Такім чынам, Аўстрыя пайшла вайной на Сербію, абвясціўшы, што яна прымушана гэта зрабіць праз тое, што Сербія не хоча здаволіць іх «справядлівага» пачуцця помсты за забітага «наследніка». Але «умысел тут был мной», і Сербія вінавата была толькі тым, што немцам хацелася есці. Маючы таёмны зговар з Германіяй і згоду з ёю, Аўстрыя дамагалася праглынуць Сербію разам з суседнім маленькім каралеўствам, на назву Чарнагорыя. Яны рыхтаваліся захапіць усе землі на беразе Адрыятычнага мора і квапіліся ўмацавацца ды стаць паўнамоцным гаспадаром на Балканах. Але жаданне Аўстрыі запанаваць на Балканах не пад густ было самадзяржаўнай Расіі. Расія сама квапілася на гэта, і памаўзлівасць Аўстрыі станавілася папярок дарогі— гэта перашкаджала яе інтарэсам. Расія глядзела на ўсе балканскія народы (сербы, баўгары, чарнагорцы і інш.) як на сваіх малодшых братоў, за каторымі яна, на моцы сваяцтва і большасці, самім лёсам прызначана апекаваць, назіраць і захіляць ад напасці, кіруючыся той думкай, што не цяпер, дык у чацвер, а ўсе «славянскіе ручыі» павінны «слнться в русском море», хоць ад адной думкі злучыцца з самадзяржаўнай Расіяй «малодшых братоў» кідала ў жар і праймаў халодны пот. Камандуючыя станы Расіі пазіралі на славянскія народы як на цэглу і кафлю для будаўніцтва моцы і гонару велікарускага дзяржаўства. «Усе — дзеля Масквы, а Масква — гаспадыня» — так мыслілі расійскія імперыялісты. Квапячыся прашыцца гаспадарным братам на Балканы, Расія чакала толькі зручнага мамента. Мала гэтага, зайздросная і памаўзлівая, яна рахавалася за адзін прысест захапіць і Канстанцінопаль з тамтэйшымі пралівамі, а турак прагнаць зусім. Як мы ведаем, першыя міністры Часовага Урада насіліся з думкай гэтай, як кот з кілбасой — так шкода было багатырам расійскім расстацца з вабнай марай аб Царградзе. Трэба сказаць, што колісь-та там, дзе цяпер туркі, было Грэцкае царства, адкуль мы, славяне, злучаныя цяпер у Дзяржаве Расійскай, атрымалі веру. I толькі трымаючыся гэтага дрыгвянага грунту, расійскія імперыялісты — прамыслоўцы і капіталісты — матывуюць і маральна апраўдваюць сваё права на захват Канстанцінопаля. 3 гэтага мы бачым, што калі вымагае таго інтарэс кішэні, дык сама рэлігія, справа сумлення і Бога, ідзе на падмогу зайздрасці багатыроў. У справах нажывы і рабунку багатыры не маюць нічога святога і самога Бога гатовы ўжыць дзеля карысці і зыску... Як ведама, на пагрозы Аўстрыі пайсці вайной на Сербію Расія старога самадзяржаўнага ладу без попыту ў працоўнага народу мабілізавала сваё войска. Нібы ў адказ на гэта Германія, хаўрусніца Аўстрыі, абвясціла сваю мабілізацыю. А Англія з Францыяй, быццам стоячы на грунце агульнай справядлівасці і абараняючы ад крыўды Сербію, заступіліся за Расію. Карты былі стасаваны, раздадзены і... крываўніца пачалася. Англійскім і французскім прамыслоўцам Расіі нябоязна. Расія ім нястрашная, бо дзяржава яна малакультурная і саўсім непрамысловая. Фабрыкаў і заводаў у яе мала, тавары вырабляюцца дорага, кепска і тандэтна*. 