Старажытная беларуская літаратура
Выдавец: Юнацтва
Памер: 464с.
Мінск 1996
Даведаўся Міндоўг, што хочуць дапамагаць яму божыя дваране*, і біскуп, і ўсе воі рыжскія, і збаяўся ён, і адарыў таемна Андрэя, магістра рыжскага, дарамі незлічонымі, і тым яму дагадзіў. Бо паслаў яму багата золата і срэбра, ды срэбнае і залатое начынне, шмат прыгожых коней, і мовіў: «Калі заб’еш або выганіш Таўцівіла, яшчэ больш атрымаеш». А магістр рыжскі адказаў: «Не будзеш збаўлены і не пераможаш ворагаў, калі не пашлеш да папы і не прымеш хросту. Але прыязнасць маю да цябе і хочу асляпіць вочы свае золатам, якое цяпер ад цябе атрымаў, таму табе і спрыяю». I Міндоўг прыняў хрост, але хрост яго фальшывы быў: ён заўсёды ахвяры складаў патаемна багам сваім — найперш Нонадаяве, Тэлявелі, Дзіверыку, заечаму богу і Медзіну. I як выедзе ён на поле, а перад ім пабяжыць заяц з поля ў гай, то ён у той лес не ўваходзіць і людзям забароніць, каб туды хадзілі і розгі там ламалі. I багам сваім служыў, і целы мёртвых спальваў, і паганства сваё яўна вызнаваў.
Таўцівіла ж спавядаў біскуп; і пробашч віржанскі расчуліўся, бачачы яго хворага. Таўцівіл быў выгнаны з Літоўскае зямлі, таму трапіў у іхнія рукі і хрост няволяю прыняў. Аднак усё гэта не зрабіла Літву хрысціянскаю. Андрэй быў
пазбаўлены браціяй свайго сану. А Таўцівіл прымчаў у Жамойць да свайго вуя* Вікінта, узяў яцвягаў і жамойтаў і дапамогу Данілаву, якую даў яму Даніла раней, і рушыў на Міндоўга. Міндоўг жа сабраўся быў ісці на бой, але вырашыў не біцца з імі, і ўвайшоў у горад Руту, і ўночы выслаў шурына свайго, і разагнаў і русь і яцвягаў. Нараніцы ж выехала войска Міндоўгава на немцаў з самастрэламі*, і ехалі русь ды полаўцы са стрэламі, і яцвягі з суліцамі, і ганяліся па полі, падобна як на забаве, і адтуль вярнуліся да сябе ў Жамойць.
Пра забойства вялікага князя Міндоўга
Па тым сойме мінула нямала часу, і ўвосень забіты быў вялікі князь літоўскі Міндоўг, адзінаўладнік усяе зямлі Літоўскае. Раскажам пра яго забойства. Было гэта так.
Княжачы ў зямлі Літоўскай, пачаў ён збіваць братоў сваіх ды сыноўцаў, а некаторых выгнаў з зямлі, і пачаў княжыць ува ўсёй зямлі Літоўскай адзін, і пачаў ганарыцца вельмі, узнёсся славаю ды гордасцю вялікаю, не трываючы супраць сябе нікога.
Быў у яго сын Войшалк і дачка, якую ён аддаў за Шварна Данілавіча ў Холм. Войшалк пачаў княжыць у Новагародку і, будучы паганінам, пачаў праліваць кроў многіх людзей, забіваючы ўсякі дзень па тры ці па чатыры чалавекі; а які дзень не заб’е нікога, то сумуе, калі ж заб’е каго — тады ён вясёлы.
Пасля гэтага ўвайшоў страх Божы ў сэрца ягонае, і ён, падумаўшы, прыняў святы хрост у Новагародку і стаў хрысціянінам. Потым падаўся Войшалк у Галіч да Данілы, да князя Васількі, хочучы прыняць мніскі чын. Тады ж Войшалк ахрысціў Юр'я Львовіча. Потым адправіўся ён у Паланіну да Грыгорыя ў манастыр і пастрыгся ў чарняцы*. I быў Войшалк у манастыры тры гады, і адтуль пайшоў да Святое гары, і прыняў багаслаўленне ад Грыгорыя. Грыгоры ж быў чалавек святы, такіх, як ён, да яго не было і пасля яго не будзе. Войшалк жа не мог дайсці да Святое гары, бо мяцеж быў вялікі ў тых землях, і ён вярнуўся ў Новагародак і ўчыніў <сабе> манастыр на рацэ Нёмне між Літвою і Новагародкам і там жыў. Але бацька ягоны Міндоўг дакараў яму, што такое жыццё сабе выбраў. Ён жа бацькі свайго не любіў вельмі.
