• Газеты, часопісы і г.д.
  • У нерушы дзікай прыроды  Вячаслаў Стома

    У нерушы дзікай прыроды

    Вячаслаў Стома

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 382с.
    Мінск 2001
    92.4 МБ
    Калі страх трохі прайшоў, сомік зноў падняўся
    на паверхню, але набліжацца да плёса ўсё ж асцерагаўся. Пабольвалі пацёртыя гарачым шурпатым пяском бакі і рухацца было нават цяжкавата. Тады сомік зноў нырнуў на глыбіню, дзе ля вялізнага слізкага карча адпачываў яго мажны сом-бацька, і пяшчотна прыхінуўся да яго гладкага цела. Той марудна павёў мяккім шырокім плаўніком і прыкрыў ім зверху зморанае дзіцяня. Сомік нечакана для сябе заснуў і прабыў у гэткім стане да самай раніцы, нават не заўважыў, калі вярнуліся “дахаты” яго шматлікія браты і сястрычкі.
    Раніцою ад стомы і болю не засталося і знаку, і сомік разам з такімі ж, як сам, шустрымі родзічамі пачаў шукаць, што б ухапіць на сняданак. Малыя непаседы, прывучаныя з “пялёнак”, настырна закружыліся вакол старога сома, патрабуючы ад яго бацькоўскай увагі і клопату. Закапаўшыся па спіну ў пясок, той раз-пораз расшчэмліваў вялізную пашчу, так што цэлы паток вады імкліва ўцягваўся ў зева, захопліваючы з дна мноства вадзяных насякомых, усялякай дробнай жыўнасці. Вусаты круцель павольна адцэджваў улоў, шчыльна сціскаючы шырокія мясістыя губы, пасля зноў раскрываў рот. Але цяпер ужо марудна, нават асцярожна, паступова адрываючы верхнюю губу ад ніжняй. І тады ўся сомава дзятва паспешліва мітусілася каля бацькі, скубучы і таропка глытаючы злоўленую здабычу. Толькі некалькі імгненняў патрабавалася ім, каб ад смачнага наедку не засталося нават каліва. I ўсё зноў пачыналася спачатку. Вёрткія жэўжыкі, як па камандзе, кідаліся ў бакі, а стары сом на нейкі момант затойваўся ў пяску і зноў захопліваўчу пашчу як мага большую порцыю вады.
    Толькі гадзіны праз дзве маладыя сомікі наядаліся ўдосталь і адплывалі далей, каб пагуляць ці проста пагрэцца на водмелі. Тады надыходзіў час, калі мацёры сом і сам ужо мог заплысці на гальку, дзе вадзілася куды важнейшая здабыча і якая малым была яшчэ не па зубах. Пакуль карміў сваю плойму, у вусатага велікана разгарэўся апетыт і жывот запатрабаваў багата ежы. Але бацькавы
    клопаты дзятву зусім не цікавілі, гэтак жа як праблемы старэйшых не цікавяць часам і нашых дзетак, і сомікі, бадзёрыя і пад’етыя, займаліся сваімі вясёлымі і бестурботнымі гульнямі.
    Між тым час ішоў. Тазам з братамі і сёстрамі йаш сомік хутка падрастаў, іншы раз і сам спрабаваў ухапіць вадзянога цыклопіка альбо павука, але спачатку ў яго нічога не атрымлівалася. Рыжанькі жучок, што надарыўся яму на шляху, хоць і быў маленькі, упарта працівіўся, моцна зачапіўшыся пярэднімі лапкамі за сцяблінку, да таго ж заглынуць здабычу перашкаджаў слізкі жорсткі панцыр крыльцаў. А калі ад доўгай барацьбы са сваёй ахвярай нявопытны драпежнік сам прыкметна стаміўся, жучок у дадатак яшчэ балюча казытнуў заднімі лапкамі каля губы, так што сомік вымушаны быў адступіць, і жучок, адчуўшы волю, імгненна знік пад вялікім каменем.
    Няўдала скончылася і яго першая спроба памерацца сілай з сярэдняй велічыні лічынкай страказы-каромысла. Лічынка не тое што проста пазбегнула нападу, а нават сама рашуча перайшла ў атаку, пагрозліва растапырыўшы ў бакі вострыя ротавыя пласцінкі. Што гэта небяспечна, сомік ужо ведаў, бо паспеў неяк пабачыць, як такія ж прадаўгаватыя лічынкі, праўда, значна большага памеру смела нападалі на малюсенькіх рыбак, лавілі іх і тут жа праглыналі.
