Таямніцы беларускага лесу
Аляксандар Курскоў
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Народная асвета
Памер: 191с.
Мінск 1987
Справа ў тым, што шматгадовыя расліны,
у тым ліку і азімыя культуры, яшчэ з восені пачынаюць рыхтавацца да будучых халадоў, г. зн. яны праходзяць своеасаблівы працэс загартоўкі. У клетках вышэйшых раслін назапашаны за лета крухмал ператвараецца ў цукар і тлушчы. Гэтыя рэчывы, раствораныя ў клетачным соку, узмацняюць холадаўстойлівасць раслін. Але ў час самых моцных маразоў вадкасць у клетках раслінных тканак замярзае, і створаныя такім чынам ледзяныя крышталікі раздзіраюць іх, робячы глыбокія расколіны ў кары. Абмен матэрыі ў тканках спыняецца, і цэлыя ўчасткі расліны адміраюць.
Водныя расліны інакш ратуюцца ад маразоў. Некаторыя восенню адміраюць, і захоўваецца толькі насенне. У большасці адрастаюць невялікія парасткі ці спецыяльныя пупышкі, напоўненыя крухмалам, якія не баяцца холаду. Гарлачыкі застаюцца пад лёдам у выглядзе тоўстых карэнішчаў, а раскі зімуюць, спусціўшыся на самае дно вадаёма.
А як жа пераносяць зіму насякомыя? Прыйшлі халады, і перажыць іх насякомыя могуць толькі ў стане глыбокага спакою, калі развіццё прыпыняецца, а само жыццё ледзь тлее. Эканомна выдаткоўваючы пажыўныя запасы, насякомыя — адны дарослымі, іншыя ў выглядзе лічынак, кукалак, яец забіраюцца глыбока ў лясны подсціл, закопваюцца ў глебу, хаваюцца ў спарахнелым пні ці проста размяшчаюцца пад адкрытым небам да вясны.
Непрыхаваныя яйцы матылька кольчатага шяўкапрада зімуюць на парастках яблынь. Кожная іллКа адкладае в*кол галінкі тоўстай спіраллю 100—400 яец. Атрымліваецца шырокае кальцо, дзе ўжо восенню ў кожным яйцы фарміруюцца маленькія вусені. Але на волю яны выйдуць толькі вясной. Янцы на зіму адкладаюць таксама нашы зялёныя конікі. Толькі яны хаваюць іх у зямлю.
У матылькоў баярышніц зімуюць вусені. Вылупіўшыся з яец у жніўні, яны дружнай кампаніяй накіроўваюцца на лісце яблынь, груш, чаромхі, глогу. А дзён праз 20, крыху памацнеўшы, пачынаюць рыхтавацца да зімоўкі. Навокал цёпла і зелена, а вусені адгароджваюць сябе ад навакольнага свету трывалымі сценамі кокана, у якім зімуюць.
У матылька капуснага беляна кукалкі перажываюць халодную і галодную пару. Папырхаўшы ў сярэдзіне лета, матылёк адкладае жоўтыя рабрыстыя яйцы на капусту. Вусені, якія з’яўляюцца з іх, дажываюць да восені, забіраюцца на платы, ствалы дрэў, на сцены дамоў, паветак і, аперазаўшы сябе трывалымі шаўковымі ніткамі, ператвараюцца ў зялёных з крапінкамі кукалак. Яны не ахоўваюць сябе цёплымі коканамі, як шаўкапрады, а вісяць голыя, вуглаватыя пад дажджамі і вятрамі да вясны. Крапіўнікі, жалобніцы, лімонніцы сустракаюцца да позняй восені і зімуюць дарослымі, зашыўшыся ў дуплы, пад кару дрэў, схаваўшыся на вышках, у паветках. Вясной гэтыя матылі з'явяцца першымі. Божыя кароўкі таксама зімуюць дарослымі і часта адлятаюць далёка ад месц, дзе жылі ўлетку. Ужо ў канцы жніўня вялікая колькасць іх збіраецца ў подсціле на ўзлесках і ў парках. Калі снег знікне, а сонца падсушыць леташняе прэлае лісце і пакажацца новае, кароўкі выпаўзуць са сваіх сховішчаў. Яшчэ тыдні праз два адкладуць яйцы, і пачнецца адлік жыццёвага тэрміну чарговага пакалення гэтых маленькіх драпежнікаў.
У лесе цяпер дарэмна шукаць каго-небудзь з іх, але ўся шасціногая жыўнасць тут. Яна схавалася, затаілася, чакае надыходу вясны.
Трытоны зімуюць, закапаўшыся ў мяккі лясны подсціл. У пустотах пад старымі спарахнелымі
пнямі схаваліся ад халадоў вужы і змеі. На дне вадаёмаў чакаюць вясны здранцвелыя жабы.
Змоўклі птушкі, схаваліся звяры. Здаецца, што жыццё ў лесе сцішылася да будучай вясны. Толькі тонкае ціўканне сініц ды глухі перастук дзятлаў уносяць нейкае ажыўленне.
