Традыцыі сямейнага выхавання ў беларускай вёсцы
Любоў Ракава
Выдавец: Ураджай
Памер: 111с.
Мінск 2000
УМОВЫ жынйя ДЗЯНЕЙ
Дзеці складаюць асобую дэмаграфічную групу ў грамадстве, якая вылучаецца і асаблівасцямі побыту. Вядома, што кожная наступная ступень жыццёвага цыкла чалавека звязана з папярэдняй. Дзяцінства — пераходны перыяд да даросласці і тут асаблівую цікавасць уяўляе працэс ўздзеяння сацыяльна-культурнага асяроддзя на фарміраванне ў дзіцяці працоўных навыкаў і ўмення, станоўчых маральных якасцей, якія дазваляюць ўзнаўляцца ў новых пакаленнях грамадства. А гэта ў сваю чаргу шмат у чым залежыць ад умоў жыцця і традыцый народа, што існавалі ў пэўны гістарычны час. Безумоўна, у побыце назіраюцца таксама рэгіянальныя і сацыяльныя адрозненні, і іх веданне дае ключ да разумення культуры і псіхалогіі народа ў цэлым.
Аналіз побыту дзяцей XIX —XX стагоддзяў немагчымы без ведання ўмоў іх жыцця, сістэмы харчавання, лячэння, гігіены, асаблівасцей адзення. Мы таксама рагледзім, як праводзілі вольны час дзеці кожнай узроставай катэгорыі.
Харчаванне. Найбольшыя адрозненні ў ежы дзяцей і дарослых існавалі і існуюць у перыяд ранняга дзяцінства. Як і ў большасці іншых народаў, у бсларусаў адзінай ежай немаўлят было малако, а калі дзіця крыху падрастала, для яго гатаваліся асобныя стравы (праўда, не ва ўсіх сем’ях) з лепшых прадуктаў, якія дарослым не заўсёды траплялі на стол.
У першыя месяцы жыцця ежа мела асаблівае значэнне, бо ад яе якасці і колькасці ў многім залежала здароўе немаўляці. Статыстыка сведчыць, што менавіта ва ўзросце да года з-за нездавальняючых санітарна-гігіенічных умоў і парушэнняў у сістэме харчавання ў XIX стагоддзі наглядалася найбольшая смяротнасць дзяцей, асабліва ў сялянскіх сем’ях. У Чавускім
павеце Магілёўскай губерні вядомы звычай даваць немаўляці сок сырога бурака, першы чым прыкласці яго да грудзей. Гэта быццам бы служыла перасцярогай ад грыжы, якая здаралася часта ад дзіцячага крыку (АІМЭФ НАНБ, спр. 70, л. 3; Бараноўскі. 1928. № 8 — 9. С. 60).
У Беларусі, па традыцыі, маці кармілі грудзьмі дзяцей да паўтара-двух гадоў, а некаторыя і. болей. У гэтым узросце дзіця ўжо добра размаўляла і ўсё разумела. П.В.Шэйн апісваў, як дзіця само прыносіла ўслончык і прасіла маці: «Дай мне цыцкі пассаць!» (Шейн. 1902. Т. III. С. 76). Па расказах старажылаў з розных куткоў Беларусі, пачутых мною ў экспедыцыях, дзеці ўжо саромеліся гэтай сваёй звычкі і стараліся, каб у гэты момант іх ніхто не бачыў. Бралі маці за руку і вялі ў хату ці іншае схаванае ад чужых вачэй месца.
У сем’ях дваран і багатых гараджан самі жанчыны пазбягалі кармлення грудзьмі і звычайна наймалі для гэтай справы карміліцу — маладую здаровую жанчыну з прыгонных сялян, якая карміла сваё і панскае дзіця ад нараджэння да года. Праз шэсць месяцаў іх пачыналі прыкормліваць. У багатых сем’ях у параўнанні з сялянскімі была значна большая магчымасць ужываць лепшыя прадукты і ў дастатковай колькасці. Акрамя таго, знаёмства з заходнееўрапейскай кухняй, пэўныя веды аб укладзе жыцця, харчаванні дзяцей дазвалялі рабіць яго больш паўнацэнным і правільным, аб чым сведчыць і значна меншая смяротнасць і колькасць захворванняў сярод дзяцей вышэйшых саслоўяў (Бараноўскі. 1928. № 8 — 9. С. 50).
Трэба адзначыць, што кармленне дзяцей грудзьмі пасля года было хутчэй сімвалічным, чым кармленне ў поўным сэнсе слова. Пазней недахоп мацярынскага малака дзецям кампенсавалі за кошт іншых прадуктаў — давалі ім стравы, якія гатаваліся ў сям’і.
