Традыцыі сямейнага выхавання ў беларускай вёсцы
Любоў Ракава
Выдавец: Ураджай
Памер: 111с.
Мінск 2000
Л.В.Ракава
ТРАДЫЦЫІ СЯМЕННАГА ВЫХАВАННЯ У БЕЛАРУСКАН ВЁСЦЫ
й
Мінск «Ураджай» 2000
УДК 37.018.1:392.3 (=826)
ББК 74.9 (4 Бен)
Р 19
Рэцэнзенты : І.І.Калачова, канд. гіст.навук, ст. навуковы супрацоўнік Нацыянальнага інстытута адукацыі, Т.А.Навагродскі, канд. гіст. навук, дацэнт Беларускага дзяржаўнага універсітэта, І.І.Сгпашулёнак, нам. дырэктара Мінскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа № 1.
Ракава Л.В.
P19 Традыцыі сямейнага выхавання ў беларускай вёсцы. — Мн.: Ураджай, 2000. — 111 с.: іл.
ISBN 985-04-0398-5
У кнізе на шырокім гісторыка-этналагічным матэрыяле аналізуюцца традыцыйныя формы, метады і сродкі выхавання дзяцей у беларусаў, асаблівасці іх побыту і культуры.
Разлічана на этнографаў, выкладчыкаў і студэнтаў ВНУ, настаўнікаў і выхавацеляў дашкольных і школьных устаноў, а таксама на ўсіх тых, хто цікавіцца праблемамі выхавання.
УДК 37.018.1:392.3 (=826)
ББК 74.9 + 63.5 (4 Бен)
ISBN 985-04-0398-5
©Л В Ракава, 2000
УВОАЗІНЫ
Ты пакуль што — быццам тая дзічка ў гаі, На якую аніхто і не зважае.
Прышчапі ж галінак — з розуму і цноты, 3 веры ў Бога шчырай, з дабраты, пяшчоты, Гэткіх дасць яна пладоў!
М.Рэй з Нагловіц'
Беларуская вёска з яе працавітым і добразычлівым народам, улюбёным у сваю зямлю і край, які мае своеасаблівы побыт і вельмі багатую духоўную спадчыну, заўсёды прыцягвала ўвагу даследчыкаў. Асобую цікавасць да жыцця вясковага насельніцтва маюць этнографы, якія на працягу двух стагоддзяў вывучаюць мінулае і сённяшні сямейны і грамадскі побыт, матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў. Адным з найменш даследаваных бакоў жыцця да нядаўняга часу зас-' тавалася народная педагогіка, якая ўвабрала ў сябе шматвяковы вопыт выхавання, вывераны практыкай многіх пакаленняў. Цікавасць да яе ўзрасла, калі востра ўстала праблема выхавання нацыянальнай самасвядомасці, стварэння нацыянальнай сістэмы адукацыі і выхавання дзяцей у сям’і.
Яшчэ ў мінулым стагоддзі даследчыкі заўважылі, якую велізарную ролю ў выхаванні дзяцей адыгрывала сям’я — яна была і творцай, і ахоўнікам педагагічных традыцый. П.Баброўскі пісаў, што нацыянальна вызначальныя рысы беларуса яскрава праяўляліся ў мове, спецыфічным характары, у песнях, прыказках і г.д. «Свае перакананні і маральную філасофію ён (беларус) перадае разам з мовай сваім дзецям і ўнукам» (Бобровскнй. 1863. Ч. 1. С. 822).
Народная педагогіка дазваляла вырасціць фізічна загартаваных і духоўна багатых людзей, асноўнымі якасцямі якіх сталі шырока вядомая ў свеце працавітасць і добразычлівасць беларусаў. Неабходнасць ведання паўзабытых і адкінутых народных традыцый, якія і сёння маюць велізарнае значэнне для практыкі выхавання дзяцей і моладзі, абумовіла інтарэс аўтара да вывучэння народнай педагогікі з пункту гледжання этнаграфіі. Аўтара цікавілі не толькі нарматыўныя ўяўленні народа аб выхаванні, педагагічны ідэал, але і сама выхаваўчая практыка.
