Старажытная беларуская літаратура
Выдавец: Юнацтва
Памер: 464с.
Мінск 1996
Недзе з-за свету да нас на таргі свой набытак.
Шчодрая вільгаць з бяздоннай зялёнай крыніцы
Спорным дажджом выпадае на тлустыя глебы.
Рэкі ад самых вытокаў да вусцяў шырокіх
Поўны плытоў, а плыты на шляхах нашых водных — Гэта масты паміж рознымі землямі княства.
Поле ўрадлівае працы не шмат патрабуе.
Толькі ў жніво ды ў касьбу і на ніве, і ў лузе
Бела ад хустак, намітак, кашуль і бравэрак.
Па сенажацях, гаях і па ялавых гонях
Коні пасуцца, а скрозь на прыволлі, на ўзлессі — Статак скарбовы брыдзе, патанаючы ў травах.
Плён сваіх ніў і дары сваіх пушчаў бязмежных
Мы прадаем і мяняем — тавар за тавары.
Можа, мы дома дастаткам няроўныя з некім, А на таргах прыбядняцца — не ў нашай натуры.
Край наш багаты драўнінай, нічога не скажаш, Ды не адно хараство ў ім — лясы, нібы хмара.
Нашы лясы — гэта наша скарбонка і свіран,
Наша камора жывіцы, і дзёгцю, і ягад,
Мёду і воску, куніцы і рознай дзічыны.
Так што купец чужаземны, тугой калітою
He паскупіўшыся, можа раскінуцца шчодра
I на таргах, і на менах — тавараў удосталь.
Тут і сасновыя бёрны, і бруссе, і кроквы, Дуб на шалёўкі — купляй і будуйся, бязлесны.
Толькі за нашу гатоўку — гатоўкай на бочку!
Сосны ў нас гоніць у ствол, як трыснёг — у сцябліну;
Хмаркі, здаецца, павіслі на макаўках кронаў.
Водарам кветак з вясны і да позняга лета
Пушча напоена, нетры яе і прылескі —
Месцы ігрышчаў і гульбішчаў моладзі сельскай.
Бортнікі нашы на стаўках — разлапістых соснах —
Ставяць вуллі, а часамі і ў дрэве пад верхам
Выдзеўбуць долатам борці і лётвы прыладзяць —
Вось і стаяк-каранёк для залётнага рою.
Так прыручаем пчалу і частуемся мёдам.
Безліч у пушчах і звера, і птушкі, а тыя
Дзікія пеўні, якіх апісаў яшчэ Пліній, Плодзяцца ў нас, як вароны, пры кожнай імшары.
Мы іх глушцамі завём — самавітая птаха, Што ж да вагі, то, бывае, і гусь пераважыць.
Пах асаблівы ўласцівы глушцоваму мясу*.
Радасць і смутак спазнаў не адзін паляўнічы
Тою хвілінай, калі ён з падседкі на золку Трапна падцэліць — і певень, залопаўшы крыллем, Чмякнецца вобземлю, так і не скончыўшы песні.
3 токаў шчаслівец прыносіць двайную спажыву:
Страўніку — ежу, а глузду — і кемнасць, і мудрасць*. Дзе ты ні пойдзеш — майструюць то пасткі, то сілы:
Пасткай не зловіцца — сіллямі недзе засіліць.
Перад законам і правам лясным на здабытак
Роўныя ўсе там — палюй, здабывай колькі можаш.
Край наш прырода такім надзяліла багаццем,
Што незлічонасць у пушчах дзічыны і звера Волю дае не лічыцца з памерам здабычы.
Безгаспадарнік, абшарнік-скупеча — у гэтых
Гінуць і рыба і звер занішто. Неаднойчы
Я назіраў, як у нераст на іхніх валоках
Рыба кішэла не толькі ў азерцах і рэчках,
Нават у лужынах — проста прасілася ў венцер
I захлыналася. Вось чым адплачвае скупасць!
Дзе недагляд, там сады перародзяцца ў дзічку, Поле радзіць перастане, бур’янам заглухне.
Край наш — дзівосны прыстанак загадак і цудаў:
Ці то так бог пажадаў, каб усё ў ім на волі
I вырастала, і гінула, ці чараўнічай Воляю нечай усё занядбана — не знаю.
Часта з трывогаю думаеш: чым растлумачыць
Сілу, што ў нас надаецца замовам і травам,
Песні і магіі слова? Адказу не знойдзеш
I мімаволі згаджаешся: мы яшчэ дзеці
Ў свеце хрышчоных і верым у казкі Медэі*.
