Старажытная беларуская літаратура
Выдавец: Юнацтва
Памер: 464с.
Мінск 1996
А сын Жыгімонтаў, Міхайлушка, пачуў пра тое і зачыніўся ў Малым троцкім замку, а ў большым застаўся Лелюшы, трымаючы той замак па дамове з Доўгердам для Швідрыгайлы, а сам Доўгерд заняў Ніжні замак у Вільні таксама для Швідрыгайлы; Нарбут жа, праехаўшы жывым* мостам, заняў Верхні замак для Міхайлушкі.
Як літоўскія паны-рада каралевіча Казіміра на Вялікае княжэнне Літоўскае ўзялі
А паны-рада з зямель Вялікага княства пра тое нічога не ведалі, ні пра задуму князя Жыгімонта, ні пра намеры віленскага і троцкага ваяводаў, бо князь Жыгімонт рассылаў граматы ўсім землям ды ўскраінным гарадам і ўсім панам, нічога не распавядаючы пра задуму сваю ліхую. I яны яшчэ не з’ехаліся на сойм, бо былі некаторыя ў дальніх гарадах ды землях Вялікага княства: Кезгайла, стараста жамойцкі, у Жамойці, Ян Гаштольт у Смаленску, бо ён быў у той час намеснікам смаленскім. Князь вялікі Жыгімонт і яму пісаў, каб у час да яго прыехаў, а на месца Яна Гаштольта паслаў да Смаленска Андрэя Саковіча. I калі ехаў Ян Гаштольт да князя Жыгімонта, то заехаў засведчыць пашану да князёў валожынскіх, і князі валожынскія пашану вялікую яму ўзнеслі. Калі быў ён у Валожыне, прыйшла яму вестка пра смерць вялікага князя Жыгімонта. Гаштольт як найхутчэй паспяшаўся ў Гальшаны да князя Юр’я Сямёнавіча Гальшанскага, і яны, з’ехаўшыся, паслалі да пана віленскага, старасты жамойцкага Кезгайлы, да Мікалая Неміровіча і да Радзівіла, маршалка земскага. Усе тыя паны з’ехаліся ў Гальшаны да князя Юр’я і ўмыслілі аднадушна ўзяць сабе гаспадаром на Вялікае княства каралевіча Казіміра, сына Ягайлавага, спадкаемца Літоўскае зямлі, і паслалі паслоў у Ляшскую зямлю, у Судамір, да каралевіча Казіміра. Адправілі да яго паноў Кезгайлавых, Міхайлу ды Яна.
I раней па загадзе Жыгімонтавым былі схоплены рускія князі. Князь Алелька пасаджаны быў у Кернаве, княгіня ягоная з двума сынамі, князьмі Сямёнам ды Міхайлам, ва Уцене, а князь Юры Лінгвеневіч у Троках. I паны неўзабаве пасля смерці Жыгімонта выпусцілі іх, і князь Юры Лінгвеневіч паехаў да Мсціслава, князь Алелька з княгіняю ды з сынамі да Капыля, а ўсе паны літоўскія і князь Юры Гальшанскі да Берасця, следам за пасламі сваімі.
Прыехалі паслы ў Судамір да каралевіча і пачалі прасіць яго, каб у іх гаспадаром быў. Але паны ляшскія не хацелі яго адпусціць з зямлі сваёй, бо кароль іхні Уладзіслаў, сын Ягайлаў, які панаваў у кароне Вугорскай і Польскай, згінуў у тым жа годзе на полі бою, у сечы з турэцкім валадаром, невядома дзе. Яшчэ пра яго нічога не ведалі — жывы ён ці не, таму і не хацелі адпусціць карале-
віча. Паслы ж літоўскія пачалі распавядаць пра Літву ды пра ловы раскошныя на звяроў, якія ёсць у Літве: на тураў, зуброў ды іншых размаітых звяроў. А каралевіч Казімір вельмі любіў ловы і мысліўства* і таму даў згоду ехаць з тымі пасламі без ведама паноў ляшскіх. Спусціўся ён з замка судамірскага да паноў літоўскіх, і тыя двое, хутчэй узяўшы яго, з вялікаю пачэснасцю прывезлі да паноў у Берасце. I там жа паны-рада: князь Юры Гальшанскі, пан віленскі, стараста жамойцкі Кезгайла, Ян Гаштольт, Мікалай Неміровіч ды Осцік, маршалак земскі, узвялі каралевіча Казіміра на Вялікае княжэнне Літоўскае. А было яму тады не больш за трынаццаць гадоў.
