Стамбульскі экспрэс
Грэм Грын
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 335с.
Мінск 1993
— А куды ж мне ў такім разе звярнуцца па даведку?
— Тут ёсць маёр, а яшчэ памочнік начальніка станцыі,— няпэўна прамовіў вартаўнік.
— Маёра вам не ўдасца пабачыць, ён пайшоў у казармы,— сказаў другі салдат.
Майет, не доўга думаючы, наблізіўся да дзвярэй: за ёй чуліся ціхія галасы. Змрочны вартаўйік раптам узлаваўся, ён груба ўдарыў Майета па нагах прыкладам вінтоўкі.
— Ідзі адсюль. Нам не трэба, каб тут шнырылі розныя шпегі. Правальвай адгэтуль, жыдоўская морда.
Захоўваючы поўны спакой, уласцівы людзям яго нацыянальнасці ў такіх абставінах, Майет адышоў ад дзвярэй. Гэта быў знешні спакой — прыроджаная рыса,— пра яе існаванне ён нават не падазраваў, аднак у душы адчуў абурэнне і гнеў чалавека, які ведае сабе сапраўдную цану. Ен быў памкнуўся да салдата, каб кінуць яму ў твар, падобны на звярыную морду, якія-небудзь з’едлівыя словы, аднак своечасова спыніўся, са здзіўленнем і жахам адчуўшы небяспеку: у маленькіх пранізлівых вочках гарэла дзікая нянавісць і прага забойства,— нібыта ўвесь прыгнёт, пагромы, уціск, ярмо, зайздрасць і забабоны, што спарадзілі ўсё гэта, скупіліся ў цёмнай яме, выкапанай у зямлі, і ён глядзеў у гэтую яму, стоячы на самым краі. Ен адскочыў назад, не зводзячы вачэй з салдата, пальцы якога намацвалі курок.
— Я пагавару з памочнікам начальніка станцыі.— Але яго інстынкт падказваў яму хутчэй пайсці да машыны і вяртацца ў цягнік.
— He ў тэй бок! — крыкнуў яму зычлівы вартаўнік.— Ідзіце вунь туды, цераз рэйкі.
Майет быў рады, што буран роў на чыгунцы і шалёна дзьмуў паміж ім і салдатамі. Там, дзе ён стаяў, вецер быў
не асабліва моцны, ён затрымліваўся ў праходах паміж будынкамі. Майет сам дзівіўся сваёй упартасці, не разумеючы, чаму ён марудзіць на пустой, поўнай небяспекі станцыі. Ен пераконваў сябе, што не мае ніякіх абавязацельстваў перад гэтай дзяўчынай, добра ўсведамляючы, што яна пагадзілаея б з ім. «Мы разлічыліся,— сказала б яна,— вы купілі мне білет, а я дала вам магчымасць няблага прабавіць час». Але яго прыцягвала да яе гэтая яе маўклівая пакорлівасць. Перад такой пакорлівасцю ён павінен быў быць толькі шчодры і ўдзячны. Ен перайшоў лінію і пагрукаў у нейкія дзверы. За сталом, спінай да дзвярэй, сядзеў чалавек і піў віно. Майет сказаў тонам, як яму здавалася, рашучым і значным:
— Я хачу атрымаць даведку.
У яго не было падстаў баяцца афіцыйнага чыноўніка, але, калі гэты чалавек павярнуўся і, убачыўшы Майета, кінуў на яго хітры і нахабны позірк, ён прыйшоў у адчай, Над пісьмовым сталом вісела люстра, і на секунду Майет ясна ўбачыў там свой адбітак — нізенькі, тоўсты, насаты, у цяжкім футры,—і ён адразу здагадаўся: гэтыя людзі ненавідзяць яго не толькі таму, што ён — яўрэй, але для іх, якія ўжо прымірыліся з беднасцю і нікчэмнасцю свайго жыцця, ён быў яшчэ і ўвасабленнем багацця.
— Якую даведку? — спытаў клерк.
— Я хачу атрымаць даведку наконт дзяўчыны з Усходняга экспрэса, якая адстала ад цягніка тут сёння раніцай.
— Як гэта так? — нахабна спытаў клерк.— Калі нехта выходзіць з цягніка тут, дык ён сюды, значыць, і едзе, а не адстае ад цягніка. А сёння цягнік гэты стаяў тут болей за паўгадзіны.
— Але ж дзяўчына выйшла з яго?
— He.
— А вы маглі б прагледзець здадзеныя білеты і праверыць?
— He. Я ўжо казаў вам, што ніхто не выходзіў. Чаго вам яшчэ ад мяне трэба? У мяне няма часу з вамі размаўляць. Я чалавек заняты.
