Стамбульскі экспрэс
Грэм Грын
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 335с.
Мінск 1993
Прыйшоў кандуктар, праверыў у яго білет.
— Ізноў пайшоў снег,— сказаў ён.— А далей будзе яшчэ горш. Добра, калі не здарыцца ніякіх непрадугледжаных затрымак у дарозе.
Яму, пэўна, хацелася пабыць яшчэ ў купэ і пагаварыць.
Мінулай зімой, расказаў ён, яны перажылі тут нялёгкія выпрабаванні. Сорак восем гадзін запар падаў снег, і яны затрымаліся на самым цяжкім участку дарогі, у бязлюдным месцы на Балканах: не было дзе знайсці ежы і трэба было эканоміць паліва.
— Спадзяюся, у Велград мы прыедзем без затрымак?
— Цяжка сказаць. Я са свайго вопыту ведаю: перад Белградам заўсёды ўдвая болей снегу, чым па той бок Дуная. У Мюнхене можа быць снег, а ў Будзе цёпла, як летам. Добрай вам ночы, гер доктар. Такі холад, што сёння ў вас напэўна знойдуцца пацыенты.
Кандуктар пайшоў далей па калідоры, паляпваючы ў далоні, каб сагрэцца.
Доктару Цынеру не сядзелася ў сваім купэ, яго сусед выйшаў у Вене. Немагчыма было ўжо разглядаць у акне нават агеньчыкі, што праносіліся міма: снег пазабіваў усе шчыліны ў шыбе, і шкло зусім заледзянела. Калі праязджалі міма якой-небудзь сігнальнай будкі ці ліхтара на станцыі, святло на імгненне малявала ў акне нейкі дзівосны калейдаскоп, у якім рухаліся асобныя ільдзінкі. Каб сагрэцца, доктар Цынер расшпіліў, плашч, засунуў рукі пад крысы і зноў пачаў хадзіць па калідоры. Ён мінуў купэ кандуктара і выйшаў у вагоны трэцяга класа — іх прычапілі да цягніка ў Вене. Амаль усе купэ былі ўжо цёмныя, толькі пад столлю гарэлі цьмяныя лямпачкі. На драўляных лавах пасажыры рыхтаваліся да сну, клалі пад галовы скручаныя паліто. Некаторыя купэ былі настолькі забітыя, што мужчыны і жанчыны спалі седзячы з абодвух бакоў на лавах, прыціснуўшыся шчыльна адно да аднаго, у цьмяным святле іх твары здаваліся хваравітымі і невыразнымі. Ад парожніх бутэлек, якія стаялі на падлозе, пад лавамі, несла танным чырвоным віном, па падлозе былі параскіданы аб’едкі чэрствага хлеба.
Дайшоўшы да туалета, ён павярнуў назад, не вытрымаўшы моцнага смуроду: дзверы туалета былі незачыненыя.
«Маё месца тут,— пераконваў ён сябе.— Мне трэба было ехаць у трэцім класе. Я не хачу быць падобным на якоганебудзь дэпутата ад лейбарысцкай партыі, які купляе білет першага класа і едзе засядаць разам з сваімі аднадумцамі ў парламент». Аднак ён цешыў сябе думкай, колькі часу спатрэбілася б на шматлікія перасадкі і што яго маглі б затрымаць на граніцы. I ўсё-такі ён усведамляў, што прычыны яго паводзін даволі складаныя. Ен пачаў задумвацца над гэтым толькі пасля разгрому паўстання: думкі пра асабістую прагу да славы і пра непрыстойнасць дробных грашкоў былі б выціснутыя радасцю і бескарыслівасцю перамогі.
Але цяпер яму хацелася сказаць прамову з лавы падсудных з абсалютна чыстым сумленнем. Розныя дробязі з мінулага, пра якія яго ворагі ніколі не даведаюцца, могуць прыйсці ў галаву і не дазволяць яму быць да канца шчырым. «Я не здолеў нічога даказаць гэтым двум гандлярам, ці ўдасца мне быць больш пераканаўчым у Белградзе?»
