўбачыў, як памочнік начальніка станцыі бяжыць за ім без паліто і пальчатак, правальваючыся ў ледзяную жыжу. Нініч падумаў: «Ен абабраў мяне, але адчуў сорам перад богам і хоча аддаць мне грошы». Ен спыніўся і ўсміхнуўся Лукічу, нібыта хацеў сказаць: «Кінь ты, не бойся, я на цябе не сярдую».
— Ты што, дурань, глухі, ці што! Я думаў, не дакрычуся,— злосна сказаў маленькі памочнік начальніка станцыі і падбег да яго, задыхаючыся ад лютасці.— Зараз жа ідзі да маёра Петкавіча. Яго клічуць да тэлефона. Я не змог дазваніцца да каравулкі.