Старажытная беларуская літаратура
Выдавец: Юнацтва
Памер: 464с.
Мінск 1996
А князь Юрый Лінгвеневіч, будучы ў Вялікім Ноўгарадзе, размысліўся*, што крыўду ўчыніў вялікаму князю за
тую ласку, што ад яго меў, бо бацькаўшчыну ягоную, Лінгвеневу, што быў адняў у яго князь Жыгімонт, вялікі князь Казімір яму вярнуў. Прыгадваючы ласку вялікага князя і горка плачучы, умысліў ён па Божым навучанні паслаць сваіх паслоў да кума свайго, дзядзькі вялікага князя Казіміра, Яна Гаштольта, бо ён у Яна Гаштольта дзяцей хрысціў, і таму яны ў прыязнасці між сабою жылі. I паслаў Юрый да кума свайго, напрамілы Бог просячы, каб той за яго перад вялікім князем заступіўся і ўсіх паноўраду намовіў прыцішыць гнеў княскі на яго, і каб Казімір паранейшаму ў ласку яго прыняў. I Ян Гаштольт у тое пільна замяшаўся, і паноў намовіў. Таму князь Казімір з намовы дзядзькі свайго, Яна Гаштольта, і на довады сваіх паноўрады крыўду князю Юрыю Лінгвеню дараваў і да сябе прыехаць загадаў. Калі князь Юрый прыехаў, вялікі князь вярнуў яму бацькаўшчыну ягоную — Мсціслаў.
Пра падступства князя Міхайлушкі Жыгімонтавіча і пра ягоную смерць
У год 6953 (1445) князь вялікі Казімір быў у нязгодзе з вялікім князем маскоўскім. I прыйшлі маскоўцы з татарамі і зваявалі зямлю Вяземскую. Тою ж зімою Казімір у адказ на тое паслаў сваіх ваяводаў, князёў ды паноў з войскам ваяваць Маскоўскую зямлю, і зваявалі яны Казельск, Вярэю, Калугу, Мажайск ды багата зла зрабілі маскоўцам. Але пяцьсот маскоўцаў, сабраўшыся, пагналіся за літвою. I дапамог Бог літве, пабілі яны шмат маскоўцаў, а астатніх рукамі паймалі і прывялі іх у Смаленск, да вяіікага князя Казіміра, і была тады пашана вялікая ды слава яму і ўсёй зямлі.
Потым князь Казімір, гаспадарства сваё супакоіўшы, выклікаў да сябе з Мазоўша Міхайлушку Жыгімонтавіча, шкадуючы яго як брата стрыечнага, і даў яму ўдзел, які меў бацька ягоны Жыгімонт ад братоў сваіх: Бельск, Бранск, Сураж, Клецак, Койданаў, Старадуб і, ушанаваўшы яго, адпусціў княжыць у тых гарадах.
I калі быў Міхайлушка ў Клецку, крыўдна яму стала, і, плачучы, наракаў і шкадаваў, што брат яго малодшы, каралевіч Казімір, быў узяты на пасад і гаспадарствам справуе. I ўмысліў Міхайлушка злое — вялікага князя Казіміра аб смерць прыправіць, і падзяліўся задумаю сваёй з
князьмі валожынскімі, што празываліся Сухты, каб Казіміра забіць на ловах, бо ён вельмі мысліўства любіў. Адправіў князь Міхайлушка князёў валожынскіх з пяццюстамі вершнікамі на конях у зброях на вялікага князя да Мерача, умысліўшы забіць яго, каб самому пасад заняць. Загадаў князям валожынскім, каб употай з'ехаліся да Казіміра і аб смерць яго прыправілі. I калі яны на ловы прыехалі, асочнікі*, якія акружалі аступы*, убачылі збройных людзей і паведалі пра тое маршалку дворнаму вялікага князя, Андрушку Гаштольтавічу, і той борзда ўхапіў Казіміра, бо князь яшчэ малы быў, і памчаўся з ім да Трокаў, і распавёў пра тое бацьку свайму Яну Гаштольту. I Ян Гаштольт са многімі людзьмі спаткаў Казіміра за Старымі Трокамі. I, угнявіўшыся вельмі з таго, што расказаў Андрушка, ён адразу ж адправіў пагоню за князьмі валожынскімі. Дагналі іх паміж Крэвам і Ашмянаю, і там жа ўсіх іх пяцёх братоў схапілі, а пасланых Міхайлушкам людзей — адных пабілі, а астатніх злавілі і прывялі да вялікага князя ў Трокі ды там жа іх і пагубілі.
У той жа час памёр Доўгерд, ваявода віленскі, і даў Казімір Вільню Яну Гаштольту, а Трокі — Яну Монвіду.
