Традыцыі сямейнага выхавання ў беларускай вёсцы
Любоў Ракава
Выдавец: Ураджай
Памер: 111с.
Мінск 2000
нов. Белорусскнй... Вып. VIII —IX. 1912. С. 142).
У Мінскай губерні (Вілейскі павет) існаваў такі звьгчай для хлопчыкаў: устаць раней за ўсіх і, не апранаючыся, прынесці як мага болей дроў у хату, што абяцала ім выгоды ў пошуку потым гнёздаў і яек птушак (Крачковскнй. 1874. С. 99). А калі пашанцуе ўбачыць у гэты дзень “вырай” у небе, то шчасліўца, па народнай прымеце, чакала добрая будучыня і поспех ва ўсім.
У дзень Саракоў дзяцей чакала шмат забаў, пачастункаў. У варотах хлява ці гумна яны маглі пакатацца на арэлях. Дарэчы, катанне гэта лічылася абавязковым, бо ў народным разумснні было звязана са здароўем. Акрамя таго, маці выпякала 40 “жаваранкаў” з цеста, якімі частавала дзяцей. У некаторых месцах гэта былі звычайныя варэнікі ці галушкі.
Першага красавіка дзень смеху і жартаў, які адзначаецца і зараз. У XIX стагоддзі ён таксама існаваў. Толькі падман адзін другога ў дзяцей звязваўся з уяўленнямі аб дамавіку, які быццам прачынаецца ў гэты дзень. А каб ён не нашкодзіў каму-небудзь, трэба было яго падманваць.
Дзеці ў беларусаў прымалі ўдзел у абрадах. Народнае ўяўленне звязвала гэта з верай, што пэўныя дзеянні малых могуць аказваць уплыў на сілы і з’явы прыроды. Асабліва яскрава гэта бачна ў абрадзе “Гукання вясны”, які лічыўся дзіцяча-юнацкім святам і ўдзельнікамі якога былі як дзеціпад-леткі, так і юнакі і дзяўчаты. Многія абрадавыя дзеянні дзяцей у гэты дзень мелі магічны характар. Гэта і спевы песень-вяснянак з закліканнем вясны, і спечаныя з цеста “жаваранкі”, з якімі яны бегалі, трымаючы на шастах або проста ў руках, спявалі, скакалі, імітавалі палёт птушак, а потым з’ядалі гэтых “жаваранкаў”. Рытуальныя дзеянні звязваліся з хуткім надыходам вясны, якую чакалі хлебаробы, прылётам птушак вестуноў вясны.
У Навагрудскім павеце Мінскай губерні на Благавешчанне дзеці, згодна з народным звычаем, атрымаўшы ад маці “галіопу” (піражок, выпечаны ў выглядзе бусла, з чубком, крыламі, нагамі і хвастом), бегалі па вуліцы з заклічкай: “Бусля, бусля, на табэ галіопу, а мне дай жыта копу!” (Крачковскнй. 1874. С. 102). Напэўна, гэта адбітак старажытных вераванняў, у якім прылёт бусла звязваўся з яго ўплывам на будучы ўраджай.
Былі тут і іншыя магічныя дзеянні, выкананне якіх дзецьмі, па народным уяўленні, спрыяла дабрабыту сям’і. Так, маленькія дзеці раніцай адпраўляліся на суседскі двор за трэскамі, што “прываблівала" потым суседскіх курэй несці яйкі на іх двары.
Яшчэ ў XIX стагоддзі верылі і ў здольнасць дзяцей з дапамогай магічных дзеянняў выклікаць дождж (“на бабіна жыта,
на дзедава сена”) у засушлівае лета, добрае надвор’е у халоднае і дажджлівае (Харузнна. 1911, № 1 — 2. С. 30).
Сярод розных свят найбольш прывабнымі для дзяцей усіх узростаў былі Каляды. Да іх старанна рыхтаваліся. Летам дзеці назапашвалі арэхі, семкі і строга прытрымліваліся звычаю: не браць без дазволу і не есці да Каляд. Асабліва важная роля ў калядных абрадах належала падлеткам, юнакам і дзяўчатам, якія былі і арганізатарамі калядных абходаў дамоў, і выканаўцамі розных роляў. У адрозненне ад праваслаўных, у беларусаў-католікаў кожная страва святочнай куцці прыкрывалася кружком аплаткі і, перш чым пачыналася яда, кожнаму прапаноўвалася з’есці кавалачак аплаткі і павіншаваць усіх са святам.
