• Газеты, часопісы і г.д.
  • Творы Апавяданні. Казкі. Артыкулы. Язэп Лёсік

    Творы

    Апавяданні. Казкі. Артыкулы.
    Язэп Лёсік

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 335с.
    Мінск 1994
    116.03 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    Калі збянтэжанаму японскаю аплявухаю самадзяржавію ўдалося ўціхамірыць казакамі Персію, дык гэтым не давялося супакоіць англічан. Рэч у тым, што па суседству з Персіяй, каля вядомага старасвецкага горада Багдада, ляжыць найбагацейшая ў свеце старана, Індыя. За гэтую зямлю ўхапіліся англічане аберуч і трымаюць яе як мага. Яны цупка ўчапіліся за яе і даражаць ёю больш за ўсё на свеце. Індыя — багаты, але не прамысловы і малакультурны край. Англійскім прамыслоўцам і чыноўнікам тут проста лахва. Яны набіраюць тут грошы па поўнай жмені і вяртаюцца дадому багатырамі.
    Аб гэтым даведаліся немцы. Разабрала іх зайздрасць. Што рабіць? Германія ад Індыі далёка, апроч таго,паміж імі стала на дарозе Турцыя. Праўда, яна нічога не робіць, але як-ніяк замінае. Вось нямецкія прамыслоўцы праз сваіх хітрых дыпламатаў лісліва падлезлі к туркам і выманілі ў іх дазвол пабудаваць жалезную дарогу ад сваёй сталіцы Берліну праз Канстанцінопаль (турэцкая сталіца) да Багдада. Такім чынам яны спадзяваліся трапіць са сваімі таварамі ў багатую, вабкую Індыю.
    Пасуванне немцаў на Багдад перапалохала англійскіх капіталістаў. Яны ўгледзелі небяспеку свайму ўладарству не толькі ў паўднёвай Персіі, але й у самой Індыі. I, трэба сказаць, мелі на гэта пэўную рацыю. Нямецкая прамысловасць к гэтаму часу ўмацавалася, акшталцела і стала вырабляць тавары таннейшыя і не горшыя за англійскія. Уся моц Англіі — яе прамысловасць і гандаль, а першым дзелам тыя рынкі-калоніі, куды яна возіць на продаж свае завадскія і фабрычныя вырабы. Калі папусціцца, каб убіўся сюды немец, дык, напэўна, страціш палавіну сваіх рынкаў. А чым чорт не жартуе — немец хітры і ўпарты, тавары мае добрыя, дык можа зусім іх выціснуць з гэтых пажытачных рынкаў. Тады — безгалоўе, ні ўзад, ні ўперад — хоць жывым у труну кладзіся. Страта рынкаў, як вышэй казалася, шкадліва не толькі прамыслоўцам, але і тым рабочым, што ў іх працуюць. Адгэтуль зразумела, чаму гэтак лёгка англійскія і нямецкія рабочыя паслухалі свайго ўраду ды
    згадзіліся на вайну. Адгэтуль мы бачым і тое, чаму ім так трудна замірыцца, не давёўшы вайны да канца. Дапраўды, калі, скажам, на вайне перамогуць англічане, французы і рускія, дык немцаў прагоняць адусюль і гандляваць забароняць. А калі перамогуць германцы, дык будзе наадварот. Тады паспыняецца шмат фабрыкаў, заводаў; рабочыя страцяць работу, заработкі ды апынуцца на вуліцы, у цяжкім становішчы.
    Вось тут і завязаўся той вузел пракляты, той востры канфлікт паміж гасударствамі, каторы немагчыма было ўладзіць згодай і каторы, канец-канцом, стаў вінавайцам страшэннай, сусветнай цяперашняй вайны.
    Англіі і Расіі не пад густ было, што немец завітаў на Турэччыну, але немцы не маглі добраахвотна пакінуць Турцыю. Турцыя — багаты рынак для нямецкіх прамыслоўцаў, а таксама надта прыгодны край дзеля перасялення, або, як кажуць, для каланізацыі. Край гэта багаты, ураджайны, і лепшага месца трудна знайсці для тых людзей, што не маюць прытулку дома. Народу ў Германіі многа, лік яго з кожным годам расце і павялічваецца, а тым часам само гасударства, сціснутае з усіх бакоў чужымі дзяржавамі, пашырацца не магло. Трэ было шукаць сабе месца пад сонцам. «Гасударства не дрэва,— пісаў адзін немец,— расці ўвыш яно не можа, а мусіць пашырацца ў бокі». Гэта значыць — хочаш жыць, дык старайся зямлі, начай — безгалоўе. Вось чаму нямецкія сяляне так моцна і згодна трымаюцца за Вільгельма і вось чаму не хочуць рабіць замірэння без перамогі. Вільгельм ваюе якраз за тое, што патрэбна людзям: ён хоча пабольшыць сваё гасударства. Адгэтуль мы бачым, што нядобра рабілі нашыя сяляне, уцякаючы з сваёй роднай зямелькі. Яны астаўлялі пустое месца для нямецкай каланізацыі і тым несвядома памагалі немцам лягчэй дабіцца сваёй мэты. Кінуўшы сваю хатку, нялёгка вярнуцца дадому: той памрэ ад голаду і пошасці, а той прымайструецца на чужыне дый думаць кіне аб сваёй зруйнаванай сялібе. Дужы і згодны народ павінен трымацца за зямлю як мага. Без зямлі чалавек, як рыба без вады.
