• Газеты, часопісы і г.д.
  • Творы замежнай літаратуры для дадатковага чытання ў 10—11 класах  Эрнэст Хемінгуэй, Райнер Марыя Рыльке

    Творы замежнай літаратуры для дадатковага чытання ў 10—11 класах

    Эрнэст Хемінгуэй, Райнер Марыя Рыльке

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 335с.
    Мінск 2024
    73.14 МБ
    РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ
    Мы прыехалі ў Мілан раніцай, і нас выгрузілі на таварнай станцыі. Санітарны аўтамабіль павёз мяне ў амерыканскі шпіталь. Лежачы ў аўтамабілі на насілках, я не мог вызначыць, па якіх вуліцах мы едзем, але, калі насілкі выцягнулі, я ўбачыў рынкавую плошчу і адчыненыя дзверы закусачнай, адкуль дзяўчына вымятала смецце. Вуліцу палівалі, і пахла раніцай. Санітары паставілі насілкі на зямлю і ўвайшлі ў дом.
    Потым яны вярнуліся разам са швейцарам. Швейцар быў з сівымі вусамі, у фуражцы з галунамі, але без ліўрэі. Насілкі не змяшчаліся ў кабіне ліфта, і яны паспрачаліся, што лепш: зняць мяне з насілак і падняць на ліфце ці несці на насілках па лесвіцы. Мяне сталі падымаць з насілак.
    — Асцярожней,— сказаў я,— асцярожней.
    У кабіне было цесна, і, калі мае ногі сагнуліся, мне стала вельмі балюча.
    — Выпрастайце мае ногі,— сказаў я.
    — Нельга, signor tenente. He хапае месца.
    Чалавек, які сказаў гэта, падтрымліваў мяне адной рукой, а я яго абхапіў за шыю. Яго дыханне данесла да мяне металічны пах часныку і чырвонага віна.
    — Ты акуратней,— сказаў другі санітар.
    — А што я, хіба не акуратна?
    — Акуратней, кажуць табе,— паўтарыў другі, той, што трымаў мае ногі.
    Я ўбачыў, як зачыніліся дзверы кабіны, з грукатам зачынілася рашотка, і швейцар націснуў кнопку чацвёртага паверха. У швейцара быў заклапочаны выгляд. Ліфт марудна пайшоў угару.
    — Цяжка? — спытаў я чалавека, ад якога пахла часныком.
    — Нічога,— сказаў ён. На твары ў яго выступіў пот, і ён крактаў. Ліфт падымаўся ўсё вышэй і нарэшце спыніўся. Чалавек, які трымаў мае ногі, адчыніў дзверы і выйшаў. Мы апынуліся на пляцоўцы. На пляцоўку выходзіла некалькі дзвярэй з меднымі ручкамі. Чалавек, які трымаў мае ногі, націснуў кнопку. Мы пачулі, як за дзвярыма затрашчаў званок. Ніхто не адгукнуўся. Потым па лесвіцы падняўся швейцар.
    — Дзе яны? — спыталі санітары.
    — He ведаю,— сказаў швейцар,— Яны спяць унізе.
    — ІТаклічце каго-небудзь.
    Швейцар пазваніў, потым пастукаўся, потым адчыніўдзверы і ўвайшоў. Калі ён вярнуўся, за ім ішла сталая жанчына ў акулярах. Валасы яе былі раскудлачаныя, і прычоска раскідалася, яна была ў форме сястры міласэрнасці.
    — Я не разумею,— сказала яна.— Я не разумею па-італьянску.
    — Я гавару па-англійску,— сказаў я.— Трэба ўладкаваць мяне куды-небудзь.
    — Ніводная палата не гатова. Мы яшчэ нікога не чакалі.
    Яна старалася падабраць валасы і блізарука жмурылася на мяне.
    — Пакажыце, куды мяне пакласці.
    — He ведаю,— сказала яна,— Мы нікога не чакалі. Я не магу пакласці вас абы-куды.
    — Усё роўна куды,— сказаў я. Потым звярнуўся да швейцара па-італьянску: — Знайдзіце вольны пакой.
    — Яны ўсе вольныя,— сказаў швейцар— Вы тут першы паранены.— Ён трымаў фуражку ў руцэ і глядзеў на пажылую сястру.
    — Ды пакладзіце вы мяне куды-небудзь, Хрыстом Богам прашу! — Боль у сагнутых нагах усё мацнеў, і я адчуваў, як ён наскрозь пранізвае косці. Швейцар знік за дзвярыма разам з сівой сястрой і хутка вярнуўся,— Ідзіце за мной,— сказаў ён.
    Мяне панеслі па доўгім калідоры і ўнеслі ў пакой са спушчанымі шторамі. У ім пахла новай мэбляй. Каля сцяны стаяў ложак, у куце — вялізная люстраная шафа. Мяне паклалі на ложак.
    — Я не магу даць прасціну,— сказала жанчына,— яны ўсе пад замком.
