• Газеты, часопісы і г.д.
  • Старажытная беларуская літаратура

    Старажытная беларуская літаратура


    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 464с.
    Мінск 1996
    160.76 МБ
    У год ад Божага нараджэння 1492 месяца траўня 24 дня, перад сёмаю суботаю, узялі цела Казімірава, адвезлі да кароны Польскае ў горад Кракаў і паклалі ў замку ў касцеле
    святога Станіслава, у капліцы, якую ён сам быў пабудаваў. Там жа і ўдава ягоная Альжбета пасля яго смерці нейкі час жыла і па смерці сваёй была пахавана ў той жа капліцы.
    Як вялікі князь Аляксандар ажаніуся з маскоўскаю князёўнай Аленаю
    Пасля смерці караля Казіміра ляхі ўзялі сабе каралём сына ягонага каралевіча Альбрахта, а Літва ўзяла сабе вялікім князем яго роднага брата каралевіча Аляксандра.
    У тым жа годзе, пад зіму, вялікі князь маскоўскі Іван Васільевіч пачаў вайну супраць Вялікага княства Літоўскага і горад Вязьму ўзяў ды іншых гарадоў нямала: Хлепень, Мяшчоўск, Любуцк, Мцэнск, Сярпейск, і воласцяў шмат. Вялікі князь літоўскі Аляксандар і паны-рада Вялікага княства Літоўскага ўбачылі, што вялікі князь маскоўскі, забыўшыся на даканчанне і крыжацалаванне, якое было між ім ды бацькам Аляксандравым, каралём Казімірам, пайшоў на яго такою вайною безадпаведнаю і нямала гарадоў ды воласцяў пабраў. А князь Аляксандар толькі на пасад уссеў, і таму ў той час яму цяжка было ваяваць з князем маскоўскім. Прыслаў Аляксандар да яго паслоў сваіх; ваяводу троцкага, маршалка земскага пана Пятра Янавіча, пана троцкага, старасту жамойцкага пана Станіслава Янавіча, маршалка пана Войцеха Янавіча, пісара пана Федзьку Грыгор’евіча.
    Яны, прыехаўшы ў Маскву да вялікага князя Івана Васільевіча, узялі з ім вечны мір і даканчанне, і крыжацалаванне на сябе ды на дзяцей сваіх учынілі, і змовілі ў яго дачку ягоную, вялікую князёўну Алену, за вялікага князя Аляксандра. Горад жа Вязьма і ўсе вышэйназваныя гарады і воласці засталіся за вялікім князем маскоўскім, толькі тых смалян, якія ў тых гарадах былі палонены, адпусцілі ў Смаленск.
    Пазней, калі наступіў 7003 год ад пачатку свету, а ад Божага нараджэння 1495, паслаў вялікі князь Аляксандар у Маскву да князя Івана па князёўну Алену — пана віленскага, намесніка горадзенскага князя Аляксандра Юр’евіча, пана троцкага, намесніка полацкага пана Забярэзінскага, Юр’евага сына, намесніка браслаўскага пана Юр’я Зяноўевіча ды пісара, дзяржаўцу стокліскага пана Федзьку Грыгор’евіча.
    Яны ж, прыехаўшы ў Маскву, узялі вялікую князёўну Алену і прывезлі яе да Літвы, а з ёю былі пасланы ад бацькі яе, вялікага князя Івана Васільевіча, паслы — князь Сямён Рапалоўскі, Міхайла Русалка, Іван Скуратаў, дзяк Васілій Кулешын. Прывезлі яе да горада Вільні за два тыдні да вялікіх запустаў. I вялікі князь Аляксандар з усімі панамі раднымі і з дваранамі і з многімі людзьмі сустрэў яе, з’ехаўшы з гор, і разам яны ўехалі ў горад Вільню. I было там наладжана вялікае вяселле, як вялікім гаспадарам належыць, і было тое вяселле некалькі тыдняў, а пасля таго паслы маскоўскія з вялікаю пашанаю ды з багатымі дарамі былі адпушчаны дадому.
    У тым жа годзе прыехалі ў Вільню да князя Аляксандра маці ягоная каралева Альжбета з сынам сваім, братам Аляксандравым, каралевічам Фрэдэрыкам, з кардыналам і арцыбіскупам кароны Польскае, біскупам кракаўскім і з дзвюма дочкамі — каралеўнамі Барбараю ды Альжбетаю. Вялікі князь прыняў іх з вялікаю радасцю, балі ды невымоўныя забавы на шмат дзён учыніў ім, як добры сын ласкавай матцы і як верны брат любімаму брату. I жылі яны ў Вільні доўгі час і, пабачыўшы нявестку сваю, вялікую княгіню Алену, з вялікаю пашанаю і велекаштоўнымі дарамі да Ляхаў вярнуліся.
