• Газеты, часопісы і г.д.
  • Творы Апавяданні. Казкі. Артыкулы. Язэп Лёсік

    Творы

    Апавяданні. Казкі. Артыкулы.
    Язэп Лёсік

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 335с.
    Мінск 1994
    116.03 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    — Скупяндзя! — гукнуў хтось з валачобнікаў на адыходку. А Ратуеў Плён, з каторым Адась пасвіў калісь быдла па лесе, спыніўся каля вушака і стаў віншаваць гаспадара па-своему:
    He далі яечка, каб здохла авечка!
    He далі кока, каб вылезла вока! Каб на вашай хаце лебяда расла, Каб ваша гаспадыня ўпроч пайшла!
    Раптам шаснула вакно. Рысь высунуў голаў на двор і загаманіў сваім вугнівым голасам, не выгаварваючы зыку «р».
    — Бнашы, бнашы — набнэшашся! Пныдзе пана — павесішся!
    А Плён правіў сваё:
    Каб вашы дзеці не жаніліся! Пайшлі ў рэчку — патапіліся!
    — Годзе табе, Марцін! — закрычалі валачобнікі на Плёна.— A то шчэ выскачыць з хаты ды лаяцца стане. Няхай яго нарац не знае, скупяндзю гэтага.
    Спыніліся валачобнікі ў двары пасэсара. Хата пасэсара стаяла на ўзгорку, на шырокім дзядзінцы. Адгэтуль удзень сяло відаць было як на далоні. Унізе, за гумнамі, бачнелася рэчка і ахіляла ўсё сяло, як шырокім сталёвым пасам. За рэчкаю, цераз шырокі луг з бліскучымі вазярынамі, відаць былі пад гарою шэрыя вёскі зарэчанцаў, а па другі бок, за агародамі, каля дубовага гаю па беразе рэчкі, разлёгся шляхецкі засценак у адну вуліцу. У канцы засценку, каля крыжовых дарог, стаяла капліца, а каля яе, увабапал — тры вялікія крыжы з вострымі дашкамі і з белымі хвартушкамі пад кожным дашком. Адтуль, нібы з-пад зямлі, пачыналіся дарогі ды шпарка імчаліся паміж платоў па полю.
    Яны ўзбягалі на ўзгоркі, спускаліся ўніз, зноў падымаліся ды недзе гінулі ў хмурным здалёк лесе.
    I як удзень з дзядзінцу добра было разглядаць усё сяло і яго ваколіцы, так цяпер добра было чуваць, аб чым гаманілі людзі ў гэтую першую ноч на Вялікдзень. Гэта адзіная ночка ў цэлым годзе, калі ўсе сёлы і вёскі на Беларусі не маюць упынку ад людскага руху ад самага змроку да белага рання. Усе людскія сялібы гудуць і гамоняць. Усе людзі радуюцца, і радасць іх зліваецца ў адзін агульны спеў, у адзін прывет вясне...
    Кампанія, да якой далучыўся Адась, мабыць, была адною з першых, бо калі яны затрымаліся каля пасэсара, то песні гэтаксама распачыналіся. Вось справа, як недзе з падзямелля, вынік сумна-набожны спеў «васолаў», спачатку спаважна і ціха, а потым мацней і шпарчэй:
    Ва-со-лы нам дзі-ісь дзе-ень настаў, Кту-рэ-эга з на-ас ка-жды жондал...
    А з другога боку, як бы ў адказ яму, адгукнуўся прыспевак:
    Алелюя, алелюя, а-а-ле-лю-я!
    I раптам моцна, быццам аднекуль вырваўшыся, выбухла недзе ў канцы сяла і заглушыла ўсе іншыя спевы песня са скрыпкай і басэтляй:
    Лу-укаш з Клеі-о-пам,
    Разам адным тропам, Йшлі да мястэчка Эма-ус, Спаткаўся ім пан Езус.
    Але-лю-юя!
    А дзесь усярэдзіне, пасярод сяла, шчабяталі дробна, як птушкі, адны дзяціныя галасы:
    .	Да на Вялікдзень, да на першы дзень,—
    Хрыстос васкрос, Сын Божы!
    Валачобнічкі збіраліся, Збіраліся, рахаваліся,— Хрыстос васкрос на ўвесь свет! Слаўнага пана да пыталіся,— Хрыстос васкрос, Сын Божы!
    Слаўнага пана, пана гаспадара,— Хрыстос васкрос на ўвесь свет! Валачобнічкі не дакучнічкі, Да ў год ходзяць, пана Бога просяць,— Хрыстос васкрос, Сын Божы.
    Хутка вуха пераставала адражняць паасобныя спевы.
