• Газеты, часопісы і г.д.
  • Старажытная беларуская літаратура

    Старажытная беларуская літаратура


    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 464с.
    Мінск 1996
    160.76 МБ
    Пра вызваленне і хрост Жамойці
    На другі год жамойць, не хочучы больш пад немцамі быць, пабіла намеснікаў, пастаўленых прускімі немцамі. Немцы, прусы і ліфляндцы пачалі войска на іх збіраць на
    Паланзе, хочучы іх зноў пад сваю моц падбіць*. А жамойць, сабраўшыся, там жа войска нямецкае з гор каменнем пабіла і, пабіўшы немцаў, прыслала да Вітаўта паведаміць: калі хоча ім панам быць, няхай іх ужо нікому не пакідае, а пануе над імі сам. I Вітаўт іх да сябе прыняў.
    Потым немцы прыслалі сваіх паслоў да вялікага князя Вітаўта, нагадваючы яму, каб вярнуў тыя трыста тысяч залатых, за якія была аддадзена Жамойць. Князь Вітаўт адказаў: «Як я вам аддаў быў Жамойць, так яе і цяпер ад вас не адымаў, глядзіце сабе і цяпер на Жамойць, а грошай вярнуць не магу, бо не маю». Але неўзабаве Вітаўт пачаў грошы збіраць і, сабраўшы залатыя, адаслаў іх у цэласці. Немцы, залатыя ўзяўшы, ужо ў Жамойць не ўступалі і пакінулі ў супакоі, бо былі збіты і стустошаны Ягайлам, Вітаўтам ды жамойцю.
    У тым жа годзе Вітаўт фундаваў біскупства Жамойцкае, і збудаваў касцёл святога Пятра ў Медніках, якія зараз жамойць называе Варняны, і канонікаў запрасіў, і ўсю Жамойць загадаў хрысціць з веры паганскае ў веру хрысціянскую. I ахрысціў ён усю зямлю Завельскую, і касцёлаў шмат паставіў; таму і назвалі Вітаўта другім апосталам Божым, што ён з такога акрутнага* паганства навярнуў тыя землі на веру хрысціянскую.
    Як цэсар і валадары хрысціянскія дазволілі князю Вітаўту каралём стаць
    Потым, бліжэй да зімы, князь вялікі Вітаўт запрасіў караля Ягайлу да сябе ў Белавежу на пацеху — у ловы на зуброў. Кароль Ягайла прыехаў да яго з каралеваю Зофіяй. I пасля тых ловаў прасіў князь Вітаўт караля Ягайлу, каб паехаў з ім да Вільні і ўсю зіму з ім там супольна перазімаваў у пацехах ды забавах.
    Калі кароль быў у Вітаўта ў Вільні, пачаў казаць ён брату свайму Вітаўту: «Мілы браце, узяў я жонку маладую, а сам чалавек летны*, не спадзяюся ўжо дзяцей мець, а ты яшчэ дужэйшы за мяне, можаш мець са сваёй жонкаю плод. Таму раю табе, каб ты звярнуўся да цэсара, і для таго зрабіў бы так, каб ты мог каралем стаць, і я табе хочу дапамагчы перад цэсарам і перад папежам*». I князь вялікі Вітаўт адказаў: «Як жа я магу да цэсара з’явіцца, калі ані я цэсара не ведаю, ані ён мяне, аднак жа хочу наладзіць вялікую ўрачыстасць і цэсара і іншых гаспадароў-хрыс-
    ціянаў у сябе ў Луцку бачыць жадаю». Каралю Ягайлу тое спадабалася, і раіў ён, каб Вітаўт так і ўчыніў. I, адарыўшы велекаштоўнымі дарамі караля Ягайлу, вялікі князь Вітаўт яго да Польшчы адпусціў, а сам пачаў да таго рыхтавацца, каб цэсара і гаспадароў хрысціянскіх у сябе прыняць.
