• Газеты, часопісы і г.д.
  • Традыцыі сямейнага выхавання ў беларускай вёсцы  Любоў Ракава

    Традыцыі сямейнага выхавання ў беларускай вёсцы

    Любоў Ракава

    Выдавец: Ураджай
    Памер: 111с.
    Мінск 2000
    25.31 МБ
    Радыкальным сродкам ад “суроцаў” у народзе лічылася апырскванне вадой, хоць былі і іншыя: замовы, уціранні маці твару дзіцяці падалом ніжняй сарочкі з прыгаворкамі і г.д. Адна шырокараспаўсюджаная замова ажыццяўлялася так. Яе трэба было прачытаць да ўсходу сонца над вадой і даць выпіць сурочанаму. Маці замаўляла: “Царыца-вадзіца з-пад ранішняй зары і з-пад вячэрняй зары, шэры камень абмывала, круты беражкі сцірала. Раб (імя) рукой сваёй ваду браў, рабу (імя) ізмываў ад усялякага суроку, ад усялякага часу пазбаўляў, урокам па свету не хадзіць, рабе Божай вялікай ня быць. Амінь!” (Шейн. 1893. Т.ІІ. С. 533). Існаваў і звычай абкурвання дзяцей ва ўзросце да года, 6о ў гэты перыяд яны падвержаны хваробам, таму ад бацькоў патрабаваліся больш уважлівыя, беражлівыя адносіны да маленькіх, што спрыяла ўзнікненню павер’яў, звычаяў, звязаных з іх доглядам. Захаваліся шматвяковыя славянскія звычаі першы раз стрыглі дзіця не раней чым у год, а таксама “абгрызалі” пазногці (Бобровскнй. 1863. Ч. I. С. 882). Гэтых звычаяў прытрымліваліся на вёсцы да нядаўняга часу.
    Валасы ўпершыню ў Гродзенскай губерні, па словах П.В.Шэйна, стрыглі на 3-м годзе, аднак у іншых раёнах Беларусі былі і іншыя тэрміны пасля года. Згодна са звычаем, маці, расчэсваючы валасы маленькага, прыгаворвала: “Дай Божа ласкавы, каб ты ніколі не заблудзіў і ішоў простай дарожкаю” (Шейн. 1902. Т.ІІІ. С. 78). У гэтых словах імкненне з дапамогай магічнага прыёму паўплываць на 6удучыню дзіцяці і пажаданне яму добрага лёсу. Састрыжаныя валасы стараліся пакласці ў якую-небудзь дзірку ў сцяне або пусціць па рэчцы (па цякучай вадзе). Верылі, што калі спаліць валасы дзіцяці ў агні, у яго будзе жар у галаве, а калі проста выкінуць на вуліцу або ў доме, іх маглі схапіць
    птушкі ці мышы для сваіх норак або гнёздаў і ў дзіцяці будуць балець галава і вушы.
    Беларусы прытрымліваліся многіх прымет, няўвага да якіх, на іх погляд, магла садзейнічаць сурокам, пагаршэнню здароўя дзіцяці і нават яго смерці. Так, маці, напрыклад, ніколі не дазваляла “гуташыць” калыску, калі ў ёй не было дзіцяці, таму што, па народнаму павер’ю, гэта прывядзе да яго смерці. Дарэчы, гэтай традыцыі трымаюцца часта і зараз, хоць сэнс яе не ўсе ведаюць.
    Дзіця на рукі стараліся браць спераду, бо, калі бралі ззаду, лічылася, што з немаўляці вырасце ўпарты чалавек. Зараз, перадаючы маленькага з рук у рукі, у жарт, з замілаваннем маці злёгку пляскае яго па спінцы ці ягадзіцах. Раней гэта рабіць не дазвалялася, бо дзіця, згодна з пры.метай, будзе злое і капрызнае.
    Да года не шылі маленькаму сарочкі і пялюшкі з новага палатна, не паказвалі яму люстэрка, каб абараніць ад злых сіл. Выкананне некаторых прымет суправаджалася перахрышчваннем тройчы дзяцей, паліваннем вадой або сплёўваннем і г.д. Месца, куды ўпадзе дзіця, тры разы палівалі вадой (каб не здарылася няшчасце) або прымушалі зрабіць гэта само дзіця (тройчы сплюнуўшы) (Шейн. 1887. Т. I. Ч. I. С. 16).
    У хатняй жывёлы, якой спужалася дзіця, звычайна адразалі пучок поўсці і, спаліўшы яе, абкурвалі дзіця. Калі яно спужалася чалавека, то ў таго адразалі пучок валасоў у час сну. Горш было, калі жывёліна была дзікай, а чалавек — незнаёмы альбо прычына спалоху была невядомая тады звярталіся да знахарак.