'Мікалай Рэй (1505 — 1569) — славуты польскі пісьменнік, «бацька польскай літаратуры», родам з Нагловіц
Асэнсаванне каштоўнасцей народнай педагогікі беларусаў пачалося ў канцы XIX стагоддзя, калі з’явіліся працы этнографаў, у якіх утрымліваліся і звесткі аб укладзе жыцця дзяцей у XIX — пачатку XX стагоддзя, традыцыйных нормах выхавання, педагагічным ідэале беларусаў, аб ролі вясковай сям’і ў выхаваўчых працэсах, у тым ліку і ў сацыялізацыі асобы і перадачы этнакультурнай інфармацыі. Гэта перш за ўсё даследаванні М.Я.Нікіфароўскага, М.В.Доўнар-Запольскага, А.К.Сержпутоўскага, П.В.Шэйна, Е.Р.Раманава, А.Я.Багдановіча і інш. Аднак і ў іх мы не знаходзім дастатковай колькасці апісанняў канкрэтных жыццёвых сітуацый, дзе дзеці паказаны ва ўзаемаадносінах з бацькамі, аднагодкамі, вяскоўцамі і г.ДБольш увагі ў гэтых працах нададзена працоўнай дзейнасці дзяцей, гульням, звычаям і абрадам, звязаным з імі.
Многія аспекты дзіцячага выхавання закрануты ў працах А.Я.Багдановіча — бацькі знакамітага паэта Максіма Багдановіча. Сам педагог, ён сабраў, апублікаваў матэрыялы па народнай педагогіцы і выкарыстоўваў іх у сваёй практычнай дзейнасці. А.Я.Багдановіч, збіраючы ўзоры народнай творчасці, заўважыў, што фальклор — выдатная крыніца для вывучэння педагагічных поглядаў народа, дзе знайшлі адлюстраванне прынцыпы, формы і метады выхавання. Ён зразумеў, што мае справу з цэласнай сістэмай выхавання, адпрацаванай, адшліфаванай многімі пакаленнямі беларусаў і апрабаванай у кожным з іх, і што гэты гісторыкапедагагічны вопыт народа трэба зберагчы і выкарыстоўваць як крыніцу народнай мудрасці.
Даследчыкі больш позняга часу таксама звярталі ўвагу на праблемы выхавання дзяцей і спецыфіку дзіцячай культуры. Аб неабходнасці вывучэння побыту дзяцей Беларусі ў 1930 г. пісаў краязнавец М.Каспяровіч. Ен прыйшоў да высновы, што гэты побыт мае свае асаблівасці як у розных нацыянальнасцей, так і ў горадзе і вёсцы, а таму лічыў неабходным даследаванне не толькі матэрыяльнага побыту дзяцей (умовы жыцця, адзенне, ежа, праца), але і духоўнай культуры (абрады, вераванні, гульні, цацкі, асаблівая дзіцячая мова і іх творчасць) (Каспяровіч. 1930. С. 16—19).
У апошняе дзесяцігоддзе па народнай педагогіцы апублікаваны дзве працы Г.П.Арловай (Арлова. 1993, 1995). У першай аўтар на шматлікіх фальклорных матэрыялах, галоўным чынам прыказках, прымаўках, казках, песнях, аналізуе педагагічныя ідэі і выхаваўчы вопыт народа. Другая прысвечана выкарыстанню ў навучальна-выхаваўчым працэсе сучаснай школы формаў, метадаў і сродкаў народнай педагогікі.
У 1996 г. выйшла кніга «Народная педагогіка беларусаў» калектыву аўтараў, якая знаёміць з традыцыямі народнай педагогікі, з вопытам выкарыстання іх у агульнаадукацыйнай школе на Беларусі ў папярэднія эпохі, пачынаючы з сярэдневякоўя і заканчваючы пачаткам XX стагоддзя.
Педагагічныя традыцыі беларусаў былі аб’ектам вывучэння І.І.Калачовай (Калачова. 1995, 1999). Асаблівасці беларускай этнапедагогікі разглядаліся аўтарам дадзенай працы ў шэрагу артыкулаў (Ракава. АВ, 1996,№ 2, 7 і 8). У кнізе «Традыцыі сямейнага выхавання ў беларускай вёсцы» аналізуюцца выхаваўчыя традыцыі вясковай сям’і на працягу амаль двух стагоддзяў, якія ахопліваюць і перыяд найвышэйшага іх росквіту (канец XIX стагоддзя), і перыяд заняпаду (другая палова XX стагоддзя). У аснову даследавання пакладзены гістарычны прынцып. Як этнограф аўтар не магла абыйсці ўвагай асаблівасці побыту дзяцей: адзенне, харчаванне, умовы існавання дзяцей, працу, гульні, забавы, удзел у святах і абрадах, бо ў кожным з іх ёсць выхаваўчыя моманты. Інакш кажучы, гэта народная педагогіка ў дзеянні.
Мая праца над тэмай пачалася з вывучэння фальклору: казак, песень, прыказак, прымавак і г.д. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічала тое, што да паслуг даследчыкаў існуе велізарны «Збор беларускай народнай творчасці» (45 тамоў), выдадзены аддзелам фальклору Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі ў апошнія дзесяцігоддзі.
