• Газеты, часопісы і г.д.
  • Старажытная беларуская літаратура

    Старажытная беларуская літаратура


    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 464с.
    Мінск 1996
    160.76 МБ
    Пасля таго паланення Ягайла правёў мяжу з Ляхамі па Белай Вадзе, гэта значыць па рацэ Вісле.
    А ў той час ляхі караля не мелі, бо іхні кароль вялікі Казімір памёр ды пакінуў па сабе дачку ў маладых гадох — каралеўну Ядвігу. I ляхі ўзялі сабе паморскага княжыча Фрыдрыха, хочучы, каб ён тую каралеўну, калі яна стане дарослаю, за сябе замуж узяў ды ім гаспадаром быў. Але потым ляхі, бачачы тое акруценства і скажэнне* ад вялікага князя Ягайлы, пачалі раіцца, як бы ім зямлю сваю ад літвы абараніць, бо сваімі сіламі супрацівіцца ніяк не маглі. Умыслілі яны выгнаць княжыча паморскага прэч са сваёй зямлі, і сабралі сойм у Петрыкаве, і на тым сойме вырашылі ўзяць вялікага князя Ягайлу сабе на каралеўства гаспадаром, калі б ён згадзіўся ахрысціцца ў веру
    хрысціянскую рымскага закону і каралеўну іхнюю Ядвігу за сябе замуж узяць. 3 тым і паслалі да яго сваіх вялікіх паслоў, і князь вялікі Ягайла на тое прызволіў* паводле іхняе волі веру іх лацінскую прыняць і каралеўну іх за сябе ўзяць.
    Узяўшы з сабою свайго стрыечнага брата, вялікага князя Вітаўта, і роднага брата свайго Скіргайлу, і князя Івана Альгімонтавіча Галыпанскага, і двух сваіх братанічаў, князя Івана Валадзіміравіча Бельскага і брата ягонага, князя магілёўскага Андрэя Валадзіміравіча, і шмат іншых князёў ды паноў літоўскіх, паехаў Ягайла на каранацыю да Кракава. I ўсе арцыбіскупы і біскупы, і ўся рада ляшская сустрэлі вялікага князя Ягайлу працэсіямі перад местам Кракаўскім, і тут яго прывіталі, і прынялі, і правялі з пашанаю і вялікаю радасцю на замчышча да касцёла святога Станіслава. I там Ягайла, увайшоўшы ў святыню, прыняў веру рымскую і ахрысціўся, і далі яму імя Уладзіслаў. А потым яго каранавалі і каралеўну Ядвігу яму за жонку аддалі. Тады ж ахрысціўся і князь вялікі Вітаўт і веру рымскую прыняў, і далі яму імя Аляксандар. Ахрысціліся і многія іншыя паны літоўсюя, якія былі там. А потым кароль Ягайла, ужо запанаваўшы на Кароне, вялікага князя Вітаўта і брата свайго Скіргайлу, усіх князёў ды паноў ушанаваўшы і дарамі велекаштоўнымі адарыўшы, адпусціў у Літву.
    У хуткім часе Ягайла сам прыехаў да Літвы і залажыў у Вільні касцёл святога Станіслава, і адарыў яго дарагімі рэчамі царкоўнымі, і біскупства Віленскае фундаваў, і канонікаў да таго касцёлу запрасіў, і зрабіў першым біскупам віленскім мніха закону* святога Францішка — іменем Мацей, з віленскага кляштара Маткі Боскае. Да таго ж ён фундаваў біскупства Луцкае і Кіеўскае і пачаў ашыраць веру рымскую ў Літоўскім гаспадарстве. Затым паехаў ён да Кароны, а губернатарам у Вільні і Вялікім княстве Літоўскім пакінуў брата свайго Скіргайлу. А князь вялікі Вітаўт, будучы ў Луцку, сасватаў дачку сваю княжну Зофію за вялікага князя маскоўскага Васілія Дзмітрыевіча.
    Як вялікія князі Скіргайла і Вітаўт князя смаленскага Святаслава зваявалі
    Тою ж зімою, калі кароль Ягайла быў у Кракаве з многімі панамі літоўскімі, князь полацкі Андрэй прыйшоў з Ліфляндаў з немцамі і з усёю латыголаю на Літоўскую
    зямлю. I паваявалі і папалілі яны шмат местаў ды сёлаў, але замкам літоўскім ніякае шкоды не ўчынілі і зноў да сябе вярнуліся.