    На другую зіму паслаў князь Вітаўт сваіх паслоў да цэсара хрысціянскага, да караля дунскага*, да князёў паморскіх, да князёў слёнскіх і нямецкіх, да зяця свайго, вялікага князя маскоўскага, да вялікага князя цверскага, да вялікага князя разанскага, да цара перакопскага, да ваяводы валоскагаі,! і да іншых паноў хрысціянскіх, жадаючы, каб яны прыехалі да яго. I прыехалі да Вітаўта цэсар хрысціянскі, які ў той час быў яшчэ і каралём вуторскім і чэшскім,— Зыгмунт, і кароль польскі Ягайла, Вітаўтаў брат, і кароль дунскі, і цар перакопскі, і вялікі князь разанскі, і вялікі князь маскоўскі, Вітаўтаў зяць, і вялікі князь цверскі Барыс Аляксандравіч, і магістр прускі і ліфляндцкі, і князь адоеўскі, і князь перамышльскі, і князі навасільскія, і ваявода валоскі, і вялікія паслы ад цара грэцкага Яана Палеалога, і князь мазавецкі, і шмат іншых князёў ды паноў хрысціянскіх ды розных гасцей.
    I даваў вялікі князь Вітаўт гасцям сваім утрыманне вялікае, выходзіла на іх аброкаў штодня: мёду сычонага па семсот бочак, акром мушкатэлю*, мальмазіі* ды іншых напояў і він размаітых; а ялавіц, баранаў, вепрукоў таксама па семсот, зуброў па шэсцьдзесят, ласёў па сто, апрача іншых размаітых звяроў, ды іншага мяса багата, ды шмат усяго. I прымаў вялікі князь Вітаўт у сябе тых гасцей сем тыдняў. Цэсар, бачачы, што Вітаўт ім такую вялікую пашану ўчыніў і такі вялікі дастатак даваў, і да таго ж бачачы багацце яго вялікае, сам сказаў яму: «Княжа вялікі Вітаўце, бачым, што ты князь багаты ды вялікі, а да таго яшчэ і новы хрысціянін, і годна б табе быць панам каранаваным* і між намі, каралямі хрысціянскімі, быць братам». Князь вялікі, пачуўшы тое ад цэсара, зразумеў волю цэсарскую і тады ж супольна з братам сваім, каралём Ягайлам, прасіў цэсара, каб ён на тое пагадзіўся і карону Вітаўту дазволіў мець і каб паслаў да айца святога папежа, і той, пасвяціўшы карону, даў яе князю вялікаму Вітаўту. Цэсар на тое пагадзіўся і тады ж адправіў паслоў сваіх да папежа, жадаючы, каб айцец святы даў карону Вітаўту паводле звычаю хрысціянскага. А князь вялікі Вітаўт адправіў у Рым, да папежа, разам з тым паслом цэсар-
    скім сваіх паслоў — пана Сямёна Дзедыголавіча ды пана Шэдыбора, брата Кезгайдавага,— з лістамі каоалёў хоысціянскіх.
    Пра задзіночанне шляхты літоўскае з польскімі панамі, а таксама пра смерць вялікага князя Вітаўта
    Потым цэсар выклікаў да сябе караля Ягайлу і пачаў яму казаць: «Бачу сам, што вы з Вітаўтам па-братэрску жывяце, але паны літоўскія вельмі валечныя*, і таму трэба, каб яны гаспадара свайго, вялікага князя Вітаўта, не намовілі ваяваць супраць цябе і каб табе прыкрасцяў не ўчынілі, а таму раю табе: схіляй князя Вітаўта да таго, каб ён паноў сваіх угаварыў задзіночыцца* з панамі кароны Польскае, і парадніліся між сабою, і гербы падавалі адзін аднаму, і праз тое запрыязніліся і пабраталіся. Калі ж яны парадняцца, то панам літоўскім ужо нельга будзе ісці вайною на цябе і на зямлю Польскую». I Ягайла папрасіў цэсара, каб тымі ж словамі намаўляў Вітаўта.
