Старажытная беларуская літаратура
Выдавец: Юнацтва
Памер: 464с.
Мінск 1996
I ад Грумпія нарадзіўся Гаштольд, а ад Эйкшыса — Давоін, а ад Гроўжыса — Монвід. Але вернемся назад.
Панаваў вялікі князь Вікінт у Жамойцкай зямлі, a Эрдзівіл у Новагародку і ў тых вышэйназваных гарадох. I затым памёр князь вялікі Вікінт, і па ім пачаў княжыць Жывінбуд, вялікі князь літоўскі, у абодвух княствах — Літве і Жамойці, а Эрдзівіл у Новагародку і ва ўсіх вышэйназваных рускіх гарадох.
Пра вялікага князя Мінгайлу і ягоных нашчадкаў у Полацку
Пасля смерці бацькі свайго Эрдзівіла князь вялікі Мінгайла, сабраўшы войскі свае, пайшоў на горад Полацак і на мужоў-палачанаў, якія вечам справаваліся*, як Вялікі Ноўгарад і Пскоў. I прыйшлі яны спачатку к гораду іхняму, званаму Горадзень. I палачане, апалчыўшыся палкамі сваімі, сустрэлі іх пад Гораднем, і вялікі бой ды сечу між сабою ўчынілі. I дапамог Бог вялікаму князю Мінгайлу ў тым, што разбіў ён усіх палачанаў нагалаву і горад іхні Горадзень спаліў, і горад Полацак узяў, і стаў вялікім князем полацкім.
I будучы вялікім князем полацкім і новагародскім, панаваў ён шмат гадоў і памёр, пакінуўшы па сабе двух сыноў, аднаго Скірмонта, а другога Гінвіла. I Скірмонт пачаў княжыць у Новагародку, а Гінвіл у Полацку. I ўзяў Гінвіл замуж дачку ў вялікага князя цверскага Барыса, іменем Марыя, ахрысціўся ў рускую веру, і далі імя яму Юры. I той Юры панаваў нядоўга і памёр, а па сабе пакінуў сына свайго Барыса ў Полацку.
I той князь Барыс паставіў горад у імя сваё на рацэ Бярэзіне і назваў яго Барысаў. I як русін быў ён вельмі набожны і пабудаваў у Полацку цэркву каменную святое Сафіі, другую цэркву — жаночы манастыр — святога Спаса ён паставіў за паўмілі ад горада, уверх па рацэ Палаце, трэцюю — манастыр святых Барыса і Глеба — у Бельчыцы. I, валадарачы ў Полацку, быў ласкавы да падданых сваіх і даў ім вольнасці, і дазволіў веча мець, і ў звон званіць, a потым і самім кіраваць, як у Вялікім Ноўгарадзе і Пскове. А потым князь полацкі Барыс памёр, пакінуўшы па сабе ў Полацку сына свайго Рагвалода, празванага Васілём.
I той князь полацкі Васіль жыў доўга ў Полацку і памёр, а па сабе пакінуў сына Глеба і дачку Парасковію. I тая дачка паабяцала дзявоцтва сваё захаваць у цэласці да канца жыцця і пастрыглася ў чарніцы ў манастыры святога Спаса над Палатою. Жыла яна там сем гадоў, Богу служачы і кнігі пішучы для цэрквы, а потым сабралася да Рыма. I колькі гадоў у Рыме жывучы, Богу служыла яна шчыра і асвяцілася, цяпер яе завуць святая Праксэдыс, а па-руску Парасковія. У імя гэтай святой у Рыме і касцёл збудавалі і там жа яе цела паклалі.
А брат яе, князь полацкі Глеб, памёр малады і быў пакладзены ў царкве святое Сафіі ў Полацку разам з баць-
кам ягоным у адной дамавіне. А палачане зноў пачалі вечам справавацца, як у Вялікім Ноўгарадзе і Пскове, і пана над сабою не мелі.
Але вернемся назад.
Пра князя Скір.монта, пра цара заволжскага Балаклая, пра маці Кукавойтаву Паяту і пра самога Кукавойта
Скірмонт княжыў у Новагародку. I князь Мсціслаў луцкі і пінскі пачаў барацьбу з князем Скірмонтам, хочучы выгнаць яго з бацькаўшчыны ягонае, з Берасця, Мельніка, Горадня і з Новагародка. I Скірмонт паслаў сваіх паслоў да вялікага князя літоўскага Жывінбуда, просячы яго, каб дапамогу яму даў супраць Русі. I вялікі князь літоўскі і жамойцкі Жывінбуд паслаў яму на дапамогу свайго старэйшага сына Кукавойта з усімі сіламі сваймі літоўскімі ды жамойцкімі. I пайшоў вялікі князь Скірмонт з Кукавойтам і з усімі сіламі супраць Мсціслава, князя луцкага і пінскага, і на тым баку ракі Ясельды паразіў нагалаву князь Скірмонт князя луцкага і пінскага і ўсю раць яго рускую, толькі сам князь Мсціслаў з малою дружынаю ледзьве ўцёк у горад Луцк. А князь вялікі Скірмонт узяў горад Пінск і горад Тураў. I загаласіла Русь вялікім плачам, што так усе пабіты бязбожнаю Літвою.
