Старажытная беларуская літаратура
Выдавец: Юнацтва
Памер: 464с.
Мінск 1996
Верачы толькі ў Ісуса Хрыста і айца яго — бога, Я палічыў бы за грэх назнарок перамешваць
Ісціну з выдумкай байкі. I дай жа мне, божа, Сілы і ўмельства лучынным агеньчыкам праўды
Ісціну тым прасвятліць, хто дзівосы і цуды Прагне спасцігнуць, але ў лабірынце памылак, Што спластавалі вякі, заблудзіўся ў пацёмках.
Праўда заўсёды ў глыбінях, і пан мой пратэктар, Плоцкі епіскап Эразмус зусім не ўхваляе Спроб вершатворцаў грашыць усявышняму богу.
Вартым увагі і ўхвалы найсвентшага храма Лічыць ён, праведнік боскі, адзінае тое, Што і прыстойна і вартае сану духоўных.
Шчыры слуга яго, я абавязан па службе
Ў выразах быць асцярожным, каб важкае слова Богу і пану майму дагадзілі па густу.
Можа, пагэтаму ў песню маю западае
Штось і з рэлігіі нашай, а ў ёй не шукайце
Hi асалоды жыцця, ні вяселля, ні ласкі.
Кветак няма на аблозе, сахою не ўзнятай.
Ды і крыніцы ж натхнення, што пояць паэму, Недзе далёка-далёка пад лёдам і снегам.
Летам заўсёды занятыя ў кровапраліцдях Войнаў усобных, якім ні канца, ні пачатку, Ратнікі нашы з піліпаўкі* аж па грамніцы* Маюць аддуху ў лясах — паляванне на звера.
Мабыць, свой звычай і Марс* пераняў у літвінаў
I ў адпачынак мячы гартаваць на марозах.
Войны! Злачынная справа — вайна выклікае Гнеў мой, і слёзы, і боль. Без падтрымкі, бясконца
Войны вядзём мы адзін на адзін за свяшчэнны Братні саюз хрысціянства з навалай з усходу.
Вораг страшэнны адольвае нас і зламысна
Рэжа пад корань наш род і вучэнне Хрыстова Ў душах народаў на ўсіх заняволеных землях.
Ён, спадцішка уварваўшыся ў нашы ўладанні, Цэламу свету нахабна сцвярджае: ваюю
He за прастору сабе, а за лад у прасторы.
3 верай сваёй ён ідзе і ў імя нам чужацкага бога
Лад свой агнём і мячом усталёўвае ў землях Іншага веравызнання і іншых парадкаў.
Там, дзе арда саранчой прапаўзе, застануцца Толькі асмолкі ды печышчы, попел ды косці,
Зграі варон ды чароды сабак адзічэлых.
Бог барані, калі нас перамогуць прышэльцы, Лепш ужо смерць нам усім без пары, чым такая
Доля — жыццё пад’ярэмнае ў чорнай няволі.
Караю боскай такіх не застрашыць, каторым Іхняя вера дыктуе нянавісць к другому.
Мы на пярэднім краі хрысціянства заставай
Орды варожыя грудзі на грудзі прымаем.
Кроўю сплываючы, мы абязлюдзелі ў бітвах,
Курыцы клюнуць няма дзе на целе
ад ран незагойных.
Рэкамі кроў наша льецца, і гэтыя рэкі,
Хлынуўшы ўпоперак ордам татара-турэцкім, Бег іх імклівы сцішаюць з усходу на захад.
Нашы шчыты і кальчугі ў праломах і дзірах —
Вынік няспынных удараў захопнікаў лютых.
Вораг бы скрыгаў зубамі пад скрыгат металу
I захлынаўся б крывёю, а ў воінстве нашым мацнела б
Вера і ў сілы краіны,
і ў поспех змагання, каб толькі
Ў нас за плячыма хрышчоны народ вераломна Нас не кусаў і не рваў, нібы пёс, за жывое.
Нашых суседзяў напасць батагом не кранула, Певень чырвоны пакуль што па дахах спічастых
Крыллем не лопаў, і ўтульна пад цёплай пярынай Кволіцца хіжы драпежнік, яму і нігадкі!
Жар на выгарышчах нашых ён бачыць, захопнік, Грудамі золата ўласнага. 3 гэтым разлікам
Ён і спрыяе ўсёй набрыдзі радай і справай.
Мы іх, сабакагаловых, спазналі: чакаюць
Часу свайго, ненажэрцы, а там і лякарства Хворым прыпішуць, ды лекі ўжо будуць па часе.
Хто не аслеп, не аглух, той і бачыць і чуе:
Блізка жахаюць маланкі, грыміць з далягляду.
Прагнасць захопнікаў грозна, як чорная хмара, Вісне навалай над намі то злева, то справа.