    Калі Вітаўт быў у цэсара, той вялікаму князю тыя словы сказаў. А Вітаўт яму адказаў: «Я такога не магу ўчыніць без волі сваіх паноў-рады», і прасіў цэсара, каб той пры нарадзе прысутнічаў. «Так буду мовіць панам сваім: яго міласць цэсар, гаспадары хрысціянскія і брат мой, кароль Ягайла, хацелі, каб між нашымі гаспадарствамі быў супакой, а між вамі і панамі ляшскімі братэрства і прыязь была; для таго маеце парадніцца з панамі ляшскімі і гербы ад іх узяць».
    Цэсар таксама пачаў панам літоўскім казаць, што паны ляшскія ніяк не маглі згоды мець з панамі чэшскімі, і заўжды паміж Чэшскім і Польскім каралеўствамі войны былі. 1 паны ляшскія з панамі чэшскімі праз тое парадніліся, што ляхі пабралі сабе гербы ў паноў чэшскіх, і з тых часоў варажнеча між імі знікла, і цяпер яны ў згодзе жывуць.
    Паны літоўскія паведалі цэсару і князю вялікаму Вітаўту так: «Міласцівы цэсару і гаспадару наш, вялікі княжа Вітаўце! Ляхі не былі шляхтаю, а былі людзьмі простымі, і не мелі гербаў сваіх, і вялікімі дарамі дамагаліся тых гербаў ад чэхаў. Узяўшы вялікія скарбы ад ляхаў, чэхі і шляхтаю іх зрабілі, і ў свае гербы іх прынялі. Але мы шляхта старая, рымская, продкі нашыя са сваімі гербамі
    прыйшлі ў гэтае гаспадарства і іх ужывалі, так і мы цяпер іх маем і ўжываем. А таму нам не трэба ніякіх новых гербаў, бо трымаемся сваіх старых, што нам продкі пакінулі». I цэсар адказаў панам літоўскім: «Мы пра тое і самі ведаем, што вы старая рымская шляхта, але гербы прыміце ў ляхаў не дзеля шляхецтва, бо шляхта старэйшая за ляхаў, а гербы ў іх прыміце дзеля адзінства і братэрства між вамі, бо калі гербы адзін у аднаго пабераце, то братамі станеце і павінны будзеце адзін аднаму спрыяць».
    I потым Вітаўт да замірэння схіліў паноў сваіх, каб з ляхамі збраціліся, і гербы ад іх пабралі, і праз тое не ўчынілі перашкодаў кароне Вітаўтавай, ды мовіў ім так: «Калі карону прывязуць, вы можаце лісты іхнія ім назад адаслаць і іхніх гербаў не браць, а свае старыя ўжываць». I паны літоўскія, чуючы тыя словы ад гаспадара ды зычачы яму кароны, на тое прызволілі*.
    Потым князь вялікі Вітаўт цэсараў і ўсіх гасцей, якія на тым з’ездзе былі, адарыўшы знакамітымі і велекаштоўнымі дарамі, адпусціў. Між іншымі дарамі вялікі князь Вітаўт адарыў цэсара вялікім тур’ім рогам, рогам таго самага тура, што князь вялікі Гедымін забіў на гары ў Вільні, якую цяпер завуць Тур’яй.
    Пасля таго вялікі князь Вітаўт жыў тры гады. I аднаго разу запрасіў ён да сябе караля Ягайлу на ловы. I калі Ягайла прыехаў да Вітаўта, той занямог і памёр. Адбыдося гэта ў год 6901 ад пачатку свету, а ад Божага нараджэння 1430 месяца жніўня 23 дня.
