• Газеты, часопісы і г.д.
  • Творы замежнай літаратуры для дадатковага чытання ў 10—11 класах  Эрнэст Хемінгуэй, Райнер Марыя Рыльке

    Творы замежнай літаратуры для дадатковага чытання ў 10—11 класах

    Эрнэст Хемінгуэй, Райнер Марыя Рыльке

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 335с.
    Мінск 2024
    73.14 МБ
    — Шкада, што мяне там не было, а то я паглядзеў бы, як у вас кідалі лаўкамі,— сказаў Эторэ,— Вы ж не ўмееце спяваць па-італьянску.
    — Ен дурненькі,— сказаў Эдгар Саўндэрс.— Кідаць лаўкамі — нічога больш разумнага ён не можа прыдумаць.
    — Нічога больш разумнага публіка не можа прыдумаць, калі вы спяваеце,— сказаў Эторэ.— А потым вы вяртаецеся ў Амерыку і расказваеце пра свае трыумфы ў Ла Скала. Ды вас пасля першай жа ноты выгналі б з Ла Скала.
    — Я буду спяваць у Ла Скала,— сказаў Сіманс.— У кастрычніку я буду спяваць у «Тосцы».
    — Давядзецца схадзіць, Мак,— сказаў Эторэ віцэ-консулу,— Ім можа спатрэбіцца абарона.
    — Мо амерыканская армія паспее на абарону іх,— сказаў віцэ-консул,— Хочаце яшчэ шклянку, Сіманс? Саўндэрс, яшчэ шклянку?
    — Давайце,— сказаў Саўндэрс.
    — Кажуць, вы атрымліваеце срэбны медаль,— сказаў мне Эторэ,— А як вас прадставілі — за якія заслугі?
    — He ведаю. Я яшчэ наагул не ведаю, ці атрымаю.
    — Атрымаеце. Ах, д’ябал, што будзе з дзяўчатамі ў «Кова»! Яны падумаюць, што вы адзін забілі дзве сотні аўстрыйцаў або захапілі цэлы акоп. Запэўніваю вас, я за свае адзнакі чэсна папрацаваў.
    — Колькі іх у вас, Эторэ? — спытаў віцэ-консул.
    — У яго ўсе, якія толькі бываюць,— сказаў Сіманс.— Гэта ж дзеля яго вядзецца вайна.
    — Я быў прадстаўлены двойчы да бронзавага медаля і тройчы да срэбнага,— сказаў Эторэ,— Але атрымаў толькі адзін.
    — А што здарылася з астатнімі? — спытаў Сіманс.
    — Аперацыі няўдала скончыліся,— сказаў Эторэ.— Калі аперацыі канчаюцца няўдала, медалёў не даюць.
    — Колькі разоў вы былі паранены, Эторэ?
    — Тры разы цяжка. У мяне тры нашыўкі за раненні. Вось, глядзіце,— Ён гтацягнуў уверх сукно рукава. Нашыўкі — паралельныя срэбныя палоскі на чорным фоне — былі настрочаныя на рукаў дзюймаў на восем ніжэй пляча.
    — У вас жа таксама ёсць адна,— сказаў мне Эторэ,— Запэўніваю вас, гэта вельмі добра — мець нашыўкі. Я лічу за лепшае мець іх, чым медалі. Запэўніваю вас, тры такія штучкі — гэта ўжо нештачка. Каб атрымаць хоць адну, трэба тры месяцы праляжаць у шпіталі.
    — Куды вы былі паранены, Эторэ? — спытаў віцэ-консул.
    Эторэ закасаў рукаў.
    — Вось сюды.— Ён паказаў доўгі чырвоны гладкі рубец.— Потым сюды, у нагу. Я не магу паказаць, таму што гэта пад абмоткай; і яшчэ ў ступню. У назе змярцвеў кавалачак косці, і ад яго дрэнна пахне. Штораніцу я выбіраю адтуль асколкі, але пах не праходзіць.
    — Чым гэта вас? — спытаў Сіманс.
