• Газеты, часопісы і г.д.
  • Старажытная беларуская літаратура

    Старажытная беларуская літаратура


    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 464с.
    Мінск 1996
    160.76 МБ
    сабе не бяру. А зрабіў я так, асцерагаючыся за сваю галаву, чуючы, што на мяне ліхое замысляюць».
    Князь жа вялікі Ягайла вельмі ўзрадаваўся прыезду вялікага князя Вітаўта. I яны разам праўду далі князю Кейстуту, што ніколі супраць яго не стануць, але заўжды ў ягонай волі будуць. I князь Кейстут адпусціў Ягайлу з маці і з братамі і з усім скарбам. Вітаўт правёў Ягайлу да Крэва. А затым Ягайла паехаў з Крэва ў Віцебск.
    Пра вялікую здраду князя Ягайлы, які прысягу пераступіў
    Князь вялікі Кейстут, сеўшы ў Вільні, паслаў двух чалавек у Полацак, аднаго ў войска, а другога ў горад. I палачане ўзрадаваліся і клікнулі раці, і людзі ратныя адступіліся ад Скіргайлы і пайшлі ў Вільню да вялікага князя Кейстута. А князь Скіргайла пайшоў да немцаў, у Ліфлянты, з некалькімі слугамі. Князь жа вялікі Кейстут пайшоў да Ноўгарада-Северскага на князя Корбута, а свайго сына Вітаўта пакінуў у Літве. Ідучы да Ноўгарада-Северскага, загадаў ён, каб павесілі Вайдзілу. I князь вялікі Ягайла мусіў пайсці з імі.
    I зноў Ягайла на прысягу сваю забыўся, борзда туды не пайшоў, а намовіў месцічаў віленскіх, Ганніных нашчадкаў, і заняў разам з імі Вільню. Ён з усім войскам прымчаў з Віцебска да Вільні, а князь Вітаўт паслаў ганца ў Ноўгарад-Северскі да бацькі. А пачулі пра тое немцы ды прусы, і маршалак. прускі рушыў з войскам на дапамогу Ягайлу вельмі паспешліва. Калі Вітаўт пачуў пра тое, што немцы з Прусаў да Вільні і Трокаў цягнуцца, а Ягайла ідзе з раццю ад Вільні да Трокаў, каб злучыцца з немцамі, і сам ён разам з маці пайшоў з Трокаў у Горадзень. Калі прыступіўся Ягайла да Трокаў, горад здаўся яму. Князь вялікі Кейстут прыйшоў у Горадзень да сына, а жонку сваю паслаў у Берасце, спадзеючыся атрымаць дапамогу ад князя мазавецкага Януша, зяця свайго, сам жа падаўся ў Жамойць, а сына свайго пакінуў у Горадні. Але князь Януш забыўся на дабро і прыязь цесцеву ды цешчыну і рушыў раццю на Дарагічын. Горад узяўшы, ён Сураж ды Камянец зваяваў і Берасце акружыў, але, Берасця не здабыўшы, пайшоў прэч і аблажыў гарады Дарагічын ды Мельнік.
    А князь вялікі Кейстут сабраў са свае Жамойцкае
    зямлі ўсе войскі і пайшоў да ракі Вяллі, а князь вялікі Вітаўт, сабраўшы раць са свае бацькаўшчыны, падаўся з Горадні насустрач бацьку, і злучыліся яны на Вяллі за дзве мілі вышэй ад Коўна, і тут перавезліся з войскам, і пайшлі да Трокаў, і, прыйшоўшы, горад аблажылі. Пачуў Кейсіут, што Ягайла з Вільні раццю ідзе, а з ім пруская ды нямецкая дапамога. Спачатку немцы абодвум ворагамі былі — і Кейстуту і Ягайлу. Ліфляндцкая раць прыходзіла да Полацка на дапамогу князю Скіргайлу, а потым прускае войска на чале з маршалкам прыходзіла да Трокаў, а як трэці раз ліфляндцкая раць з Ягайлам і братамі ягонымі прыходзіла — гэта ўжо значыла, што немцы з Ягайлам ды братамі ягонымі заадно сталі супраць Кейстута. I калі ўжо прыйшлі на бой, князь вялікі Кейстут з сынам сваім Вітаўтам супраць вялікага князя Ягайлы і, яшчэ не сышоўшыся палкамі, сталі на адлегласці трох ці чатырох стрэлаў, прымчаліся князі ды баяры ад Ягайлы да войска Кейстутавага і пачалі прасіць Вітаўта, каб пагаварыў з ім. I пачалі яны казаць князю Вітаўту: «Князь вялікі Ягайла паслаў нас да цябе, каб ты ўяднаў* нас з бацькам сваім, каб мы трымалі сваё, а вы сваё, і каб сечы між намі не было ды кровапраліцця не ўчынілася. Прыехаў бы ты да брата свайго, вялікага князя Ягайлы, а мы на тым прысягаем, што ты чыста, без бою, ад’едзеш у войска сваё; тым бы ўсё і скончылася».
