• Газеты, часопісы і г.д.
  • Традыцыі сямейнага выхавання ў беларускай вёсцы  Любоў Ракава

    Традыцыі сямейнага выхавання ў беларускай вёсцы

    Любоў Ракава

    Выдавец: Ураджай
    Памер: 111с.
    Мінск 2000
    25.31 МБ
    Хлопчыкі з 13 — 14 гадоў выконвалі больш складаную работу: аралі, баранавалі, пачыналі касіць.
    Дзяўчынак з 7 —8 гадоў прывучалі прасці, спачатку самы горшы лён («асмычыны»). Калі яны больш-менш навучаліся гэтай справе, ім давалі лепшы лён, які трэба было прасці ўжо не верацяном, а калаўротам. Кужаль (самыя тонкія ніткі з добрага лёну) пралі з 16—17 гадоў. Прасці пачыналі з восені і на працягу ўсёй зімы, каб задаволіць патрэбы сям’і ў адзенні і вопратцы. У дзяўчат прадзіва было звычайнай справай. Каб было не сумна, збіраліся на «папрадкі», «папрадухі» ў кагонебудзь з сябровак. У гэтым узросце дзяўчатам трэба было наткаць палатна і для пасагу.
    3	12 гадоў, a то і раней, дзяўчынак прывучалі жаць. Гэта была вельмі цяжкая праца, якая доўжылася па 13 гадзін. Жалі босыя, колючы ногі аб іржышча, амаль не разгінаючыся.
    У сенакосную пару шмат працы было ўсім. Дзеці і падлеткі разбівалі пакосы, зробленыя бацькам і старэйшымі сынамі, варочалі сена два-тры разы ў дзень, складвалі ў копы. Потым звозілі яго. Вознікамі часта былі хлопчыкі (з 10 гадоў). Стоячы на возе, яны падхоплівалі віламі сена, раскладвалГ яго і ўтрамбоўвалі.
    Бедныя сем’і нярэдка вымушаны былі аддаваць сваіх дзяцей у «парабкі». Аплочвалася іх праца па дамоўленасці: у канцы года ці на працягу працы. Заробленыя грошы звычайна аддавалі бацькам. Добра адпрацаваўшы ў гаспадара, парабкі маглі акрамя заробку атрымаць і падарункі: кавалак сала, кілбасы, сыр і г.д. Жылі яны ў гаспадара на поўным забеспячэнні жыллём, ежай, адзежай і абуткам. Вядома, гэта былі не абновы — бялізна з саматканага палатна, зашмальцаваны кажух, старыя боты і інш. Спалі на кухні або на лаве ў хаце, летам — у гумне. Елі звычайна разам з гаспадарамі, за выключэннем свят ці калі ў хаце былі госці. Тады парабкаў кармілі асобна. Гаспадароў яны называлі на «вы» або «пан», «пані». За год парабак мог атрымаць 35 — 40 рублёў, дзеціпарабкі — 25 — 28 рублёў.
    У XIX ст. сяляне (Мінская губ.) акрамя працы на пана штотыднёва два дні з канём і адзін — без каня адбываіі так званыя згоны (шэсць дзён у год з душы) — надзвычайныя выхады на працу (сенакос, жніво і г.д ) усяго працаздольнага насельніцтва, у тым ліку і дзяцей з 12 гадоў (Улашчык. 1989. С. 18). Дзеці дапамагалі бацькам у будаўніцтве і рамонце дарог, мастоў, а таксама ў выплаце пану дані, у якую акрамя сельскагаспадарчых прадуктаў (жыта, аўса, яек, птушкі і інш.) уваходзіла і пэўная колькасць напрадзенага лёну (Улашчык. 1989. С. 18).
    М.В.Доўнар-Запольскі, харакгарызуючы ўдзел дзяцей у працы ў залежнасці ад узросту і полу, пісаў: «Дзеці з ранніх гадоў выконваюць тыя або іншыя гаспадарчыя абавязкі, і чым менш сям’я, тым раней сялянскі падлетак знаёміцца з суровай працай. 3 пяці гадоў дзіця няньчыць сваіх маленькіх братоў і сясцёр, з сямі-васьмі — ён ужо пастух, ідзе за возам і інш., з 12 гадоў для хлопчыка пачынаюцца першыя практыкаванні ў земляробстве: ён зграбае сена, барануе, з пятнаццаці гадоў бярэцца за цэп, касу, а яшчэ гады праз два і за саху, так што да 20 гадоў ён ужо хлебароб, які прайшоў усе акадэмічныя курсы сялянскай гаспадаркі. Дзяўчына да 16—17 гадоў ведае жаночыя работы. Вядома, што інтэнсіўнасць працы падлеткаў цалкам залежала ад складу і эканамічнага становішча сям’і (Довнар-Запольскнй. Очеркн... 1891. № 1. С. 103).
    Вельмі важнымі для сялян былі промыслы і рамёствы, без якіх не абыходзілася жыццё беларуса. Усе мужчыны звычайна ўмелі цяслярыць і сталярыць і навучалі гэтай справе сыноў, каб яны спачатку маглі зладзіць лаўку, стол, зэдлік і іншую простую мэблю для хаты, а затым збудаваць і абсталяваць гаспадарчыя пабудовы.
    Падлеткам даручалі прынесці ў рэзгінах сена, салому,
    канюшыну або «трушанку». Гэты корм жывёле звычайна насілі з гумна ці з адрыны. Гародніну (бульбу, буракі, рэпу, моркву і г.д ) насілі ў кошыках з лазы ці з тонкіх яловых каранёў. Для жывёлы яе секлі секачом (сечкай) у карыце ці начоўках, збітых з тоўстых дошак.
    Да 18 гадоў кожны юнак і дзяўчына ўмелі выконваць усе работы і маглі поўнасцю, калі трэба, замяніць дарослых, бацькоў. Хлопец мог зрабіць сам барану, саху, калёсы, сані, пабудаваць хату.
    Дзяўчына добра прадзе, тчэ, умее шыць сарочкі і спадніцы ці парткі для мужчын. Некаторыя дзяўчаты могуць вязаць кручком карункі, якімі потым упрыгожвалі рушнікі, настольнікі, каўняры, насоўкі і іншыя рэчы хатняга ўжытку. Што датычыць верхняга адзення, то сшыць яго маглі толькі асобныя жанчыны і дзяўчаты, звычайна сяляне заказвалі яго краўцам.
    Прыгатаванне ежы заўсёды лічылася чыста жаночай справай. Дзяўчынку ў сям’і навучалі гэтаму яшчэ з дзяцінства, каб у будучым яна магла стаць добрай гаспадыняй. Яна павінна была ведаць, якіх і колькі браць прадуктаў, як іх апрацоўваць, калі ставіць у печ, як падаваць, запраўляць і шмат чаго іншага. Навуцы гатаваць ежу звычайна вучыла маці, бабуля ці хто іншы з членаў сям’і. Набыць уменне добра, ашчадна гатаваць было няпроста, бо, нягледзячы на цяжкае становішча шматлікай сялянскай сям’і, кухня беларусаў была вельмі багатай і разнастайнай і амаль кожная гаспадыня ведала сакрэты прыгатавання некалькіх дзесяткаў страў.
    Маці павінна была навучыць дачку не толькі прыгатаванню смачнай ежы (каб у норме былі закладзены прадукты і соль, каб не трапіў выпадкова ў яе вугалёк ці саломіна, пруцік ці нітка), але і каб яды хапіла на ўсіх, каб яна была гатова ў час. Посуд трэба было трымаць у чысціні. Пасля снедання, абеду і вячэры вымыць яго. 3 печы даставалі гаршчок з цёплай вадой і мылі ўсе міскі, кубкі, лыжкі, гаршкі і чыгуны. Посуд пераварочвалі і ставілі на спецыялыіую лаўку каля печы, гаршкі і чыгуны нярэдка падсушвалі ў цёплай печы.
    Пэўнае месца ў працы дзяцей займалі хатнія справы. Цікава, што сяляне мала клапаціліся пра чысціню падлогі, лічылася гэта дробяззю, не вартай увагі, і хоць яе абавязкова вымяталі раз ці некалькі ў дзень, мылі рэдка. Зімой кожны, хто ўваходзіў у хату, змятаў снег венікам у сенцах або на ганку, але на абутку ён усё ж заставаўся і на падлозе ўтвараліся лужыны. Восенню немагчыма было «адбіцца» ад гразі, якая прыліпала да ботаў і яе заносілі ў хату.
    Самая вялікая ўборка, калі вымяталі кожны вугал, знімалі
    павуцінне, выціралі пыл і чыста мылі падлогу, была перад Велікодным святам. Абавязкова бялілі печ і столь, скрэблі сталы, лаўкі, зэдлікі. Гэтую працу выконвалі звычайна дзяўчынкі.
    Пачынаючы з 20-х гадоў XX стагоддзя дзеці побач з дарослымі працавалі спачатку ў камунах, а потым у калгасах і саўгасах і атрымлівалі за сваю працу не больш 10 — 25 працэнтаў сярэдняга заробку калгасніка, які складаў 25 рублёў у месяц (Шашалевнч. 1930. С. 32). Крыху больш атрымлівалі падлеткі. А працаваць прыходзілася летам па 10 гадзін, у іншыя поры года — 8 гадзін.
    Як бачым, праца была трывалым падмуркам народнай педагогікі. Менавіта праца і адносіны да яе займалі важнае месца ў жыцці беларусаў і ў XX ст. Уласная гаспадарка і зямля, у залежнасці ад колькасці едакоў у сям’і, атрыманая сялянамі пасля рэвалюцыі, патрабавала прыкладання і дзіцячых рук. У канцы 20-х гадоў акрамя ўласнай гаспадаркі працавалі і ў калгасе. Дзецям давяралі розную працу, але асабліва патрэбны былі іх рукі ў час сяўбы, касьбы, жніва і ўборкі розных культур. Летам у калгасе працавалі амаль усе дзеці, пачынаючы з 9 —10 гадоў, а некаторыя і раней.
    Хлопчыкам, як і заўсёды, вельмі падабалася працаваць на конях. Каб атрымаць такую магчымасць, трэба было разам з бацькамі раніцай ісці «на нарад» (сход), калі брыгадзір размяркоўваў працу на дзень. Дзеці з задавальненнем запрагалі выдзеленых ім коней, каб звозіць сена з луга або снапы з поля. Хлопчыкі спаборнічалі паміж сабой, хто болей зробіць ходак. У час дзённага адпачынку яны звычайна, папалуднаваўшы наспех, на конях ехалі да рэчкі, возера ці сажалкі, дзе купаліся і гулялі з сябрукамі.
    Дзяўчаты разам з маці працавалі на лузе ці ў полі: грэблі і варушылі сена, укладвалі яго на калёсы. Даволі цяжкай і маруднай была праца на жніве з сярпом ў жнівеньскую спякоту, тым больш што трэба было яшчэ выконваць норму. Ад працы на выбарцы лёну балелі рукі. У асобных калгасах кожнаму вучню трэба было адпрацаваць у калгасе не менш 50 працадзён (АІМЭФ НАНБ, ф. 6, воп. 13, спр. 83, л. 7). I за ўсё гэта ў канцы года яны маглі атрымаць пуд зерня і 1 — 2 вазы саломы (АІМЭФ НАНБ, ф. 6, воп. 13, спр. 83, л. 7).
    Трэба сказаць, што сялянскія дзеці не цураліся ніякай працы. Бо высокім было разуменне нялёгкага жыцця, з нястачай, недаяданнем і жаданне дапамагчы бацькам аблегчыць яго. Таму ўсе дзеці з ахвотай працавалі і ва ўласнай, і ў калектыўнай гаспадарцы. Прычым у калгас на працу «бегалі наперабой» (там жа, л. 5). Часцяком падлеткам, якія працавалі ў
    калгасе, давалі працоўныя кніжкі. Як адзначалі амаль усе апытаныя жыхары незалежна ад мясцовасці, акрамя фізічнай сілы яны мелі яшчэ сілу духа, добры душэўны настрой, таму на працу і з працы ішлі з песняй. Сёння гэта ўспрымаецца неяк непрывычна, бо цяжка ўявіць стомленых працай людзей, якія яшчэ спяваюць прыгожыя песні.
    У пасляваенныя гады вясковыя дзеці дзялілі з дарослымі турботы па аднаўленні сельскай гаспадаркі, будаўніцтву жылля і г.д. Многія юнакі і падлеткі вымушаны былі выконваць работы, якія пад сілу былі толькі сталым мужчынам, большасць якіх загінула на вайне. Жанчыны з дапамогай дзяцей будавалі новыя хаты. А для гэтага трэба было ў лесе нарыхтаваць шмат бярвёнаў, якія потым звозілі на каровах (АІМЭФ НАНБ, ф. 6, воп. 13, спр. 70, л. 12). I рабілі гэта паўгалодныя і паўраздзетыя дзеці, якія харчаваліся ў асноўным хлебам з мякінай, з жалудамі, папаратнікам і інш., ад чаго часта балелі жываты. A ад сцюжы не ўратоўвалі старыя кажушкі, світы, мерзлі ногі, абутыя ў лапці (АІМЭФ НАНБ, ф. 6, воп. 13, спр. 83, л. 45).
    Традыцыя ранняга прывучэння да працы сялянскіх дзяцей і сёння жыве ў вёсцы. Гэта патрабуе і вясковае жыццё з яго клопатамі і шматлікімі работамі. Таму нават маленькія дзеці павінны прыбраць у хаце, прыгледзець птушку, нарваць травы і выканаць шмат якіх абавязкаў. У залежнасці ад узросту дзеці рабілі розныя працы па гаспадарцы.
    Такім чынам, дзеці з маленства ў вёсцы засвойваюць каштоўнасці традыцыйнага ладу жыцця, сярод якіх галоўнымі з’яўляюцца праца, сям’я, дом, бацькаўпічына.