Таямніцы беларускага лесу
Аляксандар Курскоў
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Народная асвета
Памер: 191с.
Мінск 1987
Кулік таксама можа падказаць, якое будзе разводдзе. Ніжэй узроўню паводкі, якая мае быць, ён сваё гняздо не апусціць.
Паводка суправаджаецца крыгаходам. Пачынаецца яна ў канцы першай дэкады красавіка або ў пачатку другой. У гэтыя дні ў нашы краі прылятаюць сітаўкі. У сувязі з гэтым у народзе жартуюць: «Тонкія ножкі ў сітаўкі, а лёд ламаюць». Як бы там ні было, лёд крануўся. А значыць, прыйшла доўгачаканая вясна, надышла паводка.
Касякі рыб выходзяць на заліўныя лугі. Там вада значна чысцейшая. Пачынаецца нераставанне. Шчупак, плотка, язь, акунь адкладваюць ікру на мелка-
воддзі, якое добра праграваецца сонцам, у зарасніках вадзяных раслін; падуст — на буйным чыстьі’пяску, на перакатах пасярод ракі, дзе моцная плынь. Ен адкладвае ікру ў ямкі, прыкрываючы яе пяском. Маленькая рыбка колюшка ладзіць для сваіх ікрынак гняздо са сцяблін вадзяных раслін. Самка адкладвае ў гняздо ікру і пакідае яго, а самец застаецца каля гнязда і ахоўвае патомства. Большасць рыб не клапоціцца ні аб ахове адкладзенай імі ікры, ні аб лёсе малявак. Нягледзячы на вялікую колькасць адкладваемых ікрынак (плотка да 50 тыс., язь — да 125 тыс., шчупак — да 200 тыс.), вялікая колькасць ікрынак гіне, і толькі з нязначнай часткі выводзяцца маляўкі, але і яны не ўсе вырастаюць да велічыні дарослых рыб; іх паядаюць драпежныя рыбы і птушкі.
Ратуючыся ад расталых вод, адыходзяць на пагоркі і пясчаныя грады мышы, пацукі, зайцы, лісіцы і іншая жыўнасць. Некаторых звяроў вада заганяе нават на дрэвы. У момант асаблівай небяспекі ў іх знікаюць іншы раз драпежніцкія інстынкты, і на адным востраве мірна ўжываюцца ў веснавую паводку заяц і лісіца. Астраўкі, праўда, таксама не вельмі надзейнае месца. Сёння яны ёсць, а заўтра схаваюцца пад вадой.
На Палессі, там, дзе рака Пціч упадае ў Прыпяць, у час вясенніх паводак іншы раз заўважаюць сцежку з бурбалак паветра, што ўзнімаецца з глыбіні на паверхню вады. I амаль ля самага борта лодкі можна ўбачыць невялікага звярка з даволі буйной галоўкай і выцягнутым хабатком-мордачкай. Гэта хахуля — вадзяная землярыйка. Яна вядзе затоены спосаб жыцця, заўважыць яе вельмі цяжка. I толькі ў веснавую паводку, калі расталыя воды затапляюць яе сховішча, звярка і днём можна ўбачыць на паверхні вады.
Усе звяры, якія вядуць водны або паўводны спосаб жыцця, такія, як бабёр, выдра, норка, андатра, хахуля, маюць каштоўнае высакаякаснае футра. 3-за каштоўнай скуркі хахуля амаль поўнасцю знішчана чалавекам, хоць гадоў сто таму назад у Беларусі была шматлікай і шырока распаўсюджанай. У 1962 —1963 гг. у пойме ракі Пціч было выпушчана больш за 200 хахуль, прывезеных у рэспубліку з Хапёрскага запаведніка. Цяпер гэты звярок у невялікай колькасці жыве ў пойме Прыпяці, там, дзе ў яе ўпадае Пціч. Хахуля ўзята пад дзяржаўную ахову і занесена ў Чырвоную кнігу Беларускай ССР.