    — Ручной гранатай. Такая штука накшталт таўкачыка для бульбы. Так і знесла кавалак нагі з аднаго боку. Вам гэтыя таўкачыкі знаёмыя? — Ён павярнуўся да мяне.
    — Вядома.
    — Я бачыў, як гэты мярзотнік кінуў яе,— сказаў Эторэ,— Мяне збіла з ног, і я ўжо думаў, што песенька спета, але ад гэтых таўкачыкаў, наагул, малая карысць. Я застрэліў мярзотніка з вінтоўкі. Я заўсёды нашу вінтоўку, каб нельга было пазнаць, што я афіцэр.
    — Які ў яго быў выгляд? — спытаў Сіманс.
    — I толькі адна граната была ў мярзотніка,— сказаў Эторэ.— He ведаю, навошта ён яе кінуў. Напэўна, ён даўно чакаў выпадку кінуць гранату. Напэўна, ніколі не бачыў сапраўднага бою. Я паклаў мярзотніка на месцы.
    — Які ў яго быў выгляд, калі вы яго застрэлілі? — спытаў Сіманс.
    — Адкуль я ведаю? — сказаў Эторэ.— Я выстраліў яму ў жывот. Я баяўся прамахнуцца, калі буду страляць у галаву.
    — Даўно вы ў афіцэрскім чыне, Эторэ? — спытаў я.
    — Два гады. Я хутка буду капітанам. А вы даўно ў чыне лейтэнанта?
    — Трэці год.
    — Вы не можаце быць капітанам, бо вы дрэнна ведаеце італьянскую мову,— сказаў Эторэ.— Размаўляць вы ўмееце, але чытаеце і пішаце дрэнна. Каб быць капітанам, трэба мець адукацыю. Чаму вы не пераходзіце ў амерыканскую армію?
    — Мо і перайду.
    — Я таксама нічога супраць не меў бы. Колькі атрымлівае амерыканскі капітан, Мак?
    — He ведаю. Здаецца, каля двухсот пяцідзесяці долараў.
    — Ах, д’ябал! Чаго толькі не зробіш за дзвесце пяцьдзясят долараў. Пераходзілі б хутчэй у амерыканскую армію, Фрэд. Можа, і мяне туды ўладкуеце.
    — Ахвотна.
    — Я ўмею камандаваць ротай па-італьянску. Мне лёгка навучыцца і па-англійску.
    — Вы будзеце генералам,— сказаў Сіманс.
    — He, для генерала я вельмі мала ведаю. Генерал павінен ведаць процьму ўсякіх рэчаў. Малойчыкі накшталт вас заўсёды ўяўляюць, што вайна — пустая справа. У вас не хапіла б кемнасці нават для капрала.
    — Дзякуй богу, мне гэта і не патрэбна,— сказаў Сіманс.
    — Мо яшчэ спатрэбіцца. Вось як прызавуць усіх такіх абібокаў... Ах, д’ябал, хацеў бы я, каб вы абодва трапілі ў мой узвод. Мак таксама. Я зрабіў бы вас сваім веставым, Мак.
    — Вы слаўны хлопец, Эторэ,— сказаў Мак.— Але баюся, што вы мілітарыст.
    — Я буду палкоўнікам яшчэ да заканчэння вайны,— сказаў Эторэ.
    — Калі толькі вас не заб’юць раней.
    — He заб’юць,— Ен дакрануўся вялікім і ўказальным пальцамі да зорачак на каўняры,— Бачылі, што я зрабіў? Заўсёды трэба дакрануцца да зорачак, калі хто-небудзь гаворыць пра смерць на вайне.
    — Ну, пайшлі, Сім,— сказаў Саўндэрс, устаючы.
    — Паехалі.
    — Да пабачэння,— сказаў я.— Мне таксама пара,— Гадзіннік у бары паказваў без чвэрці шэсць.— Сіао, Эторэ.
    — Сіао, Фрэд,— сказаў Эторэ.— Гэта здорава, што вы атрымаеце срэбны медаль.
    — He ведаю, ці атрымаю.
