• Газеты, часопісы і г.д.
  • Творы Апавяданні. Казкі. Артыкулы. Язэп Лёсік

    Творы

    Апавяданні. Казкі. Артыкулы.
    Язэп Лёсік

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 335с.
    Мінск 1994
    116.03 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    Міл яму ціхі гаёк каля лесу, любы зялёныя доўгія ніўкі; мілы лясы, пясчаныя выдзьмы, горы, вазёры, груды, сенажаці, люб яму й жоўты пясочак на ўласным беразе. Ды, як скованы думкай вечнай разлукі, пахаджае ён смутна па роднаму краю — усё разглядае, з усім размаўляе, усё ціха жагнае, моў, цяжка ўздыхае. Падыдзе, засмучаны, к цёмнаму лесу — сцішыцца, змоўкне, замрэ й абамлее, а потым завернецца — падасца ўперад ды знікне ў лесе. Там пагуляе, у цяньку сапачыне, пагамоніць задумліва з ёлкамі, соснамі, пазіхне, устрапянецца ды выбежыць у поле — заззяе, як срэбра, заблішчыць-засмяецца на сонцы ды разальецца ўстужкай па квяцістым лузе...
    I куды б ні забег ён, дзе б ні разліўся — скрозь, як пачэсная варта вяльможнага пана, бяжыць за ім услед і мігціцца абапал зялёна-купчастая пушча. Лозы, алешнік,
    касацісты дзягіль, ажыннік, маліннік, аер з ачаротам — усё пазрасталась, зліпла, сплялося і стаіць над вадою разгатай сцяною. Сумны вярбняк, пастаўшы ў радок, моў, тыя пратэсы ў азнаку пашаны, параскідаў галлё ва ўсе бакі і нахіліўся на ваду, а тонкае вецце яго пазвісала ўніз, як матчыны косы над дзіцячай калыскай. Чырвона каліна ірдзіцца на сонцы, трапечацца лісце асіны ў паветры, з кустоў выглядае пурышка і глядзіцца ў ваду, як красна дзяўчына крыёма ў люстэрка, а па ўзгорках — магутна, яе вежы, уздымаюцца ў неба дубы... Птушкі спяваюць, конікі граюць і пчолкі гудуць, як арганы, у паветры...
    I толькі вось там, дзе трапіцца плёса, дзе жоўтае поле пяску разляглося — толькі там гэта пушча, як чуйная варта нябогі, нібы расступаецца, застаецца пазаду як бы дзеля таго, каб Нёман пабегаў адзін, пагуляў на самоце ды каб потым ізноў абступіць, агарнуць, увабраць яго бокі ў зялёныя шаты...
    Ужо ў самым пачатку, з першых крокаў свае падарожы, Нёман не волен ад жыццёвых турботаў. Толькі парвуцца кайданы зімовай няволі, як слабым грудзям яго трэба ўжо напружацца і несці ў чужыну багацце і пыху роднага краю.
    1 ад самай вясны да халоднай восені плывуць ды ідуць жалобнай працэсіяй плыты: то нязграбныя, сухія і белыя, як чалавечыя косці, куртатыя згоны, то хмурныя і цёмныя, як маўчозна сінеючы навокала лес, дзябёлыя, лавак у трыццаць, важкія плыты. Ды толькі і чуеш, як з ранку да вечара магільнаю яхай раздаюцца выгукі каманды:
    «Тарнуй на барбару-у! За-кідай шыры-гу-у!»
    A то рахубны купец-скупяндзя махне, пасміхнуўшысь, рукой на забароны ды пусціць шарось*. Тагды чыстыя хвалі яго ўкрываюцца брудам, як чалавечыя грудзі каростай. А ўброд — ні прайсці ні праехаць; коні храпуць, рыкае ад страху жывёла, крычаць аж да поўначы качкі, гусі дамоў не прыходзяць, плача пастух, і чуюцца ўсюды праклёны...
    А часам спрадвесня, у поўную ваду з мэтай бадання, прыімчыцца аднекуль жывец-параход, загудзе, залапоча чырвонымі крыллямі, чмыхне, як бы праканаўшыся, што:
    «Квол яшчэ, браце,— не ўздымеш віціны!»
    А штотыдня, у чацвер, у погоду й нягоду, узімку і ўлетку, варочае нетры Нямніска скарбовы рыбак. Закінуўшы
    * Тут: сплаўны лес.
    волак і пабраўшы вяроўкі на плечы, ухаюць, пнуцца рыбакі-небаракі, стогнуць, ірвуцца з апошняе сілы, каб заможнае панства ў замку мела свежую рыбу да стала...
    Па-валачобнаму
    Ужо сцямнела, як Забрамны Адась вярнуўся дадому.