    Князь вялікі Вітаўт адказаў: «Прысягу вашую прымаю, але няхай таксама і князь Скіргайла прыедзе да нас і прысягне, тады і я паеду». Яны паслалі па князя Скіргайлу, і ён, як і яны, прысягнуў вялікаму князю Вітаўту. I Вітаўт паехаў да Ягайлы, да ягонага войска, а раці стаялі адна супраць другой, між сабою нічога не пачынаючы. I пачаў Ягайла прасіць Вітаўта: «Калі б ты нас уяднаў, кровапраліцця не было б». Вітаўт прыняў прысягу з Ягайлы, што бацьку ягонаму Кейстуту дасць чыста ад’ехаць. I яшчэ сказаў Вітаўт Ягайлу: «Яшчэ, браце, прышлі Скіргайлу, каб ён прыехаў, і далі б мы бацьку майму клятву, што ён зможа проста прыехаць і ад’ехаць, а князь Скіргайла прысягнуў бы ад твайго імя».
    I прыехалі Вітаўт са Скіргайлам да Кейстута ў войска і прысягнулі ад імя Ягайлы і ад сябе. I Вітаўт з бацькам паехалі ў войска да Ягайлы, спадзеючыся на тыя абяцанні. Князь жа Ягайла пераступіў прысягу, кажучы: «Паедзем да Вільні, там дамовімся». На тым войскі, нічога не пачынаючы, раз’ехаліся.
    I як да Вільні прыехалі, князь вялікі Ягайла дзядзьку свайго, князя вялікага Кейстута, у ланцугі закаваўшы, да Крэва паслаў і пасадзіў у вежу, а Вітаўта яшчэ пакінуў у Вільні. Там, у Крэве, на пятую ноч князя Кейстута ўдавілі каморнікі Ягайлавы, аднаго з якіх звалі Прокша, ён ваду Ягайлу падаваў. А астатнія былі: Мосцеў брат, ды Кучук, ды Лісіца Жыбянцяй. Такі быў канец вялікага князя Кейстута.
    Як князь Вітаўт уцёк да немцаў, а потым Ягайлу зваяваў
    Пасля смерці вялікага князя Кейстута князь Ягайла паслаў Вітаўта з жонкаю да Крэва і загадаў пільна сцерагчы яго ў хораме. I Ягайла, помсцячы за Вайдзілу, якому замуж аддаў быў сястру сваю, дваіх загадаў на каленях разбіць: аднаго — Відымонта, дзядзьку маткі вялікага князя Вітаўта, (другога — Бутрыма, унука ягонае маці), што трымаў Уліяну, якая потым была за Монвідам, ды шмат іншых баяраў пасцінаў.
    Князь жа Вітаўт сядзеў у Крэве. Хадзілі да іх з княгіняю дзве жанчыны слаць пасцель ім, і, паслаўшы, прэч выходзілі разам з вартаю. I вялікая княгіня Вітаўтава пачула ад людзей, якія мовілі між сабою: «Калі князь Вітаўт будзе ў іх доўга сядзець, тое ж самае з ім учыняць, што і з бацькам ягоным». I дарадзіла яна яму так: як прыйдуць жанчыны слаць, каб ён наклаў на сябе адзенне адной з жанчын ды выйшаў з хорама з другою жанчынаю, а каб першая жанчына засталася з ёю. Вітаўт паводле тое рады ўбраўся ў адзенне адной жанчыны ды выйшаў з другою і, спусціўшыся з горада, уцёк да немцаў у Прусы.
    Калі быў Вітаўт у немцаў у Марыінгорадзе — у магістра, прыехала да яго шмат князёў ды баяраў літоўскіх. I пачаў ён з дапамогаю нямецкаю ваяваць Літоўскую зямлю. Князь жа Ягайла быў з маці сваёй, вялікаю княгіняй Уліянаю, у Віцебску, а брат ягоны, князь Скіргайла, у Літве, у Троках. I князі Ягайла ды Скіргайла не маглі стаяць супраць Вітаўта, бо ў яго сіла вялікая сабралася. Тады князь Ягайла прызваў яго з немцаў і даў яму Луцк і ўсю Валынскую зямлю.
