• Газеты, часопісы і г.д.
  • Таямніцы беларускага лесу  Аляксандар Курскоў

    Таямніцы беларускага лесу

    Аляксандар Курскоў

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 191с.
    Мінск 1987
    31.87 МБ
    ■мммтммм
    ЛЕСУ
    А.М. Курскоў
    ТАЯМНІЦЫ БЕЛАРУСКАГА
    AM. Курскоў'
    ТАЯМНІЦЫ
    БЕЛАРУСКАГА ЛЕСУ
    А.М. Курскоў
    ТАЯМНІЦЫ БЕЛАРУСКАГА ЛЕСУ
    МІНСК «НАРОДНАЯ АСВЕТА» 1987
    ББК43
    К93
    УДК 087.1:630.907(476)
    Рэцэнзенты: В. А. Радкевіч — доктар біялагічных навук, прафесар; С. В. Зянкевіч — настаўнік біялогіі сярэдняй школы № 36 г. Мінска.
    Для сярэдняга школьнага ўзросту
    4802020000—166
    К	162—85
    М303(05)—87
    ©Выдавецтва
    «Народная асвета», 1987.
    УВОДЗІНЫ
    Хто з нас не любіць свой родны край, дзівосныя па хараству куткі роднай прыроды, блакітныя азёры і стужкі рэк, акаймаваныя густымі лясамі, бязмежныя прасторы палёў, лугоў і балот, дзе так многа бясконца таямнічага, дзе багаты і ні з чым не параўнальны раслінны і жывёльны свет так і просіць чалавека глыбей зазірнуць у яго таямніцы?!
    Так, крыніца прыгожага на Зямлі — прырода. Хораша сказаў Якуб Колас: «Колькі вялікага здавальнення дае нам яна! Бо прырода — найцікавейшая кніга, якая разгорнута прад вачамі кожнага з нас. Чытаць гэту кнігу, умець адгадаць яе мнагалучныя напісы — хіба ж гэта не ёсць шчасце?»[.
    Спакон вякоў прырода вабіць да сябе чалавека разнастайнасцю форм жыцця, мудрасцю і гармоніяй. / хто не адчуў на сабе яе жыватворнага і гаючага ўздзеяння?
    Аўтар кнігі, расказваючы пра багацце і разнастайнасць жывёльнага і расліннага свету Беларусі, знаёмячы з феналагічнымі заканамернасцямі развіцця прыроды, імкнуўся не толькі абудзіць у чытача цікавасць да яе таямніц, пашырыць яго ўяўленне аб ёй як аб народным багацці, але і выклікаць жаданне берагчы прыроду, ахоўваць і пераўтвараць яе, бо дзе яшчэ ёсць большыя магчымасці для даследаванняў і адкрыццяў, як не ў прыродзе.
    1	Колас Якуб. На ростанях.— Мннск, 1981.— с. 21.
    Як важна, каб чалавек, назіраючы за навакольным асяроддзем, ум.еў аналізаваць, супастаўляць атрыманыя факты, разважаць. Гэта — прадпасылкі для адкрыцця новых заканамернасцей у прыродзе.
    Кніга дапаможа чытачу даведацца аб прасцейшых сувязях прыродных з'яў і іх развіцці ў розныя поры года, дасць рэкамендацыі, як праводзіць зімой падкормку птушак і звяроў, пазнаёміць з рэдкімі жывёламі і раслінамі, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларускай ССР.
    Разам з аўтарам чытач зробіць экскурсіі ў лес ва ўсе поры года. Даведаецца, для чаго разводзяць і ахоўваюць зуброў, шкоду ці карысць прыносіць воўк, добрая ці дрэнная маці зайчыха, чаму ў маленькіх аленянят, казуляў і дзікоў футра мае іншы колер, чым у бацькоў.
    У кнізе многа цікавых звестак пра жыццё лася, барсука, выдры, крата і іншых жыхароў нашых лясоў. Даюцца адказы, дзе і як праводзяць зімы мышы, палёўкі, з якой мэтай робяць веснавыя і асеннія пералёты кажаны, дзе зімуюць жабы, яшчаркі і вужы, ці карыстаюцца совы радарамі, якім компасам кіруюцца птушкі ў час далёкіх падарожжаў.
    Калі кніга дапаможа юнаму чытачу глыбей спасцігнуць заканамернасці раз&іцця прыроды, выкліча жаданне ўдасканальваць яе, аўтар будзе лічыць, што ён сваю задачу выканаў.
    СНЕЖНАЯ КНІГА
    Ціха і ўрачыста ў зімовым лесе. Высакастволыя хвоі ў белых шапках і заснежаныя яліны стаяць задуменна і важна. Прамяні скупога зімовага сонца, прабіваючыся праз цяжкія шэрыя хмары, надаюць лесу казачны выгляд. У серабрыста-блакітнай смузе дрэвы, Мякка падаюць пухкія сняжынкі, зіхотнымі зоркамі асядаючы на зямлю. Цяжкая снегавая шапка, раптам сарваўшыся з дрэва, гучна тоне ў сумёце. I зноў цішыня.
