У нерушы дзікай прыроды
Вячаслаў Стома
Выдавец: Юнацтва
Памер: 382с.
Мінск 2001
Калі снег паступова пачаў сыходзіць з палёў, раскрываючы спачатку пагоркі ды ўтвараючы на іх невялікія адкрытыя лысіны, а пасля больш шырокія плямы-праталіны, ласічка часцей пачала з’яўляцца ў полі, выходзіла на свае начныя паляванні. Ей паднадакучылі за доўгую снежную зіму амбарныя мышы і пацукі, ад якіх аддавала цвіллю, і яна з задавальненнем пачала паляваць на лясных грызуноў і палёвак, што адкарміліся сярод незабруджанай прыроды на натуральных кармах — духмяных травах, тлустых семечках і арэхах.
У пошуках ежы яна далёка адыходзіла ад свайго паселішча, затаіўшыся, з нецярплівасцю чакала каля маленькіх норак шэрых мышак. У больш шырокія норкі без цяжкасці пранікала сама, максімальна расцягваючыся ў даўжыню і рухаючыся ў глыбіні, нібы змейка.
Мышэй, нягледзячы на тое, што яшчэ толькі пачыналася вясна, было дастаткова, і праз якія дзветры гадзіны ласічка наядалася ўдосталь, нават аднудзве прыдушвала ў запас і пакідала іх ля прыкметнага арыенціра на выпадак заўтрашняга няўдалага палявання. Так і кармілася яна ўсю вясну пераважна мышападобнымі грызунамі, дапамагала чалавеку берагчы ад шкоднікаў пасевы жыта, пшаніцы, ды ці мала чаго яшчэ.
Часам прычыняла нязначную шкоду паляўнічай гаспадарцы, бо лавіла птушак. Ды чалавеку наўрад ці варта было наракаць на яе за гэта, бо шкоду тую, зусім нязначную, яна з лішкам кампенсавала знішчэннем мышэй.
За адны толькі суткі ласічка з’ядала больш за дзесятак шэранькіх шкоднікаў, а за год — каля трох тысяч зернявых зладзеек.
Скажыце, ці не дабрадзей яна для чалавека?
А запасы рабіла проста так, на ўсякі выпадак, бо вельмі ж ужо рэдка была для яе ў гэтых запасах патрэба. Яна выдатна валодала прыёмамі і навыкамі палявання і без здабычы не заставалася ні дня. Таму запасы свае выкарыстоўвала неахвотна, часцей зусім не крануўшы іх, а аддавала перавагу свежай здабычы. Але ж нават і гэтая яе “безгаспадарчасць” чалавеку на руку — яна зберагала яму гэтулькі зерня, зялёнай масы і клубняў, калі душыла мышэй больш, чым магла з’есці сама, а той, мабыць, і ніколі не падумаў пра гэта. А нявыкарыстаныя запасы таксама дарэмна не прападалі: траплялі “на стол” іншым звярам — і ў гэтым была карысць. Тыя былі ўдзячны запаслівай працаўніцы.
Часам ласічка сустракала сваіх старых знаёмых, такіх жа, як і яна, рыжанькіх маленькіх звярочкаў. Былі сярод іх і зусім маладыя, якіх ласічка бачыла ў першы раз, аднак ні ў сутычкі з імі не ўступала, ні дружбы асаблівай не вадзіла.
I адбывалася гэта ў першую чаргу з-за таго, што ні на тое, ні на іншае не было якіх-небудзь канкрэтных падстаў. Звяркі хоць і трапляліся шмат
дзе, але былі не такім ужо мнагалікім насельніцтвам. Сяліліся яны дзе папала, не былі пераборлівымі, толькі на ўзбярэжжах сустракаліся часцей. Некаторыя, як і яна, асядалі ў паселішчах чалавека. Так што прасторы хапала ўсім, і спрачацца за месца пад сонцам не было ніякай патрэбы. А заводзіць асаблівае сяброўства ды кідацца ў гульні не дазваляў час. Ды і не дзеля гэтага, як здаецца, стварыла дзіўную істоту прырода.
Так працякаў дзень за днём, ноч за ноччу. Ласічка пускалася на прывычныя паляванні і ў далёкія вандроўкі, зноў вярталася да свайго, цяпер ужо роднага, жытла, зноў хадзіла на паляванне, зноў вярталася ў надзейны прытулак. Лавіла мышэй, нападала на пацукоў, вяла поўнае клопатаў і турбот напружанае жыццё і, нібыта, была задаволена ім. А калі і не, то гэта ўрэшце нічога не мяняла, бо паскардзіцца, альбо шукаць дапамогі не было ў каго.
