• Газеты, часопісы і г.д.
  • Старажытная беларуская літаратура

    Старажытная беларуская літаратура


    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 464с.
    Мінск 1996
    160.76 МБ
    У той жа час князь Сямён Іванавіч Мажайскі прыйшоў з многімі людзьмі князя маскоўскага пад горад Мсціслаў. А тады было ў мсціслаўскай заставе шмат ваяроў літоўскіх. Князь жа мсціслаўскі Міхайла, даведаўшыся, што князь Сямён Мажайскі пайшоў з маскоўцамі да Мсціслава, акружыў горад і стаяў доўга і, многа зла вакол горада ўчыніўшы, назад вярнуўся. А пан стараста жамойцкі і гетман усяго Вялікага княства Літоўскага стаяў немалы час на гарах, а потым адышоў у Літву. Чэха ж Яна Гірніна з усімі чужаземцамі адправілі да Полацка ў заставу.
    Пра цара заволжскага Шыг-Ахмета, а таксама пра замірэнне караля Аляксандра з вялікім князем маскоўскім
    У год ад пачатку свету 7010, а ад Божага нараджэння 1501 у Прусах, у горадзе Торуні, памёр кароль польскі Ольбрахт, брат караля Аляксандра.
    У восень таго ж года выйшаў цар заволжскі ШыгАхмет, Ахматаў сын, з усёю ардою Заволжскаю, з вялікімі сіламі, а з ім вялікі пасол князя Аляксандра — пан Міхайла Халецкі. Прыйшлі яны ў зямлю Северскую, і сталі пад Ноўгарадам-Северскім і пад іншымі гарадамі, і напоўнілі зямлю ўсю ледзьве не да самага Бранска незлічоным > воінствам. Ноўгарад-Северскі і некаторыя іншыя гарады здаліся цару. Ён жа даручыў тыя гарады пану Міхайлу Халецкаму і, пайшоўшы з усімі сіламі, стаў між Чарнігавам і Кіевам — пасярэдзіне між Дняпром і Дзясною. А пана Міхайлу Халецкага ён адправіў з пасламі сваімі да Літвы распавесці вялікаму князю Аляксандру, што прыйшоў ён князю на дапамогу супраць Мэндлі-Кірэя, цара перакопскага, і вялікага князя маскоўскага. I прапанаваў ШыгАхмет князю Аляксандру, каб той, з ім сышоўшыся, пачынаў вайну супраць сваіх ворагаў.
    I пан Міхайла Халецкі з пасламі цара заволжскага прыбыў у Літву. Тады ж прыслалі ляхі паслоў да вялікага князя літоўскага Аляксандра і ўзялі яго каралём на карону Польскую. I ён, пакінуўшы справу сваю з царом заволжскім, тою ж зімою паехаў да Кракава і там быў каранаваны.
    У тую ж зіму, сабраўшыся са сваімі сіламі, цар перакопскі Мэндлі-Кірэй неспадзявана прыйшоў ваяваць цара заволжскага Шыг-Ахмета і разбіў яго нагалаву, і царыц і меншыц і ўсю арду ягоную ўзяў, сам жа Шыг-Ахмет з
    братам сваім Хазак-султанам і з некаторымі князьмі ды ўланамі прыбег да Кіева, і, стаўшы непадалёк ад Кіева, паслаў да князя Дзмітрыя Пуцяціча, ваяводы кіеўскага, апавядаючы яму пра сваю злую прыгоду. Ваявода ж кіеўскі князь Дзмітры там яму многія дні пашану вялікую выказваў і багата дароў даваў.
    Потым цар Шыг-Ахмет таемна з Кіева памчаўся да Белгарада, і быў у Белгарадзе, але, ніякае дапамогі, аніякага пажытку не знайшоўшы, вярнуўся да Кіева. Князь жа Дзмітры, ваявода кіеўскі, прыняў яго з радасцю ды пашану вялікую яму пачаў узносіць і паслаў да караля і вялікага князя Аляксандра пра тое распавесці. I кароль паслаў сваіх паслоў да цара Шыг-Ахмета і загадаў князю Дзмітрыю з ім разам ехаць да Вільні. Князь Дзмітры па загадзе каралёвым правёў цара заволжскага, і брата ягонага, і яго людзей да Вільні.
    У тую ж зіму паслаў кароль Аляксандар да цесця свайго, вялікага князя маскоўскага, паслоў сваіх ляшскіх — ваяводу ланчыцкага пана Пятра Мышкоўскага ды пана Яна Бучацкага, ваяводзіча падольскага, а з Літвы — ваяводу полацкага пана Станіслава Глябовіча ды пісара, канцлера яго каралеўскае міласці, намесніка браслаўскага, маршалка пана Івана Сапегу.
