Старажытная беларуская літаратура
Выдавец: Юнацтва
Памер: 464с.
Мінск 1996
I даведаўся вялікі князь Нарымонт, што князі яцвяжскія памерлі, а людзі іхнія без гаспадара жывуць. I князь Нарымонт пайшоў на іх, і яны без супраціву паддаліся яму і пакланіліся. А ён, стаўшы іхнім гаспадаром, аддаў іх брату свайму Тройдзену за даніну. I князь вялікі Тройдзен знайшоў гару прыгожую над ракою Бобраю, і спадабалася яму там вельмі, і паставіў ён горад, і назваў яго Райгарад, і празваўся вялікім князем яцвяжскім і дайноўскім. I калі ён быў на тым княжэнні, то вялікія войны вёў з ляхамі, з руссю і з мазаўшанамі, і заўжды зысківаў, і над землямі іхнімі вялікія здзекі чыніў, пра што вышэй апісваецца ў рускай хроніцы, і горшы быў для тых земляў, акрутнейшы за Антыёха сірыйскага, ды за Ірада ерусалімскага, ды за Нерона рымскага, такі ён быў злосны і ваяўнічы.
Князь жа вялікі Нарымонт узяў за жонку дачку ліфляндца, званага Флядра, і брат ягоны Даўмонт узяў у таго ж Флядра другую дачку. I, пражыўшы нядоўга, жонка князя Даўмонта ўценскага разняможылася і памерла. I князь вялікі Нарымонт, пачуўшы пра смерць нявесткі сваёй, засмуткаваў вельмі. Будучы і сам нездаровы, паслаў жонку сваю да брата свайго Даўмонта, спачуваючы яму ў жалобе. I калі прыехала Нарымонтава жонка да Уцены, спачуваючы ў жалобе дзеверу свайму князю Даўмонту, той, пабачыўшы нявестку сваю, узрадаваўся вельмі і сказаў так: «Мне трэба было б жонку шукаць, a то Бог даў мне жонку», і ўзяў яе замуж за сябе. I праз тое вынікла вялікая варожасць і нязгода паміж братамі, вялікім князем Нарымонтам і князем Даўмонтам. Князь вялікі Нарымонт, бачачы крыўду сабе вялікую ў тым, што брат жонку ягоную за сябе гвалтам узяў, паведаміў пра тое братам сваім — князю Гедрусу, князю Гальшану і князю Тройдзену — і цесцю свайму
ліфляндцу Флядру. I, сабраўшы братоў, падаўся з усімі людзьмі сваімі на брата свайго князя Даўмонта і аблажыў яго ў горадзе ягоным Уцене.
I зразумеў князь Даўмонт, што не зможа абараніцца, і папрасіў мяшчанаў сваіх, каб Нарымонту горада не здавалі, пакуль ён не пройдзе праз войска Нарымонтава. I спусціўся ён з горада і, прайшоўшы праз войска Нарымонтава, пабег і прыйшоў к гораду Пскову. Мужы пскоўскія, бачачы яго, мужа дастойнага і разумнага, узялі яго сабе за гаспадара і назвалі вялікім князем пскоўскім. А Нарымонт, узяўшы горад Уцену і жонку сваю, княжыў у Кернаве, і ў Новагародку, і на Жамойці, а Даўмонт — у Пскове, і абодва княжылі нямала.
Тройдзен жа ўзяў дачку ў князя мазавецкага і меў з ёю сына, званага Рымонтам. Калі сын вырас, Тройдзен аддаў яго вучыцца мовы рускае да Льва Мсціслававіча, які ўчыніў горад у імя сваё — Львоў. I, жывучы ў князя Льва, Рымонт навучыўся мовы рускае, і спадабалася яму вера хрысціянская, і, ахрысціўшыся, ён зразумеў, што гэты свет нічога не значыць, і, пакінуўшы свет, пастрыгся ў чарняцьі, і далі яму імя Лаўраш. I, будучы ў чарняцах, прыйшоў ён да дзядзькі свайго Нарымонта і папрасіў яго, каб той даў яму ў Новагародскім павеце месца ў пушчы каля ракі Нёмна, дзе б ён мог збудаваць сабе манастыр. I спачатку паставіў ён цэркву святога Уваскрашэння; так паўстаў Лаўрашаў манастыр. I калі быў ён у манастыры, дзядзька ягоны, вялікі князь Нарымонт, памёр. I паны літоўскія і жамойцкія ўзялі вялікім князем Тройдзена.
