• Газеты, часопісы і г.д.
  • Старажытная беларуская літаратура

    Старажытная беларуская літаратура


    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 464с.
    Мінск 1996
    160.76 МБ
    Потым князь вялікі Вітаўт з князем Сямёнам, памысліўшы, пазвалі да сябе князя Івана Валадзіміравіча Бельскага, братаніча* свайго, і ўгаварылі яго ажаніцца са старэйшаю сястрою Васілісаю Бялухаю, а Зофію заручылі з каралём Ягайлам. А тыя сястрычны князя Сямёна былі дочкі князя Андрэя Альгімонтавіча Гальшанскага. Потым кароль Ягайла прыслаў паноў знакамітых з Ляхаў, і тыя, узяўшы княжну Зофію, адвезлі да яго ў Кракаў. Ён жа, знакамітае вяселле зладзіўшы, узяў яе замуж, і каранавалі яе, і меў Ягайла з ёю двух сыноў: аднаго — Уладзіслава, які потым стаў каралём вугорскім і польскім, а другога — Казіміра, які пазней стаў каралём польскім і вялікім князем літоўскім.
    Пра крыўду князю Вітаўту ад маскоўцаў
    У год 6910* месяца чэрвеня сёмага дня, праз тры гадзіны пасля ўзыходу сонца, калі пяюць да абедні, згінула сонца і схавала промні свае, і зоркі з’явіліся, як уночы, і свяцілі тры гадзіны. Пасля таго знаку з вялікім князем Вітаўтам адбылося такое. Быў ён у прыязі з зяцем сваім, вялікім князем маскоўскім Васіліем Дзмітрыевічам. А мужыкі маскоўскія, прыйшоўшы пад Пуціўль, паграмілі на Ціхай Сасне сеўрукоў, падданых Вітаўтавых, і забралі ў іх двух баброў ды тры кадаўбы мёду. I Вітаўт паслаў да князя маскоўскага, каб вінаватых, забранага пазбавіўшы, паказніў, а за шкоду ягоным сеўрукам заплаціў. Ды вялікі князь маскоўскі тое ў нядбанні* пакінуў. I князь Вітаўт, не хочучы таго трываць, сабраў войска сваё супраць князя маскоўскага і, помсцячы за крыўду, багата папаліў, і паваяваў, і папаланіў паблізу рэк Угры і Акі.
    Князь маскоўскі, пачуўшы пра тое, паслаў да цесця свайго, вялікага князя Вітаўта, мовячы так: «Гаспадару княжа вялікі Вітаўце! Ты мне як бацька, гневу на мяне не
    май, я ў тым не вінен, што ліхія людзі без майго ведама ўчынілі. А што я тых ліхіх людзей не знайшоў, якія сеўрукам тваім шкоду зрабілі, з таго на мяне не гневайся, ды зямель маіх не сказі, а лепей пабачымся, твая міласць, з табою».
    Князь вялікі Вітаўт на просьбу ягоную прыехаў да ракі Угры, узяўшы з сабою аднаго пана, іменем Андрэя. I князь Васілій Дзмітрыевіч, пабачыўшы цесця з-за ракі, узяў з сабою таксама аднаго баярына. Яны ўехалі на конях да сярэдзіны Угры, і пачаў князь маскоўскі прасіць Вітаўта, каб таксама ў раку ўехаў і з ім пабачыўся. Князь Вітаўт, увайшоўшы ў раку з панам Андрэем, прывітаўся з князем маскоўскім. I пасля доўгае размовы яны мір між сабою ўчынілі і мяжу паміж землямі сваімі па Угры-рацэ палажылі. Паслаў Вітаўт пана Андрэя да войска свайго распавесці, што ўжо з вялікім князем маскоўскім Васіліем Дзмітрыевічам мір заключыў. Андрэй жа сказаў князю Вітаўту: «Не сапраўдны мір, калі кровапраліцця між гаспадарамі не было». I Вітаўт адказаў: «Браце мілы! Што сталася, таго не мінуць, і я слова свайго ніяк адмяніць не хачу, няхай ужо будзе спакой». Па гэтай прычыне пана Андрэя празвалі Нямірам і, пачынаючы з яго, назвалі род ягоны Неміровічамі. Затым вялікі князь Вітаўт з зяцем сваім, вялікім князем маскоўскім Васіліем Дзмітрыевічам, мір ды спакой вечны заключыўшы і мяжу па Угры-рацэ палажыўшы, раз’ехаліся з усімі людзьмі сваймі розна*.
