• Газеты, часопісы і г.д.
  • Творы Апавяданні. Казкі. Артыкулы. Язэп Лёсік

    Творы

    Апавяданні. Казкі. Артыкулы.
    Язэп Лёсік

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 335с.
    Мінск 1994
    116.03 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    Вялікі час перажывае Украіна. Няхай жа дзяржаўная мудрасць народу яе дапаможа ёй з хвалой і пашанай выйсці на вольны шлях аўтаномнага істнення! Яшчэ кволая ад нечуванага здзеку, уціску і паняверкі, цяжка змарнаваная самадзяржаўным панаваннем, Беларусь наша, радасна ўзіраючыся ў светлую будучыню, весела вітае дужэйшую сястру сваю і голасна кажа:
    — Няхай жыве Вольная Украіна!
    1517—1917
    (Да юбілею 400-лецця беларускага друку)
    Надта мы, беларусы, нейкі дзіўны народ. Мы мала цікавімся сваім і мала яго ведаем. Гісторыя якога-небудзь Кітаю нас пэўна што болыв цікавіць, чым гісторыя Беларусі.
    А тым часам колькі ў гэтай гісторыі ёсць слаўных і пекных страніцаў! Праўда, што калі на гісторыю глядзець, як на суму вестак аб каралях ды аб войнах, дык у нас, можа, і ніякае гісторыі не было. Бо не з войнаў, захватаў і гвалту складаецца наша гісторыя. Народ наш ніколі не меў і не мае інстынктаў воіна-грабіцеля. Беларусь ніколі нікога не крыўдзіла, не захоплівала чужога; яна толькі баранілася. Слава і хараство нашай гісторыі крыецца саўсім у другом.
    Народ наш быў калісь адным з самых культурных народаў у Еўропе. Ён быў, як кажуць, «крайнім фарпостам Заходняй Еўропы на Усходзе». Тая культура, што расла і ўзмацнялася на Захадзе, ідучы на Усход, не мінала нашай старонкі. Беларусь, не знаўшая татаршчыны, была ў цесных звязках з Заходняй Еўропай і йшла разам з ёю у культурным развіцці.
    У 1440 року немец Гутэнберг вынайшаў друк. У 1455 року была надрукавана першая Біблія, а праз 28 гадоў пасля гэтага, значыць, у 1483 року, пачаліся друкавацца кніжкі і для нашага краю. У Кракаве залажылася друкарня, дзе і друкаваліся славянскія кніжкі для царкоўнай службы на Беларусі, Украіне і Паўднёвай Славяншчыне. Гэты рок, па праўдзе кажучы, мог бы лічыцца пачаткам з’яўлення друкаванай кніжкі на Беларусі. Але гэта не быў спецыяльны беларускі друк.
    У 1517 року доктар Францішак Скарына з Полацка пачаў друкаваць у Празе чэшскай Біблію: па-беларуску і для беларусаў. Гэты рок ужо смела можа лічыцца рокам пачатку беларускага друку не толькі ў тым сэнсе, што кніга друкавалася для беларусаў, але і ў тым, што яна друкавалася па-беларуску, на роднай беларускай мове зваротам на ц.-славянскі лад. У цяперашнім 1917 року прыпадае якраз 400-лецце беларускага друку. Юбілей дужа важны, і яго не можна прамінуць, нічым не адзначыўшы 400 гадоў,— гэта салідная цыфра. Як ведама, дык большаю цыфраю з усіх славянскіх народаў могуць пахваліцца адны толькі чэхі.
    А гэты важны юбілей з жыцця нашага народу яшчэ
    нікім не ўспамянуты. Усе як быццам забыліся аб ём. Усе памятаюць, як некалькі гадоў раней маскоўцы спраўлялі 350-гадовы юбілей свайго друку,— сколькі яны паднялі тагды гармідару. А яны ж спраўлялі толькі 350-гадовы юбілей друку ў царкоўнаславянскай мове! У нас юбілей шмат важнейшы, а мы маўчым, як бы і не ведаем. Брыдка перад усімі культурнымі людзьмі!
    Запрашаем усіх свядомых беларусаў добра падумаць аб гэтым. Нам трэба як-небудзь згаварыцца, каб цяпер, у часе страшэннай вайны, калі самае паняцце «культура» топчацца ў балота, калі людзі ўсю моц свайго розуму кіруюць на тое, каб як найбольш забіць сваіх братоў,— каб нам цяпер ціха адсвяткаваць сваё вялікае культурнае свята.