I калі панаваў князь вялікі Тройдзен, князь вялікі Даўмонт, прыйшоўшы з Пскова, узяў горад Полацак і меўся княжыць у Пскове і ў Полацку. I вельмі зайздросна было яму, што брат ягоны меншы Тройдзен атрымаў гаспадарства ў Літве. 1 пачаў ён думаць, як бы Тройдзена аб смерць прыправіць*. А ў тыя часы, калі валадарыў Тройдзен, памерлі абодва яго браты, князі Гальшан ды Гедрус. I праз тую зайздрасць князь вялікі Даўмонт паслаў шасцёх мужыкоў на брата свайго Тройдзена, каб забіць яго. I калі Тройдзен бяспечна ішоў з лазні, тыя мужыкі здрадна забілі яго.
А Даўмонт, сабраўшы сваё пскоўскае і полацкае войска, пайшоў на Літву, хочучы быць князем літоўскім і жамойцкім. Але чарнец, званы Лаўрашам, а па-літоўску Рымонтам, a па-руску Васілеем, шкадуючы бацьку свайго вялікага князя Тройдзена, пакінуў чын чарнецкі і прыйшоў да паноў, потым, сабраўшы ўсе сілы літоўскія, пайшоў супраць Даў-
монта, хочучы адпомсціць за кроў бацькі свайго.
I апалчыўшыся, спаткаліся яны з Даўмонтам над возерам. I калі сышліся палкі іхнія, быў між імі бой ды сеча немалая з рання аж да вечара. I дапамог Бог Лаўрашу, і ён усё войска дзядзькі свайго Даўмонта паразіў і самога яго забіў, і горад Полацак узяў, і, вярнуўшыся к пасаду бацькі свайго, у Кернаў, сказаў панам сваім: «Калі Бог даў адпомсціць за кроў бацькі, то я свету выракаюся, надзяю на сябе чорную рызу — гаспадарства не хочу. Возьмеце сабе гаспадаром, каго воля ваша будзе.
Але раю вам, хоць і ёсць у мяне браты, Ольшын, сын Міндоўгаў, ды Гедрусаў сын Гінвіл, але яны не здатныя гаспадарствам кіраваць, бо яшчэ малыя. Дзядзька ж мой Нарымонт, калі сеў на Вялікім княстве Літоўскім, герб свой Кітаўраса пакінуў братам сваім, а сабе зрабіў герб: чалавек на кані з мечам, выяўляючы на тым гербе пана дарослага, які мае бараніць мечам бацькаўшчыну сваю. А таму раю вам — абярыце сабе гаспадара дарослага, які бараніў бы гэтае гаспадарства — Вялікае Княства Літоўскае. I, як мне здаецца, да гэтага здатны быў бы Віцень, які быў маршалкам у бацькі майго».
Паны, не хочучы пераступіць рады і волі гаспадара свайго прыроджанага, сына вялікага князя Тройдзена, учынілі так: бачачы мужа мудрага і годнага Віценя, які паходзіў з роду ды з пакалення Калюмнаў, з маёнтка Айрагойла ў Жамойці, узялі яго сабе вялікім князем літоўскім і жамойцкім. Бо князь вялікі Тройдзен, будучы ў Жамойці, ехаў праз маёнтак ягоны Айрагойлу і бачыў гэтага Віценя яшчэ малым дзіцем. Пабачыў ён таго хлопца абліччам вельмі харошага і росту адпаведнага і ўзяў яго да сябе. I быў той Віцень у Тройдзена каморнікам ды, будучы ў каморы, кожную рэч панскую цудоўна і радна захоўваў і справаваў. I Тройдзен, бачачы цноту і дароднае захаванне* ягонае, зрабіў яго ў сябе маршалкам. I быў Віцень у яго мілоснікам і ўсякім справам гаспадарскім годным спраўцам быў. А затым пасля смерці князевай узялі яго на Вялікае княжэнне. На тым і скончыўся род Кітаўрасаў і пачалося вялікае княжэнне Віценева.
II. РОД ВЯЛІКІХ КНЯЗЁЎ ЛІТОЎСКІХ 3 ПАКАЛЕННЯ ДЫ 3 РОДУ КАЛЮМНАЎ
I пачалося вялікае княжэнне Віценева. К.нязь вялікі Віцень панаваў шмат гадоў на Вялікім княстве Літоўскім, Жамойцкім і Рускім, і нарадзіўся ад яго сын іменем Гедымін. I калі вялікі князь Віцень памёр ад удару перуна, пасля яго на Вялікім княстве Літоўскім, Жамойцкім і Рускім сеў вышэйназваны сын ягоны Гедымін.