    — Абавязкова атрымаеце, Фрэд. Я чуў, што вы абавязкова атрымаеце яго.
    — Ну, да пабачэння,— сказаў я,— Глядзіце, не патрапце ў бяду, Эторэ.
    — He хвалюйцеся за мяне. Я не п’ю. Я не забулдыга і не бабнік. Я ведаю, што добра і што дрэнна.
    — Да пабачэння,— сказаў я.— Я рады, што вам прысвояць капітана.
    — Мне не давядзецца проста так чакаць чыну. Я стану капітанам за баявыя заслугі. Вы ж ведаеце. Тры зорачкі са скрыжаванымі шпагамі і каронай зверху. Вось гэта і ёсць я.
    — Усяго добрага.
    — Усяго добрага. Калі вы вяртаецеся на фронт?
    — Хутка.
    — Яшчэ пабачымся.
    — Да пабачэння.
    — Да пабачэння. He хварэйце.
    Я пайшоў па завулку, адкуль праз прахадны двор можна было выйсці да шпіталя. Эторэ было дваццаць тры. Ен вырас у дзядзькі ў Сан-Францыска і прыехаў пагасцяваць да бацькоў у Турын, калі абвясцілі вайну. У яго была сястра, якая разам з ім выхоўвалася ў амерыканскага дзядзькі і сёлета павінна была скончыць педагагічны каледж. Ён быў з тых стандартызаваных герояў, якія на ўсіх наганяюць нуду. Кэтрын яго цярпець не магла.
    — У нас таксама ёсць героі,— гаварыла яна,— але ведаеш, мілы, яны звычайна больш ціхія.
    — Мне ён не перашкаджае.
    — Мне таксама, але ён вельмі ганарысты, і ён наганяе на мяне нуду, нуду, нуду.
    — Ён і на мяне наганяе нуду.
    — Ты гэта гаворыш для мяне, мілы. Але ў гэтым няма патрэбы. Можна ўявіць яго на фронце, і, відаць, ён там добра робіць сваю справу, але я такіх хлапчукоў не люблю.
    — He варта звяртаць на яго ўвагу.
    — Гэта ты зноў для мяне гаворыш, і я буду старацца, каб ён мне спадабаўся, але, праўда, ён брыдкі, брыдкі хлапчук.
    — Ён сёння гаварыў, што будзе капітанам.
    — Як добра! — сказала Кэтрын,— Ён, напэўна, вельмі задаволены.
    — Ці хацела б ты, каб у мяне бьгў вышэйшы чын?
    — He, мілы. Я толькі хачу, каб у цябе быў такі чын, каб нас пускалі ў добрыя рэстараны.
    — Для гэтага ў мяне дастаткова высокі чын.
    — У цябе выдатны чын. Я зусім не хачу, каб у цябе быў вышэйшы чын. Гэта магло б ускружыць табе галаву. Ах, мілы, я так рада, што ты не славалюбны. Я ўсё адно выйшла б за цябе, калі б нават ты быў славалюбны, але гэта так добра, калі муж не славалюбны.
    Мы размаўлялі ціха, седзячы на балконе. Час быў узысці месяцу, але над горадам быў туман, і ён не ўзышоў, і потым пачало імжыць, і мы ўвайшлі ў пакой. Туман перайшоў у дождж, і трохі пазней дождж паліў вельмі моцна, і мы чулі, як ён барабаніць па даху. Я ўстаў і падышоў да дзвярэй, каб паглядзець, ці не залівае ў пакой, але выявілася, што не, і я пакінуў дзверы адчыненымі.
    — Каго ты бачыў яшчэ? — спытала Кэтрын.
    — Містара і місіс Меерс.
    — Дзіўная яны пара.
    — Кажуць, што на радзіме ён сядзеў у турме. Яго выпусцілі, каб ён мог памерці на свабодзе.
    — 1 з таго часу ён шчасліва жыве ў Мілане?
    — He ведаю, ці шчасліва.
    — Дастаткова шчасліва пасля турмы.
    — Яна збіраецца сюды з падарункамі.