Вы заўважалі, што ў халодны, ветраны дзень птушкі сядзяць нерухома? Распушыўшы сваё пер’е, яны робяцца падобнымі на пухкія шарыкі. Пёры ў іх розныя: у верхнім слоі контурныя, якія маюць цэнтральны стрыжань, і бакавыя махалы, якія пакрываюць тулава птушкі і ўтрымліваюць цяпло. Колькасць контурнага пер’я вялікая, у дробных птушак яго больш за 4 тыс. Пад контурнымі знаходзяцца мяккія пуховыя пёры. Каб зменшыць страты цяпла, птушкі ў час моцных халадоў
распушваюць пер’е, і пуховая абалонка птушак патаўшчаецца, робіцца амаль непранікальнай для холаду.
Асаблівае выпрабаванне для птушак — марозная ноч. Птушкі хаваюцца ў дуплы, у шчыліны і нішы дрэў, нават у вузкія шчыліны пад карані. Там яны даволі часта трапляюць у зубы ласкі ці гарнастая. Некаторыя птушкі начуюць побач на адной галінцы, і калі мароз дапякае крайніх, яны, каб пагрэцца, ціснуцца ўсярэдзіну.
Выратавальнікам усяго жывога ад холаду з’яўляецца снег. Розніца тэмператур на паверхні снегу і каля зямлі дасягае 20°. Птушкі карыстаюцца гэтым. Вельмі забаўна ў снегавых пустотах спяць даўгахвостыя сініцы (іх яшчэ называюць апалонікамі). Іншы раз гэтыя маленькія птушачкі начуюць гуртам, шчыльна прыціснуўшыся адна да адной. Атрымліваецца вялікі, амаль з дзіцячую галаву, пульхны шар са шматлікімі хвосцікамі, якія тырчаць ва ўсе бакі. У снезе начуюць рабчыкі, цецерукі. Падаючы ў снег, яны заміраюць да раніцы.
Калі мароз упадзе на вельмі тонкую снегавую коўдру — пакутуюць усе. Мышы, здаралася, дашчэнту вымярзалі, хаця ўвогуле для іх нават моцны мароз не страшны, бо яны пастаянна жывуць пад снегам, кормяцца і там нават размнажаюцца.
I ўсё ж такі зімою птушкі больш пакутуюць ад нястачы корму.
Многія школьнікі з надыходам халадоў падкормліваюць дробных птушак на кармушках зернем, семкамі, крошкамі хлеба і інш. У школьных лясніцтвах падкормліваюць буйных птушак, такіх, як шэрая курапатка і цецярук. Для падкормкі гэтых птушак ужываюць перш за ўсё няшчыльна звяза-
ныя, як быццам «раскудлачаныя», аўсяныя снопікі. Тут жа, на месцы падкормкі, майструюць будыначкі, каб снег не засыпаў корм: авёс, мякіну, адсеў, каноплі, насенне лёну і пустазелля. Побач з месцам падкормкі выкладваюць пясок і дробную гальку.
Усім зерняедным птушкам для стрававання неабходна мець у мускульным страўніку трохі каменьчыкаў, якія спрыяюць пераціранню з’едзенага корму. Увосень птушкі вылятаюць на лясныя прасекі, да абочын дарог, да берагоў рэк і ручаёў, дзе збіраюць гальку (гастраліты). Аднак на ўсю зіму запасу ў страўніку можа не хапіць. Каменьчыкі сціраюцца, выкідваюцца разам з памётам. У такім выпадку нават пры дастатку кармоў птушкі знясільваюцца і нават гінуць. Для таго каб яны на
працягу зімы маглі папаўняць іх запасы, ствараюцца галечнікі — куча галькі, жвіру, буйнога^ рачнога пяску пад простай драўлянай паветкай непадалёку ад месца падкормкі. Вельмі зручна рабіць галечнікі каля вывернутых дрэў, якія ахоўваюць іх ад снегавых заносаў. Акрамя таго, купаючыся ў пяску, птушкі вызваляюцца ад кляшчоў і іншых крывасмокаў, якія паразітуюць на целе.
Каля месц падкормкі з восені рэкамендуецца пакідаць невялікія ўчасткі няскошанага збожжа, садзіць калючыя і ягадныя хмызнякі, якія могуць служыць натуральнымі ці штучнымі сховішчамі для птушак.
Лягчэй за іншых пераносяць зіму цецерукі. Гэтыя птушкі не галадаюць нават у самыя моцныя маразы, таму што іх заўсёды забяспечваюць натуральнымі кармамі паляўнічыя гаспадаркі.
Падкормліваць цецерукоў лепш на аўсяным полі, каля ўзлескаў. Ад пачатку жніўня і да выпадання снегу цецерукі кормяцца тут апалым зернем. Штучнай падкормкай можна ўтрымаць птушак у адным месцы ўсю зіму. Добра, калі побач знаходзяцца старыя бярэзнікі, у якіх цецерукі могуць збіраць частку свайго зімовага рацыёну ў выглядзе пупышак і каташкоў.
