Старажытная беларуская літаратура
Выдавец: Юнацтва
Памер: 464с.
Мінск 1996
А старэйшы цар Махмет-Кірэй у той жа дзень стаў кашом пад Менскам ды пусціў у загоны пад Вільню і ў Завялейскую старану, а таксама да Віцебска, Полацка, Друцка і на ўсе землі літоўскія ды рускія. А тыя два царэвічы, браты Махмет-Кірэя, абмінуўшы Слуцак, пайшлі пад Новагародак.
Тым часам усе паны літоўскія былі ў Новагародку, раячыся між сабою, што рабіць, бо кароль праз Глінскага
гневаўся на іх, але абяцаў дапусціць іх да ласкі на сойме радамскім, калі б пабываў на Літве. Змаўляліся таксама, як бы то Глінскаму адплаціць. Даведаўшыся, што паны ў Новагародку, татары паспяшаліся да горада і тую нараду, не дзеля справы дзяржаўнае, але дзеля прыватнага скліканую,— перапынілі. Паны ж, бачачы з Новагародка гвалт, паехалі за Нёман. А татары, прыйшоўшы да Новагародка, нікога не знайшлі і гналіся за панамі да Нёмна і далей, і, перайшоўшы за Нёман, у Літоўскую зямлю, вялікую шкоду ўчынілі і з палонам ды здабыткам назад вярнуліся. Але замку новагародскаму не змаглі нічога ўчыніць, бо на той час у Новагародку ваяводам быў Ольбрахт Марцінавіч Гаштольт, які, будучы сам у Новагародку, замак добра ўмацаваў, а пры ім былі гараднічы Маскевіч, Іван Трызна, Няміра ды іншая шляхта новагародская. Кожнага дня выязджаючы з замка і б’ючыся з татарамі, не далі ім замку і месту шкоды ўчыніць. Вельмі шмат стралянінаю з замка татараў было пабіта. Тады татары, бачачы, што замку і месту нічога не могуць учыніць, адышліся прэч.
А царэвіч Махмет-Кірэй, які стаяў кашом пад замкам Менскім, усе воласці навакольныя места Менскага спустошыў, манастыры ды святыя Божыя цэрквы агнём дашчэнту выпаліў у зямлі Літоўскай, ) і ў Полацку, і ў Віцебску, і ў Друцку многа зла зрабіў, папаліў ды папаланіў мала не ўсю зямлю, невымоўнае кровапраліцце і спусташэнне ў зямлі Літоўскай учыніўшы, сваім шляхам без шкоды сабе — прэч адышоў. Таксама і браты ягоныя, БітысКірэй-султан ды Бурнаш-султан, вярнуўшыся з-пад Новагародка з вялікім палонам і здабыткам, пайшлі паўз Слуцак да Петрыкавічаў, а потым да арды.
Тою ж зімою быў мор вялікі ў Менску і лютаваў немалы час па ўсім краі.
Як татары маскоўцаў пад Казанню паразілі, а таксама як кароль Аляксандар гнеў свой на паноў літоўскіх адпусціў
Тою ж восенню вялікі князь маскоўскі Васілій Іванавіч паслаў брата свайго князя Дзмітрыя Жылку, а з ім свайго найвышэйшага ваяводу князя Федара Іванавіча Бельскага ды шмат іншых ваяводаў з усімі сіламі маскоўскімі, коннымі і судавымі людзьмі*, ракою Волгаю на Махмет-Элея, цара казанскага. Так прыйшлі да Казані і аблажылі горад з усіх
бакоў, і з сушы і з вады. I як выйшлі збройныя людзі з караблёў на бераг пад муры горада, то татары конныя, прыйшоўшы, адных пабілі, а іншыя, уцякаючы, у Паганым возеры патанулі, а на тых, што на вадзе ў караблях засталіся, прыйшлі вялікія буры ветраныя, і мала не ўсе патапіліся.
Толькі князь Дзмітры з ваяводам князем Федарам ды з малою дружынаю да канца не загінулі. А тых маскоўскіх коннікаў, што былі прыйшлі пад горад берагам, таксама ледзьве не ўсіх пабілі, вельмі мала іх паўцякала. I стаўся ўпадак вялікі ды шкода нязмерная Вялікаму княству Маскоўскаму, вельмі мала людзей маскоўскіх назад вярнулася, загінула іх незлічона.