А ў той час памерла княгіня Міндоўгава, і пачаў ён смуткаваць па ёй. А яе сястра была за Даўмонтам, нальшчанскім
князем. I паслаў Міндоўг да Нальшчанаў па сваю свесць*, кажучы так: «Сястра твая памерла. Прыязджай па ёй смуткаваць». I яна прыехала. Міндоўг жа захацеўузяць яе замуж і пачаў мовіць ёй: «Сястра твая, паміраючы, загадала мне, каб я цябе замуж за сябе ўзяў. Казала, гэта каб іншая дзяцей не крыўдзіла». I ўзяў Міндоўг яе замуж. Даўмонт жа, пачуўшы пра тое, стаў вельмі смуцен і пачаў замысляць, як бы Міндоўга забіць, але не мог, бо сіла яго была малая, a Міндоўгава вялікая. I Даўмонт шукаў сабе дапамогу, з кім забіць Міндоўга, і знайшоў Траняту, сястрычыча* Міндоўгавага. Транята ж быў тады ў Жамойці.
У год 6771* паслаў Міндоўг усю сваю сілу за Дняпро на князя бранскага Рамана. Разам з тою сілаю пайшоў на вайну і Даўмонт, але, выбраўшы для сябе зручны час, ён вярнуўся назад, кажучы так: «Прароцтва не дае мне з вамі ісці». Борзда вярнуўшыся назад, выгнаў Міндоўга і тут жа яго і забіў, а з ім і абодвух яго сыноў — Рукля ды Рэпекія. Такі быў канец Міндоўга.
Пасля забойства Міндоўга Войшалк спалохаўся і ўцёк да Пінска і там застаўся жыць. А на ўсёй зямлі Літоўскай і ў Жамойці пачаў княжыць Транята.
I ён паслаў па брата свайго Таўцівіла да Полацка, кажучы так: «Ты, браце, прыедзь сам, раздзелім між сабою зямлю і здабытак Міндоўгаў». Той прыехаў да яго і думаць пачаў, як забіць Траняту, а Транята сабе мысліў, як забіць Таўцівіла. I тады паведаміў Траняту пра задуму Таўцівілаву баярын ягоны Пракопій Палачанін. I Транята апярэдзіў Таўцівіла і забіў яго і стаў княжыць адзін. Пасля гэтага пачаў думаць Міндоўгаў канюшы з чатырма парабкамі, як бы ім забіць Траняту. I калі ён ішоў да мыўніцы* мыцца, яны падпільнавалі яго і забілі. Такі быў канец Траняты.
Пра князя Войшалка і яго смерць
Пачуўшы пра тое, Войшалк пайшоў з пінянамі да Новагародка, а адтуль, узяўшы з сабою новагародцаў, падаўся ў Літву — княжыць. Літва ж уся з радасцю вялікаю прыняла свайго гасподзіча*. Войшалк пачаў княжыць ува ўсёй зямлі Літоўскай і ворагаў сваіх забіваць, знішчыў іх вялікае мноства, а астатнія разбегліся хто куды. I забіў ён Астафія акаяннага — беззаконнага* ваяводу Міндоўгавага.
Княжачы ў Новагародку і ў рускіх гарадох, Войшалк, змовіўшыся з князьмі рускімі, доўга ваяваў супраць князя
ляшскага Баляслава і ў многіх сечах зысківаў*, і ў Ляхах многа кровапраліцця чыніў, і зямлю Ляшскую спустошыў, і гарады ляшскія, Ільзу ды іншыя, шматкроць паліў. А потым, надалей пануючы, ахрысціўся ў рускую веру, і прыняў на сябе чын чарнецкі, і пастрыгся ў мніхі, і пайшоў да Угроўска ў манастыр — у цэркву святога Данілія. А ў манастыры быў ігуменам Грыгоры Палонін, ён быў вельмі набожны і нямала пражыў у манастыры.
Неўзабаве прыслаў князь Леў валадзімірскі да Васількі, брата свайго, хочучы з ім пабачыцца і просячы яго, каб паслаў да Войшалка і запрасіў яго прыехаць да іх для нейкае рады. I князь галіцкі Васілька прасіў Войшалка, каб ён да іх з’явіўся і з імі пабачыўся. Але Войшалк не хацеў да іх ехаць, бо не меў прыязнасці з князем Львом; праз тое не думаў туды ехаць, а ўсё ж паехаў на запрашэнне Васількі ды Шварна ў горад Валадзімір.
Прыехаў ён на святыя нядзелі і спыніўся ў манастыры святога Міхаіла Вялікага, і па сустрэчы Маркольт Нямчын запрасіў усіх князёў на абед. I яны былі ў яго на абедзе і весяліліся надта. А потым Васілька напіўся і паехаў да свайго падворка, а Войшалк паехаў у манастыр святога Міхаіла, дзе гасподаю стаяў*. Пасля таго да Войшалка ў манастыр прыехаў Леў і сказаў Войшалку: «Напімося яшчэ, куме». Войшалк выйшаў да яго. I Леў па д’яблавым навучэнні ўспомніў, што бацька Войшалкаў і сам Войшалк крыўды чынілі землям рускім ды ім самім і тут, у манастыры святога Міхаіла, забіў яго, і ў тым жа манастыры Васілька пахаваў яго. Так скончыўся род князёў рымскага князя Палемона.
