• Газеты, часопісы і г.д.
  • Старажытная беларуская літаратура

    Старажытная беларуская літаратура


    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 464с.
    Мінск 1996
    160.76 МБ
    А князь вялікі Скіргайла сам пераплыў раку і ўцёк у Крывы горад, але князь вялікі Вітаўт аблажыў яго ў Крывым горадзе. А Крывы горад быў драўляны; і раілі немцы Вітаўту, каб у горад з гарматаў не біў, бо, казалі, так драўлянаму гораду нічога не зробіш, а лепей загадаў бы біць з гарматаў угору, абстрэльваць навесам. Князь Вітаўт гарматы ўкапаў на Тур’яй гары, дзе князь Гедымін тура забіў, і загадаў біць па Крывой гары, загарадкі на ёй паабрушваў; і людзі ў горадзе страхам апанаваныя былі. А ў той час Вітаўт штурм распачаў і рэшту горада ўзяў, а князя Скіргайлу адшукаў і ў палон узяў, а Крывы горад спаліў, і сеў сам у Вілызі і ў Вялікім княстве Літоўскім.
    I кароль Ягайла паслаў да яго паслоў сваіх, мовячы так: «Не страчвай больш зямлі Літоўскае, бацькаўшчыны сваёй і нашай, пайдзі, браце, да нас у мір і ў вялікую любоў братэрскую і вазьмі сабе Вялікае княжэнне ў Вільні, сталец дзядзькі свайго, вялікага князя Альгерда, і бацькі свайго, вялікага князя Кейстута». А князь вялікі Вітаўт ужо сеў у Вільні і княстве Літоўскім, і пры ім былі князі Юры Нарымонтавіч Бельскі ды Іван Альгімонтавіч. I калі сеў Вітаўт на стальцы дзядзькі свайго Альгерда і бацькі свайго Кейстута, рада яму была ўся зямля Літоўская і Руская.
    Як князь Вітаўт Віцебск і Падолле зваяваў, а таксама пра смерць князя Скіргайлы
    Тым часам князь Корбут Альгердавіч нешта пачаў задумляць супраць Вітаўта і не слухацца яго, і збіраць войска.
    I, сабраўшыся з сіламі, пайшоў ён супраць Вітаўта. I сышліся войскі на месцы, званым Дакудава, і было пабіта войска Корбутава войскам Вітаўтавым, сам жа князь Корбут уцёк да Новагародка з княгіняю і з дзецьмі. Князь жа Вітаўт, сабраўшы войска сваё, сам пайшоў к Новагародку і, горад узяўшы, князя Корбута з княгіняю і з дзецьмі ягонымі ў няцтва пасадзіў.
    Затым памерла вялікая княгіня Альгердава.
    Кароль жа Ягайла аддаў горад Віцебск сакольнічаму свайму Федару Весне. А ў той час князь Вітаўт не валодаў княствам Віцебскім, бо Швітрыгайла Альгердавіч атрымаў Крэва і Віцебск пасля бацькі свайго. Тады Швітрыгайла меў вялікую крыўду і не мог мірыцца з тым, што Федар Весна горадам і зямлёю Віцебскаю валодае ды загадаў ягоных не слухаецца. I ён Федара забіў і горад Віцебск забраў. Ад таго стала вельмі крыўдна каралю Ягайлу, што так сталася. Напісаў ён грамату брату свайму, вялікаму князю Вітаўту, каб за тую крыўду той адпо.мсціў.
    I князь Вітаўт, узяўшы з сабою Скіргайлу і сабраўшы войска вялікае, пайшоў да горада Віцебска на князя Швітрыгайлу. Прыйшоў ён спачатку да горада Друцка, і друцкія князі сустрэлі яго і падаліся яму на дапамогу. Адтуль пайшоў Вітаўт к Воршы, аршане ж замкнуліся ў горадзе і бараніліся два дні, але потым здаліся. А потым пайшоў ён к Віцебску на князя Швітрыгайлу, які замкнуўся ў горадзе. I пачаў вялікі князь здабываць горад. На дапамогу прыйшоў вялікі князь смаленскі Юры Святаслававіч і падаўся да яго служыць, і пачалі яны настойліва горад Віцебск здабываць і тарматы паставілі. Віцябляне ж, не ўцярпеўшы, здаліся вялікаму князю Вітаўту. Князь жа Швітрыгайла выйшаў з горада і пакарыўся Вітаўту. I вялікі князь, узяўшы Віцебск, зноў пайшоў да Вільні.
    Тою ж зімою, бліжэй да вясны, князь вялікі Вітаўт пайшоў у зямлю Падольскую, а князь Валадзімір Альгердавіч, будучы ў Кіеве, не захацеў скарыцца, чалом ударыць вялікаму князю. I Вітаўт тою ж вясною прыйшоў і ўзяў гарады Жытомір ды Оўруч. I прыехаў да яго з Кіева князь Валадзімір. Тым жа летам, пад восень, вялікі князь пазбавіў яго Кіева і даў яму Капыль, а ў Кіеве пасадзіў Скіргайлу Алыердавіча. Сам жа Вітаўт пайшоў на Падольскую зямлю, а Скіргайлу загадаў з Кіева пайсці да Чаркасаў і Звенігарада. I Скіргайла з божаю дапамогаю і па загадзе вялікага князя ўзяў Чаркасы і Звенігарад і зноў вярнуўся ў Кіеў.