I вялікі князь Скірмонт Кукавойта, сына вялікага князя літоўскага Жывінбуда, пачаставаўшы і адарыўшы вялікім мноствам золата і срэбра ды борздымі коньмі, адпусціў яго з пашанаю да бацькі ягонага вялікага князя літоўскага і жамойцкага. I калі Кукавойт прыехаў да бацькі свайго, той неўзабаве памёр, і Кукавойт сеў на Вялікім княжэнні Літоўскім і Жамойцкім.
Быў у той час цар заволжскі на імя Балаклай. I прыслаў ён паслоў сваіх да вялікага князя Скірмонта, каб яму даніну даваў і баскакаў ягоных хаваў па тых гарадох, бо з тых гарадоў за часам продкаў ягоных на князёў рускіх хадзіў. Але князь вялікі Скірмонт паддацца таму не хацеў, і загадаў насы ды губы паслам Балаклаевым паадрэзваць, і потым да Балаклая іх адпусціў. А той цар налета, сабраўшыся з многімі сіламі і ордамі татарскімі, пайшоў на Рускую зямлю і многа зла ўчыніў у Рускай зямлі.
I князь вялікі Скірмонт, сабраўшы ўсе войскі свае, спат-
каў яго на мяжы сваёй, у Койданаве, і паразіў таго цара, і ўсю яго моц татарскую пабіў, і самога цара забіў, і з перамогаю вялікаю пайшоў на Рускую зямлю, і ўзяў гарады Мазыр, Чарнігаў, Старадуб, Карачоў, і, звыцяжства* атрымаўшы, цэлым вярнуўся назад.
Меў князь вялікі Скірмонт трох сыноў: старэйшы Транята, другі Люборт, трэці Пісімонт. Калі князь вялікі Скірмонт памёр, Люборт сеў у Карачове і назваўся князем карачоўскім, Пісімонт сеў у Тураве, а Транята ў Новагародку, і валадарылі яны ў тых гарадох шмат гадоў.
А ў тыя гады маці вялікага князя літоўскага і жамойцкага Кукавойта, Паята, памерла ў вялікай старасці. I князь вялікі Кукавойт, любячы маці сваю, учыніў балвана па яе вобразе, робячы ёй помнік. I паставіў ён тую разьбу маткі сваёй Паяты над возерам Жослій. I гэты вобраз людзі ўслаўлялі і за бога мелі. А потым тая разьба згніла, і на тым месцы ліпы выраслі, і людзі тыя ліпы хваляць і за бога маюць ажно й да сёння.
А затым князь вялікі літоўскі і жамойцкі Кукавойт, міласцівы да падданых сваіх, памёр, пакінуўшы па сабе на Вялікім княжэнні Літоўскім і Жамойцкім сына свайго на імя Уценус. I той Уценус, мілўючы бацьку свайго, учыніў у памяць пра вялікага князя Кукавойта разьбу і паставіў яе на гары над ракою Святою недалёка ад Дзявілтова, і тую разьбу хвалілі і за бога мелі. А потым тая разьба згніла, і там вырас гай, і людзі там маліліся і назвалі той гай іменем пана свайго Кукавойта.
Пра цара заволжскага Курдаса, князя вялікага Траняту і ўнука ягонага Рынгольта
У той час, калі Транята панаваў у Новагародку, цар заволжскі Курдас паўстаў са шматлікімі сіламі татарскімі на Рускія землі. I князь Транята сабраўся з братамі сваімі — з князем тураўскім Пісімонтам ды з князем карачоўскім Любортам — і з усімі сіламі, а да таго ж абмяняўся пасламі з князямі рускімі — з князем друцкім Сямёнам Міхайлавічам, і з князем луцкім Давыдам Мсціслававічам, і з князем кіеўскім Святаславам, і, сабраўшыся ў адно, пайшлі проці цара Курдаса ды ўсяе яго заволжскае раці. I сышліся яны за Мазырам на рацэ Акунеўцы, і ўдарыліся палкамі, і ўчынілі бой вельмі вялікі ад рання да вечара.