Па малым часе прыехалі князі Сангушкавічы з Валыні, і ўсе князі ды баяры валынскія прыехалі і ўдарылі чалом вялікаму князю Казіміру, што хочуць да яго на службу, і прысягу далі верна служыць яму і Вялікаму княству Літоўскаму. Князь вялікі Казімір, прыняўшы валынцаў, з усімі тымі князьмі ды літоўскімі панамі-радаю паехаў да Валыні ў Луцк на пасад бацькі свайго, караля Ягайлы, і дзядзькі свайго, князя Вітаўта.
Пра князёў Міхайлушку Жыгімонтавіча і Юр'я Насуту
А сын Жыгімонтаў, Міхайлушка, пэўна даведаўся, што князі ды паны-рада літоўскія ўжо ўзялі сабе гаспадаром каралевіча Казіміра з Ляхаў і ўзнеслі яго ў Берасці на княжэнне Літоўскае. I Міхайлушка з замка троцкага выехаў і кінуўся на ўцёкі да Мазоўша да цёткі сваёй, княгіні мазавецкай Янушавай жонкі, бо была яна сястрою ягонага бацькі, мачахаю княгіні Баляслававай. Калі ехаў Міхайлушка праз Рудніцкі бор, то спаткаўся ў тым бары з вялікім князем Казімірам, і ўдарыў яму чалом, і пачаў прасіць ласкі; і князь Казімір сваю ласку яму абяцаў, пры бацькаўшчыне ягонай пакінуць. А потым вялікі князь Казімір паехаў да Вільні і сеў на стальцы бацькі свайго, караля Ягайлы, і дзядзькі свайго, вялікага князя Вітаўта,— у Вільні — і ва ўсім Вялікім княстве Літоўскім, Рускім і Валынскім.
Калі Казімір з’явіўся ў Вільні, старастам дарагічынскім і мельніцкім быў Юрый Насута, пастаўлены яшчэ Жыгімонтам. Як толькі ён пачуў, што каралевіча Казіміра пасадзілі на Вялікае княжэнне, а Міхайлушка Жыгімонта-
віч уцёк да Мазоўша, ён сумысліў служыць разам са сваімі гарадамі Міхайлушку Жыгімонтавічу, і яшчэ намовіў шмат княскіх ды польскіх гарадоў, і з усімі тымі гарадамі адкўпіўся* ад Вялікага княства, і пачаў іх трымаць для Міхайлушкі і для Мазоўша.
Пачуўшы пра тое, вялікі князь Казімір і паны-рада Вялікага княства адразу ж паслалі войска на чале з Янам Гаштольтам, якому даручылі апекавацца Казімірам, бо быў ён яшчэ малы. I Ян Гаштольт па загадзе вялікага князя паехаў да тых гарадоў і мечам іх здабыў, і ўсё ў цэласці вярнуў Вялікаму княству. А Юрый Насута ўцёк да Мазоўша, бо быў родам мазаўшанін. Вярнуўшы ўсе тыя гарады, прыехаў Ян Гаштольт у Вільню да вялікага князя.