    — Яна прывозіць цудоўныя падарункі. Ты, вядома, таксама яе мілы хлопчык?
    — А як жа.
    — Вы ўсе яе мілыя хлопчыкі,— сказала Кэтрын.— Яна асабліва любіць мілых хлопчыкаў. Чуеш — дождж.
    — Моцны дождж.
    — А ты мяне ніколі не перастанеш кахаць?
    He.
    — I гэта нічога, што дождж?
    — Нічога.
    — Як добра. А то я баюся дажджу.
    — Чаму?
    Мяне хіліла на сон. За акном упарта ліў дождж.
    — He ведаю, мілы. Я заўсёды баялася дажджу.
    — Я люблю дождж.
    — Я люблю гуляць пад дажджом. Але для кахання гэта дрэнная прыкмета.
    — Я цябе заўсёды буду кахаць.
    — Я цябе буду кахаць, і калі дождж, і калі снег, і калі град, і... што яшчэ бывае?
    — He ведаю. Нешта мне спаць хочацца.
    — Спі, мілы, а я ўсё адно буду кахаць цябе.
    — Ты насамрэч баішся дажджу?
    — Калі я з табой, не.
    — Чаму ты баішся?
    — He ведаю.
    — Скажы.
    — He прымушай мяне.
    — Скажы.
    He.
    — Скажы.
    — Ну, добра. Я баюся дажджу, бо мне здаецца, што я памру, калі будзе ісці дождж.
    — Што ты!
    — Часам мне здаецца, што ты памрэш.
    — Вось гэта болып падобна да праўды.
    — Зусім не, мілы. Бо я магу цябе абараніць. Я ведаю, што магу. Але сабе нічым не дапаможаш.
    — Перастань, калі ласка. Я сёння не хачу слухаць вар’яцкія шатландскія глупствы. Нам не так шмат засталося быць разам.
    — Што ж рабіць, калі я шатландка і вар’ятка. Але я перастану. Гэта ўсё глупства.
    — Так, гэта ўсё глупства.
    — Гэта ўсё глупства. Гэта толькі глупства. Я не баюся дажджу. Ах, Божухна, Божа, калі б я магла не баяцца!
    Яна плакала. Я стаў суцяшаць яе, і яна перастала плакаць. Але дождж усё ішоў.
    РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАТЫ
    Неяк аднойчы па абедзе мы паехалі на скачкі. 3 намі былі Фергюсон і Кроуэл Роджэрс, той самы, што быў паранены ў вочы пры разрыве дыстанцыйнай трубкі. Пакуль дзяўчаты апраналіся, мы з Роджэрсам сядзелі на ложку ў яго пакоі і праглядалі ў спартыўным лістку справаздачу пра апошнія скачкі і імёны магчымых пераможцаў. У Кроуэла была забінтавана ўся галава, і ён вельмі мала цікавіўся скачкамі, але пастаянна чытаў спартыўны лісток і сачыў за ўсімі коньмі. Ен гаварыў, што ўсе коні — страшэнная дрэнь, але лепшых тут няма. Стары Меерс любіў яго і даваў яму парады. Меерс заўсёды выйграваў, але не любіў даваць парады, бо гэта памяншала выдачу. На скачках было шмат жульніцтва. Жакеі, якіх выгналі з усіх іпадромаў свету, працавалі ў Італіі. Парады Меерса заўсёды былі добрыя, але я не любіў пытацца ў яго, бо ён часам не адказваў увогуле, а калі адказваў, было відаць, што яму вельмі не хочацца гэтага рабіць, але з нейкіх прычынаў ён лічыў сваім абавязкам падказваць нам, і Кроуэлу ён падказваў з найменшай неахвотай, чым іншым. У Кроуэла былі пашкоджаныя вочы, адно вока вельмі сур’ёзна, і ў Меерса таксама было штосьці дрэнна з вачыма, і таму ён любіў Кроуэла. Меерс ніколі не гаварыў жонцы, на якога каня ён ставіць, і яна то выйгравала, то прайгравала, часцей прайгравала, і ўвесь час балбатала.