3 таварамі тандэтнага і брыдкага вырабу змагацца або, як кажуць, канкурыраваць на сусветных рынках немагчыма. Ім боязна было нямецкіх прамыслоўцаў, нямецкіх тавараў. Але Расія вялікая, мае шмат войска і ў гэтым сэнсе як не трэ лепей * Тандэтны — нетрывалы, танны. можа стаць ім на дапамозе. Злучыўшыся з ёй, можна пабіць немцаў. Тым-та й не дзіва, што Францыя і Англія, вольныя і ганарыстыя, не паганьбавалі трымаць хеўру з самадзяржаўнай Расіяй, з каторай яны самі пакеплівалі і называлі барбарскай і гвалтаўніцай. Але як патрэбавалася бараніць кішэнь ад немцаў, дык «барбарства» Расіі не пашкодзіла іх кампанейству і сяброўству. Што Расія бедная і не мае добрых ваяўніцкіх прыладаў — гэта не бяда,— затое людзей, салдатаў многа і шмат рознай зямлі. Куль і гармат можна надаслаць, а пад зямельку і грошаў пазычыць няважка. Дый Амерыка стане ў прыгодзе — яна даўно ўжо кастрыцца на немца, баючыся іх суседства на моры. Усё пайшло як па-пісанаму. Нават Амерыка не стрымалася ды ўблыталася ў гэту страшэнную вайну. Японія зрабіла хітрэй за ўсіх. 3 самага пачатку вайны яна захапіла на моры ўсе нямецкія калоніі ды гаспадарыць там, як у сябе дома. Сваім учынкам яна напудзіла Амерыку. Тая агледзелася, што Японія, бадай што, страшней за немца. Яны ворагі на моры. Папускацца гэтым не мае рахубы. А тым часам і прыгразіць японцу нельга, бо Японія хаўрусніца Англіі, з каторай сварыцца не выпадае. За гэтую вайну Амерыка страшэнна разбагацела, гандлюючы гарматамі і збожжам. Дайшло да таго, што грошы пачалі траціць сваю каштоўнасць — такую гібель яна нагандлявала. Швед, напрыклад, дык той загадаў не пускаць больш у свой край чужога золата, каб не патаннела тое, што маецца дома. Такім чынам, вайна, спачатку багаціўшая нейтральныя дзяржавы, пачала нарэшце шкадліва адбівацца на іх дзяржаўнай гаспадарцы. 3 крыніцы прыбытку яна стала багнай патапельніцтва. Паўстала пытанне аб тым, ці не пара б ужо скончыць вайну? Спачатку галава Амерыкі, прэзідэнт Вільсан, папрабаваў ласкай угаварыць ваюючыя дзяржавы памірыцца. Дзеля гэтага звяртаўся да іх з лістамі, або, як кажуць, з «пасрэдніцкімі нотамі». Ён пісаў, што вайна — гэта чыстае непаразуменне, што, на яго погляд, дык ніхто і не бажае пакрыўдзіць нікога, што калі спыніцца ды ўважна памысліць, дык хутка можна прыйсці да згоды. Тым часам яго ніхто не паслухаў, і з пасрэдніцтва яго нічога не выйшла. Трэба было шукаць іншага ратунку. I Амерыка знайшла сабе выйсце. Як-ніяк, а вайна вечна цягнуцца не можа. Сваім гандлярскім нюхам Амерыка пачула, што хутка справа пахіліцца да згоды. Прыйсці на дзяліцьбу з голымі рукамі не мае сэнсу. Гэта саўсім не выпадае. Трэба ўзброіцца і на дзяліцьбу завітаць з войскам і гарматамі. Тады стрэнуць яе з пашанай і кожнае слова на міравом пасядзэнні меціме сілу і павагу. Ваюючыя дзяржавы змогуцца, патомяцца і будуць пільна прыслухвацца да таго, што скажа яна, свежая, дужая і ад ног да галавы ўзброеная. А сказаць ёй шмат чаго трэба. Перш-наперш Японія захванабэрыла, а потым і з немцам парахавацца не шкодзіць. Але як гэта зрабіць? Як умяшацца ў гэтую сусветную бойню? Яе вораг на моры — Японія. Задзірацца з ёй не выпадае: яна хаўрусніца Англіі, а сама Англія, па-сваякоўску, сябруе з Амерыкай і ніколі папярок дарогі не стаяла. I Амерыка пачала прыдзірацца да Германіі. 