    Зробім экскурсію па зімовым заснежаным казачным лесе.
    «Ціць-ціць!» — гэты тонкі, амаль мышыны, піск раздаецца аднекуль зверху. Глядзім угару. Мітусіцца, пырхае з галінкі на галінку сінічка-гаічка ў чорнай шапачцы з маленькім галыптучкам на шыі. Піснула яшчэ раз і знікла ў густой кроне елкі. Нечакана з другога боку пачуўся такі ж піск. Па ствале ўніз галавой хутка апускаўся попаўзень. На галінцы сядзела не сінічка-гаічка, а сініца-маскоўка. Чорная шапачка, белыя шчочкі, белыя грудкі, светлае брушка, кароткі хвосцік, а на шыйцы шырокі цёмны нагруднічак. Вось якая яна прыгожая. Натапырыла пёркі на галаве і то адным, то другім вочкам так і пазірае ў наш бок. Зноў піск. Што за цуд? Нічога не разумеем. Птушкі розныя, а голас адзін і той жа. Зноў такі ж голас, толькі ў нас за спінай. Хто ж яшчэ завітаў у зацішны і ўтульны куток? А, гэта каралёк! Маленькі, велічынёй з напарстак. Гэта ён аказаўся ўладальнікам знаёмага, такнас здзівіўшага, піску. Глядзім на яго. На галаве жоўта-аранжавая шапачка, акаймаваная чорнымі істужкамі. Сваю залацістую шапачку ён прыўзнімае, як маленькую карону, таму яго і назвалі караль-
    ком. Колькі прастаты, зграбнасці ў рухах гэтай маленькай істоты! Як лёгка бяжыць па ствале, як уважліва аглядвае каралёк сучкі, галінкі і хваёвыя лапкі!
    Аказваецца, тут кармілася змешаная стайка насякомаедных птушак, якія засталіся зімаваць. Перапырхваючы з галінкі на галінку, з дрэва на дрэва, яны, не спяшаючыся, перамяшчаліся па лесе. I якое ж было наша здзіўленне, калі з такім жа піскам у стайцы з’явілася яшчэ адна лясная птушка — пішчуха. Тонкай, злёгку выгнутай дзюбкаю, падобнай да шыльца, яна правярала кожную шчылінку ў шурпатай кары ствалоў, быццам не давяраючы сваім маленькім вочкам.
    Птушкі зімой, у пошуках корму, звычайна ўтвараюць змешаныя стайкі, якія вандруюць па лесе. Гуртам весялей і не так небяспечна. Каб не згубіцца ў зімовьім лесе, яны перагаворваюцца. Іх ціць-ціць азначае: «Я тут, а дзе вы?» Адзін пазыўны ў гэтых птушак невыпадковая з’ява. Відаць, ён выпрацаваўся ў працэсе эвалюцыі, г. зн. за доўгі перыяд іх сумеснага знаходжання зімой. Іншы раз у змешаных стайках вандруюць і дзятлы. Ім зручна весці дружбу з маленькімі птушачкамі. Раздзяўбе дзяцел трухлявы пень, здзярэ з яго адстаўшую кару, а там насякомыя і іх кукалкі. Лепшую здабычу дзяцел сабе пакіне, а ўсялякую драбязу іншым аддасць. Калі ж здарыцца, што недзе птушка або чатырохногі драпежнік прытаіўся, усюдыісныя сініцы, напэўна, заўважаць і знаць дадуць. Таму і дзятлу з імі нядрэнна быць разам.
    Мароз усё мацнее і мацнее. Але птушкі быццам не заўважаюць яго. Справа ў тым, што наяўнасць корму дазваляе любой птушцы змагацца з холадам. Усе ўнутраныя рэзервы яе арганізма зімой кінуты на выпрацоўку выратавальнага цяпла. I калі яны
    не будуць пастаянна папаўняцца за кошт корму, птушка гіне. Вось чаму ўвесь кароткі зімовы дзень сініцы, попаўзні, дз'ятлы актыўна кормяцца.
    Знікла знаёмая чародка. Зноў заціхнуў лес. I тут з самай верхавіны старой яліны раздалася з запалам песенька крыжадзюба. Выеока сядзіць чырванапёрая птушка і час ад часу спявае простую, але такую прыгожую песеньку, быццам услаўляе асабістыя ўладанні. Яна як бы просіць суседзяў: «Будзьце пільнымі, не парушайце межаў маёй тэрыторыі, не перашкаджайце мне выводзіць і гадаваць птушанят». Відаць, на гэтай елцы крыжадзюбы зладзілі гняздо. Так, зімой у мароз — гняздо!
