Традыцыі сямейнага выхавання ў беларускай вёсцы
Любоў Ракава
Выдавец: Ураджай
Памер: 111с.
Мінск 2000
Дзеці, як спадкаемцы бацькоў, па народных уяўленнях, павінны былі набыць пэўныя веды і навыкі ва ўсіх відах дзейнасці: агратэхнічных, матэматычных, метэаралагічных, батанічных, медыцынскіх, выхаваўчых, будаўнічых, прыгатавання ежы і іншых бытавых справах, утрымання хатняй жывёлы, птушкі. Засвойвалі дзеці гэтыя веды і навыкі на практыцы. Бацькі паказвалі, як выконваць розныя работы, застаўлялі дзяцей удзельнічаць у пасільнай працы. Метэаралагічныя веды і навыкі здабываліся шляхам штодзённых назіранняў за з’явамі прыроды, тлумачэннем дарослых.
3 сістэмай мер вагі, агародніцтва і іншых сельскагаспадарчых работ дзеці знаёміліся праз навучэнне і ўдзел у працы. Яны вучыліся берагчы жывёл, лячыць іх, здабываць лекавыя расліны і карыстацца імі. Маральныя вывады заўсёды рабіліся з канкрэтных жыццёвых сітуацый, і ў гэтым таксама прасочваецца мудрасць народнай педагогікі.
Ранняе ўключэнне дзяцей у працу, як мы ўжо адзначалі, цесна звязана з педагагічным ідэалам народа — выхаваць працавітага чалавека. У сялянскіх сем’ях малым хлопчыкам і дзяўчынкам даручалі аднолькавую работу. Працаваць пачыналі з пяці гадоў.
Нягледзячы на тое што дзеці падпарадкоўваліся волі бацькоў, яшчэ ў XIX стагоддзі працягвала існаваць замацаванае за імі законам права асабістай маёмасці, здабытай сваёй працай. У асноўным такое права мелі дарослыя дзеці — юнакі і дзяўчаты, якія выраблялі на продаж і атрымлівалі грошы за рэчы або прадукты, галоўным чынам з лішкаў. Так, юнакі прадавалі зробленыя імі драўляныя, плеценыя, ганчарныя і іншыя вырабы, дзяўчаты — ніткі, палатно, лён, каноплі, лішкі гародніны, малочных прадуктаў, грыбы, ягады, арэхі і г.д. (Довнар-Запольскнй. Очеркн... 1891. С. 104).
У мяшчан дзеці мелі ваю долю — «атарыцу» ад продажу малака і агародніны, а таксама ад сабраных у лесе ягад, грыбоў і г.д. (Дембовецкнй. 1882. Кн. I. С. 612). Вядома, што не ўвесь прыбытак ішоў на асабістыя патрэбы, 6о пэўную частку яго аддавалі ў сямейную касу. Атрыманыя грошы захоўваліся ў маці на пасаг дачцы і набыццё маёмасці для жаніцьбы сына. Маці выдаткоўвала гэтыя грошы толькі пры ўступленні ў шлюб, і фактычна дзеці не маглі карыстацца імі да гэтага часу.
У вясковых дзецях уражвае перш за ўсё прыродная кемлівасць, практычнасць і глыбокае веданне жыцця. У размове яны заўсёды знаходзяць вострае слова, удала карыстаюцца прыказкамі і прымаўкамі, якія чуюць з ранняга дзяцінства і добра ведаюць. Дзеці шчыра вераць у тое, што сэнс, закладзены ў іх, адпавядае жыццёвым сітуацыям і з’яўляецца бясспрэчнай ісцінай. Яны не толькі карыстаюцца імі, але і ўспрымаюць з іх мараль, бо большасць народных выслоўяў якраз і мае чыста маральную мэту.
П.Баброўскі пісаў: «Беларусы, не ведаючы таго, што яны беларусы, захавалі і ў штодзённай мове, і ў песнях, і ў прыказках свае пэўныя, нацыянальныя, лагічныя формы, свой дух, свой пэўны характар, свае норавы, свае звычаі... Здзяйсняючы ўсе свае хрысціянскія абрады, быццам бы несвядома, беларус, ці то праваслаўны ці католік, мае сваё перака-
нанне, сваю маральную філасофію і перадае ўсё гэта разам з мовай сваім дзецям і ўнукам» (Бобровскнй. 1863. С. 147).