    Былі яны ў Маскве і ўзялі замірэнне на шэсць год, a гарады і воласці, якія захапіў вялікі князь маскоўскі, ён усё сабе пакінуў, і ўсе вязні літоўскія былі затрыманы ў Маскве. Насустрач жа тым паслам у год 1502 ад Божага нараджэння былі пасланы ад вялікага князя маскоўскага Івана Васільевіча да караля і вялікага князя Аляксандра паслы: Пётр Пляшчэеў, Канстанцін Замыцкі, зяць ягоны Міхайла Кляпік, дзяк Мікіта Галубін, і яны, зацвердзіўшы вышэйназванае замірэнне, дадому вярнуліся.
    Як татары перакопскія зямлю Слуцкую зваявалі
    Тою ж восенню прыйшла вестка каралю Аляксандру, што татары, перайшоўшы раку Прыпяць, ваююць па воласцях. I кароль напісаў да князя Сямёна Міхайлавіча Слуцкага і паслаў яму на дапамогу ваяводзіча падольскага Яна Бучацкага, а з ім дваран сваіх літоўскіх ды рускіх і радцаў нямала. Князь жа Сямён Слуцкі з панам ваяводзічам і з усімі вышэйназванымі дваранамі гналіся за татарамі і да-
    гналі некаторых за Бабруйскам, за шэсць міляў ад горада, на рацэ Ужы. Было іх усяго паўтары сотні. I дагнаў шы, пабілі іх і назад вярнуліся.
    У тую ж восень князі Федар Іванавіч Яраславіч, Юры Іванавіч Дубровіцкі ды Грыгоры Глінскі, стараста друцкі, біліся з татарамі за Оўручам, за сем міляў ад горада, на рацэ Ушы. I Божаю воляю, за грахі нашыя, татары нашых пабілі, тады і князя Грыгорыя Глінскага разам з Гарнастаем забілі.
    Тое ж восені месяца жніўня 30 дня нечакана прыйшоў сын цара перакопскага Мэндлі-Кірэя — султан Бітыс-Кірэй — з шасцю тысячамі татараў і найперш з’явіўся пад горадам Слуцкам. Князь жа Сямён Міхайлавіч тады быў у Слуцку і не ведаў ні пра што, і, толькі зірнуўшы з замка, з цэрквы святога Юр’я, на месца за ракою Случчу, убачыў, што татары, скачучы на конях, мужчын ды жанчын хапаюць і сцінаюць.
    Пабачыўшы тую нягодную паганскую навалу, князь Сямён Міхайлавіч з людзьмі, якія былі з ім у горадзе, вельмі здзівіліся такому нагламу* і незаўважнаму іх прыходу: пераправіўшыся цераз Прыпяць, татары ў той жа дзень прайшлі да Слуцка дваццаць пяць міляў, частка з іх у той дзень, мінуўшы Слуцак і прайшоўшы яшчэ пяць міляў, дасталіся да Капыля. Князь жа Сямён не мог вымысліць, што пачаць рабіць, бо людзей з ім на той час у горадзе было вельмі мала, усе былі па сёлах. Татары ўсіх іх адрэзалі ад горада і ўсе табуны конскія пазабіралі, князь жа толькі з вельмі нешматлікаю сілаю ў горадзе затварыўся і паслаў да караля ў Вільню паведаць пра тое. А царэвіч Бітыс-Кірэй стаў кашом* пад Слуцкам за ракою Умаль, Татары ж пайшлі ў загоны* на землі навакольныя, і, ідучы, ваявалі каля Клецка ды Нясвіжа, і спалілі горад Клецак, і, не дайшоўшы да Новагародка шасці міляў, павярнулі ад Ішкалдзі назад, шмат местаў ды сёлаў папалілі, і невымоўнае кровапраліцце хрысціянам учынілі, і з вялікім палона.м і здабыткам сабраліся да Слуцка, і без усякае шкоды ўсе ў цэласці назад вярнуліся.
    Кароль жа Аляксандар колькіх дваранаў сваіх паслаў да князя Сямёна ў Слуцак. З’явіўшыся ў Слуцак і даведаўшыся, што татары ў цэласці з зямлі Слуцкае выйшлі, каралёвы паслы вярнуліся ў Літву.
    У год 7012 ад пачатку свету, а ад Божага нараджэння 1503 прыходзілі тры тысячы татараў і, быўшы пад Слуцкам ды пад Новагародкам і многа зла ўчыніўшы, пайшлі
    назад іншаю дарогаю, праз Грычынскае балота, у бок Гарадка. А паны-рада Вялікага княства Літоўскага пра тое не ведалі, толькі гетман Станіслаў Пятровіч, празываны Кішка, пан Ольбрахт Гаштольт ды пан Юры Неміровіч ведалі. Да іх прыехаў князь Сямён Міхайлавіч Слуцкі, і, злучыўшыся ўсе разам, падаліся за татарамі і, пераправіўшыся праз Прыпяць, дагналі іх за Гарадком, за мілю ад места, і стачылі з імі бой. I з Божаю дапамогаю нашы пабілі татараў, палон увесь вызвалілі і са здабыткам ды з вялікаю славаю назад вярнуліся. Тады ж былі забіты дваране гаспадарскія — пан Рак Маскевіч ды Зінявы.