Варта падумаць над гэтым. Мне добра вядома,
Як хрысціянская вера сурова карае
Ўсіх ведзьмакоў-грахаводнікаў, што патаемна
Знаюцца з сілай нячыстай. Іх катуюць люта, Перш чым спаліць ці ўтапіць, як і тых вінаватых, Хто з імі знаўся і ведаў аб чарах вядзьмацкіх, Ды не данёс у царкву на нячысцікаў грэшных.
Хопіць таго, каб прайшлі, пракаціліся дзейкі:
Там той вядзьмачыць ці знаецца з д’ябальскай сілай — Зараз жа суд і расправа: няшчаснага схопяць
I, перавіўшы пастронкамі рукі і ногі,
Цягнуць к рацэ — і бултых падазронага ў прорву.
Бачаць, што кануў на дно*,
нібы камень,— палічаць нявінным, Непатанулага ж будуць лічыць вінаватым.
Сведкам такіх пакаранняў я быў неаднойчы.
Бедны тапельнік, спавіты крыж-накрыж, імкнецца Торчма стаяць, каб пайсці пад ваду з галавою.
3 берага ж хмара народу галёкае, свішча, Плача і стогне і кленічы шле ў паднябессе.
Бачачы гэта ўтрапенне, ты чуеш, як сэрца
3 жаху мярцвее: вада на сябе не падобна.
Дзе яе прагнасць? Ну вось жа грывастая хваля Голаў лізнула, прайшлася з разбегу па твары —
I не ўвабрала, зраклася, як беднага — шчасце. Больш справядлівы агонь ненажэрны. Той прагна
Зліжа і ведзьму і мага ад пятак да цемя, Як і прапашчых забойцаў дзіцяці ці бацькі.
Некаму, можа, расказ мой здаецца няпраўдай, Верце: у нас,у Літве*, гэта ўсё — рэчаіснасць.
Я прысягаю: заўжды, да апошняга слова Пець толькі праўду, хоць кожнаму добра вядома, Што і ў дасціпныя выдумкі — байкі і казкі —
Вераць і дзеці і, часам, дарослыя людзі.
Спеў аб жахлівым пакуль што пакінем, змяніўшы Тэму размовы і выбраўшы лепшую песню.
Бор паказаць абяцаў я — вось там асалода Вашаму сэрцу і воку, усё першародства
Скарбаў прыроды, спрадвечнай яе прыгажосці: Дрэў, не кранутых сякерай, і траў нестаптаных, Безліч дзічыны і звера чароды на пашы.
Пушча сваёю красой захапляе і яснавяльможных Ваеначальнікаў нашых, што проста з паходаў Сталі бівакам у ёй, жаўталістай, на промысел звера.
Тут адпачынак і дзейнасць спалучацца трапна
I паразвеюць навалу з душы. Паляванне — Лепшы бальзам падупаламу целу і духу.
I гартаванне, што старасці бледную немач
He падпускае, трымаючы дзесьці наводдаль. Вопыт паказвае: ты загасціўся на свеце,
Век зажываеш чужы, а здавацца не хочаш:
Ногі шчэ носяць, і сілу не выела праца,
Вуха не глуха — уловіць і шоргат і шолах, Вока не страціла зоркасці — пільна прыкмеціць Нават ачэрнены кончык хваста гарнастая. Лепшая практыка воку, лякарства для вуха — Высачка звера з яе пастаянным дазорам. Зоркасць і чуйнасць на выручку прыйдуць, калі вас Ён запрыкмеціў, нявідны яшчэ, і злаўчыўся Кінуцца ў наступ, каб вас забадаць. Па натуры Зубр і адважны, і грозны, і цяміць не блага.
Схібіш з разлікам — паправіцца часу не будзе.
Вырасшы ў лесе і зведаўшы ўсё гэта змалку, Я ўваскрашаю карціны былога і знаю:
Праўдаю гэта палічаць адны, а другія
Скажуць — манюка! Хай кажуць. На суд справядлівы Спеў свой стаўляю; няхай яго судзяць папраўдзе
Тыя, хто, права здабыўшы на ніве пісьменства
Творы чужыя судзіць і выносіць прысуды,
Самі сваё праслаўляюць больш ярка і стройна, Чым пашчаслівіла мне за скупы адпачынак.
Ветрана стала, і яхканне гончых з-пад ветру —
Быццам дзесь побач. О, колькі страсцей і пачуццяў
Раптам абудзіць ражок паляўнічы! Як птушка,
Сэрца трапеча ў грудзях, замірае на момант,
Ловячы шум баравы, што наплывамі з кронаў
To ніспадае, то зноў уздымаецца ў неба.
Чуеце, як стогалоса вішчыць і мармыча
Нетра лясная? He зн'аеце, што там такое?
Пэўна, мядзведзя ў бярлозе паднялі на пікі,
Дзіка праткнулі кап’ём ці паранілі з лука.