    Так што на першым самастойным паляванні соміку яўна не пашанцавала, і без поспеху некалькі гадзін, ён не змог нічым пажывіцца і вымушаны быў зноў вярнуцца да бацькі, каб задаволіцца здабытым з яго дапамогай кормам.
    А ежы соміку патрабавалася многа, бо пачынаў ён асабліва інтэнсіўна расці, набірацца моцы. A хто ж будзе расці, калі мала есць? Аб гэтым і дзеці ведаюць. Хто слухае маму, даядае кашу з талеркі да канца, той і расце дужы. А хто так сабе, нэндза якая, той і вырасце кволым і хворым. Здаровае цела і дух здаровы мае. Хочаш ты гэтага ці не хочаш!
    Але вось соміка ўпрошваць не было патрэбы. Ён сам кідаўся да ежы і вызначаўся выключным апетытам. Толькі задаволіць яго ў поўнай меры не заўсёды ўдавалася. Аднак сомік не гараваў і перабіваўся пакуль што на прысмаках, якія здабываў яму бацька, і адначасова рабіў новыя спробы самастойнага палявання.
    Нарэшце ахвотніку да ежы пашанцавала. Сярод буйназярністай, намытай вадою галькі ён заўважыў вельмі ўжо апетытнага чырвонага чарвячка — лічынку камара-званца, якую рыбакі называюць матылём. Праўда, аб гэтым маленькі сомік нічога не ведаў, ды і не гэта было для яго галоўным. Перад ім спакойна ляжаў аб’ект палявання, а есці надта ўжо хацелася. І сомік спрытна слізгануў паміж каменьчыкаў і знянацку схапіў заспанага чарвяка за таўшчэзны канец. Чарвяк пачаў круціцца і выгінацца ў розныя бакі, але сомік надзейна трымаў яго за тулава. Яшчэ некалькі ўдалых рухаў роцікам — і ахвяра заглынута. Сомік святкаваў перамогу. Да таго ж і здабыча аказалася смачнай і спажыўнай — аднаго матыля хапіла на ўвесь полудзень.
    Калі есці захацелася зноў, сомік нават не пакіраваўся ў звыклае кола сваёй сям’і дзяліць агульны “пірог”, які з дня ў дзень нястомна здабываў клапатлівы бацька. Сомік адплыў наводдаль і затаіўся. Здабываць ежу самому было куды цікавей.
    Доўга чакаць не давялося. Цяпер ён заўважыў у згустку ціны больш дробных жвавых хіранамід, якімі часам падкормліваюць рыбак у акварыумах. Хіранаміда і матыль — адно і тое ж, толькі другую назву часцей ужываюць акварыумісты. Малы драпежнік ціхенька падплыў бліжэй, зноў затаіўся, a потым зрабіў рэзкі штуршок наперад. Гэтыя водныя жывёліны былі слабейшыя за першага матыля, і сомік без цяжкасці заглынуў адну, а потым яшчэ і другую, якая ў паспешлівасці заблыталася за тонкія нітачкі зялёнай ціны. Ад радасці сомік разгуляўся, абмінуў груду падводных каменьчыкаў, нырнуў пад затоплены выварацень і хацеў ужо ісці ў атаку на большую здабычу, але тут успомніўся
    ўрок, што дала яму лічынка страказы, і ён адступіў, прыгадаўшы нядобрае.
    Расчароўвацца, аднак, не было чаму, бо есці ўжо не хацелася, і сомік вырашыў проста пагуляць. У вадзе, прагрэтай сонцам, сяброў не відаць, і гуляць не было з кім. Да таго ж па вядомых прычынах сомік яшчэ асцерагаўся падплываць блізка да берага, дзе больш шанцу сустрэць якіх ворагаў, і ён, не асабліва доўга разважаючы, пакінуў месца ўдалага палявання ды нырнуў глыбей у вір, кіруючыся да сваёй сям’і.
    Дні беглі за днямі, і жыццё соміка рабілася разнастайным і цікавым. Паступова разгадваліся невядомыя таямніцы, адкрываліся новыя з’явы: развіццё жывой істоты патрабавала ўсё большага разумення і пазнання навакольнага свету.
    РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
    Калі пячэ сонца.— Начны. гармідар.—
    Сомік не марнуе час.— Адпачынак пасля сняданку.— Вячэрні жор.— Дзень за днём.