    Пра вайну караля Ольбрахта і вялікага князя Аляксандра з валоскім ваяводам Стэфанам
    Тою ж восенню саслаліся* кароль польскі Ольбрахт з братам сваім, вялікім князем літоўскім Аляксандрам, і, параіўшыся, палажылі між сабою сустрэцца на сойме ў Парцове. I тою зімою князь Аляксандар з княгіняю Аленаю і з панамі аб’язджаў зямлю Рускую, і былі яны ў Смаленску, Віцебску і Полацку, і навесну зноў вярнуліся ў Вільню.
    У год 7004 ад пачатку свету, а ад Божага нараджэння 1496 паехаў вялікі князь Аляксандар да Берасця, кароль жа Ольбрахт з іхнім братам, каралевічам Жыгімонтам, падаўся да Любліна, а потым з усімі сваімі панамі-радаю з абодвух бакоў з’ехаліся на сойм да Парцова, і былі ўсе пасполу* ў Парцове два тыдні. А што між сабою ўмыслілі ды ўрадзілі, тое ўсё ў вялікай таямніцы захаваўшы, раз’ехаліся
    розна — Ольбрахт да Кракава, а вялікі князь Аляксандар да Вільні.
    У год 7005 ад пачатку свету, а ад Божага нараджэння 1497 сабраў кароль польскі Ольбрахт вялікае мноства войска свайго і з усімі моцамі кароны Польскае, падрыхтаваўшыся конна і збройна, пайшоў вайною на Стэфана, ваяводу валоскага. А князь вялікі Аляксандар па дамове, учыненай з Ольбрахтам на сойме ў Парцове, без ведама ўсіх сваіх паноў-рады, рушыў праз Брацлаў да Сарокі, у зямлю Валоскую, а кароль Ольбрахт з другога боку. I калі прыйшоў князь Аляксандар пад Брацлаў, да ракі Буг, паны літоўскія пачалі яго пытаідь: «Міласцівы гаспадару наш! Куды твая міласць вядзе нас?» I князь Аляксандар адказаў: «Калі б ведала кашуля, якая на мне, я і тую спаліў бы». Паны ж сказалі: «Калі ты, гаспадар наш, нам рады і задумы сваёй не паведаеш, мы, воі, не пойдзем за раку Буг».
    I князь вялікі Аляксандар пабачыў тое, што паводле намовы брата свайго караля Ольбрахта ўчыніць і ў Валоскай зямлі з усёю сілаю быць не можа, бо паны-рада, усё войска не хацелі туды ісці, таму як ім задумы сваёй не паведаў. I ён адправіў да Валоскае зямлі брату Ольбрахту на дапамогу маршалка свайго, намесніка лідскага пана Станіслава Пятровіча, князя Сямёна Іванавіча Мажайскага, князя Васілія Іванавіча Шамячыча, а з імі колькі тысяч княжычаў ды панічоў і выбраных дваранаў. А сам князь Аляксандар загадаў Брацлаў адбудаваць нанова, бо горад быў спустошаны і спалены ваяводам валоскім.
    Вяртаючыся з Брацлава, ён завітаў у Трокі да ваяводы троцкага пана Пятра Янавіча і адведаў яго ў Троках, бо пан Пётр вельмі хварэў, а быў ён у той час і ваяводам троцкім і найвышэйшым гетманам літоўскім. Князь Аляксандар, пабачыўшы яго хворым, пачаў раіцца з ім, каму б пасля смерці Пятра гетманства перадаць. I пан Пётр раіў, каб далі гетманства князю валынскаму Канстанціну Астрожскаму. I кароль тады ж з намовы ваяводы троцкага перадаў гетманства князю Канстанціну.