I калі Казімір у Вільні быў, пачаў мовіць яму ваявода віленскі Доўгерд, складаючы з сябе віну: нібы не змаўляўся ён з Лелюшым, ваяводам троцкім, забіць вялікага князя Жыгімонта; і мовіў Доўгерд Казіміру: «Лелюшы, кажа, не варты з намі ў думе бываць, бо, кажа, у ягоным ваяводстве, у троцкім замку, князя Жыгімонта забілі, падобна, з ягонае направы. А быў Доўгерд моцны ў брацтве, і князь вялікі з направы Доўгердавай у Лелюшы горад Трокі адняў і даў дзядзьку свайму, Яну Гаштольту.
Як Жамойць супраць вялікага князя Казіміра паўстала
А потым прыйшлі весткі з Жамойці, што жамойты не хочуць паслухмянымі быць вялікаму князю Казіміру, бо трымалі сваю зямлю для Міхайлушкі Жыгімонтавіча, і намеснікаў старасты Кезгайлы выгналі, і паставілі ў сябе старастам Контаўтавага пляменніка Даўмонта, бо быў Контаўт родам жмудзін.
I князь вялікі Казімір шкадаваў вельмі, што жамойць адступілася ад Вялікага княства Літоўскага, і, хочучы іх сілаю вярнуць да айчыны сваёй, як раней было, у той жа час граматы разаслаў па ўсіх воласцях Вялікага княства, каб хутчэй паспяшаліся на вайну. Сабраў ён сілу літоўскую, і пайшоў на Жамойць, і спыніўся ў Коўне. А жамойць, сабраўшыся, стала на Нявежы, хочучы бой даць Казіміру. Тады пачаў мовіць яму дзядзька ягоны, Ян Гаштольт: «Гаспадару княжа Казіміру! He гожа табе біцца са сваімі падданымі, бо, калі яны цябе перамогуць, табе ж, гаспадару нашаму міласціваму, сорам будзе, і калі ты пера-
можаш — табе няслава: сваіх падданых войскам пабіў. Таму ўчыні так: пастаў, твая міласць, ім старасту паводле іхняе волі — Контаўта, бо цяпер у Жамойці Контаўтаў пляменнік справуе*, а той іх саміх і пляменніка свайго намовіць, каб зямлі сваёй не далі сказіць і каб супраць цябе, гаспадара свайго, не стаялі. Бо калі ты, гаспадар наш, з войскам сваім на іх пойдзеш, то зямлю іхнюю ўсю сказіш і саміх іх папалоніш, а потым табе, гаспадару нашаму, ніякага пажытку ад іх не будзе».
Князь Казімір, тыя словы выслухаўшы, паслаў да Жамойці пана Контаўта. Той жа, прыехаўшы да войска жамойцкага, адразу ж паведаў, што Міхайлушка ўцёк, а князь вялікі Казімір запанаваў у Вільні і ў Троках, і ва ўсіх княствах Літоўскіх і Рускіх. А потым намовіў пляменніка свайго, якога жамойты былі абралі старастам, каб не думаў ваяваць супраць такога вялікага гаспадара, а тым больш роднага спадкаемца літоўскага, і той пляменнік Контаўтаў зразумеў, што нельга ісці вайною на такога вялікага гаспадара. I жмудзь прызволіла служыць князю вялікаму Казіміру, і ўсе разам прыехалі ў Коўна да вялікага князя, і ўдарылі чалом, хочучы служыць яму верна, і прысягу сваю на тым далі. Казі.мір прыняў іх і прысягу ім даў, што будзе літасцівым да іх з усёю іхняю маетнасцю. Гэтак умацаваўшы іх прысягамі ды пад сябе падбіўшы*, Казімір мовіў Кезгайлу, старасту жамойцкаму, каб тры гады старастам у жамойці быў Контаўт, бо ён наверне іх служыць вялікаму князю. Кезгайла на тое прызволіў, і, як мінула тры гады, ён па-ранейшаму стаў старастам жамойцкім, а Контаўта адхілілі. Мы ж да папярэдняга вернемся.
