• Газеты, часопісы і г.д.
  • Старажытная беларуская літаратура

    Старажытная беларуская літаратура


    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 464с.
    Мінск 1996
    160.76 МБ
    Як Вялікае княства Літоўскае было зваявана праз маскоўцаў, а таксама праз татараў перакопскіх
    У год ад пачатку свету 7008, а ад Божага нараджэння 1499 умысліў вялікі князь маскоўскі Іван Васільевіч пачаць вайну з зяцем сваім, вялікім князем літоўскім Аляксандрам, па змове з царом перакопскім Мэндлі-Кірэем і са сватам сваі.м, ваяводам валоскім Стэфанам, пераступіўшы прысягу, вечнае даканчанне ды кроўнае звязанне. 1 паслаў таемна Іван Васільевіч да князёў Сямёна Іванавіча Бельскага, Сямёна Іванавіча Мажайскага, Васілія Іванавіча Шамячыча, каб яны са сваімі гарадамі ды воласцямі адступіліся ад зяця ягонага, князя Аляксандра, і разам з усім тым служылі яму, а да таго ж яшчэ абяцаў ім шмат сваіх гарадоў ды воласцяў. На тым Іван Васільевіч з князьмі дамову і прысягу між сабою ўчынілі, што яны з дапамогаю ягонаю маюць ваяваць Вялікае княства Літоўскае безупынна, і тыя гарады і воласці ад Літвы забраць ды ім самім усё трымаць. Намовіўшы і моцна ўцвердзіўшы іх, вялікі князь маскоўскі
    прыслаў ваяводу свайго Якава Захарыніча з многімі людзьмі да Бранска і да Северскае зямлі, і яны бязвесна* прыйшлі і сталі непадалёк ад Бранска.
    Ваяводу ж бранскаму пану Станіславу Барташэвічу пра тое ніякае весткі не было, бо ў той час ён быў у аб’ездзе, у двары каралеўскім ва Ушчыжы. А тою ноччу праз здраду бранцаў быў спалены горад Бранск. Маскоўцы ж, як уведалі, што горад Бранск згарэў, борзда паспяшаліся да горада і знячэўку пана Станіслава Барташэвіча ў адным сяле схапілі, і з ім шмат іншых бранцаў, а затым, прыйшоўшы, места Бранскае і ўсю зямлю Северскую занялі, і ўсе бранцы прысягнулі служыць вялікаму князю маскоўскаму.
    Уведалі ж князі Сямён Іванавіч Мажайскі ды Васілій Іванавіч Шамячыч, што маскоўцы Бранск узялі, і тыя князі, прыехаўшы да Якава Захарыніча, ваяводы вялікага князя маскоўскага, на раку Контаўт, прысягнулі служыць Івану Васільевічу з усімі гарадамі — Чарнігавам, Старадубам, Гомлем, Ноўгарадам-Северскім, Рыльскам — і з усімі воласцямі, што былі пад уладаю Вялікага княства Літоўскага. Князь жа Сямён Іванавіч Бельскі яшчэ перад узяццем места Бранскага прыехаў у Маскву і з усёю айчынаю сваёй перадаўся вялікаму князю маскоўскаму.
    Пачуў вялікі князь літоўскі Аляксандар пра тое, што цесць ягоны, вялікі князь маскоўскі Іван Васільевіч, рушыў на яго вайною, і горад Бранск і шмат іншых гарадоў яму здалося і разам з тымі вышэйназванымі князьмі прысягнулі служыць яму. I паслаў князь Аляксандар да Смаленска гетмана свайго князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага, маршалка свайго дворнага, намесніка мярэцкага і анікшцейскага* пана Грыгорыя Станіслававіча Асціковіча, падчашага свайго, намесніка бельскага пана Мікалая Мікалаевіча, маршалка пана Яна Пятровіча, маршалка, намесніка новагародскага і слонімскага Літавара Храптовіча ды шмат іншых князёў, паноў, дваранаў і баяраў сваіх, і, паслаўшы іх уперад, сам з усімі людзьмі Вялікага княства Літоўскага пайшоў да горада Менска, а адтуль да Барысава і стаяў там немалы час.