3 пачатку вайны, калі ўсю ўвагу займаў іншы інтарэс, інтарэс кішэні, дык яна й вухам не вяла, што Германія топіць яе караблі. Скажа там слоў колькі дакору і — толькі таго. He было часу сварыцца: яна гандлявала і набівала кішэні. Цяпер іншая справа. Кішэнь набіта, нават драцца пачынае, і ўсе грошы гатовы рассыпацца чарапкамі, як у таго зайздроснага жабрака ў бойцы. Трэба спяшацца. Што прабачалася спачатку, таго нельга дараваць цяпер. Да Германіі прыдрацца было лёгка. Амаль не штотыдня тапіла яна амерыканскія караблі і на пратэсты Амерыкі не звяртала ўвагі. Дастаўляючы Англіі збожжа і ваяўніцкія прылады, Амерыка тым самым варожа ставілася да Германіі. Германіі было ўсё роўна — ці будзе ваяваць з ёй Амерыка, ці не будзе. Прынамсі, рукі развяжуцца. Амерыка ляжыць далёка ад Германіі, і немец разумеў, што, ваюючы з ім, тая асаблівай шкоды не зробіць, як і Японія, напрыклад. Скончылася тым, што Амерыка абвясціла вайну Германіі сама і пачала падбухторваць на гэта суседак. Як мы самі бачым, Германіі ад гэтага не горш, не лепей. Амерыканцы ўсё гатуюцца і, мабыць, доўга яшчэ гатавацца будуць, а вайна як ішла, так і йдзе. He памыліўся немец, калі на вайну з Амерыкай не звяртаў асаблівай увагі. Памылілася Амерыка, бо канца вайны не відаць штосьці... Так склалася тая падзея, што ўскалыхнула ўвесь свет і немаведама, калі скончыцца. На падрахунак англійскіх вучоных гэта нечуваная ў гісторыі вайна за першыя два з паловай гады каштуе больш за 200 мільярдаў рб. і страцілася забітымі і раненымі болыв за 20 мільёнаў людзей. Адгэтуль відаць, што не за пакрыўджаную справядлівасць вядзецца вайна, а за штось бліжайшае сэрцу ваюючых дзяржаваў. Дык хто ж пачаў вайну, хто вінавайца гэтай крывавай патапельніцы, сусветнага згубства, мора крыві, слёз і пакуты? Пачаў гэту вайну і вінавайца гэтай вайны той сацыяльна-эканамічны лад дзяржаўнага будаўніцтва, імя каторага катталізм. Яда і трунак гэтага пана-капіталізму — зыск, прыбытак і нажыва, а сэнс жыцця яго — бястхланная жадоба. Калі ўзяць агулам народ расійскі, англійскі, французскі, балгарскі, турэцкі, сербскі, бельгійскі, дык гэта вайна, яшчэ ніколі не бывалая па ліку людскіх ахвяр і жорсткасці, не патрэбна яна простаму народу — рабочым і сялянству. Ядыная нагарода і ўцеха за тыя ахвяры, за пакуту, слёзы і гора, што прынесла з сабою вайна для нас, сучасных грамадзян Дзяржавы Расійскай,— гэта рэвалюцыя, збаўленне ад цяжкага самадзяржаўнага панавання. Раскідалі самадзяржаўны лад не тыя кволыя рукі рабочых і салдатаў, што былі пад час рэвалюцыі ў Петраградзе, а несканчоныя ахвяры вайны, што невядомымі курганамі рассыпаны па палях Беларусі, Польшчы, Галіцыі, Літвы і Валыні. Дзякуючы ім, гэтым пакутнікам, мучальнікам самадзяржаўнага вар’яцтва, над Расіяй узышло слонца вольнасці і збаўлення. На касцях бацькоў, сыноў і братоў сваіх мы пабудуем сваё новае жыццё. Але вайна ідзе. Палавіна краю нашага адрэзана і знішчана вайною. Жывое цела многапакутнай бацькаўшчыны нашай разрэзана надвае, і гэтак застацца не павінна. Скінуўшы самадзяржавіе, мы ваюем ужо за ўласны інтарэс, за зямлю і волю народа. Эканамічны заняпад Дзяржавы Расійскай Тры гады ідзе страшэнная вайна, тры гады льецца людская кроў. Палавіна зямелькі нашай знішчана, збіта, абернута ў пустэлю. Паразбіваны сялібы, страчаны помнікі, параскіданы святыні. Аруць нівы хлебароба не плугі і сохі, а бомбы і кулі, рыдлёўка салдата. Чвэрць народу нашага пакінула скарбы свае, паўцякала з зямелькі дзядоў сваіх, паразбягалася па далёкай чужыне і дзесь там, сярод непрыхільных чужынцаў, плача і цяжка ўздыхае ўцякач-беларус, успамінаючы хаткі свае, сваю родную краіну. Руйнуюцца гарады, гінуць вёскі, сёлы, засценкі. Павы- таптаны нівы, папалены хаты, спавілася бацькаўшчына наша страхаццём і жахам навокала. Кроіцца сэрца ад жалю і болю...