    Я не стаў гаварыць з ёй.
    — У мяне ў кішэні грошы,— сказаў я швейцару.— У той, што зашпілена на гузік.
    Швейцар дастаў грошы. Абодва санітары стаялі каля парога з шапкамі ў руках.
    — Дайце ім абодвум па пяць лір і пяць лір вазьміце сабе. Mae паперы ў другой кішэні. Можаце аддаць іх сястры.
    Санітары ўзялі пад казырок і выйшлі.
    — Вось,— сказаў я сястры,— гэта мая картачка і гісторыя хваробы.
    Жанчына ўзяла паперы і паглядзела на іх праз акуляры. Папер было тры, і яны былі складзеныя.
    — Я не ведаю, што рабіць,— сказала яна.— Я не ўмею чытаць па-італьянску. Я нічога не магу зрабіць без распараджэння доктара.— Яна расплакалася і ўсунула паперы ў кішэню фартуха.— Вы амерыканец? — спытала яна скрозь слёзы.
    — Так. Пакладзіце, калі ласка, паперы на столік каля ложка.
    У пакоі было цемнавата і халаднавата. 3 ложка мне было відаць вялікае люстэрка ў шафе, але не было відаць, што ў ім адбівалася. Швейцар стаяў у нагах ложка. У яго быў добры твар, і сам ён здаваўся мне таксама добрым.
    — Вы можаце ісці,— сказаў я яму.— I вы таксама,— сказаў я сястры.— Як вас зваць?
    — Місіс Уокер.
    — Ідзіце, місіс Уокер. Я паспрабую заснуць.
    Я застаўся ў пакоі адзін. У ім было халаднавата і не пахла бальніцай. Матрац быў тугі і зручны, і я ляжаў не варушачыся, амаль не дыхаючы, радуючыся, што боль сціхае. Па нейкім часе мне захацелася піць, і я знайшоў у галавах грушу званка і пазваніў, але ніхто не з’явіўся. Я заснуў.
    Прачнуўшыся, я агледзеўся. Праз аканіцы прабівалася сонечнае святло. Я ўбачыў вялікі гардэроб, голыя сцены і два крэслы. Mae ногі ў брудных бінтах, як палкі, тырчалі на ложку. Я стараўся не кратаць імі. Мне хацелася піць, і я пацягнуўся да званка і націснуў на кнопку. Я пачуў, як адчыніліся дзверы, і азірнуўся, і ўбачыў сястру, не ўчарашнюю, а іншую. Яна здавалася мне маладой і прыгожанькай.
    — Добры дзень,— сказаў я.
    — Дабрыдзень,— сказала яна і падышла да ложка.— Нам не ўдалося выклікаць доктара. Ен паехаў на Кома. Мы не ведалі, што сёння прывязуць каго-небудзь. А што ў вас?
    — Я паранены. Абодва калены і ступні, і галава таксама закранута.
    — Як вас зваць?
    — Генры, Фрэдэрык Генры.
    — Я зараз памыю вас. Але павязак мы не можам чапаць да прыходу доктара.
    — Скажыце, а міс Барклі тут?
    — He. У нас такой няма.
    — Што гэта за жанчына, якая плакала, калі мяне прывезлі?
    Сястра рассмяялася.
    — Гэта місіс Уокер. Яна дзяжурыла ноччу і заснула. Яна не думала, што каго-небудзь прывязуць.
    Размаўляючы, яна распранула мяне, і калі зняла ўсё, апрача павязак, то стала мяне мыць, вельмі проста і спрытна. Мыццё мяне асвяжыла. Галава была забінтавана, але яна абмыла ўсюды вакол бінта.
    — Дзе вас параніла?
    — На Ізонца, на поўнач ад Плавы.
    — Дзе гэта?
    — На поўнач ад Гарыцыі.
    Я бачыў, што ўсе гэтыя назвы ёй нічога не гавораць.
    — Вам вельмі баліць?
    Яна ўклала мне градуснік у рот.
    — Італьянцы ставяць пад паху,— сказаў я.
    — He размаўляйце.
    Выняўшы градуснік, яна паглядзела, якая тэмпература, і адразу стрэсла.
    — Якая тэмпература?
    — Вам не трэба гэта ведаць.
    — Скажыце якая.
    — Амаль нармальная.
    — У мяне ніколі не падымаецца тэмпераіура. А ў маіх нагах гэтулькі старога жалеза.
    — He разумею.
    — Там і асколкі міны, і старыя цвікі, і спружыны ад матраца, і ўсялякі хлам.
    Яна пакруціла галавой і ўсміхнулася.
    — Калі б у вашай назе было хоць адно пабочнае цела, яно дало б запаленне і ў вас паднялася б тэмпература.
    — А вось пабачым,— сказаў я,— пабачым, што дастануць падчас аперацыі.