Потым, тою ж восенню, на Кузьму і Дзямяна, кароль Аляксандар палажыў склікаць сойм у Радаме для паноў ляшскіх, на якім былі і паны літоўскія. А прыехалі паны літоўскія прасіць паноў ляшскіх суцішыць каралёў гнеў, бо кароль на іх, бязвінных, угнявіўся з намовы і па волі Глінскага. I паны ляшскія пра тое каралю мовілі, і ён гнеў свой адпусціў.
А потым біскуп віленскі Табар пачаў каралю мовіць: «Міласцівы кароль! Без падставы гнеў твой гаспадарскі на нас быў з направы некаторых людзей, бо мы проці цябе, гаспадара нашага, не стаялі, але баранілі правы ды прывілеі свае, каб яны за намі засталіся. А таму, міласцівы гаспадару, як пастыр ваш і тутэйшага панства я павінен за тым сачыць і цябе адводзіць ад таго, каб ты, гаспадар наш, правы нашыя, запісаныя ў лістах сваіх, захаваў. А калі хто захоча іх касаваць, Божа, адпомсці ўсякаму такому». I як тое біскуп вымавіў, адразу ж караля разбіла немач паралітыкавая’*.
Як войска літоўскае татараў каля Краснага става паразіла
У год 7015 ад пачатку свету, а ад Божага нараджэння 1507 пасля паланення зямлі Літоўскае бязбожнымі татарамі, прыехаў кароль і вялікі князь Аляксандар з Ляхаў да Вільні вельмі хворы на немач паралітыкавую і ўчыніў сойм у горадзе Лідзе. I калі быў ён з усімі панамі ў Лідзе, прыйшла яму вестка, што царэвічы перакопскія, Бітыс-Кірэй-султан ды Бурнаш-султан, прыйшлі з дваццаццю тысячамі людзей да Слуцка і ідуць пад Новагародак. Кароль жа, будучы ў вялікай хваробе і не ведаючы, што рабіць, прызваў да сябе
сваіх паноў-раду, і гетмана свайго Станіслава Пятровіча Кішку, і любімага свайго маршалка дворнага князя Міхайлу Львовіча Глінскага, і ўсю справу сваю гаспадарскую і справу земскую перадаў у іх рукі, сябе ж загадаў адвезці на насіліцах да Вільні. А паны-рада, гетман і маршалак князь Міхайла Глінскі з усімі людзьмі засталіся ў Лідзе.
Татары, прыйшоўшы да Новагародка, борзда пераправіліся за Нёман, і, не даходзячы да Ліды, каля горада і за мілю ды за паўмілі ад горада нішчылі цэрквы Божыя ды двары вялікія, і вёскі падпальвалі, і людзей хапалі ды забівалі. Паны літоўскія сваімі вачыма бачылі, што паганства з такім вялікім акруценствам на іх напала, і, узяўшы Бога Усемагутнага на дапамогу, з’ехаліся ўсе ў адно месца, і змовіліся. Апалчыліся дзесяць тысяч вояў выбраных, конных ды збройных,— усе, што на той час маглі быць, бо так хутка не магло больш людзей сабрацца, і многа ці мала — усе як адзін вырашылі: узяўшы Бога на дапамогу, толькі пайсці і біцца з паганцамі. I сваё рашэнне цвёрда і рашуча замацаваўшы, выбралі колькі чалавек, якіх паслалі ў выведкі — пабачыць, дзе ворагі. I за мілю ад Ліды натрапілі яны на татараў і Божаю міласцю пабілі паганцаў, колькіх жывымі паймалі, а іншым галовы паадсякалі ды ў кайстры паклалі. Татары ж, бачачы, што не могуць супрацівіцца літве, пабеглі. Воі ж літоўскія вязняў да паноў прывялі ды галовы адсечаныя ў кайстрах прынеслі. Тое пабачыўшы, паны ўзвесяліліся і радасцю напоўніліся, і тады самі селі на коней і загадалі ўсяму войску пайсці з імі да Новагародка. Татары ж, убачыўшы тое, зразумелі, што людзі літоўскія ідуць на іх ды хочуць з імі бой стачыць, і пачалі яны з загонаў з-за Нёмна вяртацца.