Пра ростыркі* ў Смаленску
Калі быў Андрэй Саковіч у Смаленску, пасланы яшчэ Жыгімонтам на месца Яна Гаштольта, пачуў ён пра смерць Жыгімонта і пачаў прыводзіць да прысягі смалян: каго князі ды паны літоўскія гаспадаром абяруць, таго яны і прызнаюць, а іншага гаспадара шукаць не будуць, «а мяне вам трымаць у сябе ваяводам належыць, пакуль вялікі князь не запануе ў Вільні». I ўладыка смаленскі Сямён, і князі, і баяры, і месцічы*, і чорныя людзі* прысягнулі Андрэю, што будуць трымаць яго ў Смаленску ў пашане.
А праз нямала дзён, на святым тыдні*, у сераду, заду-
малі смаляне, чорныя людзі — кавалі, кажамякі, шаўцы, мяснікі, кацельнікі,— задумалі прысягу пераступіць, Андрэя Саковіча сілаю з горада выслаць, і нарадзіліся ў зброі*, з суліцамі, ды са стрэламі, ды з косамі, ды з сякерамі, і зазванілі ў звон. Андрэй пачаў раіцца з баярамі смаленскімі, і яны яму сказалі: «Загадай дваранам сваім узброіцца, і мы з табою. Хіба лепш аддацца ім у рукі?» I пайшлі яны з коп’ямі на конях супраць простых людзей, і саступіліся* яны ў горадзе каля цэрквы святых Барыса і Глеба, і Андрэй з баярамі пабілі коп’ямі чорных людзей да смерці, а іншыя, параненыя, жывымі засталіся. I разбегліся чорныя людзі. У тую ж ноч Андрэй разам з жонкаю выехаў з горада, і баяры смаленскія з ім.
Пасля таго быў мяцеж вялікі ў Смаленску. Схапілі смаляне Петрыка, маршалка смаленскага, і ўтапілі ў Дняпры, a пасадзілі.ваяводам у Смаленску князя Андрэя Дзмітрыевіча Дарагабужскага. Але баяры смаленскія не хацелі, каб той князь Дарагабужскі ў іх ваяводам быў, бо не яны самі абралі яго ваяводам, а простыя людзі. I паехалі баяры смаленскія да вялікага князя Казіміра біць чалом, што простыя людзі без іхняе волі абралі сабе ў Смаленску ваяводам князя Андрэя Дарагабужскага. Простыя людзі, пачуўшы пра тое, што баяры смаленскія паехалі да Казіміра, збаяліся і вельмі таго ўстрашыліся, і пачалі шукаць сабе большае дапамогі, і ўмыслілі аднастайнаю радаю* ўзяць сабе гаспадаром князя Юрыя Лінгвеневіча. Прыехаў да іх той князь Юрый Лінгвень і гаспадаром стаў. Калі баяры прыехалі ад князя Казіміра, ён адных пасцінаў, а другіх схапіў, у ланцугі закаваў і ўсю маетнасць у іх паадымаў і пааддаваў сваім баярам, і ўмысліў не слухацца вялікага князя Казіміра. Князю Казіміру таго шкада стала вельмі, і паслаў ён да Смаленска сваіх паноў-раду з войскам. I паны-рада з войскам стаялі пад Смаленскам тры тыдні, але, нічога гораду не ўчыніўшы, пасады і манастыры папалілі, ды шмат людзей у палон павялі, ды крыві хрысціянскае нямала пралілі, і вярнуліся назад да вялікага князя Казіміра. I вялікі князь, сабраўшы ўсе свае сілы літоўскія, тою ж восенню сам прывёў сваё войска да Смаленска і горад узяў. А князь Юрый Лінгвень, баючыся гневу Казіміравага, сам з княгіняю ўцёк да Вялікага Ноўгарада. I князь вялікі зноў даў Смаленск трымаць Андрэю Саковічу і назад вярнуўся да стальца свайго, у Вільню.