    Як вялікі князь Ягайла ляхаў зваяваў, а таксама пра святое дрэва
    Седзячы на ўсім Вялікім княстве Літоўскім, Ягайла пачаў вайну з Мазоўшам і з Ляхамі за тое, што ўзяў быў князь мазавецкі з ляшскаю дапамогаю Дарагічын і Мельнік. I шматкроць* хадзіў ён у зямлю Ляшскую, і шкоду вялікую чыніў у зямлі Ляшскай і Мазавецкай і багата кровапраліцця хрысціянам рымскае веры, пачаўшы ад мяжы лігоўскае — аж да ракі Віслы. Прыйшоў ён з вялікім войскам да ракі Віслы, насупраць Завіхваста, і думы* ўчыніў, як бы раку перайсці. I адзін ліцвін злез з каня, абкруціў хвост каня сабе вакол рукі ды кажа: «Тут вады не будзе», і ўдарыў каня, і борзда раку з канём пераплыў. Усё войска, пабачыўшы тое, раку з коньмі сваймі тым жа чынам борзда пераплыло і, пераплыўшы раку Віслу, прыйшло пад горад Завіхвост. I сказаў князь Ягайла: «Не варта нам гэты горад гарматамі здабываць», і загадаў усяму свайму войску, каб кожны па кію ўзяў і кінуў у горад. Кожны ваяр з войска літоўскага, узяўшы па кію запаленым, кінуў у горад, і повен горад кіёў наляцела, і запалаў увесь горад Завіхвост. Спаліўшы Завіхвост, пайшоў Ягайла пад Апатаў і спаліў яго, ды шмат іншых местаў і сёлаў папаліў аж да самае Вісліцы, і паняў ды паненак у палон павёў.
    Калі Ягайла з войскам ішоў назад паўз святы крыж, некаторыя воі заехалі да святога крыжа на гару. Між імі быў адзін пан з роду Давойнавага, і ўзяў ён дрэва святога крыжа, якое было ўштукавана ў срэбра. I ўзяў тое дрэва не дзеля яго дастойнасці, але дзеля срэбра, і, не шануючы таго дрэва, паклаў яго ў таболь* між рознымі простымі рэчамі. Там жа паланіў ён дзеўку — знакамітую панну роду высокага, з гербу Габданка, якую ў вялікай пачцівасці трымаў. А князь Ягайла зямлю Ляшскую спустошыў і плёну шмат забраў — і золата, і срэбра, і камення дарагога, і невымоўнага скарбу набраўшы, у цэласці прыйшоў да стальца свайго — да Вільні.
    I віленцы, паводле старога паганскага звычаю, спаткалі князя вялікага Ягайлу з жонкамі і дзецьмі перад местам, песні пеючы і ў далоні б'ючы, хвалячы вялікага князя за тое, што такую перамогу здабыў. I вялікая ціжба* людзей была на вуліцах у месце Віленскім. I калі які-кольвек паганін датыкаўся да тых таболаў, дзе было дрэва святога крыжа, то раптоўна паміраў. Дзівіўся князь вялікі Ягайла, што пры тым спатканні так багата людзей
    раптоўна памерла, і пытаўся між сваімі людзьмі, што ж то за дзіва было. Прыйшоў той пан з Давойнаў, які ўзяў святы крыж, і стаў распавядаць пра тое дзіва паланёнай панне з Габданка. I яна расказала: «Я бачыла ў сне анёла Божага, які мовіў, што Бог свой гнеў наслаў на паганства, бо дрэва святога крыжа, якое маюць у сябе, захоўваюць непачціва». I той пан з Давойнаў пераказаў дзявочы сон вялікаму князю Ягайлу.
    Князь вялікі Ягайла загадаў таму пану прынесці той крыж, у якім захоўваецца Божае дрэва, і прывесці тую панну, якую паланіў. I, пабачыўшы дрэва святога крыжа і панну з гербу Габданка, князь Ягайла перадаў святы крыж той панне і загадаў пану з Давойнаў, каб адпусціў яе на волю. I вялікі князь сам тую панну, адарыўшы шчодра, адпусціў і наказаў ёй, каб той крыж пачэсна адвезла і паставіла на тым месцы, дзе дагэтуль быў. Панна ж, бачачы, што пан з Давойнаў, у якога яна была ў палоне, так годна яе ў сябе трымаў і пашану ёй вялікую выказваў, яна паведала яму, што адзіная дачка ў бацькі свайго, і прасіла таго пана, каб з ёю да бацькі паехаў і там, у бацькі, ёй за мужа стаў. Паехалі яны да яе бацькі і дрэва святога крыжа пачэсна адвезлі і паставілі ў касцеле Святога Крыжа. А потым пан з Давойнаў тую панну за сябе замуж узяў, і тады ж да гербу Габданка даданы быў крыж, і назвалі той герб Дубня. Так адбылося паланенне Літвою святога крыжа ў Польшчы. Але вернемся назад.
    Як князь Ягайла польскім каралём стаў