— Колькі тут жалю, смутку, жалобы! — казалі адны. — Пад гэту песню не заскачаш,— дадавалі другія. — Але не, ты паслухай: звычайная з’ява — кахаў, перастаў, а... а...— не знаходзіў слоў сваім пачуццям трэці. Гэтаксама добра спадабалася і дэкламацыя, асабліва «Тарас на Парнасе». Многа было смеху, рогату. Пачалі дапытвацца, хто напісаў, калі, ці багата наша літаратура гэткімі пекнымі рэчамі? — Дык як, ваш Тарас лез на Парнас? — са смехам пыталіся потым на спатканні. — А Венера — дзеля красы нечым белым твар свой беліць? У канцы адзін беларус прадэкламаваў вершаваны твор «За што я быў у вастрозе?». Слухаючы яго, на думку ўсплывалі тыя далёкія дзянькі, калі, здаецца, само паветра патыхала вераю і надзеяй, калі было лёгка на сэрцы, светла на душы, і кожны быў дома... Трэ сказаць агульна, што беларускія рэчы ўсіх вельмі зацікавілі і слухаліся з вялікай ахвотай. Усё гэта было першынкай, навінкай; мала хто чуў нашу мову, а што беларусы маюць сваю літаратуру, дык гэта даведаліся мо першы раз зроду. Ці мала было тут людзей і досыць асвечаных, але аб беларусах, як гэта вядзецца, мала хто ведаў; лёс батакудаў або гаттэнтотаў больш іх цікавіў, чым жыццё людзей, каторыя жывуць з імі поплеч. Гэтак ужо заўсёды, калі што пастаянна стаіць перад вачыма, дык робіцца звычайным, нецікавым і здаецца ўцямны.м. Шмат шкоды нарабляе школа, праводзячы погляд на беларусаў, як на «нсконй русскнх людей». Адзін расеец казаў, што ён запраўды думаў, што ўся розніца паміж намі ў тым і тоўпіцца, што жывём мы ў асобных месцах, быццам у розных губернях. Кожны, ведама, чытаў і ў школе вучыўся, што Беларусь — гэта нядаўна забраны край, ніколі раней да Масквы не належаў, а значыцца, меў іншую гісторыю і іншыя варункі жыцця, але ніхто на гэтым не спыняўся і не пакладаў увагі. Цікава, што нашу мову блытаюць з украінскаю, і адзін пан з Расеі памылкова лічыў ды другім казаў, што «Тарас на Парнасе»—украінскі твор. (Дарэчы сказаць: гэты пан прызнаваўся, што ён «аж спацеў», покі перачытаў два лісцікі «Гісторыі Беларусі» Власта. Які ж цяжар трэ здзержыць беларускім дзецям, каб навучыцца граматы па-расейску?!) Усё гэта сведчыць за тое, што нам самім трэба рупіцца аб тым, каб аб нас ведалі, з намі знаёміліся ды шанавалі. Трэ самім дбаць, бо — «хто дбае, той і мае». Украінцы дзеля гэтага маюць спецыяльны журнал, а мы — у нас сабе нямашака журнала, нет штодзённай газеты і — сорам пры людзях вымавіць — мы так нядбалы, нярупны, што не можам падтрымаць свае ядынае газеты «Нашай Нівы». He ў тым, кажуць, сіла, што кабыла сіва, а што возу не цягне. He аб тым ідзе, каб назвацца беларусам ды сядзець зацяўшы рукі. Пачэснае імя «беларус» вымагае дзела; яно накладае на нас святую павіннасць працаваць на карысць свайго краю, шырыць свядомасць паміж бязбожна занядбаных, блудзячых у цемры братоў сваіх. Трэба будзіць свядомасць нацыянальную і грамадзянскую. Пара ўжо ўцяміць, што нацыянальна несвядомы народ — грамадзянска цёмны народ; гэта тая каламутная вада, у якой спрытныя людзі ўмеюць рыбку лавіць. Кіньце вокам на гісторыю апошніх год, і вы ўгледзіце, што нацыянальна сведамы народ умее добра бараніць і грамадзянскія, і агульналюдскія правы. He дзіва, што Беларусь пасылае ў Думу самых цёмных дэпутатаў, што не маюць ніякага нацыянальнага пачуцця. Кіньце вокам на часы даўно мінулыя, разгарніце гісторыю, і вы ўгледзіце, што навука, асвета пачалі расці ды шырыцца ў Еўропе толькі з тых пор, як там запанавала родная мова. Покі мовай навукі, школы была лаціна, там не маглі з’явіцца гэткія людзі, як Сервантэс, Шэкспір і др. Толькі роднаю моваю мог быць напісаны «Фауст», толькі на родным грунце мог радзіцца гэткі вялікі пісьменнік, як Гётэ. Мёртвая і незразумелая лаціна сушыла сэрцы й розум