• Газеты, часопісы і г.д.
  • Творы замежнай літаратуры для дадатковага чытання ў 10—11 класах  Эрнэст Хемінгуэй, Райнер Марыя Рыльке

    Творы замежнай літаратуры для дадатковага чытання ў 10—11 класах

    Эрнэст Хемінгуэй, Райнер Марыя Рыльке

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 335с.
    Мінск 2024
    73.14 МБ
    Аднойчы, калі я ляжаў хворы на жаўтуху, міс Ван-Кампен увайшла ў пакой, адчыніла дзверцы гардэроба і ўбачыла пустыя бутэлькі. Я толькі што паслаў швейцара вынесці цэлае бярэмя бутэлек, і, напэўна, яна бачыла, як ён выходзіў з імі, і прыйшла паглядзець, ці няма яшчэ. Больш за ўсё было бутэлек з-пад вермуту, бутэлек з-пад марсалы, бутэлек з-пад капры, парожніх пляшак з-пад к’янці і некалькі бутэлек з-пад каньяку. Швейцар вынес самыя вялікія бутэлькі, тыя, у якіх быў вермут, і аплеценыя саломай пляшкі з-пад к’янці, а бутэлысі з-пад каньяку ён пакінуў пад канец. Тыя бутэлькі, што знайшла міс Ван-Кампен, былі з-пад каньяку, і адна бутэлька, у выглядзе мядзведзя, была з-пад кюмеля. Бутэлькамядзведзь асабліва раззлавала міс Ван-Кампен. Яна ўзяла яе ў рукі. Мядзведзь сядзеў на задніх лапах, падняўшы пярэднія, у
    яго шкляной галаве быў корак, а да дна прычапіліся некалькі ліпкіх крышталікаў. Я засмяяўся.
    — Тут быў кюмель,— сказаў я.— Самы лепшы кюмель прадаюць у такіх бутэльках-мядзведзях. Яго прывозяць з Расіі.
    — Гэта ўсе бутэлькі з-пад каньяку, калі не памыляюся? — спытала міс Ван-Кампен.
    — Я адсюль не бачу,— сказаў я.— Але верагодна, што так.
    — Колькі часу гэта працягваецца?
    — Я сам купляў іх і прыносіў сюды,— сказаў я.— Мяне часта наведвалі італьянскія афіцэры, і я трымаў каньяк, каб частаваць іх.
    — Але самі вы не пілі?
    — Сам таксама піў.
    — Каньяк! — сказала яна.— Адзінаццаць парожніх бутэлек з-пад каньяку і гэта мядзведжая вадкасць.
    — Кюмель.
    — Зараз я прышлю каго-небудзь, каб іх прыбралі. Болей у вас няма парожніх бутэлек?
    — Пакуль што няма.
    — А я яшчэ шкадавала вас, калі вы захварэлі на жаўтуху. Шкадаваць вас — гэта марна шкадаваць.
    — Дзякуй вам.
    — Я магу зразумець, што вам не хочацца вяртацца на фронт. Але вы маглі б прыдумаць што-небудзь больш дасціпнае, чым выклікаць у сябе жаўтуху спажываннем алкаголю.
    — Чым?
    — Спажываннем алкаголю. Вы вельмі добра чулі, што я сказала,— Я маўчау— Баюся, што, калі вы не прыдумаеце чаго-небудзь яшчэ, вам давядзецца адправіцца на фронт, як толькі пройдзе ваша жаўтуха. He думаю, каб пасля знарочыстай жаўтухі давалі адпачынак для папраўкі здароўя.
    — Вы не думаеце?
    — He думаю.
    — Вы калі-небудзь хварэлі на жаўтуху, міс Ван-Кампен?
    — He, але я часта назірала гэтую хваробу.
    — Вы заўважылі, якое задавальненне ад яе ў хворых?
    — Магчыма, гэта лепш, чым фронт.
    — Міс Ван-Кампен,— сказаў я,— вы калі-небудзь бачылі чалавека, які, каб пазбегнуць воінскай павіннасці, ударыў бы сам сябе ў машонку?
    Міс Ван-Кампен прапусціла пытанне міма вушэй. Яна павінна была або прапусціць яго міма вушэй, або пайсці з майго пакоя. Ісці ёй не хацелася, бо яна неўзлюбіла мяне ўжо даўно і цяпер рыхтавалася паквітацца са мной.
    — Я бачыла шмат людзей, якія ратаваліся ад фронту наўмысным членашкодніцтвам.
    — Рэч не ў тым. Наўмыснае членашкодніцтва я і сам бачыў. Я спытаў, ці бачылі вы калі-небудзь чалавека, які, каб пазбегнуць воінскай павіннасці, стукнуў бы сабе нагой у машонку? Таму што гэтае адчуванне бліжэй за ўсё да жаўтухі, і я думаю, што не многія жанчыны ведаюць пра гэта. Вось я і спытаў, ці была ў вас калі-небудзь жаўтуха, міс Ван-Кампен, бо...