Вясна развівалася нястрымна і бурна. Снег хутка зусім злез з палёў, часткова растаў, а часткова быў вынесены паводкаю. Разам з нястрымнымі рэкамі яго рэшткі праплывалі свой развітальны шлях па бурлівых пратоках, у якія ўліваліся новыя ручаі, утваралі ў рацэ бурнае пеністае месіва, а тое, растаючы на вачах, неслася кудысьці ўдалечыню, бліжэй да вялікага мора.
Паступова пачала разрастацца свежая густая трава. Дрэвы таксама хутка і неўзаметку перамяніліся, апрануўшыся ў раскошнае зялёнае ўбранне. Маладзенькія скручаныя лісточкі пад цудатворным уплывам пажыўнага соку, што ва ўсю зацыркуляваў па ажыўшых ствалах і галінках, імгненна разгортваліся і распраўляліся ў суцэльныя пласцінкі. Іх першапачатковая жаўтаватая афарбоўка хуценька змянялася на цёмна-зялёную з бліскучым адлівам. Паступова расліннасць забуяла ў поўную моц, утварыўшы сапраўдны зялёны жывы дыван.
Сярод шырокіх лясных палянак, на ўзлесках, курцінках неразворанага поля і нават вакол знаёмага для ласічкі гаспадарчага двара, ды і вакол Ta-
го ж самага свірна рассыпаліся рознакаляровыя галоўкі прыгажунь кветак. Над імі кружылі нястомныя працаўніцы пчолы, пырхала мноства матылькоў — маленькіх, як амбарная моль у свірне, і вялікіх, з размахам крылаў большым, чым таўшчыня самой ласічкі, з рознымі адценнямі, мноствам крапінак, палосачак і іншых розных узораў на крылах, і зусім яркія, нібы абрэзкі чырвонай, сіняй і жоўтай тканіны, незнарок рассыпаныя на зямлю і разнесеныя ветрам па ўсім наваколлі.
Цяпер ласічка не толькі начамі, але і цэлымі днямі праводзіла ў полі. Яна з задавальненнем насілася сярод густой травы, якая была для яе роднай стыхіяй, надзейна ўкрывалася ад падазронага вока, хавалася ад ветру перад навальніцай, ды нават і ў час навальніцы маленькі звярок мог схавацца пад шырокім лістом лопуху. Часам яна нават і спала ў полі або на ўзлеску, выбраўшы для гэтага неглыбокую норачку, ці прымайстроўвалася ля старога карча або пад вываратнем, інстынктыўна знаходзячы бяспечнае месца. .
Корму навокал па-ранейшаму хапала. І хоць, занятыя вывядзеннем чарговага патомства, мышы і пацукі сталі болып асцярожнымі і радзей пападаліся ласічцы ў зубы, гэта ніяк не адбівалася на важкасці яе рацыёну. Вакол было мноства насякомых, чарвякоў і вусеняў, неразваротлівых жукоў, на харчаванне якімі ўвогуле пераключылася ласічка. Часам яна падбірала падліну — загінуўшую птушку ці якога-небудзь звярка.
Бурна пайшла ў рост культурная расліннасць на сельскагаспадарчых палетках. Узнялося над зямлёю высокае выгоністае жыта, пачало выпускаць першыя мяккія каласкі. Дзе-нідзе ўжо ўзыходзіла бульба, разрасталіся цукровыя і кармавыя буракі, іншая разнастайная гародніна. А гэта само сабою вабіла для сябе мышэй і абяцала ў хуткім часе зноў папоўніць рацыён ласічкі мноствам гэтых шырока распаўсюджаных шкоднікаў. Нават непадалёку ад свірна падобных раслін было вялікае мноства — цыбуля, капуста і рэпа, зелянелі
дружныя кучкі агурэчніку, што яшчэ не паспеў распаўзціся па градках, але дзе-нідзе пакрыўся ўжо жоўценькімі гарлачыкамі пустацвету. Побач прылягала вялікае поле, засаджанае бульбай і буракамі, устала вузкай палоскай рухлівая пры кожным подыху ветру зялёная рунь. А гэта значыла: і тут хутка рэзка павялічыцца колькасць мышэй і іншых шкоднікаў. І нават непатрэбна будзе далёка хадзіць за імі.
