Старажытная беларуская літаратура
Выдавец: Юнацтва
Памер: 464с.
Мінск 1996
прысягнулі, а мая рада — вялікаму князю Вітаўту і вам. Памятайце пра тое, бо я вас ад тае прысягі яшчэ не вызваліў. А маю я двух сыноў, каб паводле маёй з братам дамовы адзін мог быць у вас панам. Але таго вам не зычу, каб такі малады ў вас панам быў. Таму раю вам узяць сабе за гаспадара брата майго старэйшага Жыгімонта, роднага брата вялікага князя Вітаўта». I паны, чуючы пра тое, шкадавалі вельмі, што так сталася.
Потым князь Швідрыгайла ўразумеў, што нядобра ўчыніў, і ён адпусціў з пашанаю караля польскага Ягайлу да Ляхаў. Як толькі Ягайла прыехаў да Ляхаў, то паслаў сваіх паслоў да папежа, каб той прысягу з паноў літоўскіх злажыў. I паслы ў папежа былі, і потым вярнуліся да караля і да паноў літоўскіх з разграшэннем*, і князі ды паны літоўскія з дапамогаю караля Ягайлы ўзялі сабе гаспадаром вялікага князя Жыгімонта. Адбылося гэта месяца верасня першага дня.
Пра вайну князя Швідрыгайлы з вялікім князем Жыгімонта.м
Князь вялікі Швідрыгайла па.мчаўся да Полацка і Смаленска, і рускія князі ды баяры пасадзілі князя Швідрыгайлу на вялікае княжэнне Рускае.
Тою ж восенню князь Швідрыгайла сабраў сорак тысяч вояў, і вялікі князь цверскі Барыс Аляксандравіч даў яму брата свайго князя Яраслава з усёю сваёй сілаю ў сорак тысяч, і пайшоў Швідрыгайла з усімі тымі сіламі на Літву. He дайшоўшы да Вільні сямі міляў, стаў ён у Ашмяне і стаяў там тыдзень. А князь вялікі Жыгімонт прыйшоў з Вільні з літоўскім войскам у сем тысяч. I быў у іх бой месяца снежня восьмага дня, у панядзелак. I дапамог Бог вялікаму князю Жыгімонту, і пабеглі князі ды баяры вялікага князя Швідрыгайлы, і князёў рускіх шмат пабіта было, а астатніх папаланілі: князя Юр'я Л інгвеневіча, князя Міцьку Зубрэвіцкага, князя Васіля Краснага, брата ягонага пана віленскага Дзедыголавіча, пана Юшку Гальцэвіча, пана Івана Вяжэвіча.
У тую ж зіму, на другі год, князь Швідрыгайла сабраў аграмадную сілу рускую і пайшоў на Літву, і паваяваў, і папаланіў, і папаліў вельмі зямлю Літоўскую. Налета ж зноў сабраў ён вялікую сілу рускую і магістра ліфлянд-
цкага з усім войскам, і вялікі князь цверскі таксама даў яму сваіх вояў. I пайшлі яны ў Літоўскую зямлю, і начавалі за паўтары мілі ад Вільні, у Рудоміне, і, не даходзячы да Трокаў, павярнулі на Старыя Трокі. I, прастаяўшы пад Трокамі чатыры дні. адышлі ад Трокаў шукаць вялікага князя Жыгімонта і войска літоўскае, і стаялі ў Эйшышках чатыры дні, а потым вярнуліся на Русь, у сваю зямлю. I, прыйшоўшы да Крэва, стаялі там два дні, узяўшы горад міраваны Крэва, яго спалілі і людзей шмат пасеклі ды ў палон павялі. А адтуль пайшлі да Маладэчны. I прыйшла вялікаму князю Швідрыгайлу вестка, што літва за імі пагоняю ідзе, і Швідрыгайла паслаў супраць іх князя Міхаіла, ваяводу кіеўскага, а з ім паслаў іншых князёў рускіх. Яны пайшлі ды перамаглі пана Пятра Монгірдавіча і літву, адных пазабівалі, другіх запаланілі ў Капачах. I, адтуль ідучы, узяў Заслаўе, і шмат людзей папаліў і запаланіў, і, прыйшоўшы да Менску, горад Менск спаліў. I шмат местаў ды сёл спаліўшы і зла нямала ўчыніўшы ў Літоўскай зямлі, прыйшоў пад Барысаў. А там злавілі князя Міхаіла Іванавіча Гальшанскага, на рацэ Бярэзіне, і паслалі яго ў Віцебск, а там яго ІПвідрыгайла загадаў утапіць у рацэ Дзвіне пад Віцебскам, а схапілі яго, бязвіннага, не даходзячы мілю да Лукамля, у Азёрах.
Магістр ліфляндцкі пайшоў у сваю зямлю, а вялікі князь Швідрыгайла да Лукамля, і тут распусціў войска сваё, князёў ды баяраў, а сам падаўся да Кіева.