    Міс Ван-Кампен выйшла з пакоя. Крыху пазней увайшла міс Гэйдж.
    — Што вы сказалі Ван-Кампен? Яна разгневалася.
    — Мы параўналі розныя адчуванні. Я выказаў меркаванне, што ёй ніколі не даводзілася нараджаць...
    — Вы вар’ят,— сказала Гэйдж.— Яна гатова садраць з вас скуру жыўцом.
    — Яна яе ўжо садрала,— сказаў я.— Яна праваліла мой адпачынак, а цяпер, напэўна, захоча падвесці мяне пад палявы суд. Ад яе можна дачакацца.
    — Яна заўсёды вас недалюблівала,— сказала Гэйдж.— A праз што ў вас пачалося?
    — Яна гаворыць, што я знарок дапіўся да жаўтухі, каб не вяртацца на фронт.
    — Фу,— сказала Гэйдж.— Я прысягну, што вы ніколі кроплі ў рот не бралі. Усе прысягнуць, што вы ніколі кроплі ў рот не бралі.
    — Яна знайшла бутэлькі.
    — Сто разоў я вам гаварыла: трэба прыбіраць гэтыя бутэлькі. Дзе яны?
    — У гардэробе.
    — У вас ёсць чамадан?
    — Няма. Усуньце ў гэты заплечнік.
    Міс Гэйдж спакавала бутэлькі ў заплечнік.
    — Я аддам іх швейцару,— сказала яна, кіруючыся да дзвярэй.
    — Адну хвілінку,— сказала міс Ван-Кампен,— Гэтыя бутэлькі забяру я.— 3 ёю быў швейцар.— Вазьміце гэта, калі ласка,— сказала яна.— Я хачу паказаць іх доктару.
    Яна пайшла па калідоры. Швейцар панёс заплечнік. Ён ведаў, што ў ім.
    Нічога не здарылася, толькі прапаў мой адпачынак.
    РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ТРЭЦІ
    Тым вечарам, калі я павінен быў ехаць на фронт, я паслаў швейцара на вакзал заняць мне месца ў вагоне, як толькі цягнік прыйдзе з Турына. Цягнік адыходзіў апоўначы. Састаў фарміраваўся ў Турыне і каля паловы адзінаццатай прыбываў у Мілан і стаяў каля перона да самага адыходу. Каб атрымаць месца, трэба было трапіць на вакзал раней, чым прыедзе цягнік. Швейцар узяў з сабой сябра, кулямётчыка ў адпачынку, які працаваў у кравецкай майстэрні, і быў упэўнены, што ўдвух ім удасца заняць мне месца. Я даў ім грошай на перонныя білеты і загадаў захапіць мой багаж. У мяне быў вялікі заплечнік і дзве паходныя торбы.
    Каля пятай гадзіны я развітаўся ў шпіталі і выйшаў. Швейцар ужо занёс мой багаж да сябе ў швейцарскую, і я сказаў, што буду на вакзале каля апоўначы. Яго жонка назвала мяне «signorino» і заплакала. Пасля выцерла вочы, патрэсла маю руку і заплакала зноў. Я пагладзіў яе па плячы, і яна заплакала яшчэ раз. Гэта была нізенькая, пухлая, сівая жанчына з добрым тварам. Яна заўсёды цыравала мне шкарпэткі. Калі яна плакала, у яе быццам распаўзаўся твар. Я пайшоў у бар і стаў чакаць, гледзячы ў акно. На вуліцы было цёмна, і холадна, і туманна. Я заплаціў за шклянку кавы з грапай і глядзеў, як міма ідуць людзі ў паласе святла ад акна. Я ўбачыў Кэтрын і пастукаў у акно. Яна зірнула, убачыла мяне і ўсміхнулася, і я выйшаў насустрач ёй. На ёй быў цёмна-сіні плашч і мяккі фетравы капялюшык. Мы разам пайшлі па тратуары міма вінных крамаў, пасля праз рынкавую плошчу і далей па вуліцы і, прайшоўшы пад аркай, выйшлі на саборную плошчу. Яе
    перасякалі трамвайныя пуці, а за імі быў сабор. Ён быў белы і мокры ў тумане. Мы перайшлі цераз рэйкі. Злева ад нас былі крамы з асветленымі вітрынамі і ўваход у Galleria. Над плошчай туман гусцеў, і сабор зблізку быў вельмі вялікі, а мур сцен мокры.
    — Зойдзем?
    — Не,— сказала Кэтрын.
    Мы пайшлі далей. У цені аднаго з контрфорсаў стаяў салдат з дзяўчынай, і мы прайшлі міма іх. Яны стаялі, ушчыльную прыціснуўшыся да сцяны, і ён накрыў яе сваім плашчом.
    — Яны падобныя да нас,— сказаў я.
    — Ніхто не падобны да нас,— сказала Кэтрын. Яна думала не пра радаснае.
    — Ім нават пайсці няма куды.