    Цёмныя сілы заварушыліся
    Беларускі рух расце і шырыцца. 3 усіх бакоў Дзяржавы Расійскай прыходзяць весткі, што беларус прачнуўся, самаўсведамляе сябе нацыянальна і патрабуе свайго права на культурна-нацыянальнае істненне. Арганізуюцца матросыбеларусы балтыйскага і чарнаморскага флатоў, моцна гавораць аб сабе салдаты заходняга і паўднёва-заходняга фронту, атрымліваюцца весткі аб нацыянальным самаўсведамленні сярод уцекачоў-беларусаў з далёкай Сібіры. Віцебскі губернскі з’езд сялян ухваляе пастановы аб няўхільнай патрэбе аўтаноміі, аб нацыяналізацыі школы (навучэнне ў школах на роднай мове), аб размеркаванні спосабаў перадачы зямлі і карыстання ёй Беларускай Краёвай Радай. Рух расце, шырыцца, набірае моцы, а побач з гэтым набухае і злосць ворагаў беларускага адраджэння. Тут, у Мінску, у горадзе Шміта, Курлова, Саланевіча і архірэйскага засілля, чорная сотня заварушылася і распачала свой сатанінскі гармідар. Інсінуацыі, брахня, правакацыйныя ўчынкі сыплюцца з цёмных куткоў, як з рогу дастатку. Ворагі дакладаюць усіх сілаў, каб ачарніць святое дзела адраджэння нашай старонкі. Сумленне, гонар, гісторыя і чалавечая логіка для іх не існуе.
    Першаю адважна зашыкала на беларускі рух мясцовая газета «Новая Заря». Знайшоўшы сабе беларуса-перакінчыка, яна высунула голаў з падваротні ды піскліва гаўкнула, што беларусаў няма, а беларускі рух — панская інтры-
    га. Умеючы трымаць нос у паветры, другая тутэйшая расійская газета «Мінскі Голас», знюхала, што з Петраграду падзьмуў вецер зручны і пэўна, што можна бяззбройна выйсці на вуліцу і паказацца на вочы. I гэты вулічны, камерцыйны лісток, азірнуўшыся і кінуўшы прыхільна ў бок беларусаў, якраз перад скарбоначным зборам на карысць беларускага нацыянальнага фонду, ахвотна даў месца другому перакінчыку дзеля аслінага выбрыку. Гэты ягомасць, каб зручней было падбрыкнуць, зблытаў у адзін калдун: нацыянальны камітэт, сацыялістычную грамаду, партыю народных сацыялістаў — скартаваў заданні і артыкулы праграмаў іх, як шулер карты, ды завалаў: «Паглядзіце, дабрадзеі, на спрытнасць рук маіх!» «Мінскі Голас» паглядзеў, пацёр рукі ды сказаў сабе: «Лоўка, даліпан, лоўка! Нумароў сто раскупіцца лішніх і стацейку дарма атрымаць можна. Напэўна ж аспрэчваць будуць!..»
    Знайшліся гэткія дабрадзеі, шТо ў пякельнай злосці чорнасоценнага іступленія, накідваліся на дзяўчат, прадаваўшых білеты на беларускі спектакль, лаяліся з апошніх слоў і рабілі ўсялякія вар’яцтвы. I ўсё гэта робіцца пад штандарам ратунку айчызны, пад флёрам дэмакратызму. «Шалійце, шалійце, скажэнні каты», а беларускага руху вам не спыніць. Заглянула сонца і ў наша ваконца!
    Нацыянальны рух — гэта покі што адзіны грунт, на каторым цёмныя сілы нашага краю могуць, не азіраючыся, паказацца людзям на вочы. Перапалоханыя грымотай вялікай Расійскай рэвалюцыі, яны спачатку пахаваліся па закутках ды ціхутка сядзелі там, бліскаючы воўчымі вачыма. Цяпер, з павевам антынацыянальнага ветру з Петраграду, яны пасмялелі і пачынаюць пырскаць ядавітую сліну на ўсё светлае, святое і справядлівае. Карыстаючыся цемрай і нацыянальнай маласвядомасцю нашага сялянства, утылізуючы скуткі пякельнага панавання самадзяржавія і абрусіцельства, гэтыя рыцары чорнай сотні і рэнегаты роднага краю, захінуўшыся штандарам дэмакратызму, пашыраюць свае брудныя чуткі на ўсіх лепшых сыноў беларускага народу. Як чорная сотня, бывала, упарта цяўпла, што рэвалюцыя — справа рук жыдоўскіх, мільёнаў японскіх, інтрыгаў германскіх, так рэнегаты роднага краю цвердзяць, што беларускі рух — інтрыга польская, выдумка панская. Прадажныя душы не разумеюць бескарыснага аддання ідэі. Яны прывыклі ўсё прадаваць і купляць, ім трудна ўявіць сабе справу без гандлю. Гэта яны, гасіцелі свету, праўды і справядлівасці, распіналі Хрыста, палілі
    Гуса, білі прарокаў, цкавалі рэвалюцыянераў. На каго яны рахуюць, каго падманваюць, каму дураць галовы? Хоць бы выдумалі што-небудзь іншае. Перахварбавацца хваціла сумлення і глузду, а голас — голас чорнай соткі... «А скінь скурку, дабрадзею, бо зубкі відаць!»