Абставіны гэтыя, як нельга лепш, спрыялі ласічцы. Быў ужо на зыходзе май, і ў ласічкі вось-вось павінны былі з’явіцца дзеці.
Яна старанна выслала сваё глыбокае сховішча мяккімі пярынкамі, што назбірала тут жа на двары, склала іх адну да адной, зладзіўшы гняздо. Яно толькі тым і адрознівалася ад птушынага, што знаходзілася не на дрэве, а ва ўсім астатнім — копія. І схавана надзейна — хто дабярэцца да яго? Затым яна абклала шчылінкі паміж пярынак яшчэ больш мяккай поўсцю, што наскубла са свайго жывата, і трохі выслала ёю цудоўнае гняздзечка з бакоў.
У канцы чэрвеня ў гняздзе з’явіліся трое маленькіх ласічанят. Нарадзіліся яны голымі, зусім бездапаможнымі, бяззубымі і сляпымі. Клапатлівая маці суткамі не адыходзіла ад іх, нават на кармленне некалькі дзён і начэй не выходзіла. Яна грэла іх цяплом свайго ўласнага цела, аблізвала шурпатым язычком ад рознага смецця і ніяк не магла нацешыцца маленькімі.
Карміла дзіцянят цёплым тлустым малачком, якое яны з задавальненнем злізвалі з жывоціка сваёй маці, дзе выдзялялася яно з ледзь прыкметных маленькіх цыцачак.
Дзеткі ж нейкі час заставаліся зусім бездапаможнымі. Але раслі дастаткова хутка. Карыснае і пажыўнае матчына малако тут жа давала аб сабе знаць — поўнасцю засвойвалася і выкарыстоўвалася маленькімі арганізмамі, і гэта не замаруджвала сказацца на іх фізіялагічным стане. Праз некалькі дзён ласічаняты пачалі даволі ўпэўнена перамя-
шчацца на маленькіх ножках у сваім утульным гняздзе. Лёгка адшуквалі матчын жывот, а калі часам тая марудзіла з тым, каб у той жа час накарміць малышыкаў, то яны пачыналі жаласна і працягла скавытаць, што той нічога больш не заставалася, як хутчэй задаволіць іх жаданне і выканаць свой матчын абавязак.
Тым часам ласіца пачала адлучацца ад свайго гнязда і выходзіць на паляванне. Актыўныя фізіялагічныя працэсы, што працякалі ў яе арганізме, у прыватнасці, звязаныя з выпрацоўкай узбагачанага бялкамі, тлушчамі і вітамінамі малака, патрабавалі ў той жа час спажывання таксама вялікай колькасці высокакаларыйнай ежы.
Яна актыўна палявала недалёка ад свірна на дробных грызуноў, без рэшткаў тут жа іх з’ядала ды закусвала напаследак салодкімі зялёнымі конікамі, што размножыліся ў неверагоднай колькасці і былі лёгкай здабычай для яе.
Дні беглі хутка. Праз дваццаць дзён у ласічанятак адкрыліся бліскучыя палахлівыя вочкі, адначасова пачалі праразацца пакуль што зусім невялічкія, але ж вострыя і ўчэпістыя зубкі. І ласічкамаці пачала паступова прывучаць дзяцей да харчавання натуральнай ежай. Спачатку яна прыносіла ў гняздо адразу па некалькі тлустых апетытных конікаў і, злёгку перажаваўшы, клала камячкі перад маленькімі пысамі дзяцей, а частку з апетытым тут жа з’ядала сама, і тыя, спрабуючы пераймаць яе прыклад, з ахвотай бралі смачную “паўфабрыкатную” ежу і, злёгку прычмокваючы, старанна разжоўвалі яе.
У гэту пару ў наваколлі намнога павялічылася і колькасць мышэй. У полі паспявала збажына. Наліліся тугімі зярнятамі і важка пагойдваліся на тонкіх саломінках пажаўцелыя каласы ядранага жыта. Залаціста-васкавой роўняддзю адлівалі шырокія прасторы густой пшаніцы. А на ўскраінах менш урадлівай глебы, ды няўдалых палосках самых нікчэмных надзелаў, на няўдобіцах пясчаных пагоркаў пачаў спець нізенькі, прыземісты ячмень.
А якімі прыцягальнымі былі мяккія залацістыя мяцёлкі званістага аўсу. Мышынае насельніцтва, што значна папоўнілася пад гэты час, кінулася незлічонай армадай на палі.