Творы замежнай літаратуры для дадатковага чытання ў 10—11 класах  Эрнэст Хемінгуэй, Райнер Марыя Рыльке

Творы замежнай літаратуры для дадатковага чытання ў 10—11 класах

Эрнэст Хемінгуэй, Райнер Марыя Рыльке
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 335с.
Мінск 2024
73.14 МБ
Яму падабалася думаць пра марліна, як той расправіўся б з акулай, калі б вольна плаваў у моры. «Мне варта было адсячы ад яго дзюбу, каб ёю біцца з акуламі»,— падумаў ён. Але ж не было ні сякеркі, ні нажа.
«Калі б я што-небудзь меў ды патрапіў прымацаваць дзюбу да рукаяткі вясла, якая гэта была б зброя! Тады б мы пазмагаліся разам. А што ты будзеш рабіць, калі яны прыплывуць уначы? Што ж ты можаш рабіць?»
— Змагацца з імі,— адказаў ён.— Пакуль не сканаю.
Але ў тым змроку, калі не было ні сполыску, ні агнёў, адно вецер, што напінаў ветразь, безупынна і нязменна, яму раптам здалося, што ён памёр. Ён склаў рукі разам, прыціснуў далонь да далоні. Яны не былі мёртвыя, і ён мог адчуць боль жыцця, папросту сціскаючы і расціскаючы свае далоні. Ён прыхіліўся спінай да кармы і ўпэўніўся: ён не мёртвы. Ягоныя плечы сказалі яму пра гэта.
«Я маю прачытаць усе тыя малітвы, што паабяцаў, калі злаўлю рыбіну,— прыгадаў ён.— Але я занадта знясілены чытаць іх цяпер. Лепей вазьму мяшок ды акрыю плечы».
3 Зак. 960
Ён ляжаў на карме і стырнаваў, і ўсё глядзеў на неба: калі ж на ім з’явіцца водбліск агнёў? «У мяне засталася толькі яго палова,— падумаў ён.— Быць мо, мне пашанцуе і я прывязу пярэднюю частку рыбіны. Павінна ж мне хоць трохі пашанцаваць. Не,— сказаў ён.— Ты зглуміў свой шанц, заплыўшы занадта далёка».
— Ды глупства,— запярэчыў ён уголас.— He драмі ды стырнуй сабе. Яшчэ, можа, уга як пашчасціць.
— Хацеў бы я купіць трохі гэтага шчасця, калі б дзе-небудзь прадавалі,— сказаў ён.
— Але за што я купіў бы яго? — спытаўся ён у сябе.— Ці змог бы я яго купіць за згублены гарпун і зламаны нож ды за пару недалужных паабдзіраных рук?
— Магло стацца, што ты купіў бы яго,— адказаў ён.— Ты намагаўся зрабіць гэта восемдзесят чатыры дні ў моры. I табе ледзь не прадалі яго.
«Не затлумлівай галаву лухтой,— падумаў ён.— Шчасце завітвае ў розных абліччах, і хто пазнае яго? I ўсё ж я набыў бы трошкі шчасця ў любым ягоным кшталце, заплаціўшы колькі трэба. А жадаў бы я ўбачыць сполыск ад агнёў,— падумаў ён,— Увогуле я жадаю надта многа чаго, але цяпер менавіта гэтага». Ён пастараўся ўсесціся так, каб было найзручней стырнаваць, і, адчуўшы боль, уведаў, што ён не мёртвы.
Стары чалавек убачыў адбіты ў акіяне водбліск агнёў горада тады, калі было, пэўна, гадзін дзесяць вечара. Напачатку ледзьве прыкметны, як святло, што бывае на небе перад узыходам месяца, водбліск стаўся пасля выразна бачны на паверхні акіяна, па якім вятрыска гнаў хвалі. Ён стырнаваў на гэтае зарыва і меркаваў, што неўзабаве будзе край плыні.
«Усё скончана,— думаў стары чалавек.— Праўдападобна, яны зноў нападуць на мяне. Але што проці іх можа зрабіць чалавек у цемры і без зброі?»
Скалелы, ён адчуваў сябе хворым, а ягоныя раны і найбольш натруджаныя часткі цела нылі на холадзе. «Усё ж я спадзяюся, што не давядзецца змагацца зноў,— падумаў ён.— Як я хачу спадзявацца на гэта!»
Але апоўначы ён змагаўся, хоць на гэты раз ведаў: змаганне бескарыснае. Яны з’явіліся гуртам, і ён мог угледзець
толькі лініі, што крэслілі па вадзе плаўнікі, ды фосфарыстае свячэнне, якое сыходзіла ад акул, калі яны накінуліся на рыбіну. Ен лупасіў тых па галовах і чуў, як іхнія сківіцы адсякаюць кавалкі мяса і як скаланаецца човен, калі акулы спадыспаду шматуюць рыбіну. Стары чалавек адчайна лупасіў па тым, што ён толькі адчуваў і чуў, але не бачыў, і раптам тое штосьці схапіла дубінку, і больш яе не было.