А Міхайлушка Жыгімонтавіч пачуў пра тое, што князёў валожынскіх, пасланых ім на пагубу вялікаму князю, злавілі ды пасціналі, і ён шкадаваў вельмі, што задума ягоная абарачаецца ні ўва што, і што быў умысліў супраць Казіміра, тое супраць яго самога навярнулася. Устрашыўся ён вельмі і кінуўся наўцёкі ў дальні горад свой, у Бранск. Будучы ў Бранску, ён сабраў войска немалое і з дапамогаю маскоўскаю заняў горад Кіеў.
А вялікі князь Казімір, сабраўшы свае літоўскія сілы, паслаў борзда дзядзьку свайго Яна Гаштольта. I Гаштольт, паехаўшы туды, вярнуў гарады Кіеў ды Бранск Вялікаму княству. А Міхайлушка пачуў, што войска літоўскае ідзе, і збаяўся, і пабег з тых гарадоў у Маскву. I калі быў ён у адным манастыры і слухаў абедню, ігумен, які не любіў яго, даў яму з прычасцем вельмі лютую атруту, і ён, як прыняў прычасце, тут жа ўпаў ды здох. А ігумен, бачачы, што Міхайлушка так хутка памёр, збаяўся кары і сам, прычасце прыняўшы, тут жа памёр. Такі быў канец Міхайлушкі Жыгімонтавіча.
Пра цара перакопскага Ач-Гірэя
У тым жа годзе, калі быў вялікі князь Казімір у Вільні, прыехаў да яго князь Алелька з Капыля з двума сынамі, князьмі Сямёнам ды Міхайлам, і білі чалом вялікаму князю праз паноў-раду, просячы бацькаўшчыну сваю — Кіеў, і Казімір па просьбе паноў-рады вярнуў яму Кіеў з усімі прыгарадкамі.
На другі год прыехаў з Валохаў князь Швідрыгайла, дзядзька вялікага князя Казіміра, які, уцёкшы ад князя Жыгімонта, быў у Валохах сем год, авечак пасвіў. Князь Казімір ласкава прыняў яго з вялікаю пашанаю і даў яму да канца жыцця Луцк з усёю зямлёю Валынскаю.
У тым жа годзе прыехалі князі ды ўланы і ўсе мурзы Шырыноўскія ды Багранеўскія ад усяе арды Перакопскае да вялікага князя Казіміра, просячы яго ды чалом б’ючы, каб пасадзіў у іх царом Ач-Гірэя, які прыехаў быў з арды да Літвы яшчэ за часам вялікага князя Жыгімонта, і Жыгімонт даў яму Ліду. Князь Казімір таго цара Ач-Г ірэя, ушанаваўшы і адарыўшы, з вялікаю пачэснасцю да арды Перакопскае на царства паслаў, а разам з ім адправіў маршалка земскага Радзівіла — садзіць Ач-Гірэя на царства. I Радзівіл правёў яго ў пачэснасці аж да стальца ягонага, да Перакопа, і там ад імя вялікага князя пасадзіў на царства Перакопскае. I ўсе гады за часам гаспадарання Казіміра і за жыццём таго цара Ач-Гірэя супакой быў паміж княствам Літоўскім і ардою Перакопскаю, бо быў цар Ач-Гірэй вялікі прыяцель Вялікаму княству Літоўскаму за ласку князя Казіміра, бо той яго на царства пасадзіў, і Ач-Гірэй Літоўскаму гаспадарству спрыяў за тое, што некалі ў Літве хлеб-соль еў. I за часам ягонага царавання ні разу паганская татарская нага бязбожных ізмаіліцянаў у Літве і ў Ляхах не пастала. У тыя часы сіроты і ўдовы і ўсе хрысціяне радаваліся і Бога хвалілі, што такі доўгі і трывалы мір з паганцамі мелі.
Як вялікі князь Казімір быў узяты на каралеўскі пасад, а таксама пра падкопы ляшскіх паноў
Быў вялікі князь Казімір сем год князем літоўскім, і гаспадарствы ўсе, што да Вялікага княства прыслухаюцца, у цэласці ўтрымаў і ў згодзе, а ўсе тыя землі, якія не ха-
целі яму паслухмянымі быць, да Вялікага княства прывярнуў і супакоіў.
А за тыя сем год паны так і не знайшлі караля польскага і вугорскага, брата ягонага Уладзіслава, які знік яшчэ ў бітве з туркамі, і Карона аўдавела. Таму паны ляшскія замыслілі ўзяць на каралеўскі пасад вялікага князя Казіміра і прыслалі сваіх вялікіх паслоў: арцыбіскупа гнезненскага, біскупа кракаўскага, пана кракаўскага ды шмат іншых ляшскіх паноў радных,— прасіць князя Казіміра на карону Польскую. I паны літоўскія, уладарцы Вялікага княства, зычачы гаспадару свайму гаспадарства вялікага, паноў ляшскіх удзячна прынялі і ўшанавалі, і гаспадара свайго вялікага князя Казіміра з вялікаю пашанаю і радасцю правялі да Кракава на каралеўскі пасад і там жа яго каранавалі. I стаў Казімір каралём польскім і вялікім князем літоўскім.
Будучы каралём і вялікім князем, Казімір праз год пасля каранацыі склікаў вальны ляшскі сойм у Петрыкаве для спраў земскіх*. А на тым сойме ўмыслілі ўсе паны ляшскія ўпотай ад караля іншы сойм склікаць ў Парцове, і каб там жа былі ўсе паны літоўскія, уладарцы Вялікага княства, і ўдумалі яны на тым сойме парцоўскім паноў літоўскіх перарэзаць, а княства Літоўскае да Кароны далучыць, і так жа ўчыніць, як учынілі яны з панамі рускімі, перамышльскімі, пазваўшы іх на раду, і там перарэзаўшы, і Перамышль захапіўшы.
I кароль паводле іхняе рады загадаў сабраць сойм у Парцове для ляхаў і літоўскіх паноў. Але пра тое ён не ведаў, што мела быць на тым сойме з літоўскімі панамі. I паны ляшскія ды літоўскія па волі гаспадара свайго вялікага караля Казіміра да Парцова з’ехаліся.
Але паны літоўскія, пра тое нічога не ведаючы, першы і другі дзень на раду да паноў ляшскіх прыязджалі, і нарэшце надышоў трэці дзень, у які ўсіх паноў літоўскіх умыслілі перарэзаць. А быў адзін лях з добрага роду, Андрэй Рагатыньскі; і, даведаўшыся з пэўнасцю аб пагрозе літоўскім панам, патаемна паведаў ён пра тое Яну Гаштольту і старасту жамойцкаму Кезгайлу. Тыя ж паны, нічога не апавядаючы слугам сваім, зрабілі так: назаўтра запрасілі паноў ляшскіх да сябе на абед, а самі ўночы борзда з’ехалі да Берасця, а слуг і абозы пакінулі для даставернасці на тым жа месцы ў Парцове. Паны, пра тое не ведаючы, хацелі іх перарэзаць паводле сваёй задумы і, сабраўшы шмат людзей, паслалі іх да абоза пабіць паноў літоў-
скіх. Тыя людзі прыехалі і адразу ж наскочылі на абоз, але паноў літоўскіх не знайшлі, толькі абоз ды слуг. I паны ляшскія зразумелі, што нядобра ўчынілі, і, ні абозам ні слугам нічога злога не зрабіўшы, адпусцілі іх да Літвы.
3 таго часу ўзнікла варожасць вялікая і непрыязнасць між панамі літоўскімі ды ляшскімі. Тады паны літоўскія — Ян Гаштольт, ваявода віленскі, Івашка Монвід, ваявода троцкі, Кезгайла, стараста жамойцкі, Пятраш Монгірдавіч, маршалак земскі, намеснік новагародскі,— абурыўшыся, гербы ляшскіх паноў ім назад адаслалі, ды сваімі старымі пячаткамі карыстацца сталі, і многа злога замыслілі ўчыніць. I кароль Казімір у тое пільна замяшаўся і доўга думаў, пакуль іх у згоду звёў*.
Як кароль і вялікі князь Казімір Прусы зваяваў
Будучы каралём польскім і вялікім князем літоўскім, Казімір цвёрда ўмысліў з намовы ляшскіх паноў-рады скончыць тую вайну з Прусамі, якую распачаў быў бацька ягоны, кароль Ягайла. I кароль Казімір, не хочучы волі ды намеру бацькі свайго панехаць*, вырашыў Прусы паваяваць. Сабраўшы войска ляшскае і літоўскае, ён пайшоў на Прусы і найперш аблажыў сталец прускі — горад Мальборк, які быў вельмі ўмацаваны ўсялякімі прыладамі. Кароль здабываў горад нямала часу і не мог нічога ўчыніць, бо ў тым замку жаўнераў было вельмі шмат; але магістр прускі тым жаўнерам за год грошай не прыслаў, як з імі быў дамовіўся. Чакалі жаўнеры заплаты ад прусаў і не маглі дачакацца. А ў тым замку між жаўнерамі былі палякі, і ляшскія жаўнеры, намовіўшы жаўнераў прускіх, разам з імі вырашылі аднадушна замак каралю здаць ды заплату сваю ў караля атрымаць. Так усе аднастайна з каралём змовіўшыся, замак яму здалі і заплату сваю ў яго ўзялі. Але кароль на той час не меў столькі грошай, таму пакінуў гданьскае марское мыта гданьшчанам і млын гданьскі за трыста тысяч залатых прадаў, і тым жаўнерам заплаціў, і замак мальборскі ўзяў, і ўсе іншыя гарады прускія каля Мальборку, што не здабыў бацька ягоны, таксама пабраў, а потым з Прусамі супакой усталяваў.