Таямніцы беларускага лесу
Аляксандар Курскоў
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Народная асвета
Памер: 191с.
Мінск 1987
Цвіценне чаромхі звычайна супадае з надыходам апошніх хваляў халадоў. Яны ў народзе так і называюцца — «чаромхавыя халады».
Чаромху ў лесе змяняюць ландышы. Раскрываюцца іх снежна-белыя званочкі з непаўторным водарам кветак.
Калі чаромха ў час цвіцення любіць холад, то бэз — толькі светлыя, цёплыя дні. Пачынае цвісці ліловы бэз пазней за чаромху на 8 дзён. Адначасова з бэзам зацвітае рабіна. «Рабінавае цяпло» ўстанаўліваецца надоўга.
Калі адцвітае чаромха, надыходзіць пара апранацца ў лісце і дубу. Набраклі моцныя пупышкі. Зірнулі на свет маленькія лісточкі, і сукі магутнага дрэва адразу сталі прыгожымі. Кветкі ў дубу маленькія, непрыкметныя. Дуб — дрэва магутнае, «цар» сярод нашых дрэў.
«Дуб апранаецца—жывёла наядаецца»,— кажуць у народзе. I сапраўды, на пашы трава адрасла такая, што яе ўволю хопіць каровам і коням, ласям і казулям.
Далікатнымі белымі зорачкамі зацвіў кураслеп дуброўны, ружова-фіялетавымі суквеццямі — чубатка, залаціста-жоўтым колерам — чысцяк вясенні, буйнымі ліловымі званочкамі — сон-трава.
Ад жоўтай лотаці берагі рэк і азёр сталі яркажоўтымі. Сырыя лугі зазіхацелі залатымі плямамі. Ля кожнага балота, ля кожнага старога рэчышча многа яркіх кветак. Так многа казяльцоў, што вочы слепіць ад іх жаўцізны. Але стане пахмурна, і адразу закрыюцца кветкі, знікне ярка-жоўтая пялёнка.
На сырых лясных палянах зацвітае пярэсна. Жоўтыя буйныя шары яе кветак ярка гараць на сонцы. Здаецца, яны свецяцца і ў змроку лесу. Іншы раз кветак столькі, што паляны з зялёных ператвараюцца ў лімонна-жоўтыя.
На лугах у стракатым дыване кветак зорачкай мільгае малінавая, зрэдку белая смолка звычайная, або ліпучая. Яе сцяблінка ў верхняй частцы ліпучая. У кветцы смолкі — салодкі нектар, якім ахвотна ласуюцца пчолы. А чужынцаў, мурашак і розных мошак, смолка не дапускае да салодкага нектару. Няпрошаныя госці папаўзуць па сцяблінцы і... прыліпнуць назаўсёды.
У маі зацвітае невялікая зграбная расліна з тонкім стройным сцяблом, з дробнымі белымі лісточкамі, сабранымі ў гронкі,— майнік. Восенню ён пакрыецца маленькімі ярка-чырвонымі ягадкамі, якія вельмі любяць птушкі.
Амаль адначасова з чаромхай зацвітаюць агрэст, чырвоныя і чорныя парэчкі. У белых і пунсовых карунках красуюцца вішня і чарэшня, пасля іх зацвітаюць яблыня і груша. Шчодрае цвіценне пры спрыяльных умовах — добры прагноз на будучы ўраджай.
На лугах, выганах, па краях палёў, каля дарог і ў лесе з’яўляюцца белыя шарыкі. Гэта грыбы-дажджавікі, якія ў народзе называюць порхаўкамі. Італьянцы лічаць, што порхаўка лепш за баравік. Але прыдатныя да яды толькі маладыя грыбы.
Порхаўка незвычайны грыб: зверху круглы, знізу спадае на конус. Мякаць у яе белая, губчатая і вельмі смачная. Сустракаецца і фальшывая порхаўка. Яна зусім круглая, як мячык. Сапраўдная порхаўка зверху ў калючках, фальшывая зусім гладкая. Мякаць яе не такая смачная, грубаватая, але не атрутная. Порхавак налічваецца больш за 500 відаў.
Маладая порхаўка спрытна ўмее маскіравацца ў няяркай вясновай траве, так што заўважыпь яе не так і лёгка. Іншая справа, калі порхаўка паспела, тады яна сама напрошваецца, каб яе ўбачылі. Ідзе чалавек і бачыць: ляжыць перад ім белы ці злёгку шараваты, круглы, быццам мяч, грыб. He ўтрымаецца — і стук нагой! А грыбу толькі тое і трэба: над ім узнімаецца лёгкае цемнаватае воблачка — гэта паляцелі ў паветры грыбныя споры.
Порхаўкі вялікімі не бываюць. Рэдка можна
сустрэць грыб масай 300—400 г. Але не дарэмна кажуць, што няма правіл без выключэння. Аднойчы дзеці знайшлі ў адным месцы адразу тры дажджавікі. Першы быў масай 10 кг 300 г, другі — 7 кг, а трэці — каля 4 кг.