Майет раптам падумаў, што і ён не супраць таго, каб паслухацца гэтага клерка і спыніць пошукі: ён зрабіў усё, што толькі ад яго залежала, і зараз яму захацелася адчуць сябе вольным. На імгненне ён параўнаў Корал з маленькім завулкам, які вабіць да сябе мужчын, што праходзяць міма, але аказваецца — гэта тупік з глухой сцяной у канцы. Існуюць жа яшчэ і іншыя жанчыны, яны падобныя на вуліцы з мноствам магазінаў — бліскучых і зіхатлівых,—такія вуліцы заўсёы вядуць куды-небудзь. I тут ён згадаў Джанет Пардаў. Ён дасягнуў ужо таго веку, калі ўзнікае пільная патрэба ажаніцца і займець дзяцей, разбіць свой намёт і памножыць сваё племя. Але пачуцці ў яго былі надта патрабавальныя, далікатныя: яны абуджалі ў ім сумненні адносна той, якая зусім не спадзявалася на замужжа, а імкнулася проста сумленна разлічыцца з ім і падарыць яму сваю прыхільнасць. I ён ізноў прыгадаў яе дзіўны і нечаканы стогн і выгук: «Я кахаю цябе». Ен вярнуўся ад дзвярэй да стала клерка, вырашыўшы зрабіць усё, што ад яго залежала, да канца. Можа, яна трапіла ў цяжкае становішча, сядзіць на мялі, без грошай, магчыма, яе напалохалі.
— Людзі бачылі, як яна выходзіла з цягніка.
— Што вам ад мяне трэба? Каб я пайшоў шукаць яе ў такую завіруху? — буркнуў чыноўнік.— Кажу вам, мне пра яе нічога не вядома. He бачыў я ніякай дзяўчыны.
Голас яго памякчэў, калі ён убачыў, як Майет дастае бумажнік. Майет выняў асігнацыю ў пяць дынараў і разгладзіў яе пальцамі.
— Калі вы скажаце мне, дзе яна, вы атрымаеце дзве такія асігнацыі.
Клерк пачаў злёгку заікацца, на вачах у яго навярнуліся слёзы, і ён сказаў з горкім шкадаваннем:
— Калі б я мог, калі б гэта толькі было мне па сіле, паверце мне, я быў бы шчаслівы дапамагчы вам.— Яго твар асвятліўся, і ён з надзеяй прапанаваў: — Вам трэба паспрабаваць навесці даведкі ў гатэлі.
Майет засунуў бумажнік у кішэню — ён зрабіў усё, што мог,— і пайшоў шукаць машыну.
За апошнія некалькі гадзін сонца паспела ўжо схавацца за хмарамі, але пра яго прысутнасць сведчылі бляск снегу і бялізна сумётаў. Цяпер яно садзілася, і снег паглынаў шэры колер неба. Пакуль засветла, Майету не дабрацца да цягніка. Але нават надзея паспець на цягнік знікла: падышоўшы да машыны, ён даведаўся, што рухавік застыў, хоць радыятар быў пакрыты анучамі.
4
— Добра вам спяваць,— сказаў Езеф Грунліх.
Хоць ён і ганіў доктара і Корал за пасіўнасць, яго вочы пачырванелі ад слёз, і не без шкадавання ён развітаўся з прывідамі маленькіх прадаўшчыц запалак і прынцэс з ледзяным сэрцам. «Так лёгка ім не ўдасца мяне злавіць». Ен пачаў мераць крокамі залу чакання. Паслініўшы вялікі палец, ён пачаў абмацваць драўляную абіўку сцен.
— Я ні разу не сядзеў у турме. Вы, напэўна, здзіўляецеся, але гэта праўда. У маім узросце мне гэта зусім непатрэбна. Ды яшчэ збіраюцца выслаць мяне ў Аўстрыю.
— А вас там шукаюць?
Езеф Грунліх аправіў камізэльку, пры гэтым яго срэбны крыжык варухнуўся.
— Вам, прынамсі, я магу прызнацца. Мы ж з вамі заадно, га? — Ен крыху нахіліў галаву, нібыта ад прыліву сціпласці.— Я забіў чалавека ў Вене.
— Значыць, вы — забойца? — з жахам спытала Корал.
«Мне б дужа хацелася расказаць ім усё, як было: я ж так спрытна ўсё зрабіў, навошта трымаць у сакрэце? — разважаў Езеф Грунліх.— Як хутка ўсё адбылося! «Зірніце туды, гер Кольбер!» Тузаю за шнурок, цэлюся, страляю двойчы, перадсмяротная сутарга, чалавек забіты — і ўсё за нейкія дзве секунды. Але ж лепей не расказваць». Ен згадаў перасцерагальны дэвіз сваёй прафесіі — непарушнае правіла, якое стрымлівае занадта самаўпэўненых: «Ніколі не ведаеш, што цябе чакае наперадзе».