    I калі княжыў Скіргайла ў Кіеве, быў там чарнец — нехта Фама Ізуфаў, ён трымаў намесніцтва мітрапаліта ў царкве святой Зофіі. Калі ж пажадаў князь Скіргайла ехаць за Дняпро ў ловы, той Фама паклікаў яго на баляванне. I нехта намовіў Фаму, каб даў князю піць зелле атрутнае, калі той будзе на баляванні. I з балявання князь Скіргайла паехаў за Дняпро да Мілаславічаў і там захварэў і, прыехаўшы да Кіева, на сёмы дзень памёр. Панеслі яго над галавамі сзятароў, якія, ідучы са свечкамі, спявалі песні адыходныя. Панеслі яго з горада Кіева да святой Багародзіцы Пячэрскай. I паклалі добрага ды цудоўнага князя Скіргайлу побач з труною святога Феадосія Пячэрскага. Пачуў князь вялікі Вітаўт, што Скіргайла памёр, і паслаў князя Івана Альгімонтавіча ў Кіеў, і даў яму трымаць горад. Пасля гэтага да папярэдняга вернемся.
    Як князь Вітаўт Смаленск упакоіў
    Пайшоўшы з Немцаў на вялікае княжэнне, вялікі князь Вітаўт паслаў цесця свайго, князя Глеба Стятаслававіча, на вялікае княжэнне ў Смаленск. А князю Юр’ю Святаслававічу даў ён горад Рослаўль. Князь Глеб, будучы ў Смаленску, перастаў слухацца вялікага князя. Вітаўт жа паслаў сваіх паслоў да яго, але той ніякага пакорлівага адказу не даў. Тады князь Вітаўт з усімі сваімі сіламі пайшоў да горада Смаленска на князя Глеба Святаслававіча. Прыйшоўшы пад Смаленск, ён пусціў такую чутку: ідзе ён на цара Тымір-Кутлуя, які выгнаў са свайго царства да Літвы цара Тахтамыша, брата свайго, і сам сеў на царстве. Прачуўшы пра тое, князь смаленскі Глеб Святаслававіч выехаў да яго з колькімі воямі. Вітаўт жа, ушанаваўшы і адарыўшы яго, з любоўю адпусціў, сказаўшы так: «Чуў я, што ты з братамі сваімі не ў адзінстве і не ў згодзе жывеш, таму прыедзьце да мяне ўсе, і я тое між вамі ўладжу і вас у любоў звяду». Так ён выманіў іх з горада хітрасцю. Яны ж, браты Святаслававічы, паверыўшы яму, прыехалі да яго з дарамі, прыехалі і ўсе князі ды баяры смаленскія, і не засталося ніводнага ў горадзе. Вітаўт жа, захапіўшы ўсіх іх, паслаў да Літвы, аднаму толькі князю Глебу Святаслававічу даў горад Палонны, вялікае ж княжэнне смаленскае даў князю Ямонту ды Васілю Барэйкавічу.
    А князь Юры Святаслававіч тады быў у Разані ў цесця
    свайго, князя Алега Іванавіча. Князь жа вялікі Вітаўт паслаў князя Сямёна Лінгвена са шматлікім войскам ды са смаленскімі сіламі да князя разанскага Алега, і Сямён Лінгвен паланіў багата зямлі Разанскае і з вялікім здабыткам вярнуўся да Вітаўта.
    Тою ж зімою, пад вясну, прыехаў вялікі князь маскоўскі Васілій Дзмітрыевіч да цесця свайго, вялікага князя Вітаўта, у Смаленск і ўшанаваў вялікага князя багатымі дарамі, ланцугамі залатымі ды паясамі, сабалямі, камкамі*, залатым начыннем і бахматамі*. Князь жа вялікі Вітаўт зяця свайго таксама ўшанаваў і адарыў рознымі дарамі, перламі* і дарагімі аксамітамі, велекаштоўнымі камкамі ды гінштамі* ў залатых сёдлах, і шматлікімі іншымі дарагімі рэчамі, і адпусціў яго ў Маскву з вялікаю пашанаю, а сам паехаў да Літвы.
    Як князь Вітаўт хадзіў ваяваць Тымір-Кутлуя і пра падзеі ў Смаленску
    У год 6906 было пабоішча вялікага князя Вітаўта з царом Тымір-Кутлуем. Князь Вітаўт сабраў войска незлічонае: цар Тахтамыш са сваім войскам, літва, паляне, немцы, ляхі, жамойць, татары, валохі* і пяцьдзесят рускіх князёў. I з усімі сіламі Вітаўт узброіўся, і пайшоў на цара Тымір-Кутлуя, каб захапіць царства ягонае, і, хвалячыся перад Ардою, сказаў так: «Пойдзем запалонім зямлю Татарскую, паб'ём цара Тымір-Кутлуя, пасадзім замест яго хана Тахтамыша, а ён нас пасадзіць на ўсёй Рускай зямлі»,— і, пра тое ўмовіўшыся, пайшлі татараў ваяваць.