    Бадай што няма ў нашай краіне іншай такой птушкі, якая б выводзіла птушанят, як крыжадзюб, у любы час года. Іх гнёзды можна ўбачыць ад пачатку студзеня па жнівень. У залежнасці ад ураджаю шышак хвойных дрэў кожная пара можа гняздзіцца адзін-два разы ў год. А каб не загінулі кладка і птушаняты, самка крыжадзюба ў студзені пачынае ладзіць гняздо. Яна змяшчае яго дзе-небудзь паблізу ствала ці на канцы густой яловай лапы на адлегласці ад 3 да 10 м над зямлёй. 3 сухіх яловых і сасновых галінак, моху і лішайніку яна тчэ аснову, сценкі гнязда і высцілае ўнутры яго пухам. Самец не дапамагае ёй у пабудове гнязда. Толькі з’явіцца першае яйцо, самка прыступае да наседжвання. Гэтым яна адрозніваецца ад больінасці вераб’іных птушак, у якіх самкі садзяцца на гняздо толькі пасля таго, як адкладуць апошняе яйцо. Вось і сядзіць крыжадзюбіха, не пакідаючы гнязда, усе 14—16 дзён. Зляці яна з яец, яны адразу ж замерзнуць. I ўвесь гэты час яе корміць самец.
    Нарэшце з’яўляецца 4—5 птушанят. Яны пакрыты доўгім шараватым пухам, больш густым, чым у іншых вераб’іных птушак. Але і цяпер самка паста-
    янна знаходзіцца ў гняздзе, абаграваючы птушанят. Толькі праз тыдзень пакідае іх і разам з самцом адлятае за кормам. Крыжадзюбы выкормліваюць птушанят размякчаным у валляку насеннем хваёвых дрэў. Праз 16—20 дзён птушаняты пакідаюць гняздо. I калі каму-небудзь удасца ўбачыць птушаня гэтай дзівоснай птушкі, якое нядаўна вылецела, ён з цяжкасцю пазнае ў ім крыжадзюба. I не таму, што крыжадзюбік апрануты ў пярэсты ўбор. Больш за ўсё ўводзіць усіх у зман дзюба. У падлетка крыжадзюба ён не мае на канцы перакрыжавання, як у дарослай птушкі, і хутчэй падобны на дзюбу вераб’я. Таму бацькі па-ранейшаму працягваюць карміць сваіх птушанят, бо яны яшчэ не могуць лушчыць шышкі. Толькі праз некаторы час дзюба ў іх выцягваецца і перакрыжоўваецца.
    Вось на шляху чародкі крыжадзюбаў яловая вяршыня, абвешаная шышкамі. Хутка ўсаджваюцца на яе крыжадзюбы, віснуць на галінах, тут жа змаўкаюць, і вось ужо іх спрытна загнутыя дзюбы, як шчыпцы, адну за адной адкручваюць убок лускавінкі. Зярнятка, другое, трэцяе... Скіне пачатую шышку і не думае апускацца за ёй. А навошта, калі побач вісяць іншыя? Хутка распраўляюцца птушкі з яловай вяршыняй, і чародка адпраўляецца далей у пошуках новага корму, а на снезе пад дрэвам застаюцца ляжаць скінутыя шышкі. Занясе іх снегам, намочыць веснавая вада, не раскрыюцца яньі вясной пад сонцам, а праляжаць, поўныя спелага насення, да самай восені. А ўвосень заглянуць сюды вавёркі, адшукаюць шышкі і добра «папалуднуюць».
    Агляніцеся ўважліва, і вы заўважыце, што снег усеяны самымі мудрагелістымі слядамі: тут і ланцужкі, і крыжыкі, і дробныя пацеркі. Крок за крокам, екачок за скачком распісваюцца ў снежнай кні-
    зе жыхары лесу. Летам нялёгка даведацца пра тайны жыцця жывёл, затое зімой... Кожны ўчынак — ці добры, ці дрэнны — з пратакольнай дакладнасцю запішуць ногі звера або птушкі на снезе. Усё раскажуць дапытліваму назіральніку сляды. Усё відаць на снезе.
    Новы снегапад — новая старонка снежнай кнігі. Новыя апавяданні пра таямнічае жыццё лесу, пра лясныя справы: тут і мірныя сустрэчы, і знаёмствы, і трагедыі.
    Кожны звер, хто з раніцы да вечара, а хто з вечара да раніцы, пакідае ў гэтай кнізе свой аўтограф.
    Вядома, недасведчанаму чалавеку, які не можа адрозніць след вавёркі ад заячага, не даведацца пра таямніцы лесу. Гэта ўсё роўна, што адкрыць кнігу на незнаёмай мове і паспрабаваць прачытаць яе. Але для тых, хто ўмее чытаць,— задавальненне. Толькі запомніце галоўнае правіла следапыта: ніколі не затоптвайце сляды! Ідзіце побач у 1—2 м ад іх.