Пра князя Швінтарога і сына ягонага Скірмонта
I паны, жалуючы гаспадара свайго прыроджанага, узялі сабе гаспадаром сына вялікага князя літоўскага і жамойцкага Уценуса з гербу Кітаўрасавага — Швінтарога. Але нядоўга княжыў Швінтарог у Новагародку і ў рускіх гарадох, калі бацька ягоны памёр. <1 Швінтарог пачаў княжыць на Вялікім княжэнні Літоўскім, Жамойцкім, Новагародскім і Рускім. I нарадзіў Швінтарог сына Скірмонта. I выбраў сабе вялікі князь Швінтарог месца ў пушчы вельмі прыгожае каля ракі Вяллі, дзе ў яе рака Вільня ўпадае, і папрасіў сына свайго Скірмонта, каб на тым месцы, дзе яго мёртвага спаляць, было жэглішча ўчынена. I загадаў ён сыну свайму,
каб пасля смерці ягонае на тым месцы, дзе яго спаляць, усіх князёў літоўскіх і знакамітых баяраў спальвалі б, і каб нідзе больш целы мёртвых не палілі, толькі там, бо да таго целы мёртвых спальвалі там, дзе хто памрэ. I так загадаўшы сыну свайму Скірмонту, князь вялікі Швінтарог памёр.
Вялікі князь Скірмонт застаўся пасля бацькі на Вялікім княстве Літоўскім, Жамойцкім і Рускім. I па загадзе бацькі свайго на тым месцы, дзе рака Вільня ў Вяллю ўпадае, ён учыніў жэглішча і там цела бацькі свайго спаліў, і каня ягонага, на якім той ездзіў, і шаты ягоныя, што насіў, і мілосніка ягонага, да якога там меў ласку, і сокала, і харта ягонага спаліў.
I ад тых часоў целы вялікіх князёў літоўскіх на тым месцы спальвалі, і таму тое месца празвана Швінтарога>, на імя таго вялікага князя. I калі цела якога князя літоўскага або пана спальвалі, то каля яго клалі рысіныя або мядзведжыя кіпці, бо мелі веру, што судны дзень будзе і што калі Бог прыйдзе, ды сядзе на гары высокай, ды судзіць будзе жывых і мёртвых, дык на тую гару цяжка будзе ўзысці без тых кіпцяў. I для таго кіпці каля іх клалі, каб з імі на тую гару лезлі ды на суд да Бога ішлі. Дык хоць і паганцы былі, але верылі ў судны дзень, і ў з мёртвых устанне, і ў адзінага Бога, які судзіць жывых і мёртвых.
Потым панаваў вялікі князь Скірмонт і пакінуў двух сыноў — Трабуса і Гілігіна. I пачаў княжыць Трабус на зямлі Жамойцкай, а Гілігін — на зямлі Літоўскай і Рускай. I княжыў Гілігін шмат гадоў і памёр.
Пра пяцёх сыноў Раманавых, а таксама пра герб Пагоня
Пасля Гілігіна пачаў княжыць сын ягоны Раман. Але неўзабаве памёр вялікі князь жамойцкі Трабус, дзядзька князя Рамана, і пачаў валадарыць князь вялікі Раман на зямлі Літоўскай, Жамойцкай і Рускай. I Раман урадзіў пяцёх сыноў: старэйшы Нарымонт, другі Даўмонт, трэці Гальшан, чацвёрты Гедрус, пяты Тройдзен.
Калі Раман памёр, пачаў княжыць сын ягоны старэйшы Нарымонт, і ўчыніў ён горад Кернаў, і перанёс да яго сталец з Новагародка, і пачаў панаваць, і назваўся вялікім князем новагародскім, літоўскім і жамойцкім.
А брат ягоны Даўмонт сеў на бацькаўшчыне сваёй, на Уцене, і назваўся князем уценскім. Атрэці брат Гедрус зару-
біў горад, і назваў яго іменем сваім — Гедройты, і празваўся князем гедройцкім. А чацвёрты брат Гальшан перайшоў раку Вяллю і сярод гор знайшоў гару прыгожую над ракою Вільняю, і за мілю ад месца, дзе Вільня ўпадае ў Вяллю, насупраць Раканцішак, збудаваў горад, і назваў яго іменем сваім — Гальшаны. Нядоўга прабыў ён там і, едучы адтуль на ловы ў пушчу за дзесяць міляў ад свайго горада, знайшоў гару прыгожую, раўнінамі вялікімі аблеглую ды багаццем поўную. I спадабалася яму там, і ён там пасяліўся, і на той гары над ракою Караблём учыніў горад, і перанёсся туды, і там пачаў княжыць, і назваўся князем гальшанскім. А пяты брат Тройдзен жыў пры браце сваім вялікім князю Нарымонце.