    Тым часам паспеў з’явіцца цар Тымір-Кутлуй са шматлікімі палкамі ратнымі, з усімі сіламі сваймі ардынскімі, і сустрэліся яны з Вітаўтам на полі каля ракі Воркслы, і адбыўся між імі бой вялікі дванаццатага жніўня, у аўторак. Доўга яны біліся — ледзь не ўвесь дзень. I дапамог Бог татарам, і пабілі яны вялікага князя Вітаўта і ўсё ягонае войска, сам жа вялікі князь уцёк з малою дружынаю.
    Цар жа Тымір-Кутлуй, перамогшы Вітаўта, прыйшоў да Кіева, і ўзяў з горада водкупу тры тысячы літоўскіх рублёў, і ўсю сілу сваю распусціў па Літоўскай зямлі. Ваявалі татары аж да Вялікага Луцка і, многа зла ў зямлі Літоўскай учыніўшы, адышлі да сябе.
    Вось імёны забітых літоўскіх князёў: князь полацкі Андрэй Кейстутавіч, брат ягоны князь бранскі Дзмітры; князь Іван Дзмітрыевіч Скіндыр; князь Андрэй Дзмітрыевіч, пасынак ягоны; князь Іван Еўлашковіч; князь кіеўскі Іван Барысавіч; князь смаленскі Глеб Святаслававіч; князь Глеб Карыятавіч; брат ягоны князь Сямён; князь Міхайла Падбярэскі; брат ягоны князь Дзмітры; князь Федар Патрыкеевіч Вольскі; князь Ямонтавіч; князь Іван Юр’евіч Бельскі; там жа забіты быў і пан кракаўскі з Ляхаў — Спытка.
    У год 6909* князь Юры Святаслававіч ды князь разанскі Алег прыйшлі з войскам да Смаленска. У той час быў там мяцеж і нязгода: адныя хацелі Вітаўта, другія — князя Юр’я, бацькавага спадкаемца. Князь Юры абмяняўся пасламі са смалянамі, і тыя яго прынялі і горад яму адчынілі. Тут жа, у заставе*, быў і князь бранскі Раман, Вітаўтаў чалавек. Яго самога пакутліваю смерцю забілі, а княгіню і дзяцей адпусцілі, намеснікаў Вітаўтавых схапілі, а баяраў, якія не хацелі князя Юр’я, смаляне ды бранцы ўсіх іх пасеклі. Пачуў пра тое вялікі князь і сышоўся з братам сваім, польскім каралём Ягайлам-Уладзіславам. Тою ж восенню прыйшлі яны да Смаленска, і князёў Юр’я Святаслававіча і Алега разанскага са Смаленска выгналі, і горад і ўсю зямлю Смаленскую занялі, і, уцвердзіўшы ды ўмацаваўшы ўсіх людзей у Смаленску, пайшлі ў Літву.
    Як князь Вітаўт каралю Ягайлу жонку сасватаў
    Едучы назад, вялікі князь Вітаўт і кароль Ягайла заехалі ў Друцк і былі на абедзе ў князя друцкага Сямёна Дзмітрыевіча. А ў караля Ягайлы ўжо трэцяя жонка была памерла без плоду*, ды ён пабачыў у князя Сямёна дзвюх яго прыгожых сястрычан*, старэйшая Васіліса, празваная Бялухаю, а малодшая Зофія. I прасіў Ягайла Вітаўта, кажучы так: «Было ў мяне тры жонкі, дзве ляхавіцы*, а трэцяя нямкіня*, але плоду з імі не меў. А цяпер прашу цябе, з’яднай* мне ў князя Сямёна сястрычну яго меншую Зофію, я за сябе замуж яе ўзяў бы, можа, хоць з роду рускага мне Бог дзяцей даў бы». I калі князь Вітаўт пачаў гаварыць пра тое князю Сямёну, той адказаў: «Гаспадару вялікі княжа Вітаўце! Кароль Ягайла — брат твой Kapa-
    наваны і гаспадар вялікі. He магло б быць сястрычне маёй лепей, як за Яго Міласць замуж пайсці, але ж мне не гадзіцца рабіць ганьбу і сорам яе старэйшай сястры тым, што малодшая раней за старэйшую замуж пайшла б. Дык няхай бы Яго Міласць старэйшую ўзяў». I калі князь Вітаўт пра гэта каралю Ягайлу паведаў, той яму адказаў: «Я сам ведаю, што старэйшая сястра цудоўнейшая, бо мае вусы, а гэта азначае, што дзеўка яна моцная, але я чалавек стары — не смею на яе спакусіцца».