Творы замежнай літаратуры для дадатковага чытання ў 10—11 класах  Эрнэст Хемінгуэй, Райнер Марыя Рыльке

Творы замежнай літаратуры для дадатковага чытання ў 10—11 класах

Эрнэст Хемінгуэй, Райнер Марыя Рыльке
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 335с.
Мінск 2024
73.14 МБ
Стары чалавек плыў дзве гадзіны, спачываючы на карме, а часам жуючы кавалачак мяса марліна, імкнучыся адпачыць ды захаваць моц, калі заўважыў першую з дзвюх акул.
—	Ау,— сказаў ён уголас. Гэтае слова нельга перакласці, і, магчыма, яно ўсяго толькі міжвольны выгук, як у чалавека, калі цвік прабівае яму руку і ўваходзіць у дрэва.— Galanos1,— вымавіў ён.
Цяпер ён угледзеў другі плаўнік, што ўзнімаўся за першым, і пазнаў: тупаносыя акулы. Але, іхнія карычневыя трохкутныя плаўнікі ды імклівыя рухі хвастом. Яны чулі пах і, узбуджаныя, ашалелыя ад голаду і прагнасці, то гублялі яго, то зноў знаходзілі. Але набліжаліся няўхільна.
Стары чалавек трывала замацаваў шкот і заклініў стырно. Пасля ўзняў вясло з прывязаным да яго нажом. Стары чалавек падымаў вясло, дужа асцярожна трымаючы яго, бо рукам было балюча. Ен сашчапіў і расшчапіў на ім рукі, каб трохі размяць іх. Потым моцна сашчапіў іх, каб яны змірыліся з болем і не здрыгнуліся, ды назіраў, як падыходзяць акулы. Ен мог бачыць іхнія шырокія, трохі сплюшчаныя тупаносыя галовы і таксама шырокія грудныя плаўнікі з белымі кончыкамі. Гэта былі агідныя акулы, смярдзючыя, ахвотніцы да падлы і шчырыя забойцы, здатныя, калі галодныя, кусануць вясло або і стырно лодкі. Гэта былі аку-
1 Акулы, што нападаюць і на чалавека.
лы, што перакусваюць лапы і плаўнікі чарапахам, калі тыя спяць на паверхні, а галодныя нападаюць у вадзе на чалавека, нават калі ён анічуць не пахне рыбінай крывёй ці рыбінай сліззю.
— Ау,— вымавіў стары чалавек.— Galanos. Падыходзьце бліжэй, galanos.
Яны падышлі. Але не гэтак, як падыходзіла акула мака. Адна павярнулася і знікла з поля зроку, нырнуўшы пад човен, і стары чалавек адчуў, як той дрыжыць, калі акула пачала тузаць і шкуматаць рыбіну. Другая сачыла за старым чалавекам жоўтымі шчылінамі вачэй, а пасля шпарка падплыла, ашчэрыўшы паўкруг пашчы, каб хапануць там, дзе ад рыбіны ўжо быў адкушаны кавалак. Была выразна відаць лінія, што бегла ад макаўкі галавы на спіну, лінія, дзе злучаліся галаўны мозг і спінны, і стары чалавек усадзіў нож на вясле ў гэтае злучэнне. Выцягнуў і загнаў той зноў, у жоўтыя кашэчыя вочы акулы. Акула адхінулася ад рыбіны і слізганула ўніз, у апошнія свае хвілі глытаючы тое, што ўхапіла.
Човен дрыжаў, як і раней, другая акула пад ім распраўлялася з рыбінай. Стары чалавек адпусціў шкот, каб човен павярнуў бокам і акула апынулася навідавоку. Калі стары чалавек убачыў акулу, ён перагнуўся цераз борт і садануў у яе нож. Ен зачапіў ім толькі мяса, скура ў акулы была гэткая цвёрдая, што ён ледзь уткнуў нож. Ад гэтага ўдару ў яго забалелі не толькі рукі, але і плячо. Акулу ж цягнула ўгору, яна борзда вытыркнула з мора галаву, і стары чалавек урэзаў нажом акурат у сярэдзіну пляскатай макаўкі галавы, калі акулін нос, высунуўшыся з вады, торкнуўся ў рыбіну. Стары чалавек выцягнуў лязо і ўбіў яго ў акулу дакладна ў гэтае месца зноў. Тая па-ранейшаму вісела на рыбіне, сцяўшы сківіцы, і тады стары чалавек усадзіў нож у акулава левае вока. Акула вісела тамсама.