    Быў першы дзень Вялікадня, і ў хаце агню не было, як і ўсюды на сяле ў гэты вечар на Вялікдзень. Адась гэта ведаў, і калі вярнуўся дахаты, каб сядзець у цемнаце ў той час, як вуліцы кішэлі народам, то меў на гэта свае прычыны і вельмі важныя для яго, як для заўзятага гулякі ў біткі і семінарыста першага класу.
    На дварэ было цёмна, як у скляпенні. Каб не гамонка на прызбах, то можна было падумаць, што гэта не сяло, а так сабе, пустая сяліба сярод чыстага поля. Здавалася, што нехта ўзяў тоўстую дзяругу ды накрыў ёю ўвесь свет з галавою. Было так цёмна і чорна, як зажмурыўшы вочы. Толькі калі-нікалі бліскаў агоньчык на прызбах або іскрыўся праз вокны. Гэта курцы палілі цыгаркі, гуляючы ў біткі, а старыя дзядзькі, седзячы ў хатах, выкрасалі агонь на люлькі.
    Неба зацягнулася хмарамі, але было цёпла і ціха, як гэта часта трапляецца ў харошую вясновую ноч.
    Старыя людзі даўно ўжо паразыходзіліся з вуліц па хатах, і дома — хто спаў, хто курыў, а хто проста ляжаў ды паціху вёў гутарку. Адна моладзь была на вуліцах і гаманіла на прызбах, гуляючы ў біткі або рыхтуючыся ісці павалачобнаму. Дзяўчаты сядзелі асобна ад хлопцаў. He такі сёння дзень, каб дурэць з хлопцамі. I ў біткі яны не гулялі, бо не дзявочая гэта гульня. Але кожная трымала ў прыполе па чырвонаму яечку й у кожны момант гатова была стаць у прыгодзе свайму кавалеру, пазычыўшы яму свайго яйца, калі той прайграўся да апошняй біткі. He мяшаючыся ў хлопцавы гульні, дзяўчаты нецярпліва чакалі тае часіны, калі можна будзе распачаць валачобнае. Бо на ўсё свая пара, і звычай вымагае быць асцярожным, каб не нарабіць сабе сораму, распачаўшы справу не ў пору. Трэба даждацца і, прынамсі, упэўніцца, што усе гаспадары разышліся па хатах. Дык покі што яны сядзелі, чакаючы; пераходзі-
    лі з прызбы на прызбу ўдосвіткі адны да другіх, смяяліся, жартавалі ды раіліся паміж сабою, хто з кім пойдзе, якія спявацімуць песні, хто будзе гаварыць рацу і з каго, з якой вуліцы пачнуць валачобнае. Часам тая ці іншая, схапіўшы сяброўку за руку, падбягала да хлопцаў і пачынала тармашыць іх, што пара ўжо пачынаць — біткі ў лес не ўцякуць і ваўкі іх не з’ядуць. Паспеюць нацешыцца: хогііць часу нагуляцца й заўтра — Вялікдзень наперадзе! Хлопцы ж, мабыць, не спяшаліся, бо чуваць было, як рымсцілі дзяўчаты:
    — Ат, зараз, зараз! Ваша зараз, як жыдоўскае пач а к а й...
    Тым часам Адась, увайшоўшы ў хату, падышоў, растапырыўшы рукі да ашорстку, распрануўся, потым вобмацкам знайшоў сваю пасцель ды сеў. На душы было дрэнна, як дрэнна бывае ў роце, пракіслага з’еўшы. Гэта не жартачкі, прагуляць за адзін дзень усе свае яйцы і не выбіць ніводнае біткі! Вось каб не з’еў на разгавенні забабоннага скрыліка яйца, то не давялося б нават і пакаштаваць, які смак маюць яйцы. Але не аб тым ідзе, не ў спажыўнасці справа. Ліха б яго бяры, каб толькі гэта. Ён не ласун і не яец яму шкада. Тут — не так тая шкода, як невыгода... «Не такі б быў жаль, каб дзе ў ярыне, a то на моры, на сіняй вадзе»,— саўсім недарэчы ўспомніліся Адасю словы з песні. He шкада яец, а шкада таго, што наперадзе ўвесь Вялікдзень, а заўтра хоць на вуліцу не вытыкайся. Бо што ты маеш рабіць там з пустымі рукамі, калі распачнецца гульня яшчэ з большай заўзятасцю, як сягоння, і калі да гульні прыстануць і старыя гаспадары?!
    — А бадай табе ліха, бадай табе! — уздыхнуў Адась ды ўстаў. Потым са злосцю зноў сеў, раздзеўся і лёг. Лёг на задор, помствуючы і караючы сябе, каб такім парадкам стрымацца ды не пайці болей на вуліцу. Няхай кроіцца сэрца, няхай грызе зайздрасць, а ён на вуліцу не выйдзе. Узяў чорт кароўку, няхай бярэ й вяроўку! «На задор сабе лягу ды буду спаць»,— думаў Адась.