    Пра гнеў караля Аляксандра на паноў літоўскіх
    Тою ж восенню месяца лістапада 14 дня, з серады на чацвер, спачыў багаверны і хрысталюбівы князь Сямён Міхайлавіч Слуцкі, унук Аляксандраў.
    Тою ж восенню цар казанскі Махмет-Элей перарэзаў у Казані купцоў зямлі Маскоўскай.
    У тым жа годзе памёр Іван Васільевіч, князь маскоўскі, і сеў на Вялікім княжэнні Маскоўскім сын ягоны Васілій.
    У тым жа годзе памерлі ваявода кіеўскі князь Дзмітры Пуцяціч і князь Сямён Юр’евіч Гальшанскі, стараста луцкі. 1 далі ваяводства Кіеўскае пану Юр’ю Монтаўтавічу, Луцк — князю Міхайлу Іванавічу Астрожскаму, а пасля смерці князя Міхайлы далі Луцк пісару пана Федару Янушэвічу.
    У тым жа годзе кароль Аляксандар быў на сойме ў Берасці і ўгнявіўся на паноў без падставы. I вось чаму гэта адбылося. Па просьбе князя Глінскага даў ён Дразду Ліду, што была пад Ілінічам. А ў той час паслом у Кракаве ў караля быў падчашы, намеснік бельскі Мікалай Мікалаевіч Радзівіл. I пан Ілініч звярнуўся да паноў-рады Вялікага княства Літоўскага — да князя Войцеха Табара, біскупа віленскага, да Мікалая Радзівіла, ваяводы віленскага, да ваяводы троцкага пана Забярэзінскага, да пана Станіслава Яновіча, старасты жамойцкага, да ваяводы полацкага пана Станіслава Глябовіча, да пана Станіслава Пятровіча Кішкі, намесніка смаленскага. I ўсе тыя паны паводле прывілею свайго земскага, што ім кароль даў, садзячыся на Вялікае княжэнне, Ліды не саступілі Дразду, простаму чалавеку, a Ілінічу пакінулі, бо бачылі, што ў прывілеі напісана: гас-
    падар нікому не можа ўладанняў даваць акром тых, хто з гербам. 3 таго кароль і ўгнявіўся. Пачуў пра тое Мікалай Мікалаевіч Радзівіл... ( Глінскі ж неадступна караля намаўляў, каб за тое панам літоўскім адпомсціў, асабліва Забярэзінскаму. I будучы на сойме ў Берасці, Глінскі, маючы ласку каралеўскую, дамогся ад яго міласці, каб у Забярэзінскага Трокі забралі і далі горад сыну ваяводы віленскага Мікалаю Мікалаевічу Радзівілу, які быў падчашым у караля Аляксандра і намеснікам бельскім. Ілініча ж, старасту лідскага, кароль загадаў схапіць і ў вязніцу пасадзіць, а панам-радзе загадаў сабе на вочы не паказвацца...
    Пра новую навалу татарскую на Вялікае княства Літоўскае
    У год 1506 (як сведчыць летапісец, а паводле Кромэр Мехавіта ды іншых мае быць год 1505) прыйшоў царэвіч перакопскі, сын Мэндлі-Кірэя, Махмет-Кірэй-султан з братамі сваімі — Бітыс-Кірэй-султанам ды Бурнаш-султанам — і з усімі сіламі татарскімі. I прыйшлі яны да Дняпра на Лоеву гару, і, там цераз Дняпро пераправіўшыся, сам Махмет-Кірэй-султан рушыў пад замак Менск у сярэдзіну Літвы, а пад Слуцак паслаў двух братоў сваіх, Бітыс-Кірэйсултана ды Бурнаш-султана. I ў пятніцу, у святы дзень — на ўнебаўзяцце Панны Марыі тыя царэвічы прыйшлі пад Слуцак, у якім была княгіня Анастасся з дзіцяткам Юр’ем Сямёнавічам (дзедам сённяшніх князёў Слуцкіх). I так вакол Слуцка ваявалі ўсё аж да замка, ведаючы, што ў ім толькі княгіня была, і штурмавалі замак, падкопы робячы ды агонь пакладаючы. Але мужна бараніліся случакі, якіх абавязвала шлюбам і просьбаю княгіня Анастасся, каб адзінага дзедзіча свайго ад гвалту паганскага цвёрда баранілі. Мноства татараў пад замкам палегла, бо шмат шляхты ды іншых князёў на той час у княгіні Анастассі ў Слуцку служылі.