Старажытная беларуская літаратура
Выдавец: Юнацтва
Памер: 464с.
Мінск 1996
Пра вайну караля і вялікага князя Казіміра з чэшскім каралём Ірыкам
А пасля, калі быў кароль Казімір у Кракаве, прыслалі да яго врацлаўляне паслоў, просячы, каб у іх гаспадаром стаў I каб ад Ірыка, караля чэшскага, іх абараніў. I кароль Казімір абяцаўся гаспадаром у іх быць, і сваё рашэнне з панамі кароны Польскае прыняў, хочучы тыя землі сабе прыўлашчыць, і разаслаў ганцоў па ўсіх замках ляшскіх, каб барзджэй да вайны рыхтаваліся і на месца вызначанае да яго ў войска збіраліся. I тады ж паслалі паны ляшскія да братоў сваіх — паноў літоўскіх,— просячы дапамогі. I паны-рада Вялікага княства Літоўскага на патрэбу братоў сваіх, паноў польскіх, хутка выправілі ім на дапамогу пяць тысяч коннікаў, княжатаў ды панятаў ды дваранаў літоўскіх на чале з гетманам панам Алехнам Судзімонтавічам, намеснікам полацкім, які быў падчашым у караля Казіміра. Калі тыя людзі літоўскія да караля прыйшлі, Казімір з усімі сваімі сіламі ляшскімі і літвою, што на дапамогу панам ляшскім спяшаліся, рушылі да Хвойніц.
У Хвойніцах, усе войскі ў гуфы сшыхтаваўшы, кароль Казімір абраў сабе ў ахову шасцёра паноў ляшскіх ды шасцёра паноў літоўскіх: Алехну Судзімонтавіча, Багдана Андрушк^віча, Яна Кучку, Станьку Касцевіча, Івана Ілініча, і на кожнага з іх, як на ляхаў, так і на ліцвінаў, узлажыў такую ж зброю, што і на сябе, а Валу загадаў за сабою каня на змену вадзіць. Кароль, войска сваё сшыхтаваўшы да бітвы, прыйшоў да Вроцлава, і Ірык сшыхтаваў сваё войска чэшскае і слёнскае і ўсіх сваіх зямель. I сышліся войскі Казімірава ды Ірыкава і пачалі сечу. I Божым гневам, за грахі нашыя, кароль Ірык паразіў* войска ляшскае і літоўскае нагалаву, і кароль Казімір назад пабег, і ніхто за ім не паспеў, толькі тыя пяць паноў літоўскіх, якія яго ахоўвалі, ды шосты Вол з канём зменным. I калі ўцякалі яны, то натрапілі на гуфу пешых людзей і сутыкнуліся з імі. А кароль быў найбліжэй да іх, і яго найлягчэй было схапіць. I тут Алехна Судзімонтавіч, каб караля выратаваць, крыкнуў да сваіх супольнікаў: «Браты мілыя, ратуйма таго рыцара». Жаўнеры Ірыкавы пачулі тое, і караля адпусцілі, прыняўшы яго за рыцара, і падумалі, што кароль — гэта пан Алехна Судзімонтавіч або адзін з ягоных супольнікаў, і кінуліся да іх, і ўсіх паранілі ды
паланілі, а кароль у той час уцёк, а за ім Вол з канём. I чэхі за каралём пагналіся. Прымчаўся ён да нейкага балота, і конь пад каралём у гразь упаў. Тады Вол скінуў з сябе адзежу і, рассыпаўшы на яе стрэлы, пачаў страляць, і чэхі не насмельваліся на іх напасці. А тым часам Казімір цераз балота перабраўся, і Вол яму валаха* падаў і сам, на каня сеўшы, прыехаў з каралём да Хвойніц. Тады ж спаткаў Казіміра перад Хвойніцамі пан кракаўскі Рутвянскі і сказаў: «Хвала Пану Богу, што тваю міласць здаровым бачым, а калі ваша міласць, гаспадар наш у здароўі да нас вярнуўся, то на Бога спадзяемся, што ваша міласць у кароткім часе звыцяжства над тым супраціўнікам возьме». А спаткаў ён караля, у палатно ўкутаўшыся, бо ў лазні мыўся. I кароль, заплакаўшы, сказаў: «Пане Рутвянскі, вы ў лазні вадою мыліся, а мае верныя слугі — літва — у руках варожых кроўю абмываюцца».
Пасля таго пабоішча каралю Казіміру вельмі жаласна* было, і мысліў ён у сэрцы сваім, як бы з Божаю дапамогаю ворагам сваім як найхутчэй злом за зло адплаціць. I паслаў борзда да паноў літоўскіх, жадаючы, каб яны пазычылі яму грошай на тую патрэбу. I паны ляшскія разам з пасламі каралеўскімі адправілі сваіх паслоў да паноў літоўскіх, да братоў сваіх, просячы, каб ім людзьмі памаглі, іхнім клопатам пераняўшыся.