    У беларусаў існаваў звычай, які мае, відаць, агульнаславянскае паходжанне, згодна з якім маці (або хто-небудзь іншы) пры першых самастойных кроках дзіцяці брала нож і “рэзала” (праводзіла па падлозе ці зямлі рысу паміж ножак дзіцяці) са словамі: “Разарвіцеся, путы!” і дабаўляла: “Цяпер ён будзе хадзіць, бо я яму пуцечка разрэзала”. Гэтае магічнае дзеянне, на іх погляд, садзейнічала добрай хадзьбе немаўляці. У рускіх, калі дзіця доўга не хадзіла , запрашалі бабку. Яна ставіла дзіця насупраць сябе на падлогу і нажом праводзіла крыж паміж ножак дзіцяці.
    У кожнай мясцовасці існавалі свае сродкі лячэння ад сурокаў. П.В.Шэйн апісвае, як у заходніх раёнах Беларусі лячылі “суроцы” з дапамогай “вады з рота”. У хату прыносілі міску чыстай крынічнай вады і кожны з сям’і тройчы набіраў вады ў рот і выпускаў зноў у міску. Гэтай вадой абмывалі хворае дзіця. Калі, напрыклад, была ўпэўненасць, што сурочыў хто-небудзь
    са знаёмых, суседзяў ці членаў сям’і, то яму прапаноўвалі даць самому “вады з рота” хвораму (Шейн. 1902. Т.ІІІ. С. 85).
    Больш за ўсё баяліся “дурнога вока” тых людзей, пра якіх ведалі, што яны ў маленстве былі адняты ад грудзей, a потым зноў харчаваліся малаком маці. Небеспадстаўна, відаць, лічылі здольнымі сурочыць дзіця людзей з цёмнымі вачыма, дурной рэпутацыяй, злых і таму стараліся абмежаваць кантакты гэтых людзей з маленькімі дзецьмі. Разам з тым, па народным уяўленні, дзеці ўвогуле менш за ўсё маглі дрэнна ўплываць адзін на аднаго ў сэнсе “суроку”. Больш таго, здольнасць “вылечыць” сурокі прыпісвалася як першаму, так і апошняму дзіцяці ў сям’і, якому даручалася “выцерці” сурочанага соллю са словамі: “Соль табе ў вочы, галаўню ў зубы, палена ў калена, штоб я не балела”.
    Як даведваліся, сурочана дзіця ці не? Гэта ўдакладнялі так: тройчы абносілі вакол галавы хворага жменьку солі, a потым кідалі яе ў агонь і па слабаму ці моцнаму трэску пры яе гарэнні вызначалі ступень захворвання. Згодна з другім спосабам, у ночвы з чыстай рачной вадой, дзе купалі дзіця, кідалі гарачыя вугалькі, калі яны шыпяць і круцяцца, то ўпэўненасць у насланні пацвярджалася.
    Прычыну з’яўлення хваробы вызначалі наступным чынам. Маці з хворым дзіцем ішла ў амбар ці пакінутую хату, адмыкала там кубел, клала ў яго дзіця і зноў замыкала. Тым часам старэйшае дзіця яна адпраўляла за вароты наглядаць за вуліцай. Калі на вуліцы з’яўляўся чалавек, то прычынай хваробы лічыліся “суроцы”, а калі нікога не было іншыя прычыны (Шейн. 1902. Т. III. С. 287).
    Трэба адзначыць, што метадаў лячэння ад “дурнога вока” ў беларусаў было вядома шмат. Найбольш распаўсюджаныя — выціранне, “высмоктванне", абкурванне, мыццё, прадзяванне. I сёння яшчэ ў многіх раёнах Беларусі вядомы звычай “уцірання” маці твару дзіцяці падолам сарочкі. У XIX стагоддзі з гэтай мэтай яшчэ карысталіся бацькоўскімі нагавіцамі (іх паясніцай). Цікавы звычай праносіць дзіця паміж целам і сарочкай, калі маці тройчы “прадзявала” дзіця з падолу праз ворат або праз бацькоўскія штаны. Метад “высмоктвання” заснаваны на тым, што больш падвяргаюцца “сурокам” вочы і сэрца, якія маці “высмоктвала” і сплёўвала ў бок.
    Калі было невядома, ад каго прыйшло насланнё на маленькага, цішком адразалі пасму валасоў у магчымага віноўніка, запальвалі іх і абкурвалі дзіця. Такое ж абкурванне праводзілі і смеццем, якое бралі не менш чым з трох суседскіх хат. П.В. Шэйн апісвае існаваўшы ў мінулым звычай мыцця
    5.	Зак. 5013.