Калі для ежы ўжываюцца толькі маладыя порхаўкі, то садаводы цікавяцца і збіраюць толькі старыя, спелыя грыбы. Стары грыб ад маладога адрозніць вельмі лёгка. Порхаўка лёгкая і калі націснеш, пыліць «дзедавай табакай» — цемнаватымі спорамі, за што стары грыб іншы раз называюць «парахавіком».
Садаводы з поспехам выкарыстоўваюць старыя порхаўкі ў барацьбе з тлёй і чарвямі на дрэвах і кустах. Калі іх падпаліць, то яны будуць гарэць густым, едкім дымам. Абкурыўшы сад гэтым дымам два разы, з інтэрвалам у тыдзень, можна поўнасцю знішчыць на дрэвах усіх шкоднікаў.
У змешаных і хваёвых лясах можна знайсці прыціснутыя да зямлі складкаватыя шапкі першых веснавых грыбоў — смаржкоў. Гэтыя грыбы атрутныя, але калі іх старанна прамыць, пракіпяціць, абавязкова зліўшы ваду пасля кіпячэння, то іх можна ўжываць у ежу. Яны вельмі смачныя.
Сонца прыгравае ўсё мацней і мацней. У паветры з’явілася многа матылёў. Да крапіўнікаў і жалобніц далучыліся беляны-капуснікі, баярышнікі, махаоны. На ўзлеску з’явіўся маленькі пярэсты матылёк — стр'акатка. Афарбоўка яго як бы папярэджвае ўсіх, хто хацеў бы паласавацца гэтым матыльком, што лепш яго не чапаць. I сапраўды, як толькі возьмеш матылька ў рукі, на ножках і нават на брушку выступаюць атрутныя жоўтыя плямы крыві. Таму птушкі яго не чапаюць.
Як толькі дрэвы апрануць новы зялёны ўбор, вечарам у паветры з’яўляюцца начныя матылькі, 80
майскія жукі (хрушчы) і камары. Камарьі загаварылі на сваёй мове адразу ж пасля першай цёплай ночы. Яны яшчэ сонныя і не вельмі высока ўзнімаюцца над зямлёй. Але вось галасы камароў сталі больш дакучлівымі.
Ластаўкі заўсёды з’яўляюцца ўслед за камарамі. 3 прылётам гэтых птушак прыходзіць сапраўдная цеплыня.
Над самай паверхняй вадаёма лятаюць шпаркія чародкі ластавак-берагавушак. Жывуць яны ў норках на стромкіх берагах рэк або на пакручастых схілах яроў. А ластаўка гарадская любіць сяліцца ў горадзе. Адрозніць варанка ад берагавушкі па палёце цяжка. Яны падобныя паміж сабой, але ў берагавушкі спіна афарбавана ў буры колер, а ў варанка частка спіны ярка-белая. У горадзе пад дахамі вялікіх і вышынных будынкаў, пад балконамі відаць ляпныя гнёзды гарадскіх ластавак. Вышыня будынкаў іх не палохае. Вядомы выпадкі, калі ластаўкі гняздзіліся пад балконамі 8-га і нават 9-га паверхаў. Вярнуўшыся ў родныя мясціны, адшукаўшы свае леташнія кватэры, яны адразу ж пачынаюць іх рамантаваць і будаваць новыя.
Ластаўкі будуюць гнёзды калектыўна, невялікай чародкай. Як па канвееры, адна за адной птушкі накладваюць на сценку смецце, змочанае слінай. Калі птушкі працуюць без перапынку, то на пабудову аднаго гнязда ідзе 2—3 дні, а то і менш.
Наша новая знаёмая — вясковая ластаўка.
У палёце шырока раскінутыя крылы касаткі здаюцца здалёк нерухомымі. Знізу яна амаль уся белая. Нястомная лятуха з раніцы да позняга вечара ў паветры. Заканчваецца доўгі дзень: стомленая касатка прысаджваецца насупраць гнязда на электрычныя правады, і тады раздаецца яе прыгожы шчэбет.
6 Зак. 1422
81
Разам з ластаўкамі ў паветры носяцца стрыжы. Выдатныя летуны за дзень пралятаюць да 1000 км, развіваючы скорасць больш за 100 км/г. Болыпую палову жыцця яны праводзяць у паветры. Вучоныя ўстанавілі, што ў перыяд выкормлівання птушанят рабочы дзень у стрыжоў-бацькоў працягваецца да 19 гадзін у суткі. Стрыжы вельмі клапатлівыя бацькі. У сваёй шырокай дзюбе за адзін прылёт яны прыносяць птушанятам да 200 насякомых.
У вячэрнім змроку сярод стрыжоў і ластавак з’яўляюцца і... кажаны.