людзей, не давала ніякай стравы для душы; дык і не дзіва, што тагды тапталіся на месцы, шукаючы «жывучага і гаючага эліксіру», не ведаючы таго, што яго і шукаць не трэба: тым «гаючым эліксірам» была родная мова... Дык да працы, браты; з верай і надзеяй, з прыемным пачуццём таго, што й наша цагліна ўмуравана ў вялікай будоўлі светлай будучыні нашай бацькаўшчыны! Добра б зрабілі тыя мясцовыя расейцы і палякі, што маняцца працаваць на карысць старонкі, іх узгадаваўшай ды выпестаўшай — добра б, кажу, зрабілі яны, каб узяліся знаёміць расейскае і польскае грамадзянства з Беларуссю і беларушчынай. Гэта мо самае лепшае, што яны могуць зрабіць пры варунках сучаснага жыцця... Цікавасць, ды годзе: дзе гэта беларускі буржуа? Ажно смех бярэ: добрыя людзі розуму не дабяруць, як ад іх адчапіцца, а нам каб хоць паглядзець на іх, як на тых белых вераб’ёў! Ці не вы гэта, выбачайце, будзеце «палякі з Літвы»? Бо дзе ж яны падзеліся, патомкі даўнейшага беларускага баярства? Мэ- рам іх карова языком злізала... Пара ачухацца ад гістарычнага чаду, час паставіць сабе пытанне: «хто мы, чые сыны, якіх бацькоў?» Жыццё рухаецца ўперад праз варункі ад нас незалежныя; яно не рахуецца з нашым густам і жадобаю, а ідзе сваім уласным шляхам, абумоўленым і абмяркованым пярэднім поступам і гісторыяй. Загэтым, кожны сумленны працаўнік павінен разгледзець гэты шлях, гэту сцежку грамадзянскага руху ды рупіцца аб тым, каб ачышчаць яе ад усякага хламу й лам’я, панакіданага гісторыяй. Нічога з намі не зробіш: беларусы мы былі, імі і застанемся. Гэткі мы ўжо ўпарты народ!.. Нельга замоўчыць аднаго здарэння, якое выявілася на вячорцы. Адзін хлопец, каторага ўсе лічылі за шчырага сведамага беларуса не прыйшоў нешта на вячорку. Гэта ўсіх зацікавіла, і пачалі дапытвацца, чаму, якія ён меў на гэта матывы? Ды вось даведаліся: ён не беларус, а літвін. Радзіўся ён на Беларусі, усё беларускае яму дорага, блізка і міла, але прылучаць сябе да беларусоў ён не можа, бо йшчэ маленькім чуў, што яго бацька з маткай размаўляў па-літоўску. Сам ён па-літоўску не ведае ніводнага слова; пекна гаворыць па-беларуску, а звычайна па-расейску, але па-апошняму так добра і здатна, што ў ш. п. Струвэ валасы дуба пасталі б, каб яму давялося пачуць сваё роднае «койнэ» з вуснаў гэтага хлопца... He шкодзіць, каб і беларускія «палякі» ды «расейцы» пайшлі па сцежцы таго хлопца. Годзе ўжо дурыць галаву і сабе, і людзям, час і вум па галаве пусціць. 1917 «Вольная Беларусь» ... Беларусь, Беларусь! Агнём імя тваё мне гарыць, С песні ласкаю маткі нясецца; Ясным сонцам ў размове стаіць I грымотай у гнеў раздаецца! Як нявеста ў няроднай сям’і, Ты пасагу сабе не надбала — Залатыя кляйноты свае Ў пыху сёстрам сваім даравала. Калі мы азнаёмімся з вялікай кнігай гістарычнага лёсу народаў, дык хутка пабачымо і праканаемся, што ніводная нацыя, ніводзін народ на свеце не меў горшага жыцця, горшай гістарычнай долі, як наша старонка, нашая родная Маці-Беларусь. Атрымаўшы становішча паміж розных народаў, яна нікога не чапала, ні на кога ніколі не нападала, ні з кім не змагалася, а толькі баранілася, ратавала сваё жыццё, сваю нацыянальную самабытнасць, покі хапала сілы, покі была змога і магчымасць. I мо за гэта завецца яна не вялікая ці малая, не чорная ці чырвоная, а Белая Русь, чыстая, светлая. як бель-беляваная, без плям зайздрасці, без задзірства і здзеку. Але і слаўная мінуўшчына нашага краю! У той час, як на Маскоўшчыне стаяла страшэнная цемра, у нас панавалі навука, прасвета, шырока квітнела грамадзянскае жыццё. Цёмныя людзі Маскоўскага царства грамілі друкарні, гасілі прасвету, баяліся кнігі, не раўнуючы, як чумы ці халеры, тагды як наша грамадзянства, не здавальняючыся ўласным выхаваннем, пасылала дзяцей