Паны ж з усім войскам, прыйшоўшы да Новагародка, стаялі ў горадзе тры дні і паслалі здабываць праўдзівага языка, хочучы ведаць пэўна, дзе царэвічы кашом стаяць. Паны ж Неміровічы, Юры ды Андрэй, паймалі пад Гарадзішчам шасцёх татараў і прывялі іх да паноў. Тыя языкі паведалі пэўна, што царэвічы стаяць кашом пад Клецкам і што з загонаў усе ў кош так хутка сабрацца не могуць. Паны ж, пра тое даведаўшыся і аддаўшыся ў рукі міласцівага Бога, рушылі шляхам сваім, радуючыся, і выехалі з Новагародка месяца жніўня 4 дня, у панядзелак, увечары — ужо перад прысмеркам, і ішлі з Новагародка паўз Асташын. А назаўтра, у аўторак, прымчаліся некаторыя дваране з Цырына і з Палонкі, апавядаючы, што татары за імі гналіся, ды цяпер ходзяць непадалёк ад войска. Паны і ўсё войска,
ледзьве адпачыўшы ў Асташыне, рушылі да Палонкі, і, прайшоўшы Ішкальдзь, пярэднія людзі нагналі пяцьсот татараў, якія ехалі з загонаў да Клецка, а, нагнаўшы, адных забілі, другіх жывымі пахапалі, а астатнія ўцяклі за раку Ушу, дзе Круты Бераг, і, прыбегшы да Клецка ў станы свае, паведамілі царэвічам, што літва ідзе да іх на бітву. Царэвічы ж, ганарлівасцю і высакадумствам* поўныя, зусім аб смерці не дбаючы, з усім стараннем падрыхтаваліся да бою.
Таго ж дня, у аўторак, паны з усім войскам, не даходзячы да Молева, у сяле каля Ліпы начавалі і назаўтра, у сераду, месяца жніўня 6 дня, на Перастварэнне Госпада нашага Ісуса Хрыста, устаўшы рана і пашыхтаваўшы гуфы, як да сечы належыць, рушылі проста да Клецка.
Гетман жа Станіслаў Пятровіч Кішка ў той час быў вельмі нямоглы, ніяк не мог на каня сесці, і з вялікаю нудою* загадаў сябе ў возе везці. Паны, бачачы, што гетман вельмі хворы, і ведаючы, што без яго ніякага парадку ў войску быць не можа, параіліся і даручылі на той час гетманства князю Міхайлу Львовічу Глінскаму ды прызволілі паслухмянымі яму быць. Князь жа Міхайла Глінскі пачаў справаваць войскам, і рушылі яны да Клецка, а наперад адправілі колькі сот коннікаў. I як прыйшлі пад Клецак, да ракі Лані, ды сталі з поўдня ад Краснага става, то, зірнуўшы з гары цераз раку, убачылі палкі татарскія, што стаялі напагатове. I, перайшоўшы раку, сталі па адзін і той жа бераг з татарамі, але з прычыны цяжкое пераправы цераз раку — не маглі борзда сысціся з паганцамі і больш як тры гадзіны біліся з імі каля ракі. Потым войска літоўскае зрабіла паабапал грэблі ставовай дзве гаці, каб пераправу наладзіць. Тады татары пабачылі, што ліцвіны стаяць цвёрда і непарушна да сечы і парабілі гаці, хочучы барзджэй раку перайсці. I пачалі з войска літоўскага страляць у іх з дзелаў*, з ручніц*, з лукаў. Тым часам некалькі дваранаў крыху паспяшаліся пераправіцца за раку. I татары схапілі пісара пана Забярэзінскага — Копція і, адсекшы яму галаву, насілі яе на дрэўку, глумячыся. Князь жа Міхайла з панамі і з усім войскам, бачачы смех ды здзек, адразу загадаў усім палкам абедзвюма гацямі раку пераходзіць, і войска літоўскае, у трубы затрубіўшы ды ў свірасцёлкі заграўшы, пайшло за раку.
Татары, бачачы, што не ўсе ліцвіны, супольна раку пераходзяць, выбралі між сабою найлепшых людзей, і тыя ўдарылі на літву, і шмат іх на правай руцэ* паразілі, і мала не ўсіх іх пабілі. А затым князь Міхайла з левае рукі паспяшаў-
ся і, перайшоўшы гаці, ударыў упоперак на ўсе палкі татарскія і раздзяліў іх надвое. А потым тыя нашыя людзі з правае рукі, паправіўшыся, на іх ударылі, і з абодвух бакоў так замяшалі палкі татарскія, што тыя не толькі біцца, але вачэй і рук сваіх на літоўскае войска падняць не маглі.
Князь жа Міхайла з усім войскам гнаўся за імі, ловячы і забіваючы, да ракі Цэпры. I як прыбеглі татары да Цэпры, то ледзьве не ўсе ў рацэ і балоце патанулі. Так шмат татараў ды коней іхніх у рацэ і балоце было, што літва пераязджала на конях і пешкі пераходзіла па мёртвых целах.