    У тую ж зіму князь смаленскі Святаслаў раду наладзіў з князем Андрэем полацкім: ён у Літве, а князь Святаслаў да Воршы пайшоў, і багата зла яны хрысціянам учынілі, не па-чалавечы, не па-хрысціянску рабілі, катавалі хрысціянаў; сабраўшы разам, замыкалі ў хатах і палілі; а іншых лавілі і, паднімаючы ачэпамі хорамы вялікія, тых палонных пад сцены галовамі клалі і заціскалі; а іншых размаітых пакутаў нехрысціянскіх не апісваем, бо яны вельмі страшныя: ні Антыёх асірыйскі, ні Юліян злачынны такіх здзекаў з людзей не рабілі. 1 паваявалі і папаланілі, але замкам нічога не ўчыніўшы, вярнуліся да сябе.
    Тое ж зімы, у вялікі пост, пачаў Святаслаў са смаленскімі баярамі замысляць кровапраліцце хрысціянам, і рушыў ён да горада Мсціслава, і, стаўшы каля горада, пачаў здабываць яго і парокамі сцены біць, ды ў зямлю Мсціслаўскую войска сваё пусціў і вялікае кровапраліцце хрысціянам учыніў. Князь жа вялікі Скіргайла і князь вялікі Вітаўт прыехалі з Ляхаў ад брата свайго, караля Ягайлы, і, пачуўшы, што князь смаленскі спачатку быў пад Віцебскам, а потым да Воршы хадзіў, цяпер жа пад Мсціславам сцены парокамі* б’е, яны ўгнявіліся і пайшлі на Святаслава з братамі сваімі, Канстанцінам, Корбутам і Лінгвенам, памянуўшы слова Божае: «Колькі вы мераеце — столькі і вам адмераецца». I сказаў Скіргайла: «Мы ніякага зла яму не зрабілі, а ён, будучы з намі ў згодзе, пераступіў даканчанне ды крыжовае цалаванне, нашую зямлю ваюе і кроў хрысціянскую пралівае. Мы ідзём на яго, спадзеючыся на Бога і на хрысціянскую сілу», і прыйшоў да горада Мсціслава.
    А князь Святаслаў, стоячы каля горада і б’ючы парокамі сцены Мсціслава, на трэцім тыдні, у пятніцу, пачуў, што ідзе на яго князь вялікі Скіргайла з братамі. I Святаслаў апалчыў вояў сваіх і пайшоў насустрач ім; і сышліся палкі. Бог жа ўчыніў паводле слова прарока Давыда, які казаў: «I абрынецца болесць ягоная на галаву яго, і абернецца няпраўда ягоная супраць яго самога», і яшчэ «Сам яму выкапаў, сам у яе і ўпадзе».
    I дапамог Бог вялікаму князю Скіргайлу і вялікаму князю Вітаўту, і князь Святаслаў пачаў уцякаць са сваімі князьмі ды баярамі смаленскімі і з усім войскам сваім. Божым жа цудадзействам і сілаю тут вялікі цуд адбыўся,
    забіта было вояў вялікае мноства і князёў ды баяраў, нават самога князя Святаслава забілі, сына ж ягонага, князя Юр’я, Скіргайла (адшукаў сярод трупаў, са шматлікімі ранамі, але жывога, і ўзяў яго, і пачаў лячыць усякімі лекамі, і галаву яму пастрыг, бо на ёй было шмат ранаў, і не верыў ён, што выжыве. Князь жа вялікі Скіргайла) вылечыў яго ад ранаў і прывёз у горад Смаленск да маці ягонай, вялікай княгіні Святаслававай, і пасадзіў яго на вялікім княжэнні Смаленскім, бо дачка старэйшая сястры Скіргайлавай была замужам за князем Юр’ем. I адышоўшы ад горада Смаленска, князь Скіргайла рушыў у сваю зямлю Літоўскую і пачаў княжыць у Троках, а ў Вільню кароль Ягайла прыслаў старасту свайго ляшскага.
    Як князь Вітаўт Вільню зваяваў
    Калі князь вялікі Вітаўт трымаў Луцк і ўсю Валынскую зямлю, а ў Літоўскай зямлі бацькаўшчыну сваю, было яму прыкра і вельмі крыўдна бачыць тое. чаго перад тым не бывала ў Літоўскай зямлі: каб старонні валодаў Вялікім княжэннем Літоўскім. Тады ўчыніў ён раду з многімі князьмі ды панамі літоўскімі. I калі Скіргайла прыехаў да Полацка, князь вялікі Вітаўт прыйшоў да Вільні, хочучы засесці там, а ягоная вялікая княгіня Ганна была тады ў Горадні. Вільненцы ж тады не падпарадкаваліся яму, бо былі далі праўду каралю Ягайлу і Скіргайлу. Вітаўт жа тады, не здабыўшы Вільні, паехаў са сваёй княгіняй і з усімі князьмі ды са многімі сваімі баярамі да магістра, і адтуль з нямецкаю дапамогаю пачалі яны ваяваць Літоўскую зямлю.