    Князь жа Канстанцін Іванавіч Астрожскі з вышэйназванымі панамі і з усімі людзьмі, якія былі з ім, прыйшоў да горада Смаленска. А тады ваяводам у Смаленску быў пан Станіслаў Пятровіч, званы Кішка. Прыйшла вестка ў Смаленск, што ваявода князя маскоўскага Юры Захарыніч стаіць на Ведрашы з вельмі малымі сіламі. I князь Канстанцін з усімі людзьмі і панамі, а яшчэ і з ваяводам смален-
    скім і з усімі смалянамі, узброіўшыся ды зрадзіўшыся, пайшлі пад Дарагабуж і прыйшлі да Ельні. А ў той час злавілі аднаго языка з войска маскоўскага, іменем Герман, які, будучы дзякам Багдана Сапегі, уцёк да Масквы. Той язык паведаў ім пра войска маскоўскае так: «Ваявода князя маскоўскага Юры Захарыніч доўгі час быў пад Дарагабужам з малым лікам людзей, а тры тыдні назад прыйшлі яму на дапамогу іншыя, большыя ваяводы — князі Даніла Васільевіч Шчэня ды Іван Міхайлавіч Перамышльскі. I ўсе яны з многімі іншымі ваяводамі і людзьмі ўжо стаяць на адным месцы пад Дарагабужам, а таму калі б вы прыйшлі раней, яны не маглі б з вамі бой стачыць. Зараз жа добра ведайце і разумейце, што не трэба ісці на іх. Вярніцеся назад, бо вам не варта біцца з імі — іх шмат, а вас проці іх вельмі мала». Але князі літоўскія, не хочучы верыць яму і думаючы, што гэта ілга ды няпраўда, загадалі языка павесіць, самі ж далей паехалі. Прамінуўшы вёску Лапаціна і не дайшоўшы дзвюх міляў да вёскі Ведрашы, уведалі пэўна, што маскоўцы, моцна ўзброіўшыся і падрыхтаваўшыся, стаяць напагатове'ў Ведрашы, чакаючы іх. Князь Канстанцін і паны і ўсе людзі, якія былі з імі, раду і задуму на тым палажылі: мала ці многа маскоўцаў будзе — усё роўна, толькі Бога ўзяўшы на дапамогу, біцца з імі, а не біўшыся, назад не вяртацца, але ісці на бітву і бачыць усё, што мае адбыцца і на што будзе воля Божая. I тое ўмысліўшы і на тым пастанавіўшы, пайшлі яны шляхам сваім з Лапаціна да Ведрашы дзве мілі лесам, граззю злою, і з вялікаю вымогаю ды цяжкасцю ледзьве прайшлі лес, і хутка выйшлі на поле, дзе сустрэліся з маскоўцамі, і сышліся з імі, і тут пачалі бой між сабою, і з абодвух бакоў шмат людзей пабілі, а іншых паранілі. Маскоўцы назад павярнулі і, перайшоўшы рэчку Ведраш, да сваіх вялікіх палкоў вярнуліся, і там, апалчыўшыся, сталі. Ліцвіны ж, як прыйшлі да рэчкі, хутка ды спешна за раку пайшлі і пачалі неадступна біцца. Маскоўцы ж думалі, што літва вялікаю сілаю на іх з лесу ідзе ды, спадзеючыся на сілу сваю, так смела выходзіць. I таго баючыся, маскоўцы не маглі з імі смела біцца і ледзьве не ўсе пабеглі. Потым, калі літва выйшла на поле, яны пабачылі і зразумелі, што ліцвінаў няшмат. Бо літоўскае войска было не большае як паўчварты* тысячы конных, акром пешых, a маскоўцаў было сорак добра ўзброеных і спраўленых коннікаў, не лічачы пешых. I бачачы, як мужна ды харобра выйшла такое невялікае войска літоўскае, дзівіліся яны, а потым, як ужо ўгледзелі ўсіх, тады дружна ды цвёрда ру-
    шылі на войска літоўскае. Літва ж, пачаўшы біцца і пабачыўшы, што маскоўцаў шмат, а іх саміх мала, не магла далей устаяць перад іх націскам, пабегла. Маскоўцы ж пагналіся за літвою, многіх пабілі, а іншых жывымі паймалі. Тады запалонены быў гетман князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі, пан Грыгоры Станіслававіч Асціковіч, Літавар Храптовіч, пан Мікалай Юр’евіч Глябовіч, пан Мікалай Зяноўевіч ды шмат іншых паноў. Ян жа Пятровіч незаўважна ўцёк, а іншых шмат пабілі і схапілі. Маскоўцы, вярнуўшыся з пабоішча, усіх паноў палонных адаслалі да вялікага князя ў Маскву.
    Вялікі ж князь літоўскі Аляксандар прыйшоў з усім войскам сваім і стаў на рацэ Бобр. У той час прыбеглі веснікі, апавядаючы яму, што ягонае перадавое войска маскоўцы пабілі на Ведрашы і гетмана, і паноў, і шмат людзей паланілі. Пачуўшы тое, засмуціўся ён вельмі з панамі і з усім войскам сваім, і жалем вялікім апанаваны быў многія дні, але потым адкінуў жаль ды смутак, і, Бога свайго Усемагутнага ўхваліўшы, рушыў з усімі людзьмі, і стаў у Абольцах, і там жыў немалы час. Тады з’явіўся да яго ў Абольцы пасол вялікага князя маскоўскага з адпаведнымі граматамі. Князь вялікі Аляксандар прыняў яго ў Абольцах і затым адпусціў, сам жа з ўсімі людзьмі пайшоў да Полацка і стаяў там мала не ўсю восень, і, умацаваўшы гарады Полацак, Віцебск і Смаленск, вярнуўся ў Літву.