Вырваўшы румпель са стырна, ён біў і цяў ім, трымаючы той аберуч, перыў акул зноў і зноў. Але яны падабраліся ўжо да носа лодкі, налятаючы на рыбіну то паасобку, то гурмой, ірвучы кавалкі мяса, і стары чалавек бачыў, як тыя кавалкі блішчалі ўнізе ў вадзе, калі акулы заварочваліся, каб рвануць сваю ахвяру яшчэ раз.
Нарэшце адна падплыла і ўсадзіла зубы ў галаву рыбіны, і стары чалавек падумаў: усё, па змаганні. Ен гваздануў румпелем туды, дзе акуліны зубы завязлі ў цвёрдай галаве марліна, не могучы тую пашкуматаць. Стары чалавек стукнуў раз, два і тры разы. Ен пачуў, як трэснуў румпель, і тады памкнуў наперад з расшчэпленым дзяржальнам. Адчуўшы, як той працяў мяса акулы, і ведаючы вастрыню ягоную, стары чалавек загнаў дзяржальна ў акулу ізноў. Тая, пакінуўшы рэшткі свае ахвяры, павалюхала ад чоўна. Гэта была апошняя акула з гурта, які прыходзіў. Больш ім не было чаго есці.
Стары чалавек з цяжкасцю дыхаў і адчуваў у роце дзіўную нейкую, з прысмакам медзі саладжавасць. На момант ён устрывожыўся, але саладжавасці гэтай было небагата.
Ен сплюнуў у акіян і сказаў:
— Ешце гэта, galanos, і хай вам трызніцца, што вы забілі чалавека.
Ен разумеў, што разбіты канчаткова і непапраўна, і пайшоў назад на карму. Уставіўшы ў адтуліну стырна няроўны зламаны канец румпеля, ён пераканаўся, што зможа больш-менш няблага кіраваць стырном. Стары чалавек акрыў мяшком плечы і ўзяў ранейшы курс. Цяпер ён плыў лёгка, а ў галаве ягонай не было ані пачуццяў, ані думак. Нічога ўжо яго не абыходзіла, і ён вёў свой човен дадому, да прыстані, пільна і ўмела, як толькі мог. Уночы акулы накідваліся на шкілет, усё адно як прыбіралі са стала крошкі. Стары чалавек не зважаў ні на іх, ні на што яшчэ, апрача стырнавання. Ён адно
заўважыў, як лёгка і плаўна кіруе цяпер човен, калі побач з ім няма вялізнага цяжару.
«Яна спраўная1,— падумаў ён.— Цэлая і зусім не пашкоджаная, калі не лічыць румпеля. Але той няцяжка змяніць».
Стары чалавек адчуваў, што цяпер ён усярэдзіне плыні, адсюль яму былі відаць агні паселішчаў уздоўж берага. Стары чалавек ведаў, дзе ён, адгэтуль было рукой падаць дадому.
«Вецер — вось хто наш сябра,— падумаў ён.— Часамі,— дадаў ён.— I вялікае мора з нашымі прыяцелямі і ворагамі, і пасцель. Пасцель будзе найвялікшай асалодай. Як лёгка пераможанаму,— падумаў ён,— Я ніколі не ведаў гэтага. I што ж цябе перамагло?» — задаў ён сабе пытанне.
— Ды нічога,— вымавіў ён уголас.— Проста я занадта далёка заплыў.
Калі ён заходзіў у маленькую бухту, агні на «Тэрасе» ўжо не гарэлі, і ён ведаў: усе спяць. Вятрыска доўга набіраў сілу і цяперака моцна дзьмуў. Аднак у гавані было спакойна, і ён падплыў да малой лапіны галькі пад скаламі. Навокал не было нікога, каб яму дапамагчы, дык ён і павеславаў як мага далей. Пасля ён выйшаў з лодкі ды прывязаў яе да скалы.
Стары чалавек выцягнуў мачту, скруціў ветразь і завязаў яго. Узваліўшы мачту на плечы, пачаў караскацца ўгору. Толькі тады ён уведаў усю глыбіню свае стомы. Стары чалавек прыпыніўся на момант і зірнуў назад, і ўбачыў у водбліску вулічнага святла вялізны хвост рыбіны, што ўздымаўся за кармой чоўна. Ён убачыў белую голую лінію ягонай хрыбетніцы, цёмную масу галавы, з якой тырчала дзюба, усю галізну рэшты.