    А тым часам пан Сенька з панам Шэдыборам, братам Кезгайлавым, везлі карону з Рыма, ад папежа. Да гэтага яны жылі ў Рыме тры гады, бо ў Валохах* была вайна, і яны не асмельваліся ехаць з каронаю. Вестка аб смерці вялікага князя Вітаўта застала іх у Львове. А ляхі, не зычачы, каб Літва стала каралеўствам, аднялі ў іх тую карону і, рассекшы яе на паловы, прыклалі паловы да кароны біскупа кракаўскага, якая і зараз захоўваецца ў Кракаўскім замку, у касцёле святога Станіслава.
    Кароль Ягайла брата свайго, вялікага князя Вітаўта, шкадаваў і плакаў над ім, як брат па любімым браце. Так з вялікім плачам і пахаваў яго; і былі там усе слугі ягоныя, і ўсе біскупы, і песні звычаёвыя над ім пяялі. Паклалі ягонае цела ў Вільні, у замку, у касцеле святога Станіслава, з левага боку ад алтара, каля дзвярэй у закрысцію.
    Як князь Жыгімонт Кейстутавіч сеў на Вялікае княжэнне Літоўскае
    Пасля смерці вялікага князя Вітаўта кароль Ягайла прасіў князёў ды паноў літоўскіх, каб яны ўзялі сабе за гаспадара яго роднага брата князя Швідрыгайлу. I паны літоўскія пры бытнасці караля Ягайлы пасадзілі на Вялікім княжэнні Літоўскім і Рускім князя вялікага Швідрыгайлу.
    Калі панаваў вялікі князь Швідрыгайла ўжо два гады на ўсіх вялікіх княствах літоўскіх, прыехаў да яго з Польшчы, на ловы, кароль Ягайла. Князь Швідрыгайла немалы час прымаў яго з вялікаю пашанаю ў горадзе Вільні, потым прыйшоў да яго ў пакой і пачаў мовіць з гневам: «Браце мілы, чаму ты зямлю Падольскую трымаеш, спадчыну маю, што належала зямлі Літоўскай. Вярні мне яе, а калі не хочаш вярнуць, я цябе з Літвы не выпушчу». I князь Швідрыгайла затрымаў караля Ягайлу і за старожаю пасадзіў. А Ягайла пачаў яму гаварыць: «Браце мілы, я Падольскае зямлі ў цябе не адымаю, але ёсць братанка* нашая, спадкаеміца тае зямлі, княгіня Зофія Жэдзівідаўна, жонка князя Міцькі Зубрэвіцкага. Яна ў мяне, у стрыя свайго, апекі ды абароны папрасіла, бо хоць і трымаю я тут зямлю, але ўвесь прыбытак яна сабе бярэ». I пачаў кароль Ягайла, плачучы, наракаць на князя Швідрыгайлу і мовіў яму: «Браце мілы, ты брат мой малодшы, я табе як бацька, а ты мне, брату свайму старэйшаму, такую прыкрасць ды сарамоту смеў учыніць і да барады маёй кідаўся, чаго табе не гожа было рабіць са мною, памазаннікам Божым, гаспадаром хрысціянскім, славутым каралём, і пасмеў у вязніцу пасадзіць. Як я разумею, ты тое ўчыніў не са сваімі панамі-радаю, але са свайго розуму». 1 пачаў ён мовіць князям ды панам-радзе літоўскім: «Князі ды панове-рада Вялікага княства, верныя слугі брата майго, памятаеце, за жыццём брата майго, вялікага князя Вітаўта, гаспадара вашага, я дамовіўся перад вамі з ім, што калі б ён сына меў, а я не, то дзеці ягоныя панавалі б пасля маёй смерці ў Вялікім княстве Літоўскім і ў каралеўстве Польскім, а калі б у брата майго Вітаўта дзяцей не было, а ў мяне былі, то пасля нашае смерці мае дзеці панавалі б над каронаю Ляшскаю і Вялікім княствам Літоўскім. I вы, уся рада Вялікага княства, і ўся рада кароны Польскае пры той дамове былі, і на тое ўсе вы прызволілі — як мая рада, так і вы, рада брата майго. На тым вы мне