I дапамог Бог вялікаму князю Траняту і князям рускім: яны цара Курдаса і ўсё войска ягонае нагалаву разбілі, ледзьве сам цар з малою дружынаю ўцёк. Але ў тым баі забілі двух братоў Транятавых — князя тураўскага Пісімонта ды князя карачоўскага Люборта, а таксама Сямёна, сына друцкага князя Міхайлы, ды князя луцкага Андрэя, Давыдавага сына, ды шмат іншых баяраў пабілі.
А князь вялікі Транята, звыцяжства атрымаўшы і здабытак вялікі золата, ды срэбра, ды камянёў, ды перлаў, ды шатаў дарагіх набраўшы, пайшоў у сваю зямлю, і князі рускія таксама ў свае гарады вярнуліся.
I панаваў вялікі князь Транята нямала гадоў, потым памёр, пакінуўшы па сабе на Вялікім княжэнні Новагародскім сына Альгімонта. I княжыў Альгімонт нямала, потым памёр і пакінуў па сабе на Вялікім княжэнні Новагародскім сына іменем Рынгольт.
I калі княжыў Рыш’ольт доўгі час у Новагародку і ў многіх гарадох рускіх, князі рускія — найперш Святаслаў кіеўскі, ды Леў уладзімірскі, ды Дзмітры друцкі — учынілі змову між сабою і пачалі барацьбу супраць вялікага князя Рынгольта, хочучы сагнаць яго з іхняе бацькаўшчыны — з гарадоў рускіх. I, сабраўшы ўсе тры палкі свае, пайшлі яны супраць вялікага князя Рынгольта. I ўзялі тыя князі рускія на дапамогу сабе ад цара заволжскага колькі тысяч татараў.
Князь вялікі Рынгольт спаткаў іх на рацэ Нёмне каля Магільна і стачыў з імі бой люты. I біліся яны вельмі зацята. Дапамог Бог вялікам}' князю Рынгольту: князёў рускіх, і ўсю сілу іхнюю, і арду татарскую нагалаву паразіў і сам, перамогу атрымаўшы, з вялікаю радасцю і здабыткам золата і срэбра ды са шматлікімі скарбамі вярнуўся да сябе. I жыў ён шмат гадоў у Новагародку і памёр, а па сабе пакінуў на Вялікім княжэнні Новагародскім сына свайго Міндоўга.
Пра вялікага князя Міндоўга
I пануючы ў Новагародку і рускіх гарадох, вялікі князь Міндоўг пачаў збіваць племя сваё. У той жа год выгнаў Міндоўг сыноўца свайго Таўцівіла і Эрдзівіда, паслаўшы іх разам з Вікінтам, а з імі й незлічонае мноства літвы, на Русь — ваяваць Смаленск, кажучы: «Хто што возьме, няхай сабе пакіне. Вайною за вайну». I паслаў Міндоўг следам за імі вояў сваіх, каб забілі іх. Яны ж, даведаўшыся пра тое, падаліся
да князёў Данілы і Васількі і прыехалі ва Уладзімір. Міндоўг жа паслаў сказаць: «Не майце да іх літасці». He паслухаліся яго Даніла і Васілька, бо сястра Таўцівілава была замужам за Данілам.
Потым Даніла параіўся з братам сваім, і паслалі яны паслоў у Ляхі да князёў ляшскіх, кажучы: «Самы час хрысціянам на паганых ісці, бо самі маюць паміж сабою нязгоду». Ляхі абяцаліся, ды не зрабілі таго. Даніла ж і Васілька паслалі Вікінта да яцвягаў, і ў Жамойць, і да немцаў у Рыгу. I Вікінт адарыў срэбрам і дарамі багатымі яцвягаў і паў-Жамойці. Немцы ж адказалі Данілу: «Як жа мы дзеля цябе з Вікінтам замірымся, калі ён братоў нашых пагубіў»; аднак немцы паабяцалі дапамогу Таўцівілу.
Даніла ж з Васількам рушылі да Новагародка. Даніла, падумаўшы, паслаў Васільку на Ваўкавыск, сына свайго — на Слонім, а сам пайшоў да Здзітава, і, пабраўшы шмат гарадоў, яны вярнуліся дамоў. Потым прыслаў Вікінт ганцоў, мовячы, што немцы хочуць паўстаць на дапамогу Таўцівілу. I паслаў Даніла Эрдзівіда, а на дапамогу яму — русь ды полаўцаў, і вялікае ваяванне было між імі. Адтуль жа Таўцівіл падаўся з палонам Данілавым у Рыгу, і прынялі яго рыжане з вялікаю пашанаю і ахрысцілі яго.