    — Мо для іх так лепей.
    — He ведаю. Усё-ткі трэба, каб у кожнага было куды пайсці.
    — У іх ёсць сабор,— сказала Кэтрын.
    Мы ўжо мінулі яго. Мы дайшлі да краю пляцоўкі і азірнуліся на сабор. Ён быў прыгожы ў тумане. Мы стаялі перад крамаю скураных вырабаў. У вітрыне былі боты для верхавой язды, заплечнік і п’ексы. Усё гэта было раскладзена паасобку: заплечнік пасярэдзіне, боты з аднаго боку, п’ексы — з другога. Скура была цёмная, гладкая і блішчала, як на пацёртым сядле. Электрычнае святло кідала доўгія блікі на цьмяна-бліскучую скуру.
    — Калі-небудзь мы з табой паедзем на лыжах.
    — Праз два месяцы пачынаецца лыжны сезон у Мюрэне,— сказала Кэтрын.
    — Давай паедзем туды.
    — Давай,— сказала яна. Мы прайшлі ўздоўж іншых вітрын і павярнулі ў завулак.
    — Я тут ні разу не была.
    — Гэтай дарогай я заўсёды хадзіў у Ospedale Maggiore,— сказаў я.
    Завулак быў вузкі, і мы ішлі з правага боку. У густым тумане сустракалася шмат людзей. Ва ўсіх крамах, міма якіх мы праходзілі, былі асветленыя вокны. Мы загледзеліся на піраміду сыру ў адным акне. Перад збройнай крамай я спыніўся.
    — Зойдзем на хвілінку. Мне трэба нешта купіць.
    Што?
    — Пісталет.
    Мы ўвайшлі, і я адшпіліў свой пояс і разам з пустой кабурой паклаў яго на прылавак. За прылаўкам стаялі дзве жанчыны. Яны паказалі мне некалькі пісталетаў.
    — Мне трэба, каб ён падыходзіў па размеры,— сказаў я, адшпільваючы кабуру. Кабура была шэрая, скураная, я купіў яе выпадкова, каб насіць у горадзе.
    — А гэта добрыя пісталеты? — спытала Кэтрын.
    — Усе яны прыкладна аднолькавыя. Можна паспрабаваць вось гэты? — спытаў я ў жанчын.
    — Тут у нас цяпер няма дзе страляць,— сказала яна.— Але ён вельмі добры. Вы не пашкадуеце.
    Я спусціў курок і адцягнуў затвор. Спружына была даволі тугая, але дзейнічала спраўна. Я прыцэліўся і зноў спусціў курок.
    — Ен не новы,— сказала жанчына.— Ён належаў аднаму афіцэру, першакласнаму стралку.
    — А куплены быў у вас?
    — Так.
    — Як ён зноў трапіў да вас?
    — Праз веставога гэтага афіцэра.
    — Мо і мой у вас,— сказаў я — Колькі?
    — Пяцьдзясят лір. Гэта вельмі танна.
    — Добра. Дайце мне яшчэ дзве запасныя абоймы і скрынку патронаў.
    Яна дастала абоймы і патроны з-пад прылаўка.
    — Мо вам патрэбна шабля? — спытала жанчына,— У мяне ёсць шаблі, вельмі танна.
    — Я еду на фронт.
    — А-а-а, тады вам не патрэбна шабля,— сказала яна.
    Я заплаціў за патроны і пісталет, зарадзіў абойму і ўставіў яе на месца, паклаў пісталет у пустую кабуру, набіў патронамі абедзве запасныя абоймы і схаваў іх у скураныя кішэнькі кабуры, потым надзеў пояс і зашпіліў яго. Цяжар пісталета адцягваў пояс. Усё-ткі, падумаў я, зброя форменнага ўзору лепшая. Заўсёды можна знайсці патроны.
    — Цяпер мы ў поўным узбраенні,— сказаў я.— Гэта адзінае, што мне трэба было зрабіць да ад’езду. Нехта забраў мой стары, калі мяне адпраўлялі ў шпіталь.
    — Каб толькі ён быў добры,— сказала Кэтрын.
    — Мо вам яшчэ што-небудзь трэба? — спытала жанчына.
    — Здаецца, не.
    — Пісталет са шнурам.
    — Так, я заўважыў.
    Жанчыне хацелася прадаць яшчэ што-небудзь.
    — Мо вам патрэбен свісток?
    — Здаецца, не.
    Жанчына сказала «да пабачэння», і мы выйшлі на вуліцу. Кэтрын паглядзела ў акно. Жанчына выглянула і пакланілася нам.
    — Што гэта за люстэрачка ў драўлянай аправе?
    — Гэта каб прывабліваць птушак. 3 такім люстэркам выходзяць у поле, жаўрукі лятуць на бляск, тут іх і забіваюць.
    — Вынаходлівы народ італьянцы,— сказала Кэтрын.— У вас, у Амерыцы, жаўрукоў не страляюць, мілы, праўда?
    — Хіба што выпадкова.