Паколькі ён ужо не меў аніякай будучыні, ён пачаў думаць пра мінулае, а дагэтуль у яго не было такой звычкі. Быў час, калі чыстае сумленне магло быць куплена цаною мінутнага сораму. «3 таго часу, як я апошні раз спавядаўся, я нарабіў шмат добрага і благога. Калі б мне ўдалося так лёгка ачысціцца ад сваіх грахоў,— падумаў ён з палкім жаданнем і з лёгкай горыччу,— я быў бы вар’ят, калі б не выкарыстаў такўю магчымасць. Цяпер я шкадую, што нарабіў, не меней, чым шкадаваў тады, але я не ведаю, ці даруюць мне і ці існуе наогул нехта, хто можа дараваць». Ен ледзь не пачаў здзекавацца з таго апошняга, ува што верыў: «Можа, мне пайсці паспавядацца да таго скарбніка сацыял-дэмакратычнай партыі ці да пасажыраў трэцяга класа?» Адвернуты твар святара, узнятыя пальцы, словы даравання, сказаныя шэптам на мёртвай мове, раптам здаліся яму такімі цудоўнымі, такілгі бясконца жаданымі і безнадзейна страчанымі.
як юнацтва і першае любоўнае спатканне на рагу вуліцы каля сцяны віядука.
Тут доктар Цынер ўбачыў містэра Оўпі — той сядзеў адзін у купэ другога класа і пісаў нешта ў запісной кніжцы. Доктар сачыў за ім з нейкай шчымлівай зайздрасцю,— ён жа быў блізкі да таго, каб аддацца веры, пераадоленнем якой сам нядаўна так ганарыўся. «Ну, а калі вера дасць мне спакой?» — запярэчыў ён сабе, і, пакуль у яго свядомасці канчаткова не памерла ўсё, што звязана з гэтым словам, ён пацягнуў на сябе дзверы і ўвайшоў у купэ. Доўгі бледны твар і выцвілыя вочы, адбітак прыроджанай культуры, збянтэжылі доктара. Калі б гэты святар прапанаваў яму спакой, ён ахвотна прызнаў бы яго перавагу над сабой. На хвіліну ён ізноў адчуў сябе хлопчыкам з нямытымі рукамі, які ў цемрадзі спавядальні чырванеў за свае няхітрыя грахі.
— Прашу прабачэння. Я вас не патурбаваў? Вы не хочаце спаць? — сказаў ён на сваёй жорсткай, здрадніцкай англійскай мове.
— Зусім не хачу. Думаю, што не буду спаць зусім, пакуль не дабяруся дадому,— усміхнуўшыся, запярэчыў святар.
— Маё прозвішча — Цынер.
Містэру Оўпі гэтае прозвішча было невядомае, пэўна, яго запомнілі толькі журналісты.
— А маё — Оўпі.
Доктар Цынер зачыніў дзверы і сеў насупраць.
— Вы — святар?
Ен хацеў дадаць «айцец мой», але на гэтым слове запнуўся: яно азначала надта многае — яно азначала бледны, змарнелы твар, любоў, якая, зрабіўшыся жорсткаю, знікла, пакінуўшы толькі павагу, потым і яна была прынесена ў ахвяру, калі ўзнікла падазрэнне, што пасталелы сын зрабіўся адступнікам.
— Але не рымска-каталіцкага веравызнання.
Доктар Цынер некалькі хвілін маўчаў, не ведаючы, як выказаць у словах сваю просьбу. Яго губы літаральна перасохлі ад прагі справядлівасці: яна была нібыта шклянка вады
на стале ў другога чалавека. Містэр Оўпі, здавалася, заўважыў яго збянтэжанасць 1 дабрадушна паведаміў:
— А я складаю маленькую анталогію.
— Анталогію? — міжволі паўтарыў доктар Цынер.
— Так, духоўную анталогію для цывільных, нешта накшталт рымска-каталіцкай Кнігі Разважанняў.— Яго тонкая белая рука пагладжвала чорную замшавую вокладку запісной кніжкі.— Але ў мяне ёсць намер капнуць глыбей. Рымска-каталіцкія кнігі — як бы гэта сказаць? — тычацца толькі рэлігіі. Я хачу, каб у маёй кнізе былі закрануты ўсе бакі штодзённага жыцця. Вы гуляеце ў крыкет?
Пытанне захапіла доктара Цынера знянацку: ён ізноў паглыбіўся ва ўспаміны, як стаяў на каленях у цемрадзі, у спавядальні.
— He, не.
— Ну, гэта не мае значэння. Вы зразумееце, што я маю на ўвазе. Дапусцім, вы апошні ўваходзіце ў гульню, надзяваеце накаленнікі, восем варотцаў ужо скінуты, трэба зрабіць пяцьдзесят прабежак, і вы думаеце: няўжо на вас будзе ўскладзена ўся адказнасць за паражэнне ў гэтай партыі? Вашы сумненні не ўхіліць ніводная з існуючых Кніг Разважанняў, і вы, пэўна, сапраўды пачняце сумнявацца ў рэлігіі. Мая мэта — задаволіць патрабаванні такога чалавека.