— He? — сказаў стары чалавек і загнаў нож паміж хрыбеткамі і мозгам. Ен пацэліў лёгка і ўдала, і адчуў, што расцяў храсток. Стары чалавек, перавярнуўшы вясло, засунуў лапатку паміж сківіцамі акулы, каб адкрыць ёй пашчу. Ен крутануў вяслом і, калі акула адклеілася ад рыбіны, сказаў:
— Ідзі, galano. Правальвайся на глыбіню ў цэлую мілю. Ідзі ў адведкі да свае сяброўкі, а мо гэта твая матка?
Стары чалавек выцер лязо нажа і паклаў вясло. Пасля ён знайшоў канец шкота і, калі ветразь напоўніўся ветрам, павёў човен ранейшым курсам.
— Яны ўхапілі не менш за чвэрць, прытым самага найлепшага мяса,— сказаў стары чалавек.— Лепш бы гэта быў сон, і я ніколі не зачапіў яго на кручок. Мне вельмі шкада, рыба. Усё сапсавалася.
Ён прымоўк, ён не хацеў болып нават глядзець на рыбіну. Абяскроўленая, абмываная вадой, тая мела цяпер серабрысты, як адваротны бок люстра, колер, адно палосы былі, як раней, ліловыя.
—	Я не павінен быў так далёка заплываць, рыба,— сказаў ён.— Гэта не пайшло на карысць ні мне, ні табе. Я вельмі шкадую, рыба.
«Так,— сказаў ён сам сабе,— Правер, ці вяроўка на нажы цэлая. Пасля прывядзі да ладу сваю руку, бо яшчэ будзе работа».
—	Каб я тут меў брусок навастрыць нож,— сказаў стары чалавек, агледзеўшы вяроўку на рукаятцы вясла.— Варта было захапіць брусок.
«Варта было захапіць шмат рэчаў,— падумаў ён.— Але ты, дзед, не ўзяў іх. А цяпер не час разважаць пра тое, чаго ты не маеш. Думай, як выкруціцца, карыстаючыся тым, што ў цябе тут ёсць».
—	Ты вельмі шчодра даеш мне парады,— сказаў ён услых.— Я стаміўся ад іх.
Човен ішоў наперад, а ён — з румпелем пад пахай — мачыў абедзве рукі ў вадзе.
—	Аднаму Богу вядома, колькі тая апошняя акула ўзяла мяса,— сказаў стары чалавек.— Цяпер рыбіна куды лягчэйшая.
Яму не хацелася думаць пра знявечаны рыбін ніз. Стары чалавек ведаў, што кожны дрогкі акулін штуршок — гэта яшчэ адзін адарваны кавалак мяса і што рыбіна цяпер пакідае след шырокі, як шаша, для ўсіх акул у акіяне.
«Гэта была рыбіна, што карміла б чалавека ўсю зіму,— падумаў ён,— He займайся шкадаваннем. Адпачывай і пастарайся захаваць рукі ў належнай форме, каб абараніць тое, што ад яго засталося. Mae рукі пахнуць крывёю, але цяпер гэта не мае ніякага значэння: вада прасякнутая пахам крыві. Ды
яны не надта і крывавяць. Няма ніводнага сур’ёзнага парэзу. Апроч таго, дзякуючы кровацячэнню, дасць бог, не здранцвее мая левая рука.
Пра што мне думаць цяпер? — задаў ён сабе пытанне.— A ні пра што. Увогуле не думай ды чакай наступных акул. Як было б добра, калі б гэта напраўду быў сон. Але хто і што калі ведаў? Магло ж атрымацца і ўдала».
Наступная, тупаносая акула прыйшла адзінцом. Яна прысунулася, не раўнуючы, як свіння да карыта, калі б, вядома, свіння мела рот гэткай шырыні, што можна было ўсунуць туды галаву. Стары чалавек дазволіў ёй хапянуць за рыбіну і тут жа ўвагнаў ёй у мазгі прымацаваны да вясла нож. Але акула рванулася назад, перавальваючыся на спіну, і лязо нажа трэснула.
Стары чалавек уладкаваўся стырнаваць. Ён нават не назіраў за тым, як вялізная акула паволі танула: напачатку яе можна было бачыць у натуральную велічыню, пасля акула сталася невялікая, і ўрэшце маленькая... Гэта заўжды дужа займала яго, але не цяпер.
— Што праўда, у мяне ёсць бусак,— сказаў ён.— Але якая ад яго карысць. Яшчэ ў мяне ёсць два вяслы, і румпель, і кароткая дубінка.
«Вось акулы мяне і адужалі,— падумаў ён.— Занадта я стары, каб іх батожыць да смерці. Але буду імкнуцца рабіць гэта, пакуль мецьму вёслы, дубінку і румпель».
Ён зноў сунуў рукі ў гаючую ваду. Бралася на вечар, цяпер ён бачыў толькі мора ды неба. Вецер быў мацнейшы, як paHeft, і тут ён стаў спадзявацца, што неўзабаве ўгледзіць сушу.