Стары чалавек стаў караскацца зноў, але каля вяршыні ўзгорка ўпаў і колькі часу ляжаў, з мачтай на плячы. Ен намагаўся ўстаць, але гэта было яму не па сіле, і ён сядзеў тамака, трымаючы мачту на плячы, ды пазіраў на дарогу. Кот шмыгнуў на далёкім схіле ўзгорка, спяшаючыся па нейкіх сваіх справах, стары чалавек паназіраў за ім. А потым вочы ягоныя глядзелі на дарогу.
1 Для старога чалавека човен — разумная істота жаночага роду.
Урэшце стары чалавек паклаў мачту на дол і ўстаў. Падняў мачту, узваліў на плячо і папхнуўся па дарозе ўгору. Ён мусіў пяць разоў сядаць аддыхвацца, пакуль дабраўся да свайго жытла.
У халупе ён прыставіў мачту да сцяны, у цемры адшукаў бутэльку з вадой і трохі глынуў з яе. Пасля ўлёгся на ложак. Стары чалавек нацягнуў коўдру на сябе і заснуў, лежачы тварам на газетах, выпрастаўшы рукі далонямі ўгору.
Ен спаў, калі хлопчык зазірнуў раніцою ў дзверы. Дзьмула гэтак моцна, што на дрэйфуючых лодках' нельга было выходзіць у мора, і хлопчык позна спаў, а пасля прыйшоў, як і кожнае раніцы, у хаціну старога чалавека.
Увачавідкі пераканаўшыся, што стары чалавек дыхае, хлопчык убачыў ягоныя рукі і заплакаў. Ён асцярожна выйшаў з халупы, каб прынесці старому чалавеку трохі кавы, і ўсю дарогу, ідучы, плакаў.
Багата рыбакоў стоўпілася вакол чоўна, разглядаючы тое, што было да яго прывязана. Адзін, закасаўшы порткі, залез у ваду і мераў шкілет кавалкам шнура.
Хлопчык не спусціўся ўніз. Ен пабываў там раней, і адзін з рыбакоў па ягонай просьбе глядзеў за лодкай.
— Як ён маецца? — нехта з гурту гукнуў хлопчыку.
— Спіць,— абазваўся той. Хлопчык не саромеўся, што людзі бачаць, як ён плача.— Хай ніхто яго не турбуе.
— Ейная даўжыня ад носа да хваста была васямнаццаць футаў,— апавясціў рыбак, які мераў шкілет.
— ЕІэўна ж,— адказаў хлопчык. Ён прыйшоў да «Тэрасы» і папрасіў бляшанку кавы.
— Гарачай, і каб у ёй было многа малака і цукру.
— Што-небудзь яшчэ?
— He. Потым пабачым, што ён мог бы з’есці.
— Якая была рыбіна! — сказаў карчмар.— Свет гэткае не бачыў. Тыя дзве, што ты злавіў учора, таксама нічога.
— Да д’ябла мае рыбы! — сказаў хлопчык і зноў пачаў плакаць.
1 Лодкі з адмысловымі сеткамі, у якія падчас прыліву заплывае рыба.
— Можа, вып’еш якога трунку?
— Не,— адмовіўся хлопчык.— Скажы, каб не турбавалі Сант’яга. Я яшчэ прыйду.
— Перадай, я вельмі яму спачуваю.
— Дзякуй,— адказаў хлопчык.
Ён занёс гарачую бляшанку кавы ў халупу старога чалавека і сядзеў там, каля яго, пакуль той не прачнуўся. Аднаго разу хлопчыку здалося, што стары чалавек прачынаецца. Але ён зноў упаў у цяжкі сон, і хлопчык хадзіў цераз дарогу пазычыць трохі дроў, каб падагрэць каву.
Нарэшце стары чалавек прачнуўся.
— He, не сядай,— сказаў хлопчык,— Выпі гэта.— Ён наліў крыху кавы ў шклянку.
Стары чалавек узяў шклянку і выпіў.
— Яны пабілі мяне, Маналін,— сказаў ён.— Ушчэнт пабілі мяне.
— He ён пабіў цябе. He марлін.
— He. Сапраўды не. Гэта здарылася потым.
— ІІедрыка глядзіць за лодкай і начыннем. Што ты мяркуеш зрабіць з галавою?
— Хай Педрыка пасячэ яе ды скарыстае ў пастках на рыбу.
— А кап’ё?
— Вазьмі сабе, калі хочаш.
— Хачу,— сказаў хлопчык.— А зараз нам трэба яшчэ сёетое вырашыць.
— Ці шукалі мяне?
— Шукалі. Берагавая варта і самалёты.
— Акіян — ён надта вялікі, а човен — малы, яго цяжка ўгледзець,— сказаў стары чалавек. Ён заўважыў, як гэта прыемна — мець суразмоўцу, а не проста гаварыць сам з сабою ды з морам,— Мне бракавала цябе,— сказаў ён,— А што ты ўлавіў?