О, адыходзь на сухія краі, навальніца,
I ніспадай ненатольнаю смагай на орды!
Хай там грызуцца з сабою і чорнай крывёю Землі свае наталяюць, як нашы — чырвонай.
Хай жа ім прагнасць захопаў для іх жа і стане Цесным ярмом, ланцугом пакаянным, якога Досыць і бацьку і дзецям на вечныя векі!
Перст указальны і гнеў усявышняга грозны, Ён за грахі і за здзек па заслугах адплаціць.
Час схамянуцца! Няхай яшчэ сёння грымоты
Дзесь за гарамі адгэтуль, а поступ нашэсця Смерці падобны: стыхію не спыніш заклёнам.
Вокам сваім не прыкінуўшы, жахі пагрозы Цяжка ўявіць, але заўтра і ў вас пад пагрозай!
Што запяеш ты, сусед наш, калі скалануцца Плачам і стогнам твае гарады і мястэчкі?
Локаць гатоў будзеш свой укусіць у адчаі: Дзе ж я раней быў, чаго я глядзеў і прагледзеў?
Як я сваім патураннем расчысціў дарогу
Ордам чужынцаў, што разам 3-ваенным рыштункам Ёрмы прывезлі суседзям і мне — па-суседску?
Як жа я здуру няволю прыклікаў, якое
Хопіць і дзецям, і ўнукам, і праўнукам нашым?
Колькі ні жалься, ні войкай, а чэмеру гора
He падсалодзіш жальбою. Як лес безгалосы, Мы пад сякерай, дык хай жа пачуецца ў свеце Гусаўца голас між волатаў нашых пушчанскіх.
Я вас павёў — і цяпер, калі ласка, за мною
Ў шчырага бору святліцу. А там, у гушчары,
Зрублен двусценак, як тын, што на дзесяць — дванаццаць Міль італійскіх бяжыць у спрадвечныя нетры
3 мноствам адсекаў, па-нашаму — пасынкаў-пастак.
Звер на папасе, зайшоўшы ў такую лавушку,— Самаахвярнік, бо пасынак так збудаваны, Што для ўваходу — прастора, а выйсце — закутак, Мы ж, паляўнічыя-сокі, сядзім у засадзе.
Бачым, што зручна,— сігнал, і пайшло паляванне.
Што тады робіцца! Страхі не ў страх, а пагроза Выскачыць можа знянацку і з кожнага боку.
Сябар дзесь тут, а бяда наляціць — не паможа:
Слугі навокал, а выручыць нават і бацьку Сын бы не здолеў, бо голасу ў гвалце не чуеш.
Твой абавязак — і справу сваю і бяспеку
Сам барані, бо сваімі ж рукамі трымаеш
Дзіду ці лук ды і лёс. He ўтрымаеш — загінеш.
Сутнасць загаду для кожнага ясная — наступ, Перамагчы ж, па магчымасці, трэба без стратаў.
Выбавіць конь быстраногі — адно спадзяванне: Кінецца ўбок пры сустрэчы з рагатаю смерцю.
Тут і кароль; ён бясстрашна ўразаецца першы
Ў пекла пабоішча. Прыкладам храбрасці ўласнай Дух падымае ў дружыны. I гэта адвага —
Строгі разлік, бо з дружыны ніхто б не памкнуўся Зрушыцца з месца, калі б ён камандаваў ззаду.
Як перад бітвай з татарамі меч валатоўскі Мужнасцю раці натхняе, так гэтая мужнасць
Воіна-бацькі ў пачатку літоўскай аблавы — Трапны пралог і залог баявой перамогі.
Доблесці ратнай яна не прынізіць, а славе Лаўраў прыдасць. Адчуваю: ізноў мімаволі
Хіліць пяро маё ўбок, каб табе, Сігізмундзе*, Бацька Кароны і ўдзелаў Літоўскага княства, Славу прапець і ўхваліць твае поспехі ў справе Дома вялікай, за межамі краю — не меншай.
Гэта не лёгка, бо тут мне дарадцаў не будзе:
Выпадзе час — паспрабую; як мудрыя кажуць:
Будзе на свеце спакой, дык і песенька будзе.
Вось і прыйшлі мы. Цяпер уявіце паляну.
Зубр на паляне стаіць нерухомы, як быццам Роздуму поўны над светам і зменлівым лёсам.
Будзем спяваць аб адным, хоць у вершах часамі Можна сустрэць і чароды аднолькавай масці.
Я не займу чараду, бо ні ўмельства, ні часу, Мабыць, не хопіць. А гэты магутны асілак Проста ў мяне на вачах, не заўважыўшы пасткі, Мірна прайшоў праз прагонак і ў пасынак трапіў.
Варта — прагон на засоў,— і пайшло паляванне!