Найбольш спрыяльным для варажбы дзяўчаты і хлопцы лічылі час менавіта напярэдадні Ражства. Немагчыма пералічыць прыкметы, якімі на Беларусі карысталіся ў варажбе. Моладзь праз іх часцей за ўсё хацела даведацца аб будучым замужжы або жаніцьбе, аб долі і лёсе, якія іх чакалі. Вечары на працягу двух тыдняў Каляд называліся Святымі. Гэта быў час мірных і цёплых узаемаадносін дзяцей і дарослых, калі збіраліся ўсёй сям’ёй, слухалі дзівосныя гісторыі дарослых, гулялі ў розныя гульні, загадвалі загадкі, пелі, скакалі, ласаваліся арэхамі, семкамі.
У горадзе дзеці крыху інакш святкавалі Каляды. Па сведчанні А.С.Дамбавецкага, па заканчэнні ўсяночнай маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі хадзілі па хатах віншаваць са святам (“Хрыста славіць”). Нярэдка да дзвярэй суседзяў іх падводзілі дарослыя за руку і чакалі, калі яны пачытаюцьтам “вершыкі”, каб потым адвесці дадому. Змест “вершаў” быў прыкладна такі: “Хрыстос радзіўся! Я паненка, я маленька, у школку хадзіла, што вучыла, то і забыла, са святам віншую!” або: “Я малснькі хлопчык, улез на стоўбчык, у дудачку іграю, Хрыста вслічаю, са святам паздраўляю, з Хрыстовым Раждзяством!” Сэнс гэтых віншаванняў перш за ўсё ў пажаданні сям’і дабрабыту лічыўся больш дасягальным, калі віншаванне атрымана ад дзяцей сімвала прыроднай чысціні. Дзеці за гэта атрымлівалі ўзнагароду (ад 2 да 5 капеек).
Шмат народных звычаяў было звязана з сустрэчай Новага года. Напярэдадні свята ў Брэсцкім павеце Гродзенскай губерні, напрыклад, хлопчыкі позна вечарам лавілі вераб’ёў у пуні пры свеце ліхтарыка. Звычай гэты быў звязаны з тым, што вераб’і не шанаваліся ў вёсцы, дзе яны за лета знішчалі шмат пасеваў. Таму чым больш лавілі вераб’ёў у гэты вечар, тым больш, лічылі сяляне, іх загіне ў гэты год і менш будзе патравы.
На Новы год дзяцей стараліся разбудзіць вельмі рана, таму што лічылі гэта верным сродкам аберагчы іх ад ляно-
ты на ўвесь год (Віленская губерня). А каб поспех спадарожнічаў ім на працягу года, сачылі за тым, каб дзеці не рабілі дрэнных учынкаў, абавязкова наведалі царкву і пасля абедні адпачылі.
На Новы год на Магілёўшчыне (звычай мае назву "Васілля”) раніцай дзеці хадзілі па дварах з мяшэчкамі ў руках, у якіх знаходзілася рознае зерне. Уваходзячы ў хату, яны сыпалі жменю зерня і чыталі вершы, у якіх жадалі гаспадарам атрымаць добры ўраджай збожжа. Таму так званых “засявальшчыкаў” сустракалі з радасцю і адорвалі рознымі прысмакамі абаранкамі, арэхамі, семкамі.
Усе вечары ад Ражства да Хрышчэння лічацца “святымі”, таму ніхто не працуе, і моладзь праводзіць час у бавах: скокі з песнямі, прыпеўкамі, гульні ў “яшчура”, “каралевіча”, гаданні (Кнркор. Следы... 1882. Т. III. Ч. II. С. 253).
У Гомельскім павсце зафіксаваны цікавы звычай. Напярэдадні Хрышчэння (5 студзеня паст.ст.) гаспадыня, трымаючы ў руках гаршчок з “куццёй”, пачынае “кудахтаць” і яе падтрымліваюць дзеці, якія залазяць пры гэтым пад стол. Паставіўшы “куццю” на кут і накрыўшы “кулідкай” хлеба, яна сыпле дзецям семкі сланечніку пад стол. Сабраўшы іх, дзеці вылазяць адтуль (Романов. Белорусскпй... Вып. VIII-IX. 1912. С. 127). Гэты звычай, відаць, ёсць праяўленне сімпатычнай магіі, з дапамогай якой спадзяваліся павялічыць яйканоскаць курэй. Семкі сімвалізуюць шматлікасць курэй, якія будуць весціся ў гаспадарцы.