    65
    маленькіх з каласкамі. Пры гэтым дзейнічаюць усе тыя ж магічныя лічбы “3” і ”9”. Бралі 9 жытніх каласкоў, “выціралі” імі цела дзіцяці і тройчы апускалі іх у ваду, дзе купалася дзіця: калі каплі вады заставаліся на каласках, гэта прымета, што дзіця “сурочана”. Каб адвесці ад дзіцяці “дурное вока”, купаючы, трымалі над ім каласкі, праз якія лілі ваду. Потым каласкі раскідвалі ў розныя бакі, а ваду разлівалі.
    Каб абараніць дзяцей ад хвароб, бабка пры першым купанні ваду вылівала ў вугал, каб ніхто не мог пераступіць праз яе і не перадаў свае хваробы дзіцяці.
    Калі выпадаў малочны зуб, маці папярэджвала дзіця, каб яно не лізала языком гэта месца: лічылі, што новы тады не вырасце або будзе крывы. Вера ў гэтую прымету захоўвалася вельмі доўга, а ў некаторых месцах дайшла да нашых дзён. Яшчэ да 50—60-х гадоў у сельскай мясцовасці Беларусі шырока бытаваў звычай, калі дзеці кідалі выпаўшы зуб за печку і прыгаворвалі: “ Мышка, мыілка, дай мне касцяны зуб, на табе залаты” або “ Мышка, мышка, на табе касцяны, дай мне моцны, як жалезны” і г.д.
    Маленькае дзіця да года, згодна з народным павер’ем, нельга было называць “жабай” нават у жарт, таму што яно будзе гарбатае.
    Хвароба, лічылі ў народзе, — жывая істота: яна прыходзіць, садзіцца на плечы, нападае на чалавека, вылятае, любіць ці не любіць тую або іншую ежу. Цікава, што рэшткі гэтага ўяўлення дайшлі да нашых дзён і нярэдка можна пачуць: “Напала хвароба” і інш. Хвораё дзіця гладзілі і казалі: “Так ёй, чортавай хваробе, пайшла!”.
    Да выродлівых дзяцей адносіліся па-рознаму. Сяляне лічылі нараджэнне выродлівага дзіцяці божым пакараннем жанчыне за грахі і шкадавалі такое дзіця. Былі выпадкі, калі яно станавілася прадметам насмешак і кпін, асабліва з боку дзяцей.
    Сярод дзіцячых хвароб даволі частай, асабліва ў маленькіх, быў “вогнік”, калі твар дзіцяці пакрываўся струпамі і вельмі свярбеў. Лячыла яе бабка-шаптуха на “сходзе” месяца ці на “маладзік”. Шаптуха налівала на патэльню ваду, клала вугалькі, зверху шчэпкі і падпальвала іх. Затым абводзіла пальцамі, змочанымі ў гэтай вадзе, хворае месца і загаворвала. Нагавораную ваду яна давала з сабой, выкарыстоўвалі яе ў якасці прымочак. Як адзначалі многія апрошваемыя, у большасці выпадкаў хвароба адступала і дзіця выздараўлівала.
    Ад сутаргі (“корчы”) лячылі такім чынам. Дзіця ставілі каля карыта і пракручвалі дзірку ў сцяне, на ўзроўні галавы, падстрыгалі валасы, пазногці на руках і нагах, якія потым
    забівалі ў дзірку. Калі дзіця перарасце гэтую дзірку, лічылі, што хварэць яно больш не будзе.
    Калі маленькае дзіця было неспакойным, крычала, каб супакоіць яго, давалі піць малако, закіпячонае з макам, ці настой маку, ці крыху гарэлкі, ад чаго дзіця нярэдка станавілася вялым і санлівым (Внтебскне... 1898, № 142, 28 лістап.).
    Існавала і шмат забабонаў, што перадаваліся з вуснаў у вусны ў дзіцячым асяроддзі, якім яны шчыра верылі. Найбольш часта дзеці папярэджвалі адзін аднаго не браць у рукі зялёных жаб, ад якіх быццам бы ўзнікаюць на руках бародаўкі, не разбураць птушыных гнёздаў, бо злаўмыснік будзе канапаты, не перадражніваць паходку людзей з фізічнымі недахопамі, што можа садзейнічаць пераходу калецтва да самога дзіцяці і г.Д-
    Як бачна з вышэйнапісанага, уменне арыентавацца ў навакольным асяроддзі, знаходзіць сваё месца ў ім перадавалася дзецям як ад бацькоў, дарослых увогуле, так і набывалася з узаемаадносін з аднагодкамі і з жыццёвых абставін. Да гэтага трэба дадаць, што вясковыя дзеці пераўзыходзілі сваіх гарадскіх аднагодкаў сталымі адносінамі да ўсяго, што складала іх побыт, да прыродных з’яў і вылучаліся сваёй прыстасаванасцю да абставін і жыццяўстойлівасцю. Гэтаму ў многім садзейнічалі больш суровыя ўмовы жыцця і блізкасць да прыроды, неад’емнай часткай якой дзеці сябе адчувалі.