    Сталі даносіцца песні з суседніх ваколічных вёсак і засценкаў. Адны канчалі, другія зачыналі; тут сціхалі, там спявалі. Гэтак у ясную пагодную раніцу да ўсходу яснага слонца спяваюць у полі жаваранкі. Зазвініць адна, ёй паможа другая, падхопіць трэцяя, і так збоку, спераду, знізу, зверху і — усе нябёсы напаўняюцца адным агульным спевам, адным удзячным ранічным набажэнствам... Так людзі віталі прыход краснай вясны — мацяру зелені, кветак і жыцця...
    Пакінуўшы пасэсара, Адасева кампанія абышла яшчэ хат колькі ды стала збірацца дадому. Усе адразу загаманілі, што ўжо хадзіць даволі — пара дзяліць валачобнае. Сталі раіцца, у чыю хату пайсці, каб падрахаваць валачобнае. Згадзіліся на тым, што для гэтай справы лепшага месца няма, як хата Вочытавай Труды.
    — У іх нікога дома няма,— сказаў хтосьці,— паехалі ў госці, адна старая Труда на печы.
    Быўшая тут унучка Труды пацвердзіла гэта, і ўсе шпарка павярнуліся і пайшлі. Па дарозе затрымаў іх Сцяцок Атось, зачыняўшы вакно, і папрасіў заспяваць хоць адну песеньку яго Юрачку. Юрачка быў адзін сын у Сцяцка сярод кучы дачок. Сцяцок насіўся са сваім Юрачкам як з пісанай торбай і не мог нахваліцца ім. Ён кожнаму расказваў пра яго, выхваляў яго недзяціныя здольнасці і не звяртаў увагі на тое, што людзі кпяць і выскаляюцца. Раз, каля манаполькі, зайшла гутарка пра разумных і пісьменных. Сцяцок, дачакаўшы зручнага моманту, умяшаўся ў гаворку і сказаў:
    — Вы кажаце — пісьменны... Гэта відаць з маленства. Вот мой Юрка, прымерам кажучы, дык зразу відаць, што будзе разумны і пісьменны. Уваходжу я раз у хату, аж ён разліў крупнік на стале, сеў ды пальцам піша...
    Людзі аж паклаліся са смеху, а потым разнеслі славу пра Сцяцка і яго Юрачку па цэламу свету, шмат чаго дадаўшы ад сябе.
    Праспяваўшы Атосю адчэпнага, кампання нідзе ўжо болей не спынялася і пайшла проста дахаты. Адась ішоў разам і пачуваў нейкі смутак і нездавальненне. Шкада было, што так скора ўсё скончылася. Ён бы рад быў хадзіць сёння цэлую ноч. Тым часам трэба было пакідаць кампанню ды йсці дадому, бо ў хаце пры святле ён будзе толькі замінаць ім.
    Але расставацца не хацелася, і пры думцы аб гэтым ныла на сэрцы. I ён ішоў далей, пільнуючы, каб не страціць з
    вока Зосю, каторая як магнусам выцягнула яго з дому і прыкавала да сябе ўсе яго думкі.
    Адась увесь час трымаўся воддаль ад Зосі і толькі цікаваў за ёю, а цяпер падбавіў шагу, параўняўся і пайшоў побач з ёю. Яна гэта прыкмеціла і наўмысля зменшыла крок, каб астацца крыху ззаду ад кампанні. Валачобнікі, ідучы, гаварылі, смяяліся, жартавалі, але Адась не прамовіў да Зосі ніводнага слова. Маўчала і яна і толькі зрэдку перакідалася словам з тым, хто да яе звяртаўся. Адасю падабалася, што яна сама ні з кім не загаворвала, але сам загаварыць да яе не адважваўся. У яго нямеў язык, і ўсе словы выляталі з галавы, як толькі намерваўся што-небудзь сказаць. Ён напружваў усе свае думкі, каб што-небудзь прыдумаць, з чаго б пачаць гаворку, але нічога не выходзіла. Усе словы рабіліся нецікавымі і пустымі, нявартымі ўвагі. Ён ішоў і зайздросціў тым хлопцам, што так весела і ўдала смяшылі дзяўчат і ўсю кампанню.
    Зося пачувала на сабе ўвагу Адася і мімавольна трымалася крошку іначай, як бы гэта было без яго. Прыкмячаў гэта і Адась, шчыльней захіляючы паліто, бо ўвесь трымацеў ад унутранага хвалявання. Яго апанаваў неспадзяваны холад. Былі моманты, што ён баяўся, каб да яго не загаварыла Зося ці хоць бы хто іншы, бо адказаць бы ён не змог ад праняўшых яго дрыжыкаў. Язык ацерп і адзервянеў.
    Рукі пахаладзелі і шорхлі, а сам ён здаваўся самому сабе спружынай, напятай да апошняй магчымасці. Тым часам Зося спакойна, як здавалася Адасю, ішла поплеч з ім, нешта думала сваё і кідалася ў вочы яму сваёю белаю хусткаю на галаве і чорным мантонам, зграбна аблягаўшым яе маладзенькі дзявочы стан.