    Як дурню законы, так ворагам беларускага руху гісторыя не пішацца. Яны не бачаць таго, што ўсе народы рвуцца да вольнага жыцця; прыклад сербаў, чэхаў і ўкраінцаў ім не навука. А раз светлая справа паўстала, калі з’явіліся бескарысныя працаўнікі на ніве народнай, дык іх прадажная натура не можа стрымацца, каб не апаганіць іх імені, бо ідэйнае змаганне ім не пад сілу. Але дарэмна — беларускі рух расце і шырыцца, і ніякія сілы пякельныя спыніць яго не могуць. «Хто быстру рэчку затрымае, скуль сілу гэтаку дабыць?» «Яко тает воск ат ліца огня... растачацца вразі его».
    Хто я?
    Я, як і ўсе нашыя браты, лічу сябе «простым», «тутэйшым чалавекам» з забранага краю.
    У пачатковай школе я навучыўся расійскай мове, але мне брыдка было гаварыць па-расійску дома, пры бацьку і матцы. На 16-м року аддалі мяне бацькі ў вучыцельскую семінарыю, каб зрабіць з мяне пана. Тут ужо я добра вучыў расійскі «язык», пачаў гаварыць на ём дома, з бацькамі, братамі і сёстрамі, і думаў, што зрабіўся ўжо сапрыўды «рускім». Гэтак казалі мне мае настаўнікі ў семінарыі, усе тыя падручнікі, па каторым я вучыўся.і ўсе тыя начальныя асобы, што нас адукоўвалі.
    Адзін адно раз у пачатковай школе здарылася мне кніга на нашай мове «Як ся маеш, дабрадзею?» і «Так жа сама». Але той, чые гэта былі кніжкі, адабраў іх у мяне ды схаваў недзе. Пэўна, баяўся вучыцеля.
    Больш пятнаццаці гадкоў вучыў я беларускіх дзетак «государственному языку», ці, начай кажучы, калечыў душы іх, дапамагаў абмаскаліваць родны край...
    У 1908 годзе я дастаў ад выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца» вершы Янкі Купалы і нашыя казкі. Тагды я меў вялікую радасць чытаць гэтыя кніжкі і радзіў сваім сябрам-вучыцелям чытаць іх, але дарэмна. Яны з пагардаю адварачваліся ад роднага слова...
    Паўстала рэакцыя, і немагчыма было даставаць беларускія кніжкі.
    Апошні рок вучыцельства пазнаёміўся я з адным беларусам. Ён добра гаварыў па-польску і не кепска па-расійску (па-маскоўску). Аднаго разу ён мне расказаў, што ў Варшаве яго лічылі за «кацапа», хаця ён гаварыў там папольску, а ў Маскве, дзе яго дачка была замужам, яго лічылі за паляка, хаця ён гаварыў там па-расійску і меў сабе шырокую кацапскую бараду.
    Я не пераставаў лічыць сябе за расійца і з гэтага разу, бо добра ведаў маскоўскую мову. Але трапіў я ў навуку і на курсы Шаняўскага ў Маскве, і мае таварышы-велікарусы сказалі мне, што я не рускі (не маскаль), бо ў мяне заходні акцэнт. А другі мой знаёмы беларус больш за 20 гадоў жыў у Маскве, быў чыноўнікам, быў жанаты з маскоўкаю і — што ж? Яго жонка казала, што ў яе мужыка «акцэнт» (гаворка) саўсім не рускі.
    3 усяго таго такі вынік. Трэба перш-наперш ведаць і шанаваць сваю мову. Чужыя мовы трэба вучыць, калі ад гэтага можа быць карысць дзеля сябе і краю, але не трэба думаць, што калі навучыўся крошку граматна гаварыць і пісаць пачужому, дык ты ўжо і не беларус. Твой рот цябе выдасць. He кажу ўжо пра твой саўсім інакшы характар, каторы робіць цябе чужаніцаю на другой старане.