    Яна выйшла з пакоя і вярнулася разам з пажылой сястрой, якая дзяжурыла ноччу. Удваіх яны паслалі мне прасціну, не падымаючы мяне. Гэта было для мяне новым і зроблена вельмі спрытна.
    — Хто загадвае шпіталем?
    — Міс Ван-Кампен.
    — Колькі тут сясцёр?
    — Толькі мы дзве.
    — А больш не будзе?
    — Павінны прыехаць яшчэ.
    — А калі?
    — He ведаю. Хвораму нельга быць такім цікаўным.
    Я не хворы,— сказаў я.— Я паранены.
    Яны далі рады з ложкам, і я ляжаў цяпер на свежай, чыстай прасціне, накрыты другой такой жа. Місіс Уокер выйшла і вярнулася з піжамай у руках. Яны нацягнулі яе на мяне, і я адчуў сябе апранутым і вельмі чыстым.
    — Вы вельмі ласкавыя,— сказаў я. Сястра, якую звалі міс Гэйдж, усміхнулася,— Я хацеў бы папрасіць шклянку вады.
    — Калі ласка. А потым можна і паснедаць.
    — Я не хачу снедаць. Калі можна, я папрасіў бы адчыніць аканіцы.
    У пакоі быў паўзмрок, і калі аканіцы адчыніліся, яго напоўніла яркае сонечнае святло, і я ўбачыў балкон і за ім дахоўку і коміны. Я паглядзеў вышэй дахаў і ўбачыў белыя воблакі і вельмі блакітнае неба.
    — Вы не ведаеце, калі павінны прыехаць іншыя сёстры?
    — А што? Хіба вы не задаволеныя нашым доглядам?
    — Вы вельмі ласкавая.
    — Мо вам патрэбны падсоў?
    — Магчыма.
    Яны прыўзнялі мяне і падтрымалі, але гэта выявілася бескарысным. Потым я ляжаў і глядзеў у адчыненыя дзверы на балкон.
    — Калі павінен прыйсці доктар?
    — Як толькі вернецца. Мы тэлефанавалі на Кома, каб ён прыехаў.
    — Хіба няма іншых дактароў?
    — Ен наш шпітальны доктар.
    Міс Гэйдж прынесла графін з вадой і шклянку. Я выпіў тры шклянкі, і потым яны абедзве пайшлі, і я нейкі час глядзеў у акно і потым зноў заснуў. Другі сняданак я з’еў, а пасля снедання да мяне зайшла загадчыца, міс Ван-Кампен. Я ёй не спадабаўся, і яна не спадабалася мне. Яна была маленькага росту, дробязна падазроная і надзьмутая фанабэрыяй. Яна задала мне мноства пытанняў і, відаць, лічыла амаль ганьбай службу ў італьянскай арміі.
    — Ці можна мне на абед віна? — спытаў я.
    — Толькі па прадпісанні доктара.
    — А да яго прыходу нельга?
    — Hi ў якім выпадку.
    — Вы думаеце, што ён усё-ткі з’явіцца?
    — Яму тэлефанавалі.
    Яна пайшла, і ў пакой вярнулася міс Гэйдж.
    — Навошта вы нагрубілі міс Ван-Кампен? — спытала яна, пасля таго як вельмі спрытна зрабіла для мяне ўсё, што трэба.
    — Я не хацеў грубіць, але яна вельмі задзірае нос.
    — Яна сказала, што вы патрабавальны і грубы.
    — Нічога падобнага. Але, насамрэч, што за шпіталь без доктара?
    — Ен павінен прыехаць. Яму тэлефанавалі на Кома.
    — А што ён там робіць? Купаецца ў возеры?
    — He, у яго там клініка.
    — Чаму ж не возьмуць іншага доктара?
    — Ці-і-ха. Будзьце разумненькім, і ён хутка прыедзе.
    Я папрасіў паклікаць швейцара і, калі ён пайшоў, сказаў яму па-італьянску, каб ён купіў мне бутэльку чынцана ў віннай краме, пляшку к’янці і вячэрнюю газету. Ен пайшоў і прынёс бутэлькі, загорнутыя ў газету, разгарнуў іх, адкаркаваў на маю просьбу і паставіў пад ложак. Больш да мяне ніхто не прыходзіў, і я ляжаў у ложку і чытаў газеіу, навіны з фроніу і спісы забітых афіцэраў і атрыманых імі ўзнагарод, а пасля апусціў руку ўніз і дастаў бутэльку з чынцана, і паставіў яе халодным дном сабе на жывот, і піў патрошку, і паміж глыткамі зноў ставіў бутэльку на жывот, адціскаючы колцы на скуры, і глядзеў, як неба над гарадскімі дахамі становіцца цямнейшым і цямнейшым. Над дахамі ляталі ластаўкі і ляталі начныя ястрабы, і я сачыў за іх палётам і піў чынцана. Міс Гэйдж прынесла мне гогаль-могаль у шклянцы. Калі яна ўвайшла, я схаваў бутэльку пад ложак.