    Увайшлі ў двор. Скрыпнула закрутка ў дзвярах, і валачобнікі шухнулі ў сені. За імі пайшла і Зося. Адась неяк само сабою схапіў Зосю за руку і затрымаў. Яна лагодна падалася назад, не аднімаючы рукі. Адась сціснуў яе невялічкую, крыху шорсткую ад работы руку, і потым сам не памятае, як апынуўся з Зосяй у канцы двара, каля паркана, за каторым чарнелася голае галлё дрэў у садку.
    — Зося! — сказаў засмяглым голасам Адась.
    — Што? — шопатам адазвалася яна.
    — Мілая, радасць мая, сэрца маё! — горача загаварыў ён, абняўшы яе за стан і тулячы да сябе. Яна падатна хілілася і трымала яго за другую руку. Адась мякка прытуліў дзяўчыну да грудзей і абняў за шыю. Галава яе.схілілася Адасю на грудзі, а ціхі подых абдаў твар Адасяў пры-
    емнай цеплатою. У Адася патуманела ўваччу... Ён мацней абняў яе за шыю, пацалаваў у шчаку. Стала саўсім цёмна, і галава салодка закружылася. Адась пераступіў з нагі на нагу, каб не паваліцца, бо невы.моўна салодкая млосць разлілася па ўсяму яго целу. Губы ўтрымалі пацалунак мяккі, як шоўк, і салодка кальнуўшы ў самае сэрца. Ап’яняючы ошчуп шчакі расплыўся па сэрцы і агарнуў яго душу пачуваннем першыны, што здараецца толькі раз і не паўтараецца ў жыцці ніколі. «Шчасце, гэта шчасце, любошчы»,— як праз сон, праняслося ў яго галаве, і ён загаварыў далей усею сваёю істотай, як малітву:
    — Радасць мая, шчасце маё, птушка мая, Зоська мая мілая! Я люблю, я цябе люблю!..
    Зося маўчала, апусціўшы рукі, спачутна аддаўшыся ў яго абоймы, у яго моцнае, маладое ўлонне. Галава яе даходзіла да яго твару, а высмыкнуўшыя з-пад хусткі валасы кранулі яго векі. Адась ахапіў яе галаву рукамі і стау цалаваць у валасы, у вочы, у абедзве шчочкі і трымацячым голасам пытаўся:
    — Ці любіш ты мяне? Ці любіш, галубка мая? Скажы, ягадка мая, шчасце маё?
    — Ты ж мяне не возьмеш... Кінеш ты мяне,— аказалася яна чуць чутным шэпатам.— Я простая, вясковая, а ты...
    — Зоська мая, любка мая! Клянуся жыццем сваім, няхай пракляне мяне маці мая, калі я цябе кіну! Скажы ж, ці любііп ты мяне?
    — Гэтак усе бажыліся, а хто з вашага брата ўзяў нашу сястру? Параз’язджаліся па свеце і адракліся на чужой старане...
    — He, я не кіну! He кіну, любка мая! Наша Кася гэтаксама вясковая, а каб захацела, то пайшла б за вашага Уладзю. Яна не захацела, а не ён. Гэтак і ты... Ты гэта кажаш, бо не любіш мяне... Зоська, мілая мая, скажы, ці любіш ты мяне?
    Апошні довад з Касяю, мабыць, праканаў Зосю і выбіў грунт у яе з-пад ног, бо далей яна не спрачалася, а цясней прытулілася к яму, зірнула ў вочы і шэпатам сказала:
    — Люблю... саколік ты мой!..
    I спалохалася таго, што сказала, бо адхіснулася ад яго і прамовіла:
    — Пойдзем дадому! Ужо позна...
    Адась не ўпрашаў. Яму самому хацелася астацца аднаму, бо рваліся грудзі ад нахлынуўшых пачуццяў. Ён узяў яе за руку і сказаў:
    — Хадзем!
    Якраз спрыпнулі дзверы ў сенцах, і нечая постаць у белай хустцы высунулася на двор і стала разглядацца па баках. Мусіць, валачобнікі трокнуліся, што няма іх у хаце, і хтось цікавы выскачыў паглядзець. Адась з Зосяй спыніліся і нахіліліся пад страху ў цёмны бок. Але дзверы зноў стукнулі, і постаць у белай хустцы знікла.
    У хаце гарэў агонь. Праходзячы паўз вокны, Адась угледзеў, што ўсе валачобнікі былі каля стала. На стале гарэла газніца, пускаючы ўверх доўгі хвост чорнага дыму. Стол быў засланы белым абрусам, а на стале, каля газніцы, ляжалі яйкі, ахварбованыя ў розны колер. Найбольш было чырвоных, але відаць былі і белыя, напэўна, сырыя. За сталом сядзелі хлопцы і смалілі цыгаркі. Дзяўчаты стаялі. Двое хлопцаў, унурыўшыся за сталом, нешта лічылі. «Грошы, мусіць»,— падумаў Алесь.