Ен засунуў палец за каўнер і бесклапотна сказаў:
— Я мусіў быў пайсці на гэта. Пытанне гонару.— Грунліх крыху павагаўся.— Ен... Як бы вам сказаць? Ен зрабіў пуза маёй дачцэ.
Ен ледзь стрымаўся ад смеху, калі прыгадаў Кольбера, маленькага і хударлявага, і яго раззлаваны вокліч: «Зрабіць з маёй кватэры бардэль!»
— Вы на самай справе забілі яго толькі таму, што ён зняславіў вашу дачку? — здзіўлена епытала Корал.
Езеф Грунліх рассеяна падняў рукі ўгору, паглядаючы ўверх на акно і прыкідваючы, ці высока яно ад падлогі.
— А што мне заставалася рабіць? Яе гонар, мой гонар...
— Божухна, якое шчасце, што ў мяне няма бацькі!
— А шпілька ў вас ёсць? — раптам спытаў Грунліх.
— Якая шпілька?
— Ці сцізорык?
— Няма ў мяне ніякіх шпілек. Навошта яны мне?
— У мяне ёсць ножык для паперы,— прапанаваў доктар Цынер. Падаючы яго Грунліху, ён спытаў: — Вы не скажаце, колькі часу мы тут ужо сядзім? Мой гадзіннік спыніўся.
— Гадзіну,— адказаў Грунліх.
— Значыць, засталося яшчэ дзве гадзіны,— задуменна сказаў доктар Цынер.
Двое іншых не пачулі яго. Езеф на дыбачках падышоў да дзвярэй з нажом для паперы ў руках, а Корал назірала за ім.
— Хадзіце сюды, паненка,— сказаў Езеф і, калі яна падышла да яго, шэптам спытаў: — Есць у вас які-небудзь тлушч?
Яна выцягнула з сумачкі бляшанку з крэмам, і ён густа памазаў ім замок у дзвярах, пакінуўшы чыстым толькі невялікую частку замка. Ен ціхенька засмяяўся, сагнуўся амаль удвая, разглядаючы замок.
— Вось гэта замок! — радасна шапнуў ён.— Вось так замок!
— А навошта вам крэм?
— Каб не было шуму. Крэм дапаможа мне дзейнічаць без шуму.— Ен вярнуўся да астылай печы і махнуў ім рукой, падзываючы да сябе.— Калі б мы змаглі адцягнуць увагу вартаўніка, нам удалося б уцячы.
— Нас бы застрэлілі,— сказаў доктар Цынер.
— Яны не могуць застрэліць усіх адразу,— запярэчыў Грунліх і ў адказ на іх маўчанне дадаў толькі два словы: — Цемра. Снег.— I адышоў на крок, чакаючы іх рашэння.
Яго мазгі працавалі дакладна. Ен першы выйдзе за дзверы, першы пабяжыць — яму бегчы значна лягчэй, чым пажылому чалавеку і дзяўчыне, вартаўнік будзе страляць па бліжэйшым ад яго ўцекачы.
— Я параіў бы вам заставацца тут,— сказаў доктар Цынер, звяртаючыся да Корал.—Вам тут нічога не пагражае.
Грунліх разявіў быў рот, каб запярэчыць, але не сказаў нічога. Усе трое глядзелі праз акно на вартаўніка, які хадзіў узад і ўперад з вінтоўкай цераз плячо.
— Колькі вам спатрэбіцца часу, каб адчыніць дзверы? — спытаў доктар Цынер.
— Пяць мінут.
— У такім разе пачынайце.
Доктар Цынер пагрукаў у акно — падышоў другі вартаўнік. Яго вялікія зычлівыя вочы наблізіліся да шкла і ўважліва глянулі ў залу чакання. У пакоі было цямней, чым знадворку, і ён нічога не ўбачыў, акрамя няясных фігур, якія безупынна сноўдаліся туды-сюды, каб сагрэцца. Доктар Цынер наблізіў рот да акна і загаварыў з ім на яго роднай мове:
— Як вас завуць?
Нож для паперы скрыпеў: «скрытч», «скрытч», «скрытч»,— але, калі ён саскокваў з замка, яго віск заглушаўся крэмам.
— Нініч,— адказаў скрозь шкло няясны голас.
— Нініч,— павольна паўтарыў доктар Цынер.— Нініч. Я, здаецца, ведаў вашага бацьку ў Белградзе.
Гэтая прымітыўная хлусня не выклікала ў Нініча ніякага сумнення, ён прыціснуўся носам да шкла, але нічога