сваіх да вышэйшых навук за граніцу, дзеля большай адукацыі, дзеля лепшага выхавання. I лепшыя, асвечнейшыя людзі і Масквы, як Курбскі*, напрыклад, або Мсціславец** ці Тодар Друкар***, хаваючыся ад раз’юшанага натоўпу, шукалі ратунку ў нашай бацькаўшчыне і знаходзілі тут братэрскі прывет і пашану. Відаць, што на той час Беларусь была для Маскоўшчыны, як Швейцарыя ці Францыя нашага часу, куды ўцякалі ад царскага гневу лепшыя людзі дарэвалюцыйнай Расіі. Наогул, нацыянальная культура на Беларусі тагды стаяла досыць высока: існавала рэлігійная вольнасць, не было нацыянальнага ўціску, і жыды, напрыклад, мелі роўныя правы з усімі людзьмі Літоўска-Рускага гасударства. У 1517 годзе Францішак Скарына ўзяў на сябе справу вялікае вагі — пераклаў і выдаў Біблію на беларускай мове «ку лепшаму,— як ён пісаў,— выразумленію люду паспалітаго». Праўда, не надта ўжо проста і зразумела яна перакладзена, шмат мае царкоўна-славянскіх зваротаў, але гэта была эпоха ў культурным жыцці беларусаў, асабліва калі ўзяць на ўвагу шырокую публіцыстычную літаратуру таго часу і адправы набажэнства па-беларуску. Культура на Беларусі цвіла і рунела, і каб не стрэла на шляху сваім цяжкіх варункаў агульнага жыцця, дык, напэўна, яна даўно стаяла б нараўне з культурай Заходняй Еўропы. Ды не так яно сталася, як жадалася. Беларусь заўсёды была прынаднай краінаю, смачнаю лустай, і суседзі грызлі яе з усіх бакоў. Немцы, або крыжакі, маскоўцы ці палякі — тыя ці другія скублі яе адтуль ці адгэтуль. А народ наш спакон веку быў ціхі і лагодны. Ён не любіў ваяўніцтва і больш здольнасці мае да сахі на полі або да пяра на паперы. Ваяўніцкая шабля яму не да густу. Сумныя песні яго поўныя скаргі і жалю на ваенную калатніну. Тым часам палітычнае жыццё вымагае саўсім іншага. Хто хоча абараніць сваю самабытнасць і захаваць палітычную незалежнасць, той павінен не толькі бараніцца, але мусіць і сам нападаць ды заваёўваць, чаго беларусы па сваім лагодным характары рабіць не маглі і не хацелі. Мэрам ведаючы гэта, суседзі дарэмна часу не марнавалі і добрых людзей не шкадавалі. Амаль не штогодна нападалі на нас, палілі вёскі, нішчылі гарады, палендравалі палеткі, гуртамі ўво- * Курбскі Андрэй Міхайлавіч (1528—1583) — князь, рускі палітычны і ваенны дзеяч. •' Мсціславец Пётр Цімафееў (г. н. і см. невядомы) — адзін з беларускіх і рускіх першадрукароў. *** Тодар Друкар — Іван Фёдараў (г. н. невяд.1583) — заснавальнік кнігадрукавання на Украіне і ў Расіі. дзілі людзей у няволю. Зямля курылася ад крыві людскай, засцілалася неба дымам пажараў. Няма грунту такога, няма таго месца ў нашай старонцы, дзе б ні лілася кроў бацькоў нашых, дзе б ні трухлелі косці ворагаў нашых. Беларусь змагалася, як магла баранілася, але нічога не ўдзела. Упарты быў вораг яе, дужага і зайздроснага даў Бог суседа ёй. Дзеля змагання з немцамі яна злучылася да супольнага жыцця з Літвою ды разам з ёю ратавала сваю бацькаўшчыну. Дзеля гэтай жа мэты не раз ядналася яна ў хаўрус з Полынчай, покі ў страшэннай Грунвальдскай баталіі немцы не былі разбіты спрэс. Збавіўшыся ад немцаў, Беларусь тым часам сапачынку сабе не знайшла. Трэ было бараніцца ад Польшчы і Масквы. Але адна яна справіцца з імі не магла. Трэ было шукаць іншай рады. Аб палітычных умовах Маскоўскага царства хадзілі страшэнныя чуткі (Іоанн Грозны). Гістарычныя варункі вымагалі знайсці сабе хаўрусніка. I выбіраючы з двух ліх меньшае, яна памірылася з Польшчай ды злучылася з ею, як роўная з роўнай і вольная з вольнай. Але дабра не бачыла. Увесь час супольнага жыцця прайшоў у змаганні з паланізацыяй (апалячваннем) і ў бажанні выкарабкацца з-пад суседзяў на шлях самабытнага жыцця. Скончылася тым, што абедзве яны папалі ў цупкія рукі Маскоўскага царства...