Містэр Оўпі гаварыў хутка, з натхненнем, і доктар Цынер вырашыў, што ён недастаткова валоде англійскай мовай. Ен не разумеў значэння слоў «накаленнікі», «варотцы», «прабежкі», хоць і ведаў, што яны звязаны з англійскай гульнёй у крыкет. Апошнія пяць гадоў ён чуў гэтыя словы, і яны асацыіраваліся ў яго свядомасці з напоўненай салёным ветрам пляцоўкай, якая пакрыта дзірваном, з тым, што ён павінен сачыць за непаслухмянымі дзецьмі, занятымі гэтай гульнёй, правілаў якой ён не ведаў,— але рэлігійнага значэння гэтых слоў ён не разумеў. Ен падумаў, святар выкарыстоўвае іх метафарычна: адказнасць, перараджэнне, запатрабаванні чалавека — гэтыя словы ён разумеў, і яны давалі яму магчымасць выказаць святару сваю просьбу.
— Я хацеў бы пагаварыць з вамі наконт споведзі.
— Гэта нялёгкая тэма,— адказаў містэр Оўпі. Ен з хвіліну разглядваў свае рукі і потым хутка загаварыў: — Я не гляджу на споведзь дагматычна. Думаю, што тут шмат чаго можна сказаць на карысць рымска-каталіцкай царквы. Сучасная псіхалогія развіваецца ў гэтым кірунку. Есць нешта агульнае паміж спавядальнікам і спаведнікам і паміж псіхааналітыкам і яго пацыентам. Вядома, існуе і розніца — спаведнік хоча, каб яму адпусцілі грахі. Але гэтая розніца,— паспешна дадаў містэр Оўпі, калі доктар Цынер зрабіў памкненне нешта запярэчыць,— урэшце, неістотная. У першым выпадку пра грахі вядуць гаворку, каб яны былі адпушчаныя і чалавек выйшаў са спавядальні з прасветленай душой і з намерамі пачаць жыццё нанава; у другім выпадку толькі адно абмеркаванне грахоў пацыента і выяўленне неўсвядомленых прычын яго паводзін робіцца, каб выключыць само жаданне рабіць грахі. Пацыент ідзе ад псіхааналітыка поўны энергіі і з такім самым намерам жыць па-новаму.
Дзверы адчыніліся, і ў купэ ўвайшоў мужчына.
— 3 гэтага пункту гледжання споведзь у псіхааналітыка здаецца больш плённай, чым споведзь у святара,— сказаў містэр Оўпі.
— Вы гаворыце пра споведзь? —спытаў мужчына, які толькі што прыйшоў.— Дазвольце адцягнуць вашу ўвагу. Трэба ўзяць пад улік і ролю літаратуры ў гэтай справе.
— Дазвольце мне пазнаёміць вас,— сказаў містэр Оўпі.— Доктар Цынер — містэр К. С. Сейвары. I сапраўды зараз сабраліся разам удзельнікі ў вышэйшай ступені цікавай спрэчкі — доктар, святар і пісьменнік.
— А вы не забыліся пра спаведніка? — павольна сказаў доктар Цынер.
— Якраз я і хацеў прадставіць вам яго,— сказаў містэр Сейвары.— У пэўным сэнсе я і з’яўляюся спаведнікам. Паколькі раманы заснаваны на жыццёвым вопыце аўтара, раманіст спавядаецца перад чытачом. Гэта і робіць чытача святаром ці псіхааналітыкам.
Містэр Оўпі запярэчыў яму з усмешкай:
— Але ваш раман можна назваць споведдзю толькі ў тым сэнсе, у якім ёю з’яўляецца сон. Тут павінен сказаць сваё слова прыхільнік фрэйдызму. Фрэйдысцкі цэнзар,— паўтарыў ён гучней: цягнік якраз праходзіў мост.— Што на гэта скажа наш доктар?
Іх ласкавыя, жывыя, уважлівыя вочы збянтэжылі доктара Цынера. Ен сядзеў, злёгку схіліўшы галаву, няздатны перадаць словамі горкія фразы, якія ўзнікалі ў яго ў мазгу. Ужо другі раз у гэты вечар красамоўства яму здрадзіла, не хапала слоў: як жа ён зможа разлічваць на сваё красамоўства ў Белградзе?
— Дарэчы, ёсць жа яшчэ і Шэкспір,— сказаў містэр Сейвары.
— А дзе яго няма? — падхапіў містэр Оўпі.— Ен крочыць як калос па ўсім цесным свеце. Вы маеце на ўвазе...