А ў той час нікога з паноў літоўскіх не было, толькі Ян Гаштольт, ваявода віленскі, у Вільні, ды Івашка Монвід, ваявода троцкі, у Троках, бо тады сойму не было, усе па дамах раз’ехаліся. I тыя два паны з’ехаліся, бачачы такую пільную справу і патрэбу гаспадарскую, не паведамлялі іншым панам, братам сваім, а хутчэй адправілі падскарбніка земскага Вялікага княства Літоўскага, пана Аляксандра Юр’евіча, і з ім паслалі пазыку, узятую са скарбу земскага Вялікага княства, восемдзесят тысяч залатых чырвонцаў, а братам сваім, панам ляшскім, паслалі на дапамогу восем тысяч коннікаў, пяць тысяч княжычаў ды панічоў з двору літоўскага ды тры тысячы татараў. I рушылі яны на чале са старэйшым гетманам панам Іванам Хадкевічам, намеснікам віцебскім. Кароль Казімір, на тыя залатыя наняўшы служэбных*, сабраў усе сілы ляшскія і паслаў іх з дапамогаю літоўскаю на караля чэшскага Ірыка. I праз чытырнаццаць тыдняў пасля першае паразы людзі ляшскія ды літоўскія з ласкі Божае ўсё войска Ірыкава нагалаву разбілі, а самі фартунліва, з малымі стратамі, перамогу атрымаўшы, вярнуліся да караля Казіміра.
I ўвязнілі ў той сечы шмат паноў чэшскіх ды слёнскіх з войска Ірыкавага, сярод якіх паланілі і пана Першынскага. Паймаў яго князь Глашына, княжыч смаленскі, які потым стаў акольнічым смаленскім. I Казімір, бачачы, што ягоныя ваяры здаровымі вярнуліся, звыцяжства ўзяўшы, хвалу Богу ўзнёс за тое, што за такі кароткі час ад Яго Святое Міласці ўцеху атрымаў.
Потым кароль Ірык прыслаў да караля Казіміра ганцоў, просячы, каб з абодвух бакоў да Глогава былі высланы на перамовы паслы. I Казімір па жаданні караля Ірыка паслаў двух сваіх паноў з ляхаў ды двух — з літвы: пана Марціна Гаштольтавіча, намесніка новагародскага, ды Войцеха Монвідавіча, ваяводзіча* троцкага. I тыя паны ляшскія ды літоўскія па загадзе Казіміравым паехалі да Глогава, a чэшскія ды слёнскія паны караля Ірыка ўжо там былі і там дамовіліся нарэшце між сабою, што каралі самі з’едуцца да Глогава. I абодва каралі, Ірык ды Казімір, паводле дамовы паноў сваіх з’ехаліся з роўнымі* почтамі*, і там сустрэліся, і мір вечны заключылі, і абмяняліся вязнямі, якія былі ў палоне тры гады, чэшскія — у караля Казіміра, а ляшскія ды літоўскія — у караля Ірыка. Заключыўшы мір, яны раз’ехаліся розна, а потым кароль Казімір прыехаў да Літвы.
Пра сыноў князя Аляксандра Валадзіміравіча, а таксама пра валоскага ваяводу Стэфана
У год 6961 (1453) месяца траўня 29 дня ўзяты быў туркамі Царгорад.
У год 6962 (1454) спачыў князь кіеўскі Аляксандар Валадзіміравіч, празваны Алелькам, і пакінуў па сабе двух сыноў — князёў Сямёна ды Міхайлу. I кароль пасля смерці іхняга бацькі не даў ім у валоданне Кіева, бацькаўшчыны іхняе, але ад сябе даў князю Сямёну ўдзел, а князь Міхайла запанаваў на бацькаўшчыне сваёй, у Капылі, бо дзед іхні, князь Валадзімір, бегаў у Маскву і праз тое прабегаў бацькаўшчыну сваю — Кіеў.
У год 6966 (1458) спачыў ваявода віленскі Ян Гаштольт.
У год 6978 (1470) спачыла пабожная ўдава князя кіеўскага Аляксандра — Настасся, унучка Вітаўтава.
У год 6979 (1471) пасланы быў князь Міхайла Аляк-
сандравіч ад караля Казіміра ў Вялікі Ноўгарад намеснікам.
У той жа год месяца снежня 4 дня спачыў пабожны князь кіеўскі Сямён Аляксандравіч. I па смерці князя Сямёна брат ягоны, князь Міхайла, пакінуўшы...
Якраз тады, калі біскуп кафінскі сядзеў за сталом у пана Марціна, туркі прыйшлі і захапілі Кафу. I як толькі ён пачуў тую вестку, адразу ж з вялікага засмучэння за сталом і памёр і там жа ў Кіеве пахаваны быў. А потым туркі прыйшлі да Валохаў і ўзялі Кілію ды Белгарад.