На тую ж восень князь Жыгімонт, сабраўшы вялікую сілу літоўскую і ляхаў, прыйшоў на Рускую зямлю, і стаяў пад Мсціславам тры тыдні, і, горада не здабыўшы, пайшоў у сваю зямлю.
Налета ж князь Швідрыгайла, сабраўшыся з рускімі князьмі ды баярамі і з усёю сілаю рускаю, пайшоў на Літву. Магістр ліфляндцкі пайшоў да яго на дапамогу, і злучыліся яны са Швідрыгайлам у Браславе. I Божаю воляю ўпала на зямлю зліва вялікая, таму не маглі яны ў зямлю Літоўскую рушыць. Князь Швідрыгайла вярнуўся ў сваю зямлю, а магістр — у сваю, і адпусціў князь сілу сваю, князёў ды баяраў да Полацка, а сам падаўся ў Кіеў. А на трэцяе лета князь Швідрыгайла спаліў у Віцебску мітрапаліта Герасіма.
Сабраўся князь вялікі Швідрыгайла ў Віцебску з рускімі князьмі ды з усімі рускімі сіламі і рушыў да Браслава, і туды ж прыйшоў яму на дапамогу магістр ліфляндцкі з усёю сілаю, і пайшлі яны па Завельскай старане да Віль-
каміра. Князь жа вялікі Жыгімонт сам не пайшоў насустрач Швідрыгайлу, а, сабраўшы ўсю сваю сілу літоўскую, паслаў з войскам сына свайго, князя Міхайлу, супраць Швідрыгайлы, і князь Міхайла пайшоў на чале літвы і ляхаў. I была між імі сеча верасня месяца першага дня, на святога Сямёна. Біліся за Вількамірам на рацэ Святой, і дапамог Бог вялікаму князю Жыгімонту і ягонаму сыну Міхайлу, і пабілі яны князя Швідрыгайлу і ўсё войска ягонае, і шмат князёў пазабівалі ды пахапалі. Першага забілі магістра ліфляндцкага ды маршалка, а таксама шмат комтураў ягоных, і братаніча Швідрыгайлавага — Жыгімонта Корбутавіча, і князя Яраслава Лінгвеневіча, і князя Міхайлу Балабана, і князя Данілу Сямёнавіча Гальшанскага, і князя Міхайлу Львовіча Вяземскага, і іншых князёў ды баяраў, і немцаў незлічонае мноства было перабіта, а таксама і гасцей* — ракушанаў*, слензакоў, чэхаў, а рукамі злоўлена сорак князёў разам з мітрапалітам кіеўскім; двое першых — князь кіеўскі Іван Валадзіміравіч ды брат ягоны Федар Корбутавіч, а іншых імёнаў не напісана.
Пасля таго пабоішча, праз тры тыдні, князь вялікі Жыгімонт, сабраўшы ўсю сваю сілу літоўскую, паслаў сына свайго Міхайла на Русь. I той, прыйшоўшы, стаў каля Воршы, а там яго сустрэлі смаляне і здаліся яму і вялікаму князю Жыгімонту. I князь Міхайла да Смаленска не пайшоў, а рушыў ад Воршы пад Віцебск, стаяў там шэсць тыдняў і, не ўзяўшы горада, прэч пайшоў. А пасля таго тою ж зімою князь вялікі Жыгімонт ізноў сабраў усю сваю сілу літоўскую і паслаў да Полацка, і, прыйшоўшы туды, паны стаялі пад горадам тыдзень, але, горада не здабыўшы, пайшлі прэч. Налета палачане і віцябляне, не спадзеючыся ні ад кога на дапамогу, здаліся вялікаму князю Жыгімонту Кейстутавічу. I пачаў ён княжыць на вялікіх княжэннях — на Літоўскім і на Рускім.
Як вялікага князя Жыгімонта ў Троках пагубілі
У год 6948 (1440), калі вялікі князь Жыгімонт панаваў у Вільні і Троках, і на ўсіх Рускіх, Літоўскіх і Жамойцкіх землях, ён страшныя акруценствы ўчыняў над падданымі сваімі, а асабліва над родам шляхецкім, няміласціва хапаў іх і страшныя здзекі над імі чыніў, іх — бязвінных —
караў і мардэрствы* ўчыняў такія, якія толькі вымысліць мог, над усімі княжатамі ды панятамі і над родам шляхецкім усіх зямель Літоўскіх, Рускіх і Жамойцкіх. I быў да таго роду шляхецкага вельмі бязлітасны, і за ўсе свае злыя ўчынкі быў прыраўняны да Антыёха сірыйскага ды Ірада ерусалімскага, а таксама да продка ягонага, вялікага князя літоўскага Тройдзена, які страшныя зверствы ўчыняў над землямі Ляшскімі ды Рускімі.