— Ты стаміўся, старэча,— сказаў ён.— Уся твая істота стамілася.
Акулы атакавалі яго толькі перад самым світанкам.
Стары чалавек убачыў карычневыя плаўнікі ўздоўж таго шырокага следу ў вадзе, які ўтварала рыбіна. Акулы не проста рыскалі, учуўшы рыбін пах, а напралом бок у бок шыбавалі да чоўна.
Ён заклініў стырно, замацаваў шкот і пацягнуўся па дубінку, што ляжала пад кармой. To быў адпілаваны ад зламанага вясла кавалак дзяржальна даўжынёю футаў два з паловай. Ён мог яго ўжыць толькі адною рукою, бо вясло мела
адмысловую ручку, за якую ён і ўхапіўся ды стаў размінаць пальцы правай рукі, здымаць з іх здранцвеласць, назіраючы, як набліжаюцца акулы. Абедзве яны былі galanos.
«Няхай першая добра возьмецца за рыбіну, а тады я гваздану ёй па кончыку носа або па кумпалу, па самай макаўцы»,— вырашыў стары чалавек.
Дзве акулы падплылі разам, і, убачыўшы, як найбліжэйшая да яго разявіла пашчу і ўсадзіла зубы ў срэбны бок рыбіны, ён высока падняў дубінку і трахнуў што было моцы па макаўцы ейнай шырокай галавы. Стары чалавек адчуў усё роўна як гумавую трываласць скуры, калі палка апусцілася на акулаву галаву. I яшчэ ён адчуў цвёрдасць косці і заехаў зноў, на гэты раз па кончыку носа, калі акула адліпла ад рыбіны і слізганула ўніз.
Другая акула ўжо завітвала сюды, а потым знікла, але цяпер з’явілася ізноўку, шырока разявіўшы пашчу. Стары чалавек мог бачыць белыя шматкі рыбінага мяса, што вывальваліся з ейнае пашчы. Накінуўшыся на рыбіну, акула сцяла сківіцы. Ен размахнуўся і стукнуў палкай, але трапіў толькі па галаве. Акула, зірнуўшы на яго, ірванула кавалак мяса. Стары чалавек замахнуўся зноў, калі акула слізганула ўбок праглынуць тое, што ўхапіла, і адчуў трывалую цвёрдую гуму.
— Падыдзі сюды, galano,— сказаў стары чалавек.— Давай, падыходзь зноў.
Акула памкнула да марліна, і стары чалавек гваздануў па ёй, калі тая ўжо закрыла пашчу. Ен лупануў з усяе сілы, падняўшы дубінку як найвышэй. На гэты раз ён адчуў косць каля асновы мозгу і зноўку стукнуў па ёй. Акула ж, млява адарваўшы ад рыбіны кавалак мяса, слізганула ўніз.
Стары чалавек пільнаваў, калі акула выплыве, але ніводная не паказалася. Пасля ён угледзеў, як адна з іх кружыць ля паверхні. Плаўніка другой не было відаць.
«Я і не спадзяваўся забіць іх,— падумаў ён.— У свой час я здатны быў зрабіць гэта. Але моцна параніў абедзвюх, цяпер і яны пачуваюцца досыць кепска. Калі б я мог узяцца за дубінку аберуч, дык першую забіў бы напэўна. Нават цяпер»,— падумаў ён.
Яму не хацелася пазіраць на рыбіну. Ён ведаў што аж палова яе знішчана. Сонца зайшло, пакуль ён змагаўся з акуламі.
— Хутка будзе цёмна,— сказаў ён.— I тады я павінен убачыць сполыск Гаваны. Калі я заплыў надта далёка на ўсход, то ўгледжу агні аднаго з новых пляжаў.
«Наўрад ці я заплыў занадта далёка,— падумаў ён,— Спадзяюся, ніхто там асабліва не хвалюецца. Вядома, апроч хлопчыка. Але ведаю, ён упэўнены, што я вярнуся. Шмат якія дарослыя рыбакі будуць непакоіцца. I многія іншыя таксама,— дадаў ён у думках,— Я жыву ў добрым горадзе».
Ён быў не ў стане больш гутарыць з рыбінай, ані, занадта жудасна была тая абгрызена. Але ў галаву яму прыйшла думка, і ён сказаў:
— Напаловурыбіна! Або: рыбіна, як цябе звалі раней? Я шкадую, што забраўся гэтак далёка. Я не збярог цябе і зруйнаваны сам. Але за свой век мы забілі багата акул — ты і я, і мноства знявечылі. Колькі табе давялося ўходаць, старэча-рыбіна? Нездарма ж ты маеш гэтую піку на сваёй галаве.