    Ужо ўзяў быў Вігаўт палову Літоўскае зямлі да ракі Вяллі, і горад Полацк здаўся яму. I ўбачылі кароль Ягайла і князь вялікі Скіргайла, што ўжо не змогуць утрымаць Літоўскае зямлі перад вялікім князем Вітаўтам. Вітаўт жа, сышоўшыся з нямецкімі сіламі, пайшоў к Вільні. I сустрэў яго князь Скіргайла з братам сваім Вінгонтам і з літоўскімі воямі на рацэ Вяллі ля Гарадка, на месцы, званым Вейшышкі. Сышліся палкі. I дапамог Бог вялікаму князю Вітаўту, і разбіў ён нагалаву войска літоўскае, а астатнія воі разбегліся, і забіта было іх вялікае мноства, а шмат князёў ды баяраў жывымі захапілі: князя Сямёна Яўнуцевіча, смаленскага князя Глеба Святаслававіча, князя Глеба
    Канстанцінавіча, князя Івана Цету, Льва Плаксіча ды шмат іншых князёў паланізі.
    I зноў пайшоў князь Вітаўт з усімі сіламі да горада Вільні, і акружыў Вільню, і пачаў здабываць Крывы горад і з гарматаў біць. Узяў ён горад Крывы, але застава ляшская, якая была тады ў Высокім горадзе, не пусціла ў горад князя Вітаўта. I князь вялікі, узяўшы Крывы горад і зямлю навакольную зваяваўшы, зноў вярнуўся ў Немцы.
    Як вялікі князь Вітаўт аддаў сваю дачку за вялікага князя маскоўскага Васілія Дзмітрыевіча
    У тым жа годзе ў Немцы, у Мар’інгорад, прыйшлі паслы да вялікага князя Вітаўта з Масквы ад вялікага князя Васілія Дзмітрыевіча, просячы ў князя Вітаўта аддаць дачку замуж за князя маскоўскага. I князь вялікі Вітаўт аддаў дачку сваю, князёўну Зофію, замуж і адпусціў яе з Мальборка-горада, а з ёю паслаў князя Івана Альгімонтавіча. 3 горада Гданьска папльілі яны на караблях морам і прыплылі да Пернава і да горада Пскова. Там ім узнеслі вялікую пашану і ўрачыста праводзілі да Вялікага Ноўгарада, наўгародцы таксама пашану вялікую ім учынілі і з гонарам правялі да Масквы да вялікага князя Васілія Дзмітрыевіча. Князь Васілій насустрач князёўне паслаў з пашанаю братоў сваіх, князя Валадзіміра Андрэевіча, князя Андрэя Дзмітрыевіча і шмат іншых князёў ды баяраў.
    I сустрэлі вялікую князёўну Зофію з вялікім шанаваннем. Тады ж быў там свяшчэнны мітрапаліт Кіпрыян з архіепіскапамі ды епіскапамі, з архімандрытамі, з ігуменамі і з усім евяшчэнным чынам, і сустрэў яе ўрачыста з крыжамі перад горадам Масквою, і даў шлюб чэсцен, і павянчаў вялікага князя Васілія Дзмітрыевіча з вялікаю князёўнаю Зофіяй. I было вяселле вялікае ды знакамітае, чэсці вартае немалы час. А мы да папярэдняга вернемся.
    Як князь Вітаўт на Вялікім княжэнні Літоўскім сеў
    Князь вялікі Вітаўт, будучы ў Немцах, у Мар’інгорадзе, у магістра, змовіўся з немцамі, з ліфляндцамі і з прусамі і,
    пакінуўшы ім зямлю Жамойцкую за трыста тысяч залатых, пайшоў з усімі вышэйназванымі сіламі нямецкімі, а таксама са сваімі, ды з гарматамі, ды са шматлікімі іншымі прыладамі проста да Вільні здабываць горад і Вялікае княства.
    Князь вялікі Скіргайла, чуючы пра тое, што вялікі князь Вітаўт ідзе з войскамі, сабраў сваю вялікую сілу літоўскую і рускую, і пайшоў насустрач вялікаму князю Вітаўту, і, апалчыўшыся, перайшоў Вяллю, і спыніўся на полі на Шашкінах. А князь Вітаўт з сіламі нямецкімі, з абозам ды з гарматамі напаў на гары на Скіргайлу, і пачалі немцы з гарматаў біць па войску Скіргайлавым, і шмат вояў Скіргайлавых пабілі. He вытрымалі войскі Скіргайлавы гарматаў нямецкіх і пачалі ўцякаць, а воі Вітаўтавы за імі гналіся і білі, і вялікае мноства іх забілі, а астатнія самі ў рацэ Вяллі патанулі.