А падданыя Жыгімонтавы, уся шляхта цярпелі таму, што былі пану свайму вернымі рабамі і нічога благога яму не рабілі, нават і не замыслялі. Але князь Жыгімонт, акаяннік*, не насыціўся злосцю сваёй і па д’яблавым навучэнні задумляў у сэрцы сваім, як бы ўвесь род шляхецкі пагубіць і кроў іхнюю праліць, а ўзняць род халопскі, псю кроў. Спачатку ён двух князёў сваіх блізкіх схапіў, князя Юр’я Лінгвеневіча ды князя Алельку Валадзіміравіча, хочучы іх аб горла прыправіць*: і пасадзіў князя Юр’я Лінгвеневіча ў Троках, у меншым замку, князя Алельку ў Кернаве, а княгіню ягоную з двума сынамі, Сямёнам ды Міхайлам, ва Уцені. Яшчэ і гэтага яму было мала, і нарэшце ён тое замысліў, каб сойм вялікі склікаць і на тым сойме ўсю шляхту выкараніць, а халопскі род узнесці. I рассылае акаяннік граматы па ўсіх землях сваіх — уладам Вялікага княства, князям ды панам і ўсёй шляхце, загадваючы, каб усе на сойм ехалі, з прычыны дзяржаўнае справы, а злосць сваю ўтаіў, што супраць іх удумаў.
А ў той час ваяводам віленскім быў Доўгерд, а ваяводам троцкім — Лелюшы. I тыя два паны, даведаўшыся напэўна, што гэты сойм замыслены на пагубу ўсяму роду шляхецкаму і ім самім; і паклікалі яны да сябе на раду князя Чартарыйскага. I яны ўтрох, параіўшыся, умыслілі князя Жыгімонта аб смерць прыправіць, а іншых князёў ды паноў, апроч іх саміх, на той час пры Жыгімонце не было. Так і вырашылі: самім ім належыць гарады Вільню і Трокі заняць ды трымаць іх для князя Швідрыгайлы, які пасля пабойскае паразы ад Міхайлушкі Жыгімонтавіча ўцёк да Валохаў. I паслалі шляхціца-кіяніна на імя Скабейка, і далі яму трыста вазоў сена, а на кожны воз улажылі пад сена па пяць чалавек са зброяй, і па чалавеку пасадзілі коньмі правіць, і адправілі таго Скабейку да Трокаў, нібы з сенам дзякольным*. Адправіўшы Скабейку ў Трокі, паслалі яны людзей да Валохаў шукаць князя Швідрыгайлу. I ў вербную нядзелю князь Аляксандар Чартарыйскі са Скабейкам уехалі ў троцкі замак. У той час сын князя
Жыгімонта, Міхайлушка, выйшаў з замка да касцёла, а сам князь слухаў імшу ў замку ў ложніцы. I, уехаўшы з вазамі ў горад, князь Чартарыйскі са Скабейкам вароты зачынілі, усе людзі з вазоў вылезлі і падаліся проста да ложніцы князя Жыгімонта, дзе ён імшу слухаў.
А быў у князя Жыгімонта мядзведзь, якога ён вельмі любіў, і заўжды, калі той мядзведзь прыходзіў да ложніцы і лапаю дзверы драпаў, тады яго пускалі. Так і князь Чартарыйскі, прыйшоўшы са Скабейкам і.з усімі тымі людзьмі, драпнуў рукою па дзвярах. Князь Жыгімонт падумаў, што гэта мядзведзь, і загадаў дзверы адчыніць, і ў тое імгненне кінуліся Чартарыйскі са Скабейкам да ложніцы, і пачаў Чартарыйскі выказваць Жыгімонту ўсе яго злыя ўчынкі, якія ён рабіў над усёю шляхтаю Вялікага княства, а да таго ж яшчэ замысліў быў на сойме ўсіх кгязёў ды паноў і ўвесь род шляхецкі выкараніць і кроў іхнюю праліць, а псю кроў халопскую ўзнесці. I, тыя словы вымавіўшы, сказаў нарэшце: «Што ты прызначыў быў князям ды панам і ўсім нам піць, тое цяпер пі адзін», і кінуліся да яго, хочучы забіць. Але не было чым тое зрабіць, і Скабейка ўхапіў з каміна вілкі, якімі агонь папраўляюць, і тымі вілкамі ўдарыў Жыгімонта якраз тады, калі каплан* святую гостыю ўзнімаў. I кроў пырснула з галавы на сцяну, яна і да сёння відна на сцяне ў ложніцы ў вежы большага троцкага замка. Тады напаў на Скабейку мілоснік* Жыгімонтаў, на імя Слаўка, не хочучы бачыць смерці гаспадара свайго, бо вельмі быў люб вялікаму князю. А яны таго Слаўку ўзялі ды скінулі з вежы праз акно, і ён шыю зламаў. Тым часам князь Жыгімонт жывата даканаў* па загадзе ваяводы віленскага Доўгерда, ваяводы троцкага Лелюшы ды князя Чартарыйскага, ад рукі Скабейкі-кіяніна забіты быў у вербную нядзелю.