Адначасова назапашваліся матэрыялы ў ходзе этнаграфічных экспедыцый 1993—1998 гг. Апытанні старажылаў у розных кутках Беларусі, назіранні за ўмовамі жыцця і побыту, успаміны аб далёкай мінуўшчыне былі дапоўнены ўласнымі ўражаняямі і аповядамі родных, вяскоўцаў, пачутымі ў дзяцінстве. Яно прайшло ў маленькай вёсцы Сушчэўская Слабодка непадалёку ад Чавус, што на Магілёўшчыне. Дзядуля Мікіта Несцеравіч і бабуля Марфа Ігнатаўна Гаўрыленкі, якія нарадзіліся ў канцы мінулага стагоддзя, не толькі шмат расказвалі аб далёкім мінулым, сваім дзяцінстве, але, па традыцыі, карысталіся народнымі метадамі і сродкамі выхавання. Згодна з іх поглядамі, выхаванне пачынаецца з працы і ў працы. Яшчэ да школы яны навучылі мяне хатняй працы, a таксама жаць, «браць» лён, палоць, даглядаць птушак і г.д. На ўсё жыццё запомнілася мне дзедава «бярозавая каша» (бярозавы пруцік), якая вісела напагатове за бэлькай над паліцай. Яе зведала я не аднойчы за дрэнныя ўчынкі.
Бабуля і асабліва дзядуля захоўвалі бытавыя традыцыі і звычаі і прывучалі ўнукаў трымацца іх. На ўсё жыццё запалі ў
душу народныя спевы, калі сяляне збіраліся ў час свят у адной хаце. Гэта былі спевы з падгалоскамі, вельмі прыгожыя.быццам яны штодня рэпеціравалі. Запомніліся абшчыннасць, калі аднавяскоўцы былі вельмі блізкімі адзін аднаму, працавалі, адпачывалі разам, разам будавалі дамы і дапамагалі ў складаныя моманты жыцця. Гэта гатоўнасць беларусаў прыйсці на дапамогу была тыповай для вясковага жыцця пасляваеннага часу.
Матэрыялы, сабраныя ў этнаграфічных экспедыцыях, дазволілі вызначыць як агульныя рысы, так і рэгіянальныя асаблівасці ў дзіцячым побыце, традыцыях іх выхавання ў XX стагоддзі.
Шмат каштоўных звестак аб выхаванні дзяцей розных саслоўяў выяўлена з гістарычных крыніц XVIII —XX стагоддзяў. Усе гэтыя матэрыялы ілюструюць адметнасць народнай педагогікі беларусаў, якая мела глыбокія і трывалыя карані, але сёння, на жаль, забываецца. Жывая і дзейсная, яна магла 6 паслужыць многім пакаленням беларусаў, узбагачаючы педагагічны вопыт лепшымі народнымі традыцыямі.
Выхаванне чалавека — вельмі складаны, разнастайны і супярэчлівы працэс. Таму ў вызначэнні прадмета народнай педагогікі як адной з галін педагогікі ў цэлым існуе шмат падыходаў. Аднак большасць даследчыкаў сходзіцца на думцы вызначальнай ролі традыцыйнай сям’і як каталізатара і крыніцы развіцця педагагічных ідэй, якая назапашвала традыцыі педагагічнай культуры народа на працягу многіх стагоддзяў. Зыходзячы з гэтага, я палічыла мэтазгодным разгляд традыцый сямейнага выхавання падаць наступным чынам. Спачатку аналізуюцца ўзроставыя ступені дзяцінства, бо не ўлічваць іх у працэсе выхавання немагчыма. Затым ідзе асноўны раздзел даследавання — «Працэс выхавання ў народнай педагогіцы», у якім у канцэнтраваным выглядзе разглядаюцца ўсе аспекты, якія ўваходзяцьу паняцце «сістэма выхавання». У наступных, асобных раздзелах яны аналізуюцца больш падрабязна — гэта і ўмовы жыцця дзяцей, гульні і забавы, вераванні і абрады традыцыйнай культуры, у кругаварот якіх дзеці былі далучаны з калыскі, назіралі іх, засвойвалі, а потым гэтак жа, на прыкладах, у працэсе працы, гульні, перадавалі сваім дзецям. Аўтар спадзяецца, што чытачу будзе цікавая гэта кніга, з якой ён даведаецца аб педагагічным ідэале беларусаў, багатых выхаваўчых традыцыях XIX —XX стагоддзяў.