Стрэламі ўтыканы ў скабы і ў грыву, як пер’ем, Зубр вокамгненна рвануўся ў гушчар, а з засады
Коп’і і пікі шыбнулі лаўцы, і ўпілася
Сталлю булатнай у цела звярынае зброя.
Ён страсянуўся — не строс, і на ўсю сваю пашчу Сіпла рыкнуў, закружыўся, падскочыў — і ходу.
Коннікі ўслед, напярэймы. Што робіцца ў пушчы:
Галас і тупат, здаецца, да зор далятаюць!
Вунь прамільгнуў праз прагалак. Наперадзе — сценка.
Цэліўся перш пераскочыць з разбегу, ды раптам
Стаў: не пад сілу бар’ер. Дзе ж знайсці паратунак?
Позіркам зырыць наўкола, шукаючы лоўчых, А з-за камлістых дубоў, як куслівыя шэршні,
Стрэлы і дроцікі — дзын! — і ўпіваюцца ў цела.
Ярасць кіпіць унутры, наліваюцца бельмы Чырванню мутнай, і кроў то цурком, то па кроплях
Сочыцца з поўсці, і пеняцца свежыя раны.
Дзе ж яны, ворагі? Ён яшчэ дужы, гатовы
Нават і сотню рагамі змясіць і раскідаць.
Моцна сапе, убіраючы пах наваколля.
3 месца сарваўся на выжлаў. Бушуе ў ламаччы.
Спудзіў сабак і заўважыў, што людзі на конях.
Тут жа на іх шугануў, верхавыя — уроссып.
Чвякае багна, трашчыць буралом, стогалоса
Ржэ і храпе, да знямогі цюгакае пушча.
Крый цябе бог, паляўнічы, пусціцца наўцёкі, Просты напрамак узяўшы,— як бачыш дагоніць;
Толькі й ратунак — схінуцца за дрэва ці збочыць,
Гэта Гаргона*, аслеплая ў ярасці дзікай, Міма прамчыцца: нялёгка ж у руху імклівым
Гэтакай масе раптоўна валодаць сабою.
Верхнікі зноў ланцужком акружаюць звяругу;
Зубр раззлаваны бадзе то таго, то другога;
Коні, аднак, выручаюць: убок — і прамчыцца
Міма пагібель. А ён аж гарыць у запале;
Пара клубіцца з-пад чэрава, з ноздраў, а грыва
Нават без ветру ўзлятае. I звер гэты ў бегу —
Быццам сама утрапёнасць, імклівасці сімвал:
Кожная жылка ў парыве, і ў позірку — іскры.
Доўга бушуе ў загоне, раздражнены, гнеўны,
Прагне з кім-небудзь счапіцца і вымесцінь ярасць.
Злосцю клякоча нутро, і якая нянавісць
Рухае ёю, мяркуйце па гэтым выпадку.
Нехта з мушкетам (бадай што баярская песта),
Як напаказ, праявіў маладзецтва і стрэліў
Зверу ўдагонку. Параніў і думаў пад спудам:
Лапы яліны прыкрыюць, і звер не заўважыць,
Дзе прытаіўся стралец. Перакатам па лесе
Брэх пракаціўся, і чутна па голасе выжлаў:
3 кожным імгненыем бліжэй і бліжэй небяспека.
Апанаваны сабачай гайнёю абапал,
Зубр паказаўся, як воз парыжэлага моху.
Раптам спыніўся і з чмыхам адкінуў сабаку,
Позіркам дзікім кальнуў у ялошнік, дзе ў жаху
Мамчын сынок, да яліны прыпаўшы, падумаў: «Вось і канец мой — заўважыў!» — і там жа, на месцы,
3 жаху зайшоўся. А зубр на таго палахліўца Нават не глянуў — вядома ж: праз лапкі не ўбачыў.
Дзіву даваліся ўсе, як пярэпалах часам Б’е напавал малайца.з галубінай душою.
Хтось прыгадаў, што вачыма адны васіліскі*
Могуць забіць, але гурт юнакоў запярэчыў:
«Як жа адны? А вось гэты стралец пры мушкеце
Позіркам зубра забіты, і нават здалёку!»
Ўсе пагаджаліся: смерць наступіла ад страху.
Эх, маладосць! Хоць бы хто ці ўздыхнуў, ці паплакаў.
Дзе там, пакпілі з нябожчыка — мамчын прысосак!
Сам я быў сведкам пры выпадку, нават і помню
Надпіс магільны на крыжыку з белай бярозы: «Тут упакоіўся ў бозе раб божы. Лаўрын, з местачковых, Страхам забіты, знянацку сустрэўшыся з зубрам».
Дзіўнага шмат выпадала пабачыць мне ў лесе,
Большага ж дзіва, чым тое, калі звар’яцела Зубр на ахвяру нясецца з падскокам, не бачыў.