У год 6994 (1486) прыслаў веснікаў да караля Казіміра ваявода валоскі Стэфан, павядаючы, што цар турэцкі прыйшоў з вялікімі сіламі ў ягоную зямлю, хочучы яго з гаспадарства выгнаць і зямлю Валоскую заняць. I жадаў Стэфан, каб кароль яму дапамог, і яго і зямлю ягоную выратаваў, ды хацеў Стэфан разам з усёю зямлёю Валоскаю яму вечным галдоўнікам быць. Кароль жа Казімір без усякага прамаруджання, сабраўшы ўсе сілы кароны Польскае ды шмат людзей літоўскіх, пайшоў яму на дапамогу і, прыйшоўшы да мяжы валоскае, стаў у месце, званым Каламыя. Стэфан жа з усімі панамі сваімі ды з колькімі тысячамі людзей прыехаў да караля Казіміра ў Каламыю. Кароль прыняў яго з вялікаю пашанаю, і жыў Стэфан у караля два тыдні, і аддаўся з усёю зямлёю Валоскаю каралю ў рукі, і голд вечны прызнаў, і ўсе валохі перадалі харугвы свае ў рукі каралю. Кароль, адпусціўшы ваяводу валоскага, паслаў да яго на дапамогу каралевічаў ды шмат людзей сваіх. I як каралёвы людзі пярэднія* ўвайшлі ў зямлю Валоскую, цар турэцкі, пачуўшы пра тое, што каралевічы і войска каралеўскае прыйшлі ваяводу на дапамогу, адразу ж падаўся з зямлі Валоскае ў сваю зямлю за Дунай, а кароль Казімір і каралевіч са сваімі войскамі вярнуліся назад у Польшчу. Ваявода ж валоскі пасля таго на малы час меў супакой ад турэцкага цара.
У тым жа годзе, калі кароль Казімір, пабыўшы ў Ляхах, прыехаў да Літвы, прымчаўся да яго вялікі князь цверскі Міхайла Барысавіч, а вялікае княжэнне цверычы аддалі вялікаму князю маскоўскаму Івану Васільевічу.
У тым жа годзе месяца траўня 2 дня выпаў снег такі вялікі, што можна было саньмі ездзіць. У тым жа месяцы 21 дня выпаў снег у паўлыткі, і была вельмі вялікая сцюжа.
• Пра смерць караля і вялікага князя Казіміра
А потым быў кароль Казімір у Вялікім княстве Літоўскім сем год, бо радасней жылося яму ў Вялікім княстве, чым у Ляхах, бо ў Літве вельмі ловы раскошныя — шмат размаітых звяроў, якіх ні ў адным іншым гаспадарстве няма, а кароль вельмі ловы любіў. А пасля паехаў ён да Ляхаў, і быў там год, і вярнуўся ў сталец Вялікага княства Літоўскага, да Вільні, і быў там год, а пасля разнямогся і загадаў адвезці яго да Горадні, бо там вельмі любіў жыць дзеля раскошных ловаў і ўсякіх пажыткаў.
Будучы ў Горадні, ён зразумеў, што ўжо з тае хваробы выйсці не зможа, і ён пазваў да сябе сваіх паноўраду Вялікага княства Літоўскага ў ложніцу, дзе ён адпачываў, і пачаў прасіць іх умільна і пакорліва, каб панырада ўзялі сабе гаспадаром на княства Літоўскае яго сярэдняга сына, каралёвіча Аляксандра. I паны-рада, бачачы, што ён княствам Літоўскім добра радзіў і справаваў, яны на тое прызволілі, каб пасля яго смерці ўзяць на Вялікае княжэнне Літоўскае сына ягонага — каралевіча Аляксандра.
Пасля таго кароль Казімір пазваў да сябе паноў ляшскіх, якія на той час пры ім былі, і так мовіў ім, патрабуючы імем каралеўскім, каб паны-рада кароны Польскае не пакінулі без увагі астатняе просьбы гаспадара свайго ды ўзялі пасля яго смерці гаспадаром сабе на карону Польскую ягонага старэйшага сына — каралевіча Ольбрахта. I панырада абяцаліся пераконваць у гэтым усіх прэлатаў ды прасіць паноў польскіх. А потым паны літоўскія сказалі: «Міласцівы гаспадару, двум сынам сваім гаспадарствы забяспечыў пасля сваёй смерці, а свайго трэцяга сына — малодшага — каралевіча Жыгімонта з чым пакідаеш?» I кароль Казімір прасіў паноў польскіх, каб яны ад яго імя прасілі сыноў яго старэйшых, Уладзіслава, які быў каралём вугорскім і чэшскім, ды Ольбрахта, які пасля яго быў каралём польскім, каб яны Жыгімонта ўвагаю не абдзялілі, але пры сабе захавалі. I, радна расправіўшы* свае гаспадарствы, там жа, у Горадні, жыццё сваё ў глыбокай старасці скончыў. Было гэта ў чацвер, за тыдзень да Божага ўнебаўступлення*.