Пачатак княжэння вялікага князя Гедыміна
Гедымін, стаўшы вялікім князем пасля смерці бацькі ягонага Віценя, сядзеў на стальцы бацькавым у Кернаве і панаваў нядоўга пасля тае смерці, калі паўсталі супраць яго немцы, прусы і ліфляндцы і прыйшлі з вялікім мноствам людзей сваіх у зямлю Жамойцкую, хочучы яе сабе забраць. He паспеў Гедымін хутка сабраць войска сваё супраць іх і паслаў найстарэйшага гетмана свайго з малою сілаю на горад Кунасаў, каб умацаваць яго ад немцаў. А тым гетманам быў Гаштольт з роду Калюмнаў. Але немцы таго гетмана перагналі, і горад Кунасаў аблажылі, і з парокаў вялікіх увесь збілі, і гетмана Гедымінавага з таго горада звялі, і ў палон павялі, і Жамойцкую зямлю захапілі. Вялікі князь Гедымін выкупіў у немцаў свайго гетмана за трыццаць тысяч залатых.
I на другі год, сабраўшы ўсе свае сілы літоўскія і рускія, пайшоў Гедымін на немцаў. А немцы, ліфляндцы і прусы, жмудзь з сабою ўзяўшы, спаткалі вялікага князя Гедыміна на рацэ Атмене, на гэтым баку, за дзве мілі ад Жэймаў. I дапамог Бог вялікаму князю Гедыміну: усіх немцаў ён нагалаву паразіў, а жмудзь ад немцаў адступілася і прыйшла да гаспадара свайго прыроджанага Гедыміна, бо ён немцаў усіх нагалаву паразіў і пабіў усё войска нямецкае. I тут жа, звыцяжства атрымаўшы, Жамойць сабе вярнуў, і пайшоў тады ж са сваймі сіламі і са жмуддзю ў зямлю Нямецкую, і ўзяў гарады Тыльжу, Рагнэту ды шмат іншых, і зямлю ўсю спустошыў, і палонных вывеў і, невымоўнае мноства кровапраліцця ў Немцах учыніўшы, з вялікаю радасцю да сябе адышоў.
Пра вялікага князя Гедыміна і пра яго вайну з рускімі князьмі
I, вызваліўшы зямлю Жамойцкую ад немцаў, пайшоў Гедымін на князёў рускіх. Прыйшоў ён спачатку да горада Валадзіміра. I князь валадзімірскі Валадзімір, сабраўшы людзей сваіх, учыніў бой люты з князем вялікім Гедымінам. I дапамог Бог вялікаму князю Гедыміну: ён самога князя валадзімірскага Валадзіміра забіў, і раць ягоную ўсю пабіў, і горад Валадзімір узяў. А потым пайшоў Гедымін на князя Льва луцкага.
А князь Леў, пачуўшы, што літва князя Валадзіміра забіла і горад Валадзімір узяла, не асмеліўся супраць Гедыміна стаць і пабег да князя Рамана, да зяця свайго, у Бранск. А князі ды баяры валынскія білі чалом вялікаму князю Гедыміну, каб у іх панаваў і гаспадаром быў, а зямлі іхняе не казіў. I князь вялікі Гедымін, умацаваўшы іх прысягаю і пакінуўшы ў іх намеснікаў сваіх, пачаў там княжыць, а потым на зіму пайшоў да Берасця. Усе войскі свае ён распусціў, а сам у Берасці зазімаваў.
Хутка Вялікдзень мінуў, і ён, сабраўшы ўсе свае сілы літоўскія, жамойцкія і рускія, на другім тыдні па Вялікадні пайшоў на князя кіеўскага Станіслава. I прыйшоўшы, узяў ён гарады Оўруч ды Жытомір. А князь Станіслаў абмяняўся пасламі з князем пераяслаўскім Алегам, і з князем бранскім Раманам, і з князем валынскім Львом, якога князь вялікі Гедымін выгнаў з Луцка. I сабраліся ўсе ў вялікім мностве людзей сваіх рускіх, і спаткаліся з князем вялікім Гедымінам на рацэ Рпені пад Белгарадам, за шэсць міляў ад Кіева, і ўчынілі бой ды сечу вялікую. I дапамог Бог вялікаму князю Гедыміну: пабіў ён усіх князёў рускіх нагалаву, і войска іхняе ўсё пабітае на полі засталося, і князёў Льва луцкага ды Алега пераяслаўскага забіў.
А Станіслаў кіеўскі з малою дружынаю ды Раман бранскі ўцяклі да Бранска. Князь жа вялікі Гедымін аступіў* горад Белгарад. I бачачы, што гаспадар іхні з войска ўцёк, а самое войска ўсё нагалаву разбіта, і, не хочучы супраціў ісці такому войску вялікаму, як літоўскае, здалі горад князю Гедыміну і прысягнулі служыць Вялікаму княству Літоўскаму.
Затым князь Гедымін пайшоў з усімі сіламі сваімі да Кіева, аблажыў горад Кіеў, і кіяне пачалі ад яго бараніцца. I стаяў князь вялікі Гедымін пад Кіевам месяц. I вырашылі мяшчане кіеўскія, што не могуць больш трываць моцы вялі-