Надыходзіць халодная пара і для дзікіх капытных жывёл. Уважліва прыслухоўваючыся да кожнага шораху, ходзяць табункі аленяў і дзікіх коз. Калі ўлетку самкі і самцы трымаюцца паасобку, то зімою яны збіраюцца ў статкі. Цяпер можна напаткаць статкі аленяў з 10 і больш асобін рознага полу і ўзросту. Супольна лягчэй заўважыць набліжэнне ворага і пазбегнуць нападу ваўкоў і рысей.
Глыбокі снег, моцны холад, цвёрды шарпак і галалёдзіца цяжка адбіваюцца на жыцці дзікіх Ka-
12 Зак. 1422
пытных, асабліва маладняку. Яны пакутуюць, знясіленыя, таму што глыбокі снег робіць цяжкімі далёкія пераходы ў пошуках корму. У той жа час нізкія тэмпературы выклікаюць павялічаную цеплааддачу арганізма, якую можна папоўніць толькі ўзмоцненым харчаваннем. Знясіленыя жывёлы — частая здабыча драпежнікаў. Таму ў запаведніках, паляўнічых гаспадарках, лясгасах і школьных лясніцтвах чалавек дапамагае дзікім жывёлам пераносіць цяжкасці зімы, арганізуючы для іх спецыяльныя «сталовыя».
Чым жа кормяць звяроў у гэтых «сталовых»?
У спецыяльна збудаваную для аленяў і дзікіх коз кармушку закладаецца не больш як 50 кг сена. Калі жывёл шмат, кожную кармушку запаўняюць сенам некалькі разоў за сезон. Кармушкі лепш
усталёўваць на адкрытых месцах, каб жывёлы маглі заўважыць драпежніка, які набліжаецца з любога боку, і своечасова ўратавацца. Дзікія капытныя пазбягаюць кармушак, якія стаяць у густых зарасніках. о
На паплавах лясных рэк і ручаёў, на лясных палянах і высеках добра яшчэ з лета нарыхтаваць невялічкія стажкі сена. Іх ставяць на падстаўках або невысокіх устойлівых хмызах, каб не засыпала снегам. Усю зіму тут кормяцца капытныя, пракладаючы ад стажка да стажка глыбокія сцяжыны. Навокал тут назіраецца мноства слядоў і лежняў аленяў і казуль.
Паабапал дарог таксама можна класці сена, венікі з вярбы, асіны і іншых лісцевых парод. Звяры з ахвотаю з’ядуць іх, выкопваючы нават з-пад снегу.
У школьных лясніцтвах і паляўнічых гаспадарках венікі нарыхтоўваюць з сярэдзіны мая да сярэдзіны ліпеня. Маладыя аднагадовыя парасткі вярбы, асіны, бярозы, ясеня, ліпы, дубу, рабіны зразаюць і звязваюць у пучкі. Лепш звязваць галінкі розных парод. Кожны венік перад асушкай неаднаразова апырскваюць 10-працэнтным растворам спажыўнай солі. Сушыць і захоўваць венікі належыць у паддашкавых памяшканнях, якія добра вентыліруюцца.
А чым карміць ласёў, якія неахвотна падыходзяць да стагоў сена і зусім раўнадушныя да кармушак з сенам?
Для іх валяць асіну, падсякаючы дрэўцы дыяметрам не болып за 15—20 см. Ласі кормяцца карою асіны. Да іх далучаюцца дзікія козы і зайцы.
Каб дапамагчы дзікам перанесці цяжкасці зімы, а таксама прывучыць да пэўных мясцін, іх пачынаюць падкормліваць з позняй восені. На загадзя
выбраныя ўчасткі час ад часу падкладваюць невялікую колькасць бульбы або катахоў кукурузы, каб звяры «запомнілі» месцы сваіх «сталовых». Звяры не адыходзяць далёка, бо заўсёды могуць знайсці тут корм. Чым мацнейшыя маразы, тым больш корму павінны атрымліваць дзікі. На пачатку зімы, калі снег яшчэ неглыбокі, бульба накладаецца праз 2—3 сутак, з разліку па кілаграму на аднаго дзіка. Пры павелічэнні вышыні снегавога покрыва бульбу падвозяць праз дзень і нормы павялічваюць да 3—5 кг. Акрамя таго, кладуць салому. 3 яе дзікі робяць логавы, у якіх і залягаюць тут жа ў месцах падкормкі. Зімою да «сталовай» падыходзіць усё больш і больш жывёл. У Белавежскай пушчы ў месцах падкормкі трымаюцца ўсю зіму статкі з 30—50 дзікоў. Леснікі штодзённа ў пэўны час прывозяць дзікам дзённую норму кармоў. Калі звяроў паблізу няма, дастаткова пастукаць рыдлёўкай па санях, і дзікі, пачуўшы гэта запрашэнне да «абеду», спяшаюцца ў «сталовую». За зіму звяры настолькі прывыкаюць да леснікоў, якія прывозяць корм, што часта не ўцякаюць пры іх з’яўленні, а сочаць з-за хмызнякоў, як ідзе разгрузка корму. Ледзь толькі ляснік рушыць у дарогу, як звяры адразу накідваюцца на бульбу.