    Тою ж восенню ваявода вялікага князя маскоўскага Якаў Захарыніч, царэвіч казанскі Магністэлі, князь Сямён Іванавіч Мажайскі ды князь Васілій Іванавіч Шамячыч, прыйшоўшы, горад Пуціўль узялі і намесніка пуціўльскага князя Багдана Федаравіча з княгіняю і з усімі пуціўльцамі ў палон павялі, і ўсю зямлю Северскую занялі, і гарады Дарагабуж, Залідаў і Тарапец аддалі вялікаму князю маскоўскаму.
    У тым жа годзе вялікі князь маскоўскі зяцю свайму, вялікаму князю Аляксандру, многа зла ўчыніў, пераступіўшы прысягу, вечнае даканчанне ды кроўнае звязанне.
    Тое ж восенню Мэндлі-Кірэй, цар перакопскі, з направы князя маскоўскага паслаў сына свайго Ахмат-Кірэя з іншымі сваімі дзецьмі ды з вялікімі сіламі татарскімі ваяваць зямлю Валынскую, Падляшскую і Ляшскую, і яны тыя землі ваявалі і месты Валадзімірскае ды Берасцейскае спалілі, і ваявалі каля Любліна да самае ракі Віслы, і, перайшоўшы Віслу, места Апатаў Вялікі спалілі, і, многа зла і невымоўнага кровапраліцця хрысціянам у Вялікім княстве Літоўскім і ў
    кароне Польскай учыніўшы і шмат гарадоў ды вёсак папаліўшы, з вялікім палонам і здабыткам да сябе адышлі.
    Тою ж зімою вялікі князь Аляксандар даў маршальства дворнае мілосніку свайму князю Міхайлу Львовічу Глінскаму, пра якога далей будзем шмат дзіўнага пісаць.
    Як маскоўцаў з-пад Смаленска прагналі
    У год ад пачатку свету 7009, а ад Божага нараджэння 1500 вялікі князь Аляксандар паслаў да кароны Польскае і да Чэхаў* і да Нямеччыны ганцоў, і наняў за грошы колькі тысяч вояў, і з усімі людзьмі паўстаў супраць цесця свайго, вялікага князя маскоўскага. Тады прыйшоў да яго ў Літву адзін чэх, іменем Ян Гірнін, а з ім шмат чэхаў, немцаў ды ляхаў. Князь жа вялікі Аляксандар сабраўся з усімі імі і рушыў да Менска. I ў Менску прыйшла яму вестка, што вялікі князь маскоўскі адправіў да Смаленска сына свайго князя Дзмітрыя Жылку з вялікім войскам, з гарматамі ды з усімі прыладамі для здабывання замкаў. I ўжо прыйшлі ўсе маскоўцы пад Смаленск і, аблажыўшы горад, упарта здабывалі яго.
    Пачуўшы тое, вялікі князь Аляксандар паслаў супраць яго пана троцкага, старасту жамойцкага Станіслава Яноўскага з усім войскам Вялікага княства Літоўскага і вышэйназванага чэха з усімі чужаземцамі. I ўсе яны рушылі на маскоўцаў. Тыя ж, будучы пад Смаленскам, ваявалі на ўсе стораны, а горад Смаленск, мала не ўвесь гарматамі аблажыўшы, і дзень і ноч безупынна здабывалі, і з вялікімі турамі, насыпанымі пяском ды зямлёю, невымоўна яго штурмавалі, але міласэрнасцю Божаю і дапамогаю прачыстае Багародзіцы не маглі ніякае шкоды гораду ўчыніць. I немалую працу ды намаганні прыкладаючы, і вялікую шкоду на сябе прымаючы,і людзей сваіх пагубляючы, з жалем ды са слязьмі ды з вялікім насміханнем пад горадам пераможаны былі і з ганьбаю ды няславаю прагнаны.
    Войскі ж вялікага князя Аляксандра — пан стараста жамойцкі з усімі сіламі,— прыйшоўшы да горада Воршы і перайшоўшы раку Дняпро, падаліся да гор. Як пачуў князь Дзмітрый Жылка, будучы пад Смаленскам, пра тое, што літва ідзе на яі о, ён, не ўзяўшы Смаленска, вярнуўся ў Маскву да бацькі свайго, вялікага князя маскоўскага. Войскі ж літоўскія, даведаўшыся, што маскоўцы адступіліся ад Смаленска, пайшлі і сталі на гарах і там стаялі ўсю восень.