    Як князь Вітаўт Ноўгарад і Пскоў зваяваў
    Потым князь вялікі Вітаўт паслаў сваіх паслоў да Вялікага Ноўгарада і Пскова, каб яго гаспадаром сваім лічылі і даніну яму давалі і каб тыя паслы перадалі ім Вітаўтавы словы: «Даніну даяце зяцю майму, князю маскоўскаму Васілію, які галдоўнік* мне, а пану найвышэйшаму — мне — не хочаце даваць». Але ноўгарадцы і псковічы на тых паслоў зусім не зважалі і даніны даваць не хацелі. I князь вялікі Вітаўт сабраўся з усімі сваімі сіламі, і пайшоў на зя.млю Ноўгарадскую, і стаў пад горадам Порхавам, і стаяў там шэсць месяцаў, і, не здабыўшы горада, пайшоў па зямлі Ноўгарадскай і Пскоўскай, спусташаючы, палячы, беручы ў палон.
    Налета пайшоў князь вялікі Вітаўт пад гарады пскоўскія, але не здабыў гарадоў пскоўскіх — Веліж і Красны
    горад. Псковічы, хочучы, каб Вітаўт больш іх зямлі не сказіў, прыслалі сваіх паслоў да вялікага князя Вітаўта, згаджаючыся, каб ён гаспадаром у іх быў, хочучы слухацца яго, даніну яму кожны год даваць і намесніка ягонага ў сябе мець. I князь вялікі пасадзіў намеснікам у іх князя пінскага Юр’я, празванага Hoc, а сам пайшоў пад Ноўгарад з усімі сіламі. Ноўгарадцы, бачачы тое, што псковічы Вітаўту здаліся і намесніка ягонага прынялі, і, не хочучы больш трываць шкоды ад яго ў зямлі сваёй, паслалі да яго паслоў сваіх, падаўшыся яму на службу і падаткі даючы, і, як псковічы, за гаспадара яго мець пажадалі. Князь Вітаўт паставіў у іх намеснікам шурына свайго князя Сямёна Гальшанскага, празванага Лютым. I давалі ноўгарадцы даніну князю вялікаму кожны год дзесяць тысяч залатых і сорак гінштаў, якіх зараз называюць фрызамі, ды сорак нагольнікаў, ды сорак саракоў сабалёў, ды сорак саракоў рысяў, сорак саракоў куніц, сорак саракоў лісіц, сорак саракоў гарнастаяў, сорак саракоў вавёрак, і штогод ноўгарадцы па столькі давалі ў скарб вялікага князя літоўскага Вітаўта. А псковічы давалі палову таго, што ноўгарадцы, як залатых і коней, так і звера махнатага.
    Князь вялікі Вітаўт, расшырыўшы гаспадарства ад мора да мора, састарыўся. I меў ён трох жонак: першая была Ганяа, дачка князя смаленскага Святаслава, другая — Мар’я, дачка князя лукомскага і старадубскага Андрэя, трэцяя — Уліяна, дачка князя Івана Альгімонтавіча Гальшанскага, сястрычна родная князя Сямёна Лютага і князя вязанскага Андрэя, таго самага Андрэя, чыю дачку Зофію ўзяў замуж кароль Ягайла — маці Уладзіслава і Казіміра.
    Пра сечу пад Дуброўным
    У год ад пачатку свету 6921, а ад Божага нараджэння 1412 пачалася вайна караля польскага Уладзіслава Ягайлы і брата ягонага вялікага князя літоўскага Вітаўта з немцамі прускімі. I сабралі яны разам войскі вялікія з абодвух бакоў: з аднаго боку кароль Ягайла з усімі моцамі кароны ГІольскае, а князь вялікі Вітаўт з усімі сіламі літоўскімі і рускімі і са шматлікімі татарамі ардынскімі, а з другога боку магістр прускі з моцамі сваімі і з усёю Рэшаю Нямецкаю. I калі войскі з абодвух бакоў былі гатовыя, кароль Ягайла і вялікі князь Вітаўт пайшлі
    на бітву ўсё благімі ляснымі дарогамі, а поля роўнага ды шырокага, дзе маглі б спыніцца і бой стачыць, не знаходзілі, бо былі палі роўныя ды вялікія толькі пад местам нямецкім, што звалася Дуброўнае. I бачылі немцы, што ляхі ды літва з такімі вялікімі войскамі не маглі нідзе больш стаць, толькі на тых палях, і таму пакапалі яміны і прыкрылі іх, каб туды коні ды людзі пападалі.