Калі іх бачыш у палёце, на першы погляд здаецца, што яны ўсе аднолькавыя. Аднак гэта не так. Кажаны адрозніваюцца адзін ад аднаго велічынёй, афарбоўкай футравага покрыва, формай і даўжынёй вушэй і г. д. Некаторыя з іх даволі буйныя, велічынёй крыху болып за шпака, іншыя вельмі маленькія, як буйныя матылькі.
Адны з іх рыжыя, другія чорныя, сустракаюцца серабрыста-шэрыя, залацістыя з белым брушкам. У адных вушы круглыя, а ў іншых вострыя. У адных яны вельмі маленькія, а ў некаторых роўныя даўжыні тулава.
Кажаноў можна сустрэць у лесе і ў парку, на берагах ціхіх вадаёмаў і ў будынках людзей. Яны не ладзяць сабе гнёздаў, а займаюць самыя разнастайныя сховішчы: пячоры, штольні, скляпы, гарышчы, дуплы дрэў.
Дуплы дрэў — найбольш распаўсюджаныя іх прытулкі. Іншы раз адны і тыя ж дуплы ў першай палове лета засяляюць птушкі, а ў другой — кажаны.
Карысць ці шкоду прыносяць кажаны?
Незвычайны знешні выгляд кажаноў, перапончатыя крылы замест пярэдніх лап, бясшумны імклівы палёт, начны спосаб жыцця — усё гэта з даўніх часоў служыла прычынай для распаўсюджання самых розных забабонных выдумак пра гэтых звяркоў, у выніку чаго гэтых безабаронных і вельмі цікавых жывёл часта знішчалі. Вучоныя ўстанавілі, што кажаны, палюючы за вячэрнімі і начнымі насякомымі, ловяць у вялізнай колькасці майскіх, чэрвеньскіх хрушчоў, жукоў-насарогаў; з начных матылькоў — розных совак, чубатак, мёртвых галоў, пядзенікаў, а таксама камароў, аваднёў, мух — злосных шкоднікаў сельскай і лясной гаспадаркі, а таксама насякомых — носьбітаў розных узбуджальнікаў інфекцыйных захворванняў (малярыі, тулярэміі, скурнага лейшманіёзу) і інш. Усё гэта сведчыць аб тым, што кажаны, як і птушкі, прыносяць чалавеку вялікую карысць, толькі птушкі працуюць днём, а рукакрылыя — у начную «змену».
Акрамя рукакрылых, за вячэрнімі і начнымі насякомымі палюе толькі адна птушка — ляляк. Ен ловіць насякомых на ляту. Па знешняму выгляду
птушка крыху нагадвае зязюлю. Яе цёмна-бурае апярэнне зліваецца з афарбоўкай кары дрэў, сучка і звялага лісця. У леляка вельмі маленькая кароткая дзюба і вялізны рот, упрыгожаны па краях тонкімі адчувальнымі шчацінкамі.
Спеў птушак — гэта гукавая інфармацыя, г. зн. самая распаўсюджаная і багатая мова ў жывёльным свеце. Адны гукі з’яўляюцца сігналамі небяспекі, другія апавяшчаюць аб тым, што яны знайшлі корм, трэція — клічуць у госці. Гукавая інфармацыя найбольш развіта ў птушак. Нават самыя маўклівыя з іх распаўсюджваюць шмат разнастайных гукаў. Вельмі багатая мова птушак з чародак. Іх сігналы дазваляюць кіраваць чарадой. Адны гукі абазначаюць — «ляціце за мной», іншыя — «увага, небяспека». Цікава назіраць, як птушкі вучаць сваіх птушанят гукавым сігналам. Так, пры з’яўленні драпежніка бацькі пачынаюць своеасабліва крычаць. Аднаго ўрока бывае дастаткова, каб птушаняты запомнілі, як выглядае вораг. Іншы раз птушкі розных відаў вымаўляюць аднолькавыя «словы». Напрыклад, сігналы трывогі ў сініц, берасцянак, аўсянак вельмі падобныя. У выпадку небяспекі крылатыя аб’ядноўваюцца, утвараючы чароды. Паспрабуйце дзе-небудзь на ўзлеску паназіраць, як вядуць сябе дробныя птушкі пры з’яўленні драпежніка. Гэта вельмі цікава. Вось у галінах высокага дрэва прытаілася сава. Птушкі кружацца каля драпежніка, выкрыкваючы рэзка, адрывіста сігналы трывогі. Іх мэта — паведаміць усім, піто вораг хаваецца на дрэве. Інакш яны рэагуюць на ястраба, які ляціць у іх бок. Мяняецца іх тактыка і характар крыкаў. Цяпер птушкі, хаваючыся ў лесе, крычаць працягла, трывожна. Калі ў періпым выпадку яны як бы гавораць: «непрыяцель у засадзе», то ў другім-— «хавайцеся, вораг побач».