    3 другога боку, англічане гэтаксама не маглі памірыцца з тым, што Германія рыхтуецца ўмацавацца ў яе пад бокам, на дарозе, і саўсім недалечка ад Індыі. Згадзіцца на гэта яна не мела жаднай рахубы. Гэта б значыла, што яна, Англія, па добрай волі падпускае ваўка да чарады авец, гэта б значыла, што яна сумысля адказваецца ад найба-
    гатшых калоній на свеце і ад той працы і страт, якія палажыла яна на тое, каб захапіць гэтыя калоніі і пабудавацца там. Два мядзведзі, кажа прыказка, у адным логавішчы ўжыцца не могуць. Немагчыма ўжыцца побач і Англіі з Германіяй.
    Вось гэтак, непрыкметна, нарвала тая скула, каторая прарвалася страшнай, нечуванай ў гісторыі вайной. Там, дзесь на краі свету, пачаў бэрсацца той вузел, разглядаючы каторы людзі з жахам узіраліся ў таёмную будучыну. Усе дзяржавы ўзброіліся. Кожны год яны трацілі страшэнна вялікія грошы на кулі, бомбы і гарматы, трымалі пад руж’ём вялікую моц войска, чакаючы таго страшнага мамента, калі гістарычны прымус рыне іх у крывавую бойню. He будучы прарокам, вучоныя за колькі год наўперад казалі, што справа скончыцца вайной. Калі на кладцы стрэнуцца двое і ніводзін не захоча вярнуцца назад, каб уступіць дарогу другому, дык бойка пэўна пачнецца, бо прастаяць на месцы, сціскаючы ад злосці кулакі, доўга немагчыма. Ці пан, ці прапаў, а развязаць спорку трэба. Хто каго скіне з кладкі, чый будзе верх — англічанкі ці немца — хутка пабачым. Завіруха пачалася, трэці год яна свішча і бушуе, і скончыцца павінна.
    Калі чорныя хмары завалакуць яснае неба, калі пойдуць па небу грымоты й маланка, калі свет сцішыцца, замрэ й абамлее, дык немагчыма людзям стрымаць навальніцу. У справах палітычных і грамадзянскіх падзеі людскія ўчыняюцца і кіруюцца варункамі, ад густу людзей незалежнымі. Гэта мы бачым на сучаснай вайне: ніхто з нас вайны не хоча, а тым часам ваяваць трэба. Рэчы, звычайныя рэчы — карысць і прыбытак пануюць на свеце, а чалавек у іх найміт, будзь ён хоць тройчы Вільгельм германскі. Людзям здаецца, што яны самі робяць сваю гісторыю, як здаецца, што мы па ўласнаму бажанню носім свае вопраткі. Гэта здаецца, што слонца ўсходзіць і заходзіць, а дапраўды, прынамсі, датычна той часткі бязмежнага свету, каторая завецца сланечнай сістэмай, дык слонца стаіць нерухома, а наша зямля кружыцца каля слонца.
    Грамадзянскія стасункі ўсведамляюць (определяют) палітычны і жыццёвы погляд людзей і кіруюць іх чыннасцю. Гістарычныя з’яўленні можна ўмеркаваць, як магчыма ўрэгуляваць віраватую рэчку, але затрымаць ці змяніць іх кірунак на ўласны густ, па ўласнаму кшталту, і пусціць на гладкі, жаданы шлях паступовасці — гэта покі што людзі зрабіць не могуць. Надыдзе час, і час гэны не за гарамі,
    калі людзі самі стануць будаваць сваё жыццё, або, як гэта кажуць, людзі самі пачнуць рабіць гісторыю, але цяпер, у наш час прамысловасці і капіталізму, гісторыя чыніцца па варунках, ад нас не залежных. Адгэтуль не трудна зразумець, што не лгуць немцы, як кажуць, што яны не хацелі вайны. Гэтаксама справядліва і наадварот, што Англія, Расія, Францыя і інш. не жадалі гэтай сусветнай бойкі. Вінаваты ўсе наогул і ніхто паасобку.