Ыа Грамніцы, ці Стрэчанне (2 лютага па ст. ст.), па народных уяўленнях, зіма з летам сустракаецца і дзецям прапаноўваецца самім убачыць гэтую сустрэчу. А для гэтага яны павінны былі без верхняга адзення і босымі бегчы за агарод ці іумно. Узнагародай, як абяцалі дарослыя, будуць чырвоныя боты, якія дасць ім “зіма” (Романов. Белорусскмй... Вып. VIII IX. 1912. С. 136). Заўсёды знаходзіліся смельчакі, якія яшчэ не зведалі на сабе вынікаў гэтага жарту і ў надзеі атрымаць прыгожыя чырвоныя боты адпраўляліся на “сустрэчу”. Калі ж расчараваныя і замерзлыя яны вярталіся ў хату, то, паказваючы на іх чырвоныя ад холаду ногі, бацькі казалі: “Вось вы і атрымалі “чырвоныя боты”.
Вялікдзень для дзяцей быў святам, калі патрабавалася прытрымлівацца пэўных правіл паводзін і выканання традыцыйных абрадаў. Паўсямесна дзеці ўсіх узростаў, па традыцыі, наведвалі ў гэты дзень сваіх хросных бацькоў, ад якіх яны чакалі падарункі, пачастункі (кавалак пірага, яйкі і г.д ). Увогуле дарыць адзін другому яйкі даўні звычай.
Далучэнне да народнай традыцыі ўшанавання памяці па-
7. Зак. 5013.
97
мерлых продкаў у беларусаў адбывалася з маленства. Дзеці былі ўдзельнікамі абраду Дзядоў, якія бываюць некалькі разоў у год, а таксама Радаўніцы, сэнс якой таксама ў шанаванні як далёкіх продкаў, так і памерлых родных, блізкіх.
Разам з бацькамі і іншымі сваякамі перад абедам на Дзяды нават маленькія дзеці ўдзельнічалі ў агульнай малітве, стоячы на каленях. Наведвалі ў гэты дзень могілкі, якія разам са старэйшымі папярэдне прыбіралі і ўпрыгожвалі. У Віленскай губерні на Асяніны “восеньскія дзяды” існаваў звычай, згодна з якім на могілках менавіта меленькім хлопчыкам трэба было ўзяць голымі рукамі і з’есці ячную кашу (Крачковскнй. 1874. С. 160).
Да другой паловы XIX стагоддзя ў заходніх раёнах Беларусі на вячэру ў “восеньскія дзяды” ў адзін дом са сваімі прыпасамі збіраўся ўвесь род. Вячэра пачыпалася агульнай малітвай і спевамі за памерлых. Пасля старэйшы з роду ішоў за стол, запальваў абрадавую свечку, ставіў яе ў шклянку са збожжам і запрашаў “дзядоў” за пачэсны стол. Дзеці як удзельнікі абрадавай вячэры даведваліся аб усёй радні свайго роду. Спасцігалі яны і сам рытуал, у час якога госці павінны былі садзіцца за стол па старшынству. А з размовы і ўспамінаў, цалкам прысвечаных “дзядам”, даведваліся аб сваіх прашчурах: іх імёнах, чым яны вызначаліся, праславіліся, іх прыгодах, характары і г.д. Тут расказваліся сямейныя паданні, якія праз нейкі час дзеці, стаўшы дарослымі, перадавалі сваім дзецям (Пагашчанін. 1927. № 12. С. 67). Так падтрымлівалася сувязь паміж пакаленнямі не толькі блізкімі, але і далёкімі. Шанаванне продкаў стала народнай традыцыяй беларусаў, якая існуе і сёння.
Выхаваўчае значэнне меў звычай раздаць у гэты дзень убогім, бедным каля царквы “дзедаўскі хлеб”, “бондачак” невялікія хлебныя булачкі. Гэта прывучала дзяцей сначуваць і дапамагаць бедным. Тое ж адносілася і да традыцыі запрашаць на вячэру і частаваць бедных суседзяў, якім з сабой давалі гасцінец кавалак сала ці кілбасы. У гэты дзень у “сямейныя хронікі” ўпісвалі нованароджаных і выпісвалі памерлых. 1 ад пакалення да пакалення гэты скрутачак захоўвалі ў хаце, у “пачэсным” куце за бэлькай.
Большасць каляндарных свят і абрадаў у беларусаў не абыходзіліся без удзелу дзяцей. Яны ўдзельнічалі ў шэсцях моладзі з лялькамі і пераапранутымі ў розных звяроў і казачных герояў, якія суправаджаліся жартамі, песнямі і г.д. У іх таксама выкарыстоўваліся ў якасці магічных прыёмаў пажаданні, велічанні гаспадароў, абліванне, пасыпанне зернем, разыгрыванне сцэнак, якія выконваліся дзецьмі.