Менавіта з фальклорных твораў дзеці атрымлівалі простыя і разам з тым найбольш важныя для жыцця веды аб з’явах прыроды, узаемаадносінах чалавека з навакольным светам, паміж блізкімі (у сям’і) і аднавяскоўцамі, суседзямі і г.д. Народная творчасць утрымлівала ў сабе павучанні, назіранні, якія вучылі любіць працу і працаўніка, цаніць усё, што здабывалася працай, захоўваць навакольнае асяроддзе, выхоўвалі павагу да зямлі. Педагагічныя ідэі, якія закладзены ў кожным творы, развівалі знаходлівасць, уменне пераадольваць цяжкасці.
Вядомы этнограф С.Ф.Рысінскі ў прадмоўі да «Любчанскага зборніка прыказак» падкрэсліваў ролю прыказак у выхаванні: «...з вострых народных слоўцаў кароткім шляхам зведваюць і тлумачаць прыроду рэчаў, фарміруюць норавы, атрымліваюць павучальныя звесткі аб сумесным жыцці людзей...» (Антологня. 1986. С. 91).
Маці або бабуля ўжо з маленства малым пелі песенькі.
Каб яны навучыліся хутчэй размаўляць, выкарыстоўвалі з народнай творчасці вершы, скорагаворкі, дражнілкі, лічылкі, якімі яны карысталіся з задавальненнем.
Для традыцыйнай народнай педагогікі, як мыўжо адзначалі, характэрна «школа пешчання», якой надавалася вялікае значэнне, бо яна пэўным чынам уплывала на фізічнае і псіхічнае здароўе дзіцяці, удасканальвала вобразнае мысленне і была першай школай музычнай адукацыі. Галоўным момантам яе было закалыхванне. У беларусаў здаўна склалася багацейшая песенная культура з вялікай разнастайнасцю калыханак, якія добра ведала кожная сялянка, дзякуючы трансмісіі народнага вопыту з пакалення ў пакаленне. Традыцыйныя навыкі закалыхвання набываліся з дзяцінства, калі маленькая нянька спявала пачутыя ад маці ці бабулі калыханкавыя песні (у ролі нянькі было амаль кожнае сялянскае дзіця).
Рэпертуар калыханак залежаў ад здароўя дзіцяці, сацыяльнага статусу (барскія, незаконнанароджаныя, казённыя), a таксама ўзросту і настрою нянькі, яе ўмення спяваць і ведання пэўнай колькасці калыханак.
Спявалі калыханкі не толькі для таго, каб закалыхаць дзіця да сну, заспакоіць і зберагчы такім чынам яго фізічнае і псіхічнае здароўе, але і вызваліць для сябе пэўную частку часу для адпачынку. Перш чым пець калыханку, трэба было даць немаўляці грудзі ці цёплае малако (зрэдку з макам), соску («сусолку») і потым, калыхаючы люльку, маці ці нянька ў рытм ёй спявала песні. Калыханка, як правіла, мела заспакойваючую мелодыю,
якая паўтаралася і садзейнічала хуткаму засыпанню.
Нянька спявала калыханкі, у якіх прысутнічалі страшныя персанажы (накшталт Бабы Ягі, Зюзі і інш.).
У калыскавых песнях — заспакойваючых, закалыхваючых маці мякка і шчыра спявала аб радасці і горы, аб будучым дзіцяці — шчаслівым і радасным. У песнях-калыханках маці жадае дзіцяці здароўя, дабрабыту, шчасця, добрай долі, спявае пра тое, як яно вырасце і будзе радасцю для бацькоў і ўцехай ім, а таксама абаронцам сям’і, сваякоў і людзей увогуле. Калыханкі знаёмілі дзіця з навакольным светам, пашыралі яго ўяўленне аб жыцці. Тут і коцік — бархатны жывоцік, паўнаўладны жыхар кожнага сялянскага дома — першы аб’ект нагляданняў дзіцяці. Дзіця вучыцца любіць жывёл. У калыханках ён малюецца як істота, якая водзіць дружбу з маленькімі, клапоціцца пра іх: прыносіць піражок, булку, можа закалыхаць дзіця і г.д. Акрамя таго, у калыханках пра коціка ёсць элементы маралі і яны павучальныя. Яркімі фарбамі маляваліся вынікі дурных учынкаў і супрацьпастауляліся ім дабрачыннасць (Шейн. 1887. Т. I. С. 31):
Пайшоў каток на таржок, Купіў сабе піражок I табачны ражок, I сеў на калодзе
У добрай выродзе: I табачкі запюхаў, I добрых людзсй паслухаў.
У беларусаў, як і ў многіх іншых народаў, пра гэта ўжо падрабязна расказвалася, крадзеж лічыўся адной з самых страшэнных заган. I перасцярога ад яго, навучэнне чэснасці пачыналася з самага ранняга дзяцінства. Ужо ў калыханках маці расказвала дзецям, што чалавек, які бярэ чужое, — дрэнны і асуджаны на ўсеагульную пагарду. Тое ж адносіцца да лянівага, нядбайнага чалавека. Такім чынам, дзякуючы калыханкам дзіця спасцігала асновы маральнага «кодэксу» селяніна. 3 ростам дзіцяці паступова ўскладняліся і песні, што пела маці. У іх з’яўляюцца фальклорныя вобразы жывёл і птушак, якіх дзіця, падрастаючы, назірае на двары, у полі, на лузе, у лесе. Тут і голуб сімвал прыгожага, узвышанага; тут і куры з куранятамі сімвал клапатлівай маці і ўтульнай сям’і; тут і хітрая ліса. Пазнанне навакольнага асяроддзя ішло, як пазней у піколе: ад простага да складанага, ад вядомага да менш вядо.мага. ІІры гэтым маці тлумачыла незразумелае і такім чынам пашыралася свядомасць дзіцяці, набываліся элементарныя веды аб жыцці.
Вялікую ролю ў выхаванні дзіцяці адыгрывала калыска — яго дом. На ўсё жыццё чалавека застаюцца прыемныя ўспаміны пра яе. У калыханках створаны цудоўны вобраз немаўляці, якое спачывае ў калысцы, яго ахінае сон, дрымота — гэтыя лепшыя памочнікі маці. I для калыханак яна не шкадуе фарбаў. У народнай творчасці яны маляваліся ў выглядзе чалавекападобных істот, што ахоўваюць дзяцей, закалыхваюць іх.
У калыханках расказваецца пра ўяўленні народа аб шчасці, дастатку, якое магчыма было толькі ў мары. Паспытаўшы ў асабістым жыцці цяжар нястачы, маці ў калыханцы жадае свайму дзіцяці здароўя, дабрабыту. У калыханках шмат любві, пяшчоты, жыццёвай мудрасці, выказана філасофія сялянскага жыцця.
Музычнае выхаванне, у працэсе якога вучылі адчуваць прыгажосць народных напеваў, спяваць, пачыналася з маленства.
Першае знаёмства з музыкай і песняй адбывалася, як мы ўжо адзначылі, праз калыханкі. 3 узростам гэта знаёмства пашыраецца і становіца больш разнастайным. Дзеці слухаюць маці, іншых членаў сям’і ў час выканання хатніх спраў — за кудзеляй, за кроснамі, а таксама ў святочныя дні: у час розных каляндарных і сямейных святаў, у якіх і самі дзеці прымаюць удзел.
Улетку яны маюць магчымасць, напрыклад, «пайграць» на лістках дрэва, трымаючы іх паміж вялікіх пальцаў. Гукі, падобныя на птушыны свіст, атрымліваліся, калі дзьмуць у трысняговую трубачку, трубачку гусінага пяра. Незвычайныя гукі атрымліваліся пры крананні нацягнутай ніткі, адзін канец якой трымаўся зубамі, другі — нацягваўся рукой.
Адсутнасць спецыяльных музычных інструментаў дзеці папаўнялі за кошт самаробрных пішчыкаў, якія выраблялі з пер'яў, саломы, трыснягу і тонкіх ствалістых раслін. У раслінных трубачках прарэзвалі пяць дзірачак і атрымліваліся «пішчыкі», «пасвірэлкі», дудачкі, на якіх можна было іграць, атрымліваць мелодыі. Звычайна іх рабілі вясной з гладкага і роўнага лазняку, калі кара дрэва лёгка аддзялялася. Гэты немудрагелісты музычны інструмент, які выдаваў незвычайна прывабныя гукі і вельмі шанаваўся дзецьмі, быў амаль у кожнага вясковага хлопца.
Больш складаныя самаробныя музычныя інструменты — «жалейкі», «скрыпкі», «балалайкі» сустракаліся радзей і іграць на іх маглі толькі асобныя, здольныя дзеці.
У засваенні духоўных каштоўнасцей велізарную ролю адыгрывала мова. Праз мову ўсведамлялі, што — дабро, што — зло. 3 першых дзён яна гучыць у хаце, і дзіця з калыскі вучыцца роднай мове, засвойвае новыя словы праз калыханкі, забаўлянкі, пяшчотныя словы маці і, урэшце, праз размовы ўсіх