Хахуля — невялікі звярок. Даўжыня цела да 22 см, з доўгім (да 20 см) амаль голым лускаватым хвастом, сціснутым з бакоў. Маса звярка не больш
чым 400 г. Выцягнутая галоўка заканчваецца доўгім рухавым хабатком, на якім размешчаны ноздры. Вочы маленькія. Вушныя ракавіны амаль непрыкметныя ў густым, мяккім шаўкавістым з серабрыстым бляскам футравым покрыве. Спіна звярка бурашэрая, брушка белае. Заднія лапкі маюць шырокія плавальныя перапонкі і развіты больш за пярэднія. Хахуля засяляе азёры і старыя рэчышчы неглыбокіх і спакойных рэк, з невысокімі і незабалочанымі берагамі, зарослымі хмызнякамі і дрэвамі. Тут яны рыюць норы з разгалінаванай сеткай хадоў, агульнай працягласцю іншы раз да 20 м і больш, у залежнасці ад профілю берага і глыбіні вадаёма. У канцы хода звычайна размешчана гнездавая камера. Кармавая нара бывае не даўжэй за 2—3 м. Ход у нару заўсёды знаходзіцца пад вадой. Само ж гняздо падымаецца ў берагавым пласце значна вышэй за ўзровень вады. Хахуля ненажэрная. Яна здабывае корм днём і ноччу. У яе «меню» ўваходзяць водныя насякомыя, іх лічынкі, п’яўкі, малюскі, ракі, жабы, сакавітыя часткі і карэнішчы воднай расліннасці. За суткі звярок з’ядае столькі, колькі важыць. У пачатку лета і ўвосень у хахулі з’яўляецца па 2—3 дзіцяняці, зусім бездапаможныя, сляпыя і голенькія. Першыя тыдні маці амаль не адыходзіць ад іх, сагравае і корміць малаком. Праз 4—5 месяцаў дзіцяняты робяцца дарослымі, назаўсёды пакідаюць нару.
Там, дзе жыве хахуля, многа шумных і крыклівых птушак. Гэта кнігаўкі. Яны носяцца над берагам з гучным крыкам: чые вы? чые вы? Іншы раз птушкі ўзлятаюць высока і пікіруюць уніз. Здаецца, што птушка вось-вось урэжацца ў зямлю, але кнігаўкі выходзяць з пікіруючага палёту, набіраюць вышыню і зноў з крыкам падаюць уніз.
Гэта іх веснавыя танцы.
Прылятаюць у красавіку і жаваранкі. Цэлы дзень лятаюць яны над полем і спяваюць свае звонкія песні, прычым кожны з іх спявае над сваім участкам поля, дзе неўзабаве зладзіць сабе гняздо, і сярдзіта адганяе чужынца ўбок.
Красавік — месяцптушак. Пасля доўгайвосеніізімы з далёкіх падарожжаў вяртаюцца яны на радзіму, і гэта заўсёды для людзей радасць. Невялікімі бязладнымі чародамі ляцяць качкі, клінам або вуглом — гусі, вялікімі цёмнымі хмарамі — берасцянкі і іншыя дробныя птушкі. Прыляцелі ў родныя краі белыя буслы. У паветры з раніцы да позняга вечара і нават у глыбокую ноч гучыць несціханы птушыны гоман.
Лес напоўнены вясеннімі галасамі птуіпак. Кукуюць зязюлі (толькі самцы), імкнучыся доўгім і манатонным паўторам свайго «ку-ку» паведаміць усім аб надыходзе доўгачаканай вясны. Адрамантаваўшы або пабудаваўшы новае гняздо, птушкі пачынаюць адкладваць яйцы. Гнёзды ўсюды: у дуплах і на галінах дрэў, у хмызняках і на высокіх травяністых купінах, амаль на голай зямлі. У адным гняздзе 2, у другім 5—6 белых, шэрых або блакітных, аднаколерных ці ў крапінку яец.
Вечарамі гучней за ўсіх крычаць дразды-рабіннікі. Яны так стараюцца, што за іх спевамі цяжка вызначыць галасы іншых птушак. Калі рабіннікі крыху супакояцца, чуваць іншы раз не вельмі гучныя гукі: хорр... хорр, хоор-хорр, цык-цык. А потым над узлескам з’яўляецца вялікая птушка з доўгай дзюбай. Гэта кулік-вальдшнэп. Вярнуўшыся на радзіму, лясны кулік вечарамі аблятае ўсе ўзлескі, прасекі, высекі, паляны, быццам правярае, што ж змянілася тут за зіму. Так вальдшнэпы такуюць кожную вясну. Пад час яны нават распачынаюць у паветры сапраўдныя бойкі.
На лясных высеках, узлесках і палянах у шэрым
5 Зак. 1422
65
ранішнім змроку збіраюцца чародамі цецерукі. To тут, то там, парушаючы ранішнюю цішыню, чуецца кароткае гучнае чуфыканне. Спалохаўшыся, такавік тут жа заціхае. Праходзіць нямнога часу, чуфыканне паўтараецца, але больш упэўнена, гучней. Тут жа з узлеску яму адказвае некалькі цецерукоў. Такавішча ажывае. Пеўні, пераклікаючыся паміж сабой, чуфыкаюць з усіх бакоў. Здаецца, быццам імкнуцца яны вызначыць у шэрым ранішнім змроку дзе іх суседзі. Чуецца бульканне. Спачатку рэдкае: бульбуль. Затым гукі становяцца часцейшымі, зліваючыся ў адзін працяглы гук. У паветры паплыве мармытанне, якое чуваць у перадранішняй цішыні за кіламетр і больш. 3 усходам сонца цецерукі, сп’янелыя ад вясны, з шумам успырхваюць, падскокваюць, чуфыкаюць.