    Гэтак жа, як і іншыя яго суродзічы, сомік вёў пераважна начны вобраз жыцця. А чаму менавіта так — хто яго ведае. Проста сомік наглядаў за паводзінамі старэйшых сваякоў і з іх браў прыклад. Да таго ж у дзённы час вада ўздоўж берагоў і ля паверхні моцна прагравалася сонцам, што стаяла цяпер амаль у зеніце. А гарачыня многім рыбам, у тым ліку і самам, была не даспадобы.
    Затое з надыходам прыцемкаў, здавалася, пераўтвараўся нават глыбокі вір, у якім асталявалася сомікава сям’я. Нават старыя самы, бацька і маці, усплывалі з панурай глыбіні да самай паверхні і, перакульваючыся дагары вялізнымі тулавамі і загадкава пабліскваючы ў зіхценні месяца бела-жоўтымі люменісцыруючымі жыватамі, утваралі сапраўдны вадзяны гармідар. Асабліва горача разгортваліся гульбішчы волатаўскіх рыб перад начнымі навальніцамі. Рознага ўзросту самы дурэлі, аж як
    не шалелі ў вадзе, быццам дождж і грымоты былі іх стыхіяй і неслі ім жаданую асалоду і палёгку. Вялізныя, як абсечаныя цурбаны затопленых бярвенняў, яны марудна ўсплывалі з глыбіні, плюхаліся на паверхні, час ад часу робячы рэзкія і інтэнсіўныя развароты і так моцна ляпаючы па вадзе шырачэзнымі хвастамі, што гукі тыя чуліся на многія вёрсты, а ў чалавека, які выпадкова затрымаўся паблізу лясной ракі, міжволі мурашкі прабягалі па целе ды прыходзілі на ўспамін страшныя аповяды пра ведзьмаў і вадзянога.
    Гульбішча на вадзе доўжылася амаль усю ноч. Нават калі раз’юшана бушавала навальніца, яно не спынялася, а працягвалася з ранейшай сілай. У паветры гучна і раскаціста грымеў гром, неба разпораз рассякалі ломаныя агністыя стрэлы маланак, з гучным хлёпаннем рассыпаўся па воднай паверхні цёплы густы дождж, і ўся гэтая какафонія гукаў дапаўнялася моцнымі ўсплёскамі ў начной цемры, быццам для таго і створанай, каб наводзіць жах.
    Гэтыя дураслівыя гульні працягваліся ўсю кароткую летнюю ноч аж да раніцы і паступова, з першымі пробліскамі світальнай зары, пераходзілі ў час актыўнага палявання самоў. Успененая за ноч вада і ўзняты з дна пастаяннымі віражамі рыб густы мул выводзілі з арыентацыі мноства верхаводак, плотак, акунькоў, іншай рыбнай дробязі і водных арганізмаў, якія безабаронна завісалі ў каламуці і рабіліся з надыходам надзённага святла лёгкай здабычай пражорлівага сомавага сямейства. Можа, для таго і наладзілі яны гэты дзіўны начны гвалт і гармідар, каб на раніцу мець багаты і смачны сняданак.
    Сомік таксама імкліва шныраў, спрытна віхляючы хвосцікам, сярод вялікіх рыбін, вышукваў здабычу меншых памераў, чым тая, якой задавальняліся яго бацькі ці старэйшыя браты і сёстры. У каламуці плавала мноства ўзнятых з дна чарвячкоў, дробных рыбак і зусім маленькіх жабак, учарашніх апалонікаў. І сомік з ахвотай паляваў на іх, часу
    дарэмна не траціў. Праўда, жабкі былі яму яшчэ не па сіле, але адну, самую нягеглую ён усё-такі праглынуў. Што і казаць, сняданак на гэты раз атрымаўся выключна адмысловым, і цяпер з задавальненнем можна было адпачыць.
    Пад гнілым карчом на глыбіні ён і праляжаў амаль да паўдня. А калі ўжо не тое што адпачыў, a нават ляжаць без занятку надакучыла, узняўся са свайго часовага прытулку і спрабаваў перабрацца ўверх, ды заняцца якой-небудзь карыснай ці проста цікавай справай. Але паўдзённае сонца так разагрэла верхнія слаі вады, што плаваць там было проста немагчыма: скуру сціскалі спякота і духата, не хапала кіслароду, ад ракі патыхала прыкрай, густой гарачынёю.
    Таму соміку незалежна ад свайго жадання, да-_ вялося вярнуцца назад і да вечара трымацца на глыбіні. Занятак, вядома, знайшоўся і там. Корпаючыся сярод згусткаў аселай на дно ціны ды падмытых каменьчыкаў, ён упарта шукаў чарвячкоў і насякомых, бо з цягам часу ежы яму патрабавалася ўсё больш і болып.