    Калі кароль Ягайла і вялікі князь Вітаўт з войскамі сваімі мінулі лясы і прыйшлі на тыя Дубровенскія палі, тады найвышэйшым гетманам у войску Ягайлавым быў пан Сокал Чэх, а дворным гетманам — пан Спытка Спыткавіч, а ў Вітаўтавым войску старэйшым гетманам быў князь Іван Жэдзівід, брат Ягайлаў ды Вітаўтаў, а дворным гетманам — пан Ян Гаштольт. I пачалі тыя вышэйназваныя гетманы людзей шыкаваць*, а пра яміны, што на іх немцы пакапалі, нічога не ведалі, і, шыкуючы войска, гетманы князь Іван Жэдзівід ды пан Сокал у яміны пападалі і ногі сабе паламалі, і вельмі абразіліся*, ад чаго і памерлі. I не адным гетманам, але і многім людзям ад тых ямін шкода вялікая сталася. Кароль жа Ягайла і вялікі князь Вітаўт, бачачы, што гетманы іхнія найвышэйшыя ў такую прыгоду трапілі, на дзве пасады гетманскія іншых абралі: Ягайла даручыў Сокалава месца пану Спытку, a Вітаўт паставіў Яна Гаштольта. Абралі яны гетманаў і загадалі войска шыхтаваць, да бітвы ставіць, а тых ямін здрадлівых асцерагацца.
    А затым гетмань}, войска сшыхтаваўшы, пайшлі на сечу, а немцы, пабачыўшы тое, таксама пачалі з імі сутыкацца, і з парання пачалася бітва між немцамі і войскамі літоўскімі, і вялікае мноства вояў з абодвух бакоў — літоўскага і нямецкага — пала. Вялікі князь Вітаўт, бачачы, што войскі ягоныя вельмі пабітыя, а ляхі ніякае дапамогі ім чыніць не хочуць, прымчаў да свайго брата караля Ягайлы, а той імшу слухае. I сказаў Вітаўт: «Ты імшу слухаеш, а князі ды паны, браты мае, ледзьве не ўсе забітыя ляжаць, а твае людзі ніяк дапамагчы ім не хочуць». А Ягайла адказаў яму: «Мілы браце, ніяк іначай учыніць не магу, толькі мушу адправу слухаць» — і загадаў свайму каморнаму* гуфу ісці на ратунак Вітаўту.
    1	той гуф рушыў з войскам літоўскім на немцаў і нагалаву іх разбіў; і самога магістра і комтураў ягоных да смерці збілі, і незлічонае мноства немцаў паланілі ды пабілі. А іншыя войскі ляшскія ім не дапамагалі, толькі на тое глядзелі. Затым войска польскае і літоўскае, немцаў
    разбіўшы, шмат гарадоў ды зямель іхніх пабраўшы, a астатнія дашчэнту спустошыўшы ды выпаліўшы, з вялікаю пашанаю і з невымоўным звыцяжствам, на ўвесь свет знакаміта праславіўшыся, да сваіх зямель дабраліся; а харугвы нямецкія і бароды магістраву ды ўсіх комтураў ягоных, з мёртвых абадраўшы, палову ўзялі да Польшчы, а палову да Літвы. Тыя бароды і харугвы ў замку кракаўскім, у касцеле святога Станіслава, і ў Вільні, таксама ў касцеле святога Станіслава, вывешаны.
    Пра дамову караля Ягайлы з князем Вітаўтам
    Пасля тае сечы, бліжэй да зімы, з’ехаліся Вітаўт з каралём Ягайлам у горадзе Перамышлі, калі абодва былі яшчэ ў добрым здароўі, і пачаў гаварыць кароль Ягайла брату свайму, вялікаму князю Вітаўту, так: «Мілы браце, меў я трох жонак, а цяпер узяў чацвёртую, рускую, але ні з адною дзяцей не меў, і ты таксама дзяцей не маеш. Давай так між сабою дамовімся і прысягнем, што, калі я буду мець дзяцей, а ты не будзеш мець, няхай мае дзеці будуць у Кароне і Вялікім княстве панаваць пасля нас, а як у мяне дзяцей не будзе, а ў цябе будуць, тады няхай твае дзеці ўсюды пануюць». I была на тое воля Вітаўтава, і паны польскія ды літоўскія прысягу далі, а кароль з Вітаўтам падпісалі дамову, што, калі б пасля іх смерці кароль Ягайла не пакінуў дзяцей, а Вітаўт пакінуў, тады ляхі не абіралі б на каралеўскі пасад іншага пана, але толькі аднаго з дзяцей Вітаўтавых, які б панаваў і ў Кароне, і ў Вялікім княстве Літоўскім. А калі б Вітаўт не пакінуў дзяцей, а Ягайла пакінуў, тады Літва не мела б права іншага пана браць на княжэнне Літоўскае, як толькі каралеўскага сына. I паны ляшскія ды літоўскія, пачуўшы пра тое, таксама між сабою дамову падпісалі і прысягу гаспадарам сваім далі, што пасля іх смерці гаспадара сабе не браць, толькі дзяцей іхніх; так вырашыўшы, раз’ехаліся розна.