Певень-цецярук робіцца незвычайна прыгожым у чорным з металічным бляскам касцюме, з лірападобным хвастом і ярка-чырвонымі бровамі. Галава падаецца ўперад, шыя раздзімаецца, крылы прыспушчаны. Вялізныя чырвоныя вочы рухаюцца ў такт мармытанню птушкі і рэзка выдзяляюцца на галаве. Белае апярэнне падхвосніка рэзка кантрастуе з сінявата-чорным спіны. Певень бесперапынна рухаецца маленькімі крокамі — быццам плыве, цырымонна топчацца на разваротах. Мармытанне перапыняецца рэзкім чуфыканнем. Касач падскоквае, выпростваецца, шырока раскрывае дзюбу і крылы, і над такавішчам нясецца азартнае чу-фыш. Іншыя пеўні пры гэтым шумна ўзлятаюць і рэзка лопаюць крыламі.
Сціпла апранутыя тэранькія цяцеркі групкамі спакойна ходзяць паміж сапернікамі, якія такуюць, часамі кормяцца, робячы выгляд, што не звяртаюць на іх увагі. А тыя, быццам сп’янелыя, азартна мармычуць каля курачак, і, як свойскія пеўнікі, крэс-
ляць зямлю апушчанымі крыламі. Шумна робіцца на такавішчы.
У паветрычувацьсвоеасаблівы «спеў» куліка-бакаса. Песня нагадвае адначасова крык ягняці ці казляняці. Бакас утварае гэтыя своеасаблівыя гукі ў палёце пёрамі хваста.
Праз 1,5—2 гпасля ўсходу сонца цецерукі супакойваюцца, заціхаюць і пачынаюць карміцца. 3 цэнтра такавішча з вялікім шумам узлятае буйны цецярук — «дырыжор». За ім узнімаюцца і астатнія птушкі. Непаўторнае і дзівоснае відовішча закончылася.
А ў гэты час у сасновым бары на невысокім пагорку, побач з дрыгвяністым балотам, пачалі такаваць глушцы. На золаку сціхае вецер. У лесе ціха. Сівы туман ахутвае дрэвы. Але што гэта? Спачатку ціхае, а затым больш гучнае цёхканне, быццам нехта стукае сухімі драўлянымі палачкамі. Стук... стук і змаўкае. Затым зноў стук... стук... і зноў паўза. Гэта глушэц пачаў спяваць свой гімн вясенняму абуджэнню прыроды. Паступова рытм і сіла цёхкання павялічваюцца і заканчваюцца своеасаблівым «скірканнем» або тачэннем, як кажуць паляўнічыя. Глушэц спявае, пакуль на яго заклік не адклікнецца самка. Пачуўшы яе «квактанне», самец злятае на зямлю і пачынае свой танец, які выконвалі яго продкі тысячу гадоў назад. Цяжка словамі выказаць уражанне ад безгалосай песні глушца. У ёй гімн абуджэнню прыроды, вечна таямнічаму жыццю лесу.
Глушэц такуе на досвітку. Песня самца вызначаецца разнастайным гучаннем, народжаным гукамі лесу. Ен, такуючы, нічога не заўважае вакол і не чуе, акрамя свайго спеву. Нездарма ў народзе яго назвалі глушцом.
Святлее. Робіцца ружовым усхо д. Хутка ўзыдзе сонца. Паступова ажывае лес. Радасна вітаючы яго ўсход.
прачынаюцца птушкі. Гучыць сола вестуна раніцы — пеўчага дразда. Да яго далучаюцца гарыхвостка, заранка і іншыя спевакі лесу.
Вось з галінкі на галінку пераскокнула вавёрка. Яна ўЖо Змяніла свой шэры зімовы ўбор на рыжы, вяснова-лётні. У дупле яна пакінула трое маленькіх, пакрытых бялявымі пушынкамі, ваверчанят. Яны з’явіліся на свет некалькі тыдняў назад і толькі нядаўна ўпершыню расплюшчылі вочы, падобныя на чорныя пацеркі. Пройдзе яшчэ тыдзень-другі, і забаўныя рыжанькія звяркі вылезуць з дупла і пачнуць з цікавасцю знаёміцца з невядомым для іх светам. А зараз у вавёркі няма вольнага часу, яна пакармілася сама і спяшаецца пакарміць малаком сваіх малышоў.