    Так пачуваў сябе хіба той ваявода, што паліў караблі, каб адрэзаць сабе сцежкі да адступлення...
    Тым часам ні спаць, ні ляжаць Адасю не хацелася і аставацца ў цёмнай хаце было не соладка, але ж і на вуліцы — яшчэ горшае згіненне! Таптацца каля прызбаў і моўчкі пазіраць і слухаць, як навакола сакочуць, мацуючы, яйцамі і задзірыста прыгаварваюць: «дзяржы! вярні! давай! дзякуй! » — не, дзякуй за ласку! Гэта ўсё роўна, як бы хто нагнаў на паляўнічага зайцоў ды выхваціў у яго
    з рук стрэльбу ў той момант, як ён злажыўся выстраліць... He, лепш ляжаць дома і нічога не бачыць. Нічога не зробіш! Лепшага ратунку нямашака. He купіў бацька шапкі — няхай вушы мёрзнуць! He па-валачобнаму ж хадзіць яму, будучаму настаўніку з усялякімі там падшывальцамі? He выпадае яму, семінарысту, валачыцца ў добрых людзей па падвоканню. Лепш ляжаць ды пастарацца заснуць, а заўтра відаць будзе,— разважаў ён у думках. Можа, хто ў госці надарыцца або што іншае начаўпецца. Здараецца часам, над’едуць неўспадзёўкі сваякі і навязуць столькі яец, што абдзеляць усіх чыста ў хаце. Ды якіх яец? He свойскіх, а апліканскіх, адмыслова моцных, як скалка.
    I, варочаючыся па пасцелі, Адась плюшчыў вочы, закрываўся з галавою і нават прабаваў лічыць да соткі, каб нагнаць на сябе сон. Але сон не йшоў, і Адась пачуваў, што такім парадкам можна пракачацца досвета, а заснуць не заснеш.
    — He шанцуе мне ў гульнях,— парашыў ён, перавярнуўшыся на другі бок. «Затое ў любошчах павязе»,— быццам пасміхнуўся хтосьці ў адказ. «Ат, глупства якое вярзецца!» — махнуў Адась галавою і перавярнуўся на стары бок. Аб дзяўчатах ён саромеўся думаць і лічыў, што гэта вельмі брыдка. Дзяўчат ён неяк баяўся і ніяк не мог зразумець, на якое ліха хлопцы ходзяць да дзяўчат і — што яны гавораць, зышоўшыся разам? Што тычыцца яго, то ён згарэў бы ад сораму, каб давялося застацца аднаму з дзяўчынаю, а што да гаворкі, то прасядзеў бы цэлы дзень, не мяльнуўшы губою. У яго б язык не павярнуўся загаварыць да дзяўчыны, не то што займацца жартамі. «А ім, мусі быць, няма чаго рабіць, калі трацяць час на такія групствы,— думаў Адась, напаткаўшы прыпадкам закаханую пару.— Хіба гэта гульня — аднаму, з дзяўчынаю на адзіноце?!» I слова «гульня» зноў навяло думкі на стары лад.
    Ужо змрокам выенчыў ён у маткі апошняе цэлае яйцо і прабіў. А матка не хацела даваць, ой як не хацела! «Пабойся ты,— кажа,— Бога, сынок! Усё ж роўна праб’еш, і ніхто дзякуй не скажа. Пералузаў ты, дзетка, сягоння з паўкапы,— сказала яна, даючы яйцо,— а ў мяне і валачобнікам не засталося. Хрышчоныя дзеткі няхай ужо выбачаюць. Хіба куры нанясуць да на Раданіцу пашлю...» Брыдка было браць, але ж гадалася, што пашанцуе нарэшце і можна будзе адгуляцца. Недарма ж бо кажуць: хто не рыскуе, той не зыскуе. Дык на табе! Прабіў у першай бойцы. I каму? Яўхіму Асьмаку, з каторым ён яшчэ летась за-
    ракаўся не гуляць у біткі ніколі. I не стрымаўся. Ды не такі б быў жаль, каб прабіў упростую, a то прамяняў, як той жыд басэтлю...
    I то ж хітры, гад гэты Асьмак, як вуж! Стаіць, звадыяш, панабіраўшы ў рукі яец, і падбухторвае:
    -— Дзяржы, пане Адаме! He ў яйцы ж мы, браце, радзіліся. Дрэфіш? Э-эх, брат! А яшчэ пан... кех-кех-кех! — і смяецца сваім паскудным дробным смехам, трасучы сваёю шырокаю, як кудзеля ў прасніцы, барадою. I чэрці яго ведаюць, як ён можа ўтрымаць у адной руцэ гэтулькі яец! Растапырыць пальцы, накладзе на далонь яек з дванаццаць — сырых і вараных, хварбованых і белых — ды тупае сабе каля прызбаў, сочучы ахвяры...