    Адгэтуль жа відаць памылковасць і таго погляду, што быццам гэтая вайна апошняя і што, скончыўшы яе, людзі ўмовяцца раз назаўсёды жыць згодна, па-братэрску, а калі з’явіцца задзіра, дык прымусам заставяць яго сядзець ціха. Але гісторыя вучыць, што людзі, змогшыся на вайне, як пеўні ў бойцы, не раз умаўляліся паміж сабой на вечны мір,— толькі нічога з гэтага не выходзіла. Гэты жаданы ўсімі «вечны мір» трываў роўна столькі, сколькі трэ было часу, каб людзі зноў не пасварыліся. А сварыліся яны заўсёды, як толькі інтарэсы кіруючых станаў суседніх дзяржаваў стыкаліся на адной дарозе. Стрэўшыся, моў тыя казляняты на кладцы, інтарэсы гэтыя разыціся па добрай ахвоце не могуць. Дый разыціся няма як — кладка заўсёды вузкая, а вярнуцца назад нельга, бо гісторыя пасуваецца ўперад на моцы няўхільных законаў капіталістычнага ладу.
    Стаяць нерухома гісторыя не можа, бо гісторыя — гэта само жыццё людзей, а жыццё павінна развівацца ды ісці ўперад, калі не жадае памерці. I вось дзяржавы, стрэўшыся на адной пуцявіне, спіхаюць адна другую з дарогі і коштам крыві, мора слёз і гора расчышчаюць сабе сцежку. Вайна скончыцца, і людзі будуць жыць вольна, згодна і па-братэрску, але не цяпер, покі існуе лад промыслу і гандлю, або лад капіталізму. Покі існуе ўласнасць на зямлю і на ўсе прылады і начынне прамысловага (хвабрычнага і завадскога) вырабу, покі зямля і прамысловасць трымаюцца паасобнымі людзьмі ў кожным гасударстве, покі ўласнікі зямлі, хвабрыкаў і заводаў маюць на ўвазе толькі свой, асабісты інтарэс, сваю асабістую карысць і нажыву, да таго часу вайна будзе вісець над жыццём людзей, будзе пагражаць у магчымасці. Покі ўсё гэта існуе і не перажыта, покі не зруйнаваны капіталістычны лад дзяржаўнага будавання, да таго часу людзі не могуць быць пэўнымі, што вайна ці там, ці тут зноў не загарыцца. Вайна скончыцца, і з вайною людзі расквітаюцца навекі толькі тады, як запануе па ўсём свеце сацыялізм. Тады людзі сапраўды выскачаць з царства прымусу і гвалту ў царства вольнасці, братэрства і згоды.
    Цікава, што за гадоў колькі наўперад французскія і нямецкія вучоныя, пытліва ўглядаючыся ў таёмную будучыню, пісалі, што вайна пачнецца якраз у Сербіі, па дарозе ад Берліна праз Канстанцінопаль на Багдад. Так яно і выйшла. У Сербіі забілі аўстрыйскага наследніка. Потым выявілася, што ўчынілася гэта не выпадкова, а наўмысля, дзякуючы розным дыпламатычным махлярствам. Надта ж бо нямецкім капіталістам і прамыслоўцам хутчэй хацелася прабрацца к Багдаду, дзе разлягаецца багатая мяйсцовасць — Месапатамія. Але на дарозе да гэтага вабкага краю стаяла Сербія, невялічкая сама па сабе, але ўсё-такі са сваім уласным вокам. Вось і трэ было выдумаць зачэпку, каб сапхнуць з дарогі сербаў. Так, без дай прычыны, чапляцца нязручна і брыдка — і суседзі ворага глянуць, a тут — на табе: забілі наследніка! Гэтакага здарэння дачакаць трудна. «Помста, помста!» — лямантавалі нямецкія імперыялісты. Аўстрыякі ў цеснай згодзе з немцамі або, справядлівей сказаць, камандуючыя станы тых і другіх і слухаць, бач, не хацелі, калі сербы запрапанавалі ўсё, абы ўладзіць справу згодай, справядліва кажучы, што не вінавата ж цэлае гасударства ў тым, што натварыла адна вар’яцкая рука. Тым часам немцы рабілі ўсё ад іх залежнае, каб скарыстаць гэты мамент дзеля сваёй заваявацельнай мэты.