Хто не пабачыў сваімі вачыма — не ўявіць, Як вар’яцее паранены зубр і рыканнем
Пушчу ў трымценне прыводзіць — аж сыплецца шэрань.
Ярасць і боль абуджаюць у звера шаленства.
Страшна глядзець, як ён чмыхне і позіркам злосным, Поўным нянавісці, зырыць і ўправа і ўлева.
Хай жа, разявіўшы пашчу, ён выдыхне з хрыпам
Рык глухаваты, гартанны і раптам рванецца
3 месца скачкамі насустрач абранай ахвяры —
Кроў ледзянее ад жаху. На жаль, і пачуцці
I адчуванні не слухаюць нас у трывозе.
Што я расказваю ўсё гэта? Тым, хто не зведаў
Гэтых эмоцый, расказ мой нямым застанецца.
Цяжкі ты, хлеб наш надзённы, у промысле цяжкім —
Бачыце самі, аднак жа і гора радзімы
Нават цяжэйшае. Дзе нам знайсці тыя лекі,
Каб ратаваць яе ў бедах,— і самі не знаем.
Часам за лекавы сродак мы лічым здабытак
Высілкаў нашых у лесе на княжацкіх ловах.
Больш у іх лекаў для цела, чым нават у зеллі,
Можа, таму і палюе ў нас кожны з маленства.
Ногі ў хваробе не шкодзяць,
бо ўсё пераходзяць,— жартуюць
Людзі старыя,— і лечаць балеснасць хадзьбою.
Хмарнасць, паўзмрок ад лясоў, адзінота паселішч —
Толькі разумнай прабежкай і лечаць маркоту.
Ён, зверабой наш, наўсперак усім эскулапам
3 іх асцярогамі, молад, і ў голад ён дужы
I не старэе заўчасна. (Дарэчы сказаўшы, Прымачкі, зёлкі і розныя кроплі-мікстуры —
He эліксір маладосці, бадзёрасці духу!
П’еш гэта пойла і жлукціш — аж боязна стане:
Як бы не лопнуць, калі, не дай божа, апушыць!) Холад паўночны здароваму духам не страшны.
Наш чалавек працавіты з нягодамі звыкся: Непераборлівы ў ежы, не жыўшы ў раскошы,
Ён без прысмакаў, аб хлебе — здаровы і сыты, Ды і дзічына ж у місе што-небудзь заважыць.
Так што, усё падлічыўшы — выдатак, прыбытак,—
Вынік падкажа любому, што лепей займацца
Нам прамысловай здабычай дзічыны і звера, Сечу спыніўшы з лясамі за поля кавалак.
Шкода, што час падганяе, і ўсе адхіленні
Ў гэтую сферу мяне адхіляюць ад тэмы.
Мушу, аднак, да таго, як разгорнем карціну Дзёрзкіх аблаў на рагатага грознага звера,
Вас пазнаёміць і з прымхамі нашых народаў.
Зубр, як мы лічым спрадвеку, хоць звер, але ж ратнік, Ён прызнае перамогу, здабытую чэсна —
Сілай на сілу, урожкі, і мужнасць на мужнасць.
Гэта павер’е жыве ў нас ад веку да веку:
Лічаць, што рыцар пушчанскі адправіцца ўпрочкі
3 тых запаветных урочышчаў, дзе ў паядынках
3 ім сустракалася часта не дужасць, а хітрасць —
Будуць там пасткі, засады ці стрэлы з мушкетаў.
Мабыць, усім забабонам любога народу
Рыса ўласціва адна: невядомае ў свеце Звышнатуральнаю сілай тлумачыць —і кропка.
Вобмацкам праўду знаходзяць, а ў нашых павер’ях Праўда яшчэ не абмацана, так мне здаецца.
Нават калі б штось падобнае дзе й назіралі, Абагульненні з дагадак рабіць рызыкоўна.
Выпадак, кажуць, праменьчык да буйных адкрыццяў:
Цьмяная думка становіцца раптам здагадкай —
Я ж, не прыхільнік здагадак і розных фантазій,
Тое пяру давяраю, што сам неаднойчы
Бачыў, праверыў, зрабіў — свой мазолісты вопыт.
Можа, каго і здзіўляюць трафеі Дыяны*
Ў казачных ловах з багамі, а я не зайздрошчу Слаўным здабычам багіні, бо ў лепшыя годы
Сам быў здабытчыкам нават і большых трафеяў. Можа б, і лук Апалона* прыйшоўся да густу
Пэўнаму колу маіх чытачоў, ды і стрэлы, Што пунсавеюць крывёю забітых аленяў?
Мода — наш біч, і не дзіва, што ўсе праслаўляюць Шалы Юпітэра* і блазнаванні Юноны*.