    А тым часам кароль Ольбрахт ужо быў у зямлі Валоскай. I ўведаў Стэфан, ваявода валоскі, з пэўнасцю пра тое, што Ольбрахт з вялікім гневам і з невымоўнаю моцаю прыйшоў у зямлю ягоную. I Стэфан, сабраўшы ўсё сваё войска, умацаваў добра сталічны замак свой — Сучаву — і ўсе іншыя свае гарады, сам жа з усім войскам сваім парушыў у горы, у мясціны цесныя і непраходныя, дзе быў ягоны любімы манастыр, называны Путна, і там у вялікай цвёрдасці* з
    усім войскам сваім схаваўся. Кароль жа Ольбрахт, прыйшоўшы да Сучавы, стаяў пад горадам некалькі дзён і зразумеў, што нічога гораду ўчыніць не можа, бо ўсе валохі, якія былі абложаны ў Сучаве, такі адказ далі яму: «Ведай пэўна, што мы гаспадару нашаму і гораду ягонаму здраднікамі быць не можам, бо гаспадар наш Стэфан-ваявода зараз на полі са сваім войскам. Калі хочаш, пайдзі перамажы яго, тады гарады і ўся зямля ягоная ў руках тваіх будзе». I Ольбрахт адступіўся ад Сучавы і рушыў у зямлю Валоскую, хочучы зацята біцца са Стэфанам. Ваявода ж валоскі, бачачы тое, што адпору Ольбрахту ўчыніць не можа, паслаў да яго паслоў сваіх, і папрасіў у караля міру, і згадзіўся з усёю сваёй зямлёю галдаваць яму, як і бацьку ягонаму — каралю Казіміру. I яны граматы на тым падпісалі ды прысягу далі, што на тым цвёрда стаяць будуць.
    Пачуў ваявода пра тое, што кароль Ольбрахт не хоча тою ж дарогаю вяртацца, якою прыйшоў, але жадае ісці іншаю дарогаю, цераз скалістыя букавіны, і рады ён быў таму вельмі і, не дбаючы аб прысязе і падпісанні вечнага міру, хутка паслаў да цара турэцкага, і да Вуграў, і да мультыянскага* ваяводы. I яны адразу ж прыслалі яму колькі тысяч людзей, а да таго ж ён сам усіх сваіх людзей конных ды пешых намовіў і падрыхтаваў. Ужо як быў кароль Ольбрахт з усім войскам на Букавіне і ішоў бязбоязна, ніадкуль не чакаючы ніякае небяспекі, бо яны з ваяводам валоскім між сабою прысягалі і вечны мір падпісвалі. А Стэфан быў тады вельмі нямоцны на ногі, але, вельмі хочучы волю сваю здзейсніць, забыўся на свае немачы ды хваробы, загадаў, каб яго ў санях везлі, і прыйшоў з усімі людзьмі сваімі, і з туркамі, і з вуграмі, і з мультыянамі, і ўдарыў у тых лясах і букавінах па войску караля Ольбрахта. I многіх з войска каралёва яны пабілі, а іншых жывымі схапілі, і шмат вазоў з вялікімі скарбамі і колькі знакамітых гарматаў пазабіралі, самому ж каралю Ольбрахту і многім панам ды воям ягоным нічога не ўчынілі. Калі ўжо кароль прайшоў праз лясы і букавіны, ваявода валоскі з усімі сваімі людзьмі вярнуўся назад. Тады ж Стэфан паланіў вялікага маршалка кароны Польскае пана Тачынскага.
    Маршалак жа вялікага князя літоўскага Аляксандра, пан Станіслаў Пятровіч, з усімі людзьмі, якія былі з ім пасланы на дапамогу каралю Ольбрахту, у свой час прыйсці не паспелі, бо, перайшоўшы раку Днестр, спаткалі валохаў і стачылі з імі бой. Міласэрнасцю Божаю яны разбілі валохаў,
    але не паспелі прыйсці каралю на дапамогу, з’явіўшыся пасля пабоішча: ваявода валоскі назад пайшоў, а кароль Ольбрахт у той час разнямогся, войска ягонае ў вялікім жалю ды смутку было, яшчэ чакаючы за сабою пагоні. I як пабачыў кароль войска брата свайго, што прыйшло яму на дапамогу, рады быў вельмі, узвесяліўся і ўсцешыўся сэрцам, і далей рушыў дарогаю бязбоязна, і, дайшоўшы да Камянца, а потым і да Львова, войскі разышліся кожны да сябе.
    Вялікі ж князь Аляксандар стаяў у Брайдаве доўгі час, і горад адбудаваў, і ўсе тыя людзі, якія былі зведзены з Брацлава да Валохаў, зноў вярнуліся да горада. Тады ж на полі за дванаццаць міляў ад Брацдава літва разбіла некалькі сот татараў. Пасля таго вялікі князь Аляксандар вярнуўся да Літвы.
    У тым жа годзе быў голад вялікі ў зямлі Літоўскай і немачы французскія* сярод людзей пачалі множыцца.
    А на другое лета і восень прыходзіў Стэфан, і з ім вялікі паша цара турэцкага, на імя Малькоч, з многімі людзьмі, і паваявалі зямлю Ляшскую, пачаўшы ад Камянца ды Львова і аж да Тарнова, і, не дайшоўшы дзесяці міляў да Кракава, вярнуліся, многа зла зямлі Ляшскай учыніўшы.