У перапынках паміж ежай маленькім давалі «сусолку» («сусла», «кукла») з жаванага чорнага хлеба, бульбы, проса, пячэння або перніка. Такое кармленне дзяцей захавалася да 20-х гадоў XX стагоддзя і нават пазней. Гэта мела і адмоўныя вынікі. 3 аднаго боку, «сусолка» служыла суцяшэннем маленькіх, з другога — яна, спачатку пажаваная іншымі членамі сям'і, у тым ліку і старымі з карыёзнымі зубамі, мноствам мікробаў, спрыяла заражэнню дзіцяці, што часта заканчвалася трагічна (Внтебскне... 1898, № 142, 28 лістап.).
Калі ж груднога малака не было або не хапала, пачыналі прыкормліваць на 4 — 6-м месяцы, тым больш што згодна з народным звычаем, лічылася неабходным як мага раней прывучаць маленькіх да іншага харчу. Сялянкі давалі сваім дзецям
малако каровы, казы, зрэдку — малако авечкі, пры гэтым звычайна яго не кіпяцілі. Прыкладна з паўгода ў рацыён маленькіх уваходзілі малочныя кашы (манная, грэцкая, аўсяная і інш.), у якія клалі растопленае масла і зверху залівалі малаком. У бедных сем’ях нярэдка гатавалі замест кашы «кармушку» (накшталт кашы): у вадзе разварвалі маленькія кавалачкі хлеба. Ад яе ў дзяцей часта здараліся расстройствы страўніка. Прыкормлівалі, па сведчанні апытаных, таксама і супамі, баршчамі, кісялём, кампотам (АІМЭФ НАНБ, ф. 6, воп. 13, спр. 70, л. 3).
Кашы, супы, баршчы, у якія клалася менш тлушчу і больш малака, гатавалі далёка не ва ўсіх сем’ях. Большасць сялянак не разумела неабходнасці іх спажывання. Была яшчэ адна страва, якую рабілі спецыяльна для маленькіх, з узбітага яйка і малака (зараз яна называецца амлетам). Яе гатавалі для дзіцяці з шасцімесячнага ўзросту, а некаторыя і раней. Гэта страва лічылася карыснай для дзяцей.
Трэба адзначыць, што сялянкі інтуітыўна правільна прытрымліваліся думкі аб неабходнасці даваць у раннім узросцё дзецям болып вараных, печаных і сырых прадуктаў, пазбягаючы смажаніны, небяспечнай для дзіцячага страўніка. Так, вельмі карысным (і не без падставы) сяляне лічылі салёнае сала, якое давалі маленькім. Зараз вядома, што дзякуючы наяўнасці ў ім фоліевай кіслаты яно добра засвойваецца арганізмам.
Каб прарэзванне зубоў праходзіла лягчэй, маленькім давалі сухарык ці костачку, якія служылі ім свайго роду бавай, заняткам. Гадавалыя дзеці грызлі моркву, бручку, бурак і нават бульбіну. Сырая гародніна была важнай крыніцай вітамінаў і іншых карысных рэчываў.
Аднак некаторыя маці-сялянкі і самі кармілі малалетніх дзяцей сырой гароднінай і садавіной, якую звычайна нават не мылі. Трэба адзначыць, што прадукты харчавання і для дзяцей, і для дарослых у той час наогул рэдка ацэньваліся па гігіенічных правілах. Дзяцей прывучалі есці ўсё без разбору («Ешце ўсё, што даюць», «Пуза — не зеркала, што ні з’еў, нічога не бачна») (АІМЭФ НАНБ, ф. 6, воп. 13, спр. 70, л. 40). I гэта лічылася нормай. Адсюль дызентэрыя і іншыя хваробы, якімі часта хварэлі ў сялянскім асяроддзі. Першым сродкам пры глістах лічылі гарэлку. Яе давалі нават маленькім. Гэты спосаб лячэння дайшоў да нашага часу. У пасудзіну налівалі крыху гарэлкі і прапаноўвалі дзіцяці мачаць у яе хлеб альбо крыху выпіць. Здаралася, як сведчаць апытанні вясковага насельніцтва, дзіця так «намачаецца» яе, што, ап’янеўшы, зваліцца пад стол (АІМЭФ НАНБ, ф. 6, воп. 13, спр. 70, л. 42).
Як адзначалася, важнае месца ў харчаванні дзяцей займала малако. Яно з’яўлялася асноўным прадуктам харчавання немаўлят. Акрамя таго, з малака рабілі розныя прадукты, патрэбныя для дзіцячага харчавання: масла, смятану, тварог, сыроватку. Частка яго ішла на так званыя «бялёныя», «забеленыя» стравы, калі ў супы (яшневы, пярловы, грэцкі, бульбяны, а таксама з бручкі, морквы, лапшы) дабаўлялі крыху малака за некалькі хвілін да гатоўнасці або пры падачы на стол. «Бялёныя» стравы характэрныя для нацыянальнай кухні беларусаў. Яны мелі паўсямеснае распаўсюджванне і былі любімымі стравамі, звычка да якіх выпрацоўвалася на працягу многіх стагоддзяў.
Малако і малочныя прадукты багатыя кальцыем, вітамінамі, бялкамі і таму садзейнічаюць развіццю дзіцячага арганізма. Трэба, аднак, сказаць (гэта падкрэслівалі і ўсе даследчыкі і апытаныя старажылы), што большасць сялянскіх сем’яў вымушаны былі абмяжоўваць спажыванне такіх важных малочных прадуктаў, як масла, тварог, смятана. Частка іх ішла на продаж для атрымання сродкаў на набыццё іншых рэчаў, аплату падаткаў, аброку. Таму гэтыя прадукты лічыліся прысмакамі як для дзяцей, так і для дарослых.
Харчаванне дзяцей увогуле залежала ад заможнасці сям’і. У бедных, як сцвярджае прымаўка, «часам з квасам, а парою з вадою». Асабліва не хапала дзецям прадуктаў жывёльнага паходжання, багатых бялкамі і іншымі неабходнымі рэчывамі, а таксама рыбы. Апошняя часцей трапляла ў ежу ў мясцовасцях, багатых на рэкі і азёры.
Сала і мяса ў чыстым выглядзе часцей за ўсё, нават у серадняцкай сям’і, спажывалася на вялікія святы. Толькі на Каляды, Вялікдзень дзеці маглі ласавацца рознымі стравамі са свініны (кілбасы, кумпяк), а таксама гусёй, качкай, курыцай ці баранінай.
Асновай харчавання як дарослых, так і дзяцей усіх узростаў, акрамя немаўлят, быў хлеб і бульба. Улетку шырока ўжывалі ў ежу вырашчаную гародніну: капусту, буракі, агуркі, моркву, бручку, цыбулю. Тыя, хто меў сад, у дастатку спажывалі яблыкі, грушы, слівы. У харчаванне дзяцей у летні час дабаўляліся сабраныя ў лесе чарніцы, суніцы, буякі, журавіны і іншыя ягады, а таксама грыбы.
Хлеб пяклі раз у тыдзень. Час ад часу, калі дазваляў дастатак, маці толькі для дзяцей пякла булкі. У Гродзенскай губерні, напрыклад, гэта былі «гусачкі» (у выглядзе птушкі), а таксама фунтовыя булачкі (Шейн. 1902. Т. III. С. 67). Дзеці ў гэты дзень круціліся каля маці і з нецярпеннем чакалі, калі атрымаюць ад яе кавалачак гарачага духмянага хлеба.
4. Зак. 5013
49
Выпякалі яго звычайна на дубовых ці кляновых лісцях, якія надавалі хлебу апетытны своеасаблівы пах. К канцу тыдня хлеб станавіўся крыху чэрствым, але і яго елі з задавальненнем. Улюбёнай ежай дзяцей быў чорны хлеб з нацёртай часнаком скарынкай ці проста пасыпаны соллю. Яго выпрошвалі ў маці ў перапынку паміж ежай. Выключэнне рабілі толькі для маленькіх і «блазнаў», астатнія павінны былі чакаць абеду, падвячорка ці вячэры. Вельмі падабалася дзецям бульба «ў мундзірах», да якой (не ў пост) жарылі скваркі, яешню або давалі «камсу» (кількі). Ачышчаную ад шалупіння бульбу пярэдка мачалі ў соль. 3 бульбы гатавалі «картапляную кашу» («камы», тоўчаная бульба і г.д ), якую запраўлялі таплёным салам ці смажанымі скваркамі, дабаўлялі крыху малака, зрэдку — смятану, а потым ставілі ў печ. Яна пакрывалася румянай смачнай коркай, якую заўжды аддавалі дзецям. Да гэтай кашы на стол ставілі міску з сыраквашай ці па кубку малака. У пост кашу запраўлялі тоўчаным